Як аб’яднаць навучэнскі калектыў і стаць прыкладам для сваіх выхаванцаў, ведае Аліна Андруш

- 15:22Классный классный

Аліна Сяргееўна Андруш выкладае англійскую мову ў мінскай гімназіі № 22 — тут працавала, калі вучылася на 5 курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце замежных моў, і пасля сюды ж была размеркавана. Ёй адразу прапанавалі класнае кіраўніцтва. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Поле дзейнасці не абмежавана

— Я была рада гэтай прапанове, — расказала Аліна Сяргееўна. — Узаема­дзеянне з дзецьмі як на ўроку, так і ў пазаўрочны час — гэта падтрымка і апора для мяне самой, шлях прафесійнага і асобаснага росту. Ты маеш неаб­межаваную прастору для раскрыцця сваіх памк­ненняў і жаданняў выхаванцаў. Мне было б сумна, калі б узаема­дзеянне з дзецьмі заканчвалася пасля выкладання прадмета. Хочацца быць у гушчыні спраў і ў пазашкольны час.

У аснову зносін з навучэнцамі класны кіраўнік заклала якасці, уласцівыя настаўніцкай прафесіі, — узаемную павагу, давер, любоў і дабрыню. Гэтаму яе вучылі і педагогі школы ў Гомелі, якую яна скончыла, а пазней — калегі мінскай гімназіі. У характары Аліны Сяргееўны вылучаныя якасці прык­метна прэваліруюць. Гэта можна адчуць пры размове і ў зносінах з ёй, калі яна захапляльна расказвае пра сваіх выхаванцаў. Як гараць пры гэтым яе вочы!

А як закласці лепшыя чалавечыя якасці ў характар сваіх выхаванцаў, як ства­рыць даверлівыя і паважлівыя адносіны адно да аднаго, як стаць для іх прыкладам? У класе, дзе Аліна Сяргееўна з’яўляецца класным кіраўніком, дзеці падлеткавага ўзросту (6 клас), а ён, як вядома, няпросты, супярэч­лівы. Менавіта ў гэты час ідзе станаўленне асобы як духоўна, так і фізічна. Некаторыя дзеці цяжка ідуць на кантакт, у большасці сваёй кожны з іх мае свае асаблівасці характару. Увогуле, клас сфарміраваўся з тых школьнікаў, якія прыйшлі з розных навучальных устаноў Мінска і Мінскага раёна. Яны не вучыліся ра­зам у пачатковай школе, а пазнаёміліся толькі ў 5 класе гімназіі. Таму першарадная задача педагога — аб’яднаць навучэнскі калектыў, каб дзеці пазнаё­міліся і пасябравалі. Акрамя таго, важна даць кожнаму магчымасць раскрыцца і развівацца. Гэтыя напрамкі сталі прыярытэтнымі ў далейшай выхаваўчай рабоце класнага кіраўніка. Поле дзейнасці — пазашкольная прастора, насычаная мноствам выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў.

— Мы разам з класам праводзім шматлікія акцыі, рэа­лізуем праекты, ажыццяў­ляем паездкі, наведваем музеі, арганізоў­ваем экскурсіі, — паведаміла педагог. — Гэта традыцыйная дзейнасць, якая выклікае шмат эмоцый, незабыўных уражанняў, дае многа цікавай інфармацыі. Але яе асаблівасцю з’яўляецца імк­ненне аб’яднаць агульным мерапрыемствам, цікавай справай не толькі вучняў аднаго класа, але і іншых. У час такіх сустрэч дзецям падабаецца наладжваць сяброўскія адносіны са сваімі равеснікамі, а ў педагогаў ёсць магчы­масць абмяняцца вопытам, прадэманстраваць свае творчыя здабыткі. 

Умовы для раскрыцця асобы

Аднойчы Аліна Сяргееўна арганізоўвала ў класе тэатралізаваны паказ. Чуткі пра гэта разнесліся па ўсёй гімназіі, і навучэнцы іншых класаў таксама захацелі ўдзельнічаць. На ўсіх жадаючых не хапала роляў у сцэнарыі, касцюмаў для выступлення, але разам яны прыдумалі новых герояў, пашылі касцюмы — і ўсе, хто пажадаў, выступілі на сцэне. Педагог упэўнена, што, калі пазакласная работа цікавая, разнастайная, яна адразу захапляе дзяцей, дазваляе раскрыць унутраны свет, пака­заць талент. Асабліва такія мерапрыем­ствы карысныя для тых, хто схільны замыкацца ў сабе, не можа наладзіць кантакт з равеснікамі.

— У маім класе ёсць дзяўчынка, якая раней увогуле ні з кім не мела зносін, была маўклівай, панурай, — расказала класны кіраўнік. — Я ніяк не магла яе развару­шыць і вельмі перажывала. Але выпадкова даведалася, што дзяўчынка добра спявае. Я зачапілася за гэта, як за выратавальны круг. У выніку дзяўчынка выйшла на сцэну і парадавала ўсіх сваім прыгожым голасам. Гэта змяніла яе характар, яна стала больш упэўненай, разняволенай. Увогуле, мае падапечныя вельмі творчыя, таленавітыя. Сярод іх шмат тых, хто займаецца танцамі, спевамі, маляваннем. Многім падабаецца спорт, і яны паспяхова выступаюць на спаборніцтвах.

Трэба давяраць дзецям, паважаць іх інта­рэсы, ставіцца як да роўных, ствараць ім умовы для раскрыцця сябе. І ў адказ яны пачнуць давяраць педа­гогу, што стане асновай поспеху ў педагагічнай дзейнасці.

Неяк Аліна Сяргееўна з класам паехалі ў Брэсцкую крэпасць. Настаўніца праводзіла экскурсію, расказвала дзецям, як абараняліся нашы воіны ў першыя дні вайны, як па-геройску стаялі насмерць на рубяжах сваёй Радзімы. Педагог імкнулася паглыбіць дзяцей у тэму, выклікаць у іх эмоцыі, душэўныя пачуцці спагады і гордасці за нашых герояў вайны. Але аказалася, што яны самі многае ведаюць. А калі пачалі расказ­ваць пра Брэсцкую крэпасць, пра салдат, то рабілі гэта так пранікнёна, што настаўніца нават расчулілася. 

Калі закранеш сэрцы дзяцей знамянальнай падзеяй, цікавым вобразам альбо проста трапным словам, то наладзіш зваротную сувязь, якая будзе спрыяць актыў­насці, зацікаўленасці дзяцей. 

Жывая тэма

У гэтым годзе, калі наша краіна адзначае 80-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, фестываль “Гэты дзень мы набліжалі, як маглі” стаў адным з галоўных мера­прыемстваў у гімназіі і раёне.

— Я вучу дзяцей помніць, каму мы абавязаны сваім жыццём, чыс­тым небам, шчаслівым дзяцінствам, — падзялілася Аліна Сяргееўна. — Асабістым прыкладам стала пракладваць сцяжынку да дзіцячых сэрцаў. Тэма вайны для мяне сакральная з самага дзяцінства. Патрыятычныя пачуцці нара­дзіліся ў мяне, калі я стала цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і ў час вайны і глыбока праніклася по­дзвігам сваіх продкаў, якія ў ваеннае ліхалецце дапамагалі партызанам, насілі ім у лес ежу, адзенне, рызыкуючы жыццём сваіх дзяцей. Мае выхаванцы міжволі падхапілі гэтую тэму, адгукнуліся на мой парыў, пачалі вывучаць гісторыі сваіх сем’яў у час вайны, шукаць звесткі ў ваенных архівах, ствараць відэаролікі, далучылі і бацькоў. У кожнай сям’і з’явіўся свой герой. Напэўна, так і нараджаецца патрыятызм, мацнее памяць пра подзвіг продкаў.

Калі педагог расказала дзецям пра мемарыял Ала, яны ў адзін голас прапанавалі туды паехаць і ўскласці кветкі.

— Мы ўваходзім у новы час, калі не застаецца жывых відавочцаў ваенных падзей, — дадала Аліна Сяргееўна. — Маўклівымі сведкамі тых страшных гадоў будуць помнікі, мемарыялы, музеі. Таму вельмі каштоўнай з’яў­ляецца наша памяць, памяць юнага пакалення. Я думаю, што мае выхаванцы здольны перадаць гэты пасыл нашым нашчадкам.

Без бар’ера

Педагог пераймае вопыт сваіх калег, наведвае майстар-класы, якія прысвечаны ў тым ліку класнаму кіраўніцтву, займаецца самаадукацыяй. У гэтым вельмі дапамагае прафсаюзная арга­нізацыя, якая праводзіць розныя сустрэчы, міжнародныя фестывалі і конкурсы. Дарэчы, Аліна Сяргееўна з’яў­ляецца старшынёй маладзёжнага савета Савецкай раённай г.Мнска арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.  

— Лепшы спосаб працаваць з дзецьмі і на ўроку, і на пазакласным часе — гэта выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, ролевыя гульні, сітуацыйныя моманты, якія вельмі даспадобы навучэнцам. Такія падыходы развіваюць творчасць, ініцыятыву, актыўнасць дзяцей, фарміруюць іх самастойнасць і крытычнасць мыслення, уменне адстойваць сваё меркаванне. Я імк­нуся быць максімальна адкрытай, добразычлі­вай і сардэчнай, — працягнула Аліна Сяргееўна. — Не хачу пастаянна трымаць у строгасці сваіх выхаванцаў і заўсёды быць “пры гальштуку”. Я хачу, каб павага і давер былі галоўнымі ў нашых узаемаадносінах. Каб дзеці маглі звярнуцца да мяне па дапамогу і ў адказ атрымаць паразуменне і падтрымку, а не натыкацца на бар’ер.

Не патушыць іскру

Сёння сярод некаторых бацькоў існуе меркаванне, што вучыць і выхоў­ваць дзяцей павінна толькі школа. А ролю класнага кіраўніка яны лічаць усё­абдымнай.

— Я не магу з гэтым пагадзіцца і лічу, што сям’я павінна быць асновай выхавання дзяцей і замацоўваць у іх галоўныя якасці і нормы паводзін. Калі няма падтрымкі ад бацькоў, то з майго выхавання нічога не атрымаецца, — адзначыла Аліна Сяргееўна. — Адзін прыклад. Мы даўно не бачылі ў грамадскім транспарце, як малодшыя пасажыры ўступаюць месца лю­дзям больш сталага ўзросту. Калі я ехала з класам у метро і задоўга да паездкі ім тлумачыла, што трэба ўступаць месца старэйшым, прыводзіла абгрунтаванні, дзеці яшчэ доўга не разумелі, чаму яны павінны гэта рабіць. Значыць, у сям’і гэта не знайшло рэальнага ўвасаблення. Я магу быць памочнікам бацькоў у выхаванні дзяцей, даць іскру, штуршок, натх­ніць іх, аб’яднаць, але калі няма кантакту з бацькамі, то нічога не атрымаецца. Важна працаваць з сям’ёй ва ўнісон, наладжваць цесныя адносіны і ра­зам ісці да адзінай мэты — расціць сапраўдных людзей, нашых грамадзян. На шчасце, абсалютная большасць бацькоў маіх выхаванцаў гэта добра разумеюць. Яны адкрытыя, клапатлівыя, спагадлівыя, даверлівыя, з імі лёгка ўзаемадзейнічаць і будаваць дыялог.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва Аліны Андруш