Як аб’ектыўна ацаніць веды вучняў па англійскай мове?

- 10:06Образование

Як аб’ектыўна ацаніць веды вучняў па англійскай мове, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» настаўніца сярэдняй школы № 30 Мінска Ілона Кузьміч.

На дапамогу педагогу прыходзіць платформа Formative. У адрозненне ад іншых платформ з падобным функцыяналам яна дае магчымасць адсочваць работу і адказы вучняў у рэжыме рэальнага часу, а таксама прадастаўляць ім якасны каментарый на праведзеную работу не толькі пасля яе заканчэння, але і ў працэсе выканання.

— Асаблівасцю гэтага электроннага рэсурсу з’яўляецца і наяўнасць магчымасці хуткага аналізу работ навучэнцаў і розных спосабаў падвядзення вынікаў (не толькі ў межах адной работы, але і ў серыі), — гаворыць І. Кузьміч. — Formative дазваляе педагогу адсочваць прагрэс навучэнцаў у залежнасці ад мэты: у разрэзе праходжання курса або раздзела; параўноўваць засваенне матэрыялу рознымі навучэнцамі ў межах як адной, так і розных груп; статыстыка, якая прадастаўляецца, дае магчымасць хутка заўважаць і аператыўна адсочваць памылкі канкрэтнага вучня або групы, а таксама разумець, якія навыкі не сфарміраваны, якія тэмы не засвоены альбо засвоены на недастатковым узроўні. Самым жа галоўным адрозненнем Formative з’яўляецца магчымасць не толькі стварыць практыкаванне або тэст для навучэнцаў непасрэдна на платформе, але і зрабіць любы файл фарматаў PDF і WORD інтэрактыўным, загрузіўшы яго на сайт.

Да сваіх урокаў педагог распрацоўвае розныя віды як стандартных (gap-filling; matching; true/false; multiple choice/selection, drag and drop і інш.), так і нестандартных заданняў, накіраваных на развіццё крэатыўнасці школьнікаў: audio response (вучань можа адправіць аўдыёзапіс свайго адказу, што таксама дазволіць ацаніць навык маўлення); file response (вучань можа прымацаваць у якасці адказу файл рознага фармату, у залежнасці ад пастаўленай задачы), free response (адказ вучня ацэньваецца педагогам пасля адпраўкі), show your work (гэтая функцыя дазваляе вучню пакідаць свае ідэі і каментарыі непасрэдна на заданні настаўніцы). Дарэчы, Formative мае сваю базу (Library), з якой можна выбраць гатовыя заданні, а таксама можна аб’яднаць заданні з розных гатовых матэрыялаў.

— Настаўніку прадастаўляецца магчымасць шырокага выбару віду зместу задання: audio, image, slides (дазваляе стварыць практыкаванні непасрэдна ў прэзентацыі, зрабіўшы яе інтэрактыўнай), text, video (можна загружаць і свае ўласныя, і з інтэрнэту), whiteboard (лепш за ўсё для выкарыстання пры дыстанцыйным навучанні), — тлумачыць І. Кузьміч. — Кожны навучэнец мае ўнікальны логін і пароль, што дае магчымасць у любы зручны для іх час прагледзець сваю работу і ўбачыць каментарый да адказаў. Настаўніку неабавязкова дабаўляць вучняў у клас і ствараць ім акаунт, кожнае заданне мае свой код, дастаткова паведаміць яго вучням, і яны, у сваю чаргу, увёўшы імя і прозвішча, могуць выканаць заданне ў якасці госця.

Formative дазваляе педагогу ацэньваць навыкі чытання, аўдзіравання, маўлення і пісьма. У настаўніка эканоміцца час: няма неабходнасці шукаць розныя платформы для розных заданняў (ёсць магчымасць стварэння цэлага модуля). Платформа дае магчымасць кааперацыі настаўніка з калегамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Здымак носіць ілюстрацыйны характар