На сваіх уроках настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 2 Слуцка Таццяна Зубовіч імкнецца да таго, каб яе вучні бездакорна ведалі і разумелі родную умову. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Любоў да Купалы і Коласа
Гэтаму яе, маленькую дзяўчынку, з 5 класа вучылі настаўнікі рускай і беларускай мовы Маяцкай сярэдняй школы Слуцкага раёна Святлана Дайновіч і Ніна Зіневіч. Гледзячы на іх, на тое, як паводзяць сябе з вучнямі і з якой адданасцю праводзяць кожны ўрок, Таццяна Зубовіч паабяцала сама сабе, што таксама стане такой настаўніцай.
“Я настолькі палюбіла беларускую мову, што не ўяўляла, як можна размаўляць на іншай, — прызнаецца педагог. — Калі заканчвала школу, беларуская мова станавілася папулярнай. Хацелася, каб не толькі настаўнікі валодалі родным словам, але і каб дзеці захапляліся ім. Таму заўсёды нагадваю вучням, што па-беларуску можна не размаўляць, але трэба помніць, што мы — беларусы, а значыць, павінны разумець беларускае слова”.
Выхаваць любоў да беларускага слова Таццяне Зубовіч у многім дапамагае беларуская літаратура. Найбольш удала гэтага ўдаецца дасягнуць дзякуючы творам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча.
“Гэта класікі нашай літаратуры, таму не дзіўна, што яны заўсёды першымі трапляюць у спіс, які падабаецца дзецям, — зазначае Т.Зубовіч. — Але я, настаўніца, павінна зрабіць так, каб вучням падабаўся кожны паэт і пісьменнік, жыццё і творчасць якога вывучаем. Я ніколі не размяжоўваю аўтараў на цікавых і нецікавых, на тых, хто варты ўвагі альбо не. Кожны з іх меў свой стыль напісання, і пра гэта таксама расказваю дзецям”.
У навучанні дзяцей Таццяна Зубовіч на першае месца заўсёды ставіць выхаванне, а пасля — адукацыю. Настаўніца ўпэўнена: для навучэнцаў прыкладам павінен быць педагог.
“Выхаванне пачынаецца з першага кроку, як толькі настаўнік увайшоў у клас, — упэўнена Т.Зубовіч. — Дзеці звяртаюць увагу на тое, як педагог выглядае, як размаўляе з імі. Для сябе я даўно вызначыла, што поспех і дасягненні ў любым кірунку з’яўляюцца тады, калі ёсць жаданне і імкненне сябе рэалізаваць, калі ёсць падтрымка. Тое самае тычыцца і вучняў. Калі бачу, што ім цікава беларуская мова, але нешта незразумела, заўсёды дапамагаю разабрацца”.
У мінулым навучальным годзе ўсе вучні, у якіх выкладала Таццяна Антонаўна, выбралі для сябе ў якасці профільнага прадмета беларускую мову, якую пасля здавалі падчас ЦЭ і ЦТ. Доказам таго, што настаўніцы ўдалося выхаваць у іх любоў да роднага слова і мовы, з’яўляюцца высокія вынікі на алімпіядах і міжнародных конкурсах.
“Рэната Ганчар тры гады запар атрымлівала дыпломы ІІ ступені на абласным этапе алімпіяды сярод навучэнцаў 9, 10, 11 класаў, а таксама дыплом І ступені на заключным, рэспубліканскім, этапе алімпіяды па беларускай мове, — з гордасцю пералічвае педагог. — Акрамя Рэнаты, сваімі дасягненнямі нас парадаваў Мікіта Уласевіч. У яго, калі вучыўся ў 9 класе, быў дыплом ІІ ступені на абласной алімпіядзе. Праз год, у 10 класе, наш вучань атрымаў на другім этапе дыплом І ступені, а ў мінулым навучальным годзе — дыплом ІІІ ступені”.
Тэматычны алфавіт
Каб даходліва растлумачыць новую тэму па беларускай мове, Таццяна Антонаўна складае схемы і табліцы, вядзе канспекты і вучыць гэтаму дзяцей. Калі тэма складаная і ўспрымаецца цяжка, настаўніца арганізуе індывідуальныя заняткі. У першую чаргу яны неабходны, калі вывучаецца лексіка. З-за таго, што вучні жывуць у рускамоўным асяроддзі, яе вывучэнне даецца ім найбольш складана.
“Праводжу індывідуальныя, стымулюючыя і дадатковыя заняткі па гэтай тэме, а таксама арганізуем анлайн-кансультацыі, калі ў гэтым ёсць патрэба, — тлумачыць Таццяна Зубовіч. — У нас з вучнямі створана група ў Viber, дзе мы абмяркоўваем заданні, якія даю для самастойнай работы па той ці іншай тэме”.
Карысць такога падыходу ва ўзаемадзеянні з вучнямі відавочная: настаўнік заўсёды на сувязі і можа яшчэ растлумачыць тое, што ўжо пройдзена. Да таго ж дзеці таксама могуць дапамагаць і падказваць адно аднаму, калі звернуцца з адпаведным пытаннем у чат. Такая групавая работа дапамагае не толькі ў засваенні ведаў, але і збліжае навучэнцаў.
“Заданні, якія даю, служаць для трэніроўкі, для папаўнення лексічнага запасу слоў і для адпрацоўкі пэўнага правіла, але ні ў якім разе не для кантролю ведаў, — запэўнівае Таццяна Антонаўна. — Я вельмі люблю вучыцца і знаходзіць нешта новае, што пасля можна ўкараніць на практыцы. Калі заняткі праходзяць аднолькава, па адным і тым жа прынцыпе і алгарытме, гэта надакучвае”.
Педагог заўсёды вучыцца і імкнецца да большага. Для старэйшых вучняў, якія выбралі ў якасці профільнага прадмета беларускую мову, настаўніца стварыла Google-клас.
“Гэты падыход адпавядае прынцыпу змешанага навучання, — тлумачыць Т.Зубовіч. — Дзеці далучаюцца да таго класа, які ствараю, праз тэлефон ці камп’ютар. Туды ім дасылаю заданні, якія складаю сама. Усе яны — гульнявыя і дазваляюць утрымаць увагу. Вызначаная форма работы вучням вельмі падабаецца, яны ўвесь час цікавяцца, ці будзем працаваць у Google”.
На пачатку ўрока, калі плануецца пачаць вывучэнне новага матэрыялу, педагог любіць змадэляваць праблемную сітуацыю, якая падвядзе да наступнай тэмы.
“Такі падыход можна выкарыстоўваць у вывучэнні абсалютна любой тэмы, — адзначае Таццяна Антонаўна. — У апошні раз карысталася ім, калі клас праходзіў словаўтварэнне, яго розныя спосабы”.
Па беларускай літаратуры вучні больш за ўсё не любяць вучыць біяграфіі пісьменнікаў. Каб дапамагчы ім у гэтым, Таццяна Зубовіч прымяняе “Тэматычны алфавіт”. Згодна з правіламі, навучэнцам трэба выпісаць з біяграфіі аўтара словы на вызначаную літару. Пасля гэтая падказка дапамагае ім пераказваць тэкст.
“Напрыклад, разглядаем Яна Баршчэўскага, — прыводзіць прыклад настаўніца. — Значыць, з яго біяграфіі трэба ў першую чаргу выпісаць словы на літару “я” — з яе пачынаецца імя пісьменніка. І так робім з кожнай наступнай літарай”.
Удалым інструментам у рабоце з творамі беларускай літаратуры Таццяна Зубовіч называе рабочыя лісты. Апошняя тэма, якую вывучаў 9 клас, была прысвечана Еўфрасінні Полацкай. Каб дзеці запомнілі пра яе як мага больш, педагог прапанавала выпісаць на рабочы ліст усе словы, што з ёй звязаны, і тлумачэнні да іх. Безумоўна, вывучэнне пачалося з тлумачэння імені першай беларускай асветніцы.
“У рабочы ліст дзеці ўпісвалі тлумачэнне яе твораў, што значаць іх назвы і пра што яны напісаны, — дадае настаўніца. — Таксама часта прымяняю падчас урокаў як мовы, так і літаратуры прынцып дапоўненага выразу з апавядання, якое праходзім, альбо з правіла, якое трэба вывучыць”.
Разважаючы пра тое, як педагог вызначае паспяховасць сваіх урокаў і што дзецям падчас іх было цікава, Таццяна Антонаўна зазначае, што тут няма вялікіх сакрэтаў. Самы важны складнік паспяховасці — гэта калі настаўнік заўважае работу вучняў падчас заняткаў. Калі навучэнцы ўступалі ў дыскусію, былі актыўнымі і задавалі пытанні, значыць, урок быў на карысць і школьнікам, і педагогу.
“Я павінна бачыць, як урок адгукаецца ў вучняў, — падкрэслівае Таццяна Антонаўна. — Іх зацікаўленасць і ўключанасць таксама вельмі важныя, таму раблю ўсё магчымае, каб падчас заняткаў працаваў увесь клас”.
Урок беларускай літаратуры, які праводзіць Таццяна Антонаўна, — гэта заўсёды дыялог. Каб пабудаваць яго і зрабіць актыўным, педагог карыстаецца напрацоўкай “Тры пытанні”. Яе сэнс у тым, што падчас самастойнага чытання нейкага літаратурнага артыкула кожны вучань можа задаць тры пытанні і атрымаць на іх адказы. Такая актыўная групавая работа накіравана на тое, каб дзеці самастойна вызначалі ключавыя моманты, а пасля маглі абмеркаваць іх з аднакласнікамі.
Ці любяць дзеці пісаць сачыненні і ці зніжае настаўніца адзнакі, калі разумее, што правярае спісаную работу? Таццяна Зубовіч гаворыць, што ёсць вучні, якія з задавальненнем усё пішуць самі і вельмі трапна і ўдала раскрываюць акрэсленую для работы тэму, выказваючы свае думкі і разважанні. Але і тых навучэнцаў, хто любіць спісваць, таксама хапае. Тым не менш адзнакі настаўніца за гэта не зніжае.
“Адразу бачна, калі вучні спісалі з электронных крыніц, але яны стараюцца гэтага не рабіць, — запэўнівае Таццяна Антонаўна. — Спісанае сачыненне можна пазнаць па словах-штампах, некаторых спецыфічна пабудаваных выразах. Але адзнакі за гэта не зніжаю, таму што заўсёды хачу падтрымаць вучня, стымуляваць яго. Нізкая адзнака не зробіць жаданне вывучаць беларускую літаратуру ці мову больш моцным, наадварот, выкліча абыякавасць і раўнадушша. Мне як настаўніку гэта не цікава. Таму я падтрымліваю сваіх навучэнцаў і ўсяляк іх заахвочваю. Калі вучань будзе бачыць станоўчы водгук на сваю работу, добрую адзнаку, то ён заўсёды будзе прыходзіць на заняткі з задавальненнем і цікавасцю. А гэта і ёсць першы крок да таго, каб захапіць дзіця прадметам”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА