Навукова-практычную лабараторыю камп’ютарных сетак і воблачных тэхналогій, а таксама ITHALL адкрылі на базе факультэта інфармацыйных тэхналогій ПДУ імя Ефрасінні Полацкай.
“Сёння IT-галіна з’яўляецца драйверам развіцця краіны, у тым ліку нашага ўніверсітэта. Фарміраванне і ўдасканаленне неабходных кампетэнцый у студэнтаў і выкладчыкаў немагчымы без цесных кантактаў з IT-сферай. Кампанія Corpitech — яркі яе прадстаўнік, з якім мы актыўна ўзаемадзейнічаем. Кампанія створана нашым выпускніком, там вучацца нашы студэнты, працуюць нашы выпускнікі. Сумесная лабараторыя — новы крок, высокатэхналагічная пляцоўка для прафесійнага развіцця і практыкі”, — зазначыў рэктар ПДУ Юрый Раманоўскі.
У прасторы IT-HALL студэнты змогуць правесці вольны ад вучобы час, пагаварыць, зрабіць справаздачу па лабараторнай рабоце, абмяняцца ідэямі новых сумесных праектаў, сабраць аднадумцаў для іх ажыццяўлення.
Як паведаміла дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій Вольга Пятровіч, абсталяванне лабараторыі дае магчымасць праектаваць і адміністраваць розныя віды сетак, уключаючы бесправадныя, збіраць вылічальныя магутнасці ў адзіны кластар для высокапрадукцыйных разлікаў і мадэлявання, вывучаць праграмнае і апаратнае забеспячэнне лакальных сетак і інтэрнэту. Тут плануюць праводзіць практычныя і лабараторныя заняткі для студэнтаў пяці спецыяльнасцей факультэта, выконваць практыка-арыентаваныя даследаванні і навуковыя праекты.
Чытайце матэрыял Таццяны Бондаравай у нумары ад 20 верасня 2022 года.