Як арганізавана харчаванне ў сталічных установах адукацыі

- 12:20Интервью

Аб арганізацыі харчавання ў сталічных установах адукацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар камбіната школьнага харчавання Людміла Крупская.

— Людміла Сяргееўна, наколькі змяніліся падыходы ў арганізацыі школьнага харчавання пасля праве­дзенага эксперымента?

У 2022/2023 навучальным годзе ў нашай краіне быў праве­дзены маштабны пілотны праект па апрабацыі новых тэхналогій і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання. Усяго па краіне ­ўдзел у гэтым праекце ўзялі 23 установы адукацыі (па тры ў кожнай вобласці і пяць у Мінску).

Вынікі пілотнага праекта ўкаранёны ў сістэму школьнага харчавання. Гэта аптымізацыя графікаў харчавання, пастаянная работа над якасцю харчавання, вывучэнне смакавых пераваг школьнікаў, распрацоўка новых страў, а таксама правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне рацыянальных падыходаў да харчавання, здаровага ладу жыцця. Праведзены эксперымент у школьным харчаванні дазволіў змяніць некаторыя падыходы і погляды. Напрыклад, адпрацавана практыка выкарыстання ў арганізаваным харчаванні школьнікаў страў з паўфабрыкатаў рознай ступені гатоўнасці, што дало магчымасць зрабіць школьнае харчаванне больш прывабным для дзяцей і ўклю­чыць у яго тыя стравы, якія яны вельмі любяць (пельмені, блінцы, сыр­нікі).

Міністэрства адукацыі выдала інфармацыйны зборнік тэхналагічных карт страў і вырабаў, у які ўключаны фірменныя стравы для школьнікаў, распрацаваныя спецыялістамі школьнага харчавання — удзельнікамі эксперымента з усёй краіны і адобраныя Міністэрствам аховы здароўя.

— Якую сетку мае сталічны камбінат школьнага харчавання?

— Усяго прадпрыемства ўключае 329 аб’ектаў грамадскага харчавання і гандлю, з іх 269 — гэта сталовыя пры 255 установах агульнай сярэдняй адукацыі, якія забяспечва­юць харчаваннем каля 223 000 школьнікаў сталіцы, 40 сталовых пры 28 каледжах, тры магазіны, два кафэ (“Традыцыі” і “Дзіцячае”), пяць булачна-кандытарскіх цэхаў, дзе­сяць аб’ектаў адкрытай сеткі. Колькасць работнікаў, задзейнічаных у арганізацыі харчавання, складае 2282 чалавекі.

— Як распрацоўваюцца меню па сезонах? Якія стравы ўваходзяць у восеньскае меню?

У прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны на восеньскі перыяд 2025/2026 навучальнага года ўключана 137 страў. У іх ліку 60 страў, узятых з інфармацыйнага зборніка Міністэрства адукацыі (44% ад агульнай колькасці
выкарыстаных страў і вырабаў у меню), а таксама дзе­вяць новых фірменных страў (чатыры салаты, адзін суп, тры гарачыя стравы і адзін напітак): “Мясныя шарыкі”; салаты “Выдатны”, “Школьная мазаіка”, “Фасоль&Ка”, “Раніца”; гуляш “Пікантны”; “Мякаць сцягна ў смятанна-таматным соусе”; суп “Мінскі”; напітак “Яблычны”.

У меню восеньскага перыяду ўключаны тры салаты з прадуктаў, якія раней не выкарыстоўваліся ў харчаванні школьнікаў, — гэта дайкон і сельдэрэй. Дзве стравы з дайкона (салаты “Трыа” і “Дайкон”) узяты з інфармацыйнага зборніка, распрацаванага Міністэрствам адукацыі, і адна — фірменная распрацоўка нашых спецыялістаў (страва, у склад якой увахо­дзяць сцёблы сельдэрэю, — салат “Школьная мазаіка”). Таксама пасля правя­дзення майскай дэгустацыі ў восеньскае меню ўключаны абсалютна новы прадукт “Рыет з марской капусты з агароднінай”. Ён уяўляе сабой шаткаваную вараную марскую капусту (ламінарыю) з дабаўленнем расліннага алею, солі, цукру, спецый і агародніны (морквы, цыбулі, папрыкі, перцу, тамата). Гэта натуральны прадукт, багаты на ёд, вітаміны групы В (В2, РР), вітаміны A, D, E, клятчатку і мінералы (кальцый, магній, жалеза).

— Ці распрацоўвае камбінат прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны з улікам устаноўленых норм харчавання і грашовых норм расходаў?

Прыкладныя двухтыднёвыя меню распрацоўваюцца з улікам дзеючага заканадаўства. Пры фарміраванні школьных рацыёнаў улічваюцца ўстаноўленыя патрабаванні па каларыйнасці дзіцячага харчавання, рацыянальнага размеркавання пажыўных рэчываў, выкананне ўстаноўленых норм харчавання, кратнасць уключэння пэўных прадуктаў на працягу школьнага тыдня. Напрыклад, агародніна, малако, мяса, сокі ці садавіна павінны ўключацца ў дзённы рацыён дзіцяці штодня, стравы з рыбы, сыр — не радзей чым два разы ў тыдзень. Таксама ўлічваюцца такія патрабаванні, як адсут­насць паўтаральнасці адных і тых жа страў на працягу двух дзён запар, і многія іншыя ўмовы. Безумоўна, прыкладны двухтыднёвы рацыён пралічваецца і па грашовых нормах.

— Ці падабаецца ежа дзецям у навучальных установах?

— На працягу года право­дзіцца анкетаванне дзяцей для вывучэння іх смакавых пераваг. Так, па даных анкетавання за 2024/2025 навучальны год, адзнаку “выдатна” паставілі 43,1% рэспандэнтаў, “добра” — 38%, “нармальна” — 17,7%, “дрэнна” — 1,6%, “вельмі дрэнна” — 0,3%.

Па даных анкетавання за 2024/2025 навучальны год, адзнаку “выдатна” харчаванню паставілі 43,1% рэспандэнтаў.

— А бацькі ў дэгустацыях удзельнічаюць?

— Супрацоўнікі камбіната бяруць ­удзел у бацькоўскіх сходах і сустрэчах з бацькоўскім актывам, адказва­юць на ўсе пытанні па школьным харчаванні, рас­казваюць баць­кам, дзе можна азнаёміцца з меню, выбраць рацыён і нават скарэкціраваць дамашняе харчаванне. Акрамя гэтага, праводзяцца дэгустацыі страў для дзяцей і іх бацькоў. Камбінатам арганізавана штодзённая гарачая лінія, інфармацыя аб якой размешчана на афіцыйным сайце прадпрыемства і інфармацыйных стэндах у сталовых устаноў адукацыі, што таксама дапамагае максімальна хутка рэагаваць на праблемы ў школьным харчаванні.

— Ці праводзіцца сёлета акцыя “Чыстая талерка”? Якія яшчэ мерапрыемствы па арганізацыі харчавання значацца ў планах?

— Распрацаваны план-графік правя­дзення акцыі “Чыстая талерка”, якая прыйшлася даспадобы нашым школьнікам. У рамках рэалізацыі праекта “Скажы здароўю “так”!” камбінат сумесна з установамі адукацыі праводзіць для вучняў розныя цікавыя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне культуры здаровага харчавання. Напрыклад, правя­дзенне майстар-класаў па карвінгу (мастацкая рэзка па агародніне і садавіне) — сумесны праект з Мінскім механіка-тэхналагічным кале­джам — карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод старшых класаў. Перыядычна праводзім дэгустацыі прадукцыі, прапанаванай нашымі вытворцамі.

На канікулах у школьных лагерах праводзім для дзяцей майстар-класы па вырабе прадукцыі з дражджавога цеста. Школьнікі вучацца плесці з цеста коскі, пячы булачкі рознай формы, а потым арганізоўваем сумеснае чаяванне.

— Ці будуць у школах устанаўліваць вендынгавыя аўтаматы?

— Камбінатам рэалізаваны пілотны праект па ўстаноўцы вендынгавага абсталявання. Першы такі аўтамат з’явіўся ў холе сярэдняй школы № 52 Мінска. Цяпер вя­дзецца аналіз яго функцыянавання, узроўню запатрабаванасці сярод навучэнцаў. Пры паспяховай рэалізацыі праекта ў планах — паэтапная ўстаноўка такіх аўтаматаў у іншых навучальных установах.

— Як кантактуеце са структурамі па гігіене і эпідэміялогіі?

— Камбінат школьнага харчавання цесна супрацоўнічае з Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і раённымі ЦГіЭ. Прахо­дзяць сумесныя міжведамасныя маніторынгі, праводзіцца навучанне работнікаў вытворчасці, тэхналагічных службаў, штогод арганізоўваюцца лекцыі па санітарным мінімуме з наступнай здачай экзамену. Спецыялісты ЦГіЭ штосезонна ацэньваюць прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны, а таксама тэхналагічныя карты на адпаведнасць санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням. Паміж камбінатам і Мінскім ЦГіЭ заключаны дагавор на лабараторны кантроль, пробы адбіраюцца згодна з зацверджаным графікам.

 Ала КЛЮЙКО