Фінал VI Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2025 адбудзецца ў Мінску 23—26 мая. Удзельнікамі спаборніцтва стануць каля 350 маладых спецыялістаў, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў УВА. Вызначаць лепшых будуць у 50 кампетэнцыях, сярод якіх “Аграномія”, “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, “Графічны дызайн”, “Мабільная робататэхніка”, “Музычная адукацыя”, “Тэхналогія моды”, “Фларыстыка”, “Цяслярская справа” і інш. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да маштабнага форуму на асноўных пляцоўках, якія разгорнуцца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, Футбольным манежы, Falcon Сlub. Дарэчы, сустракаць і праводзіць удзельнікаў і гасцей конкурсу будзе “Чыжоўка-Арэна”, дзе і адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця спаборніцтва.
Як да спаборніцтва рыхтуюцца канкурсанты, даведаемся ў навучэнцаў барысаўскіх каледжаў.
Смачнае мастацтва
Кандытарская справа — сапраўднае мастацтва, а салодкія вырабы — непаўторныя шэдэўры. У гэтым мог пераканацца кожны, каму давялося ўбачыць работы, прадстаўленыя на абласным этапе VI конкурсу прафмайстэрства, дзе навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа сталі лепшымі ў кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”. 1-е месца заняла Кацярына Красінская, а 2-е — Аляксандра Зуёнак. Абедзве ў хуткім часе стануць тэхнікамі-тэхнолагамі, яны вучацца на 2 курсе спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” на ўзроўні ССА.
— На абласным адборачным туры ProfSkills дзяўчатам неабходна было згатаваць бісквітныя тарты з фруктовым крэмам, крэмчызам і ўпрыгажэннямі з масцікі. Тэматыкай стала 80-годдзе Перамогі, таму на адным торце быў самалёт часоў Вялікай Айчыннай вайны, а на другім — ваеннае пісьмо-трохвугольнік, — расказала выкладчыца каледжа Вера Леанідаўна Лазарэнка.
Менавіта пад яе чуйным кіраўніцтвам сёння трэніруюцца канкурсанткі, адточваючы майстэрства ў гатаванні кандытарскіх вырабаў на тэму “Аліса ў Краіне цудаў”.
— Для натхнення мы ўжо і кнігу Льюіса Кэрала перачыталі, і розныя яе экранізацыі перагледзелі, — прызналася Кацярына. — У фінале спаборніцтва нам неабходна зрабіць двух’ярусны торт у стылі ламбер, кампазіцыю з ізамальту або карамелі, два віды шакаладных цукерак — корпусную з начынкай і труфельную, а яшчэ фігуркі з масцікі.
Сёння дзяўчаты трэніруюцца кожны будны дзень па тры гадзіны, і з такой падрыхтоўкай яны абсалютна ўпэўнены ў сабе.
Дарэчы, у лістападзе на ХХХ спецыялізаванай выставе-кірмашы ProdExpo навучэнцы Барысаўскага дзяржаўнага каледжа заваявалі 3 бронзавыя, 1 сярэбраны і 7 залатых медалёў. Уладальніцамі апошніх сталі сённяшнія гераіні. Аляксандру прызналі лепшай у “Мастацкай рабоце з цеста”, а Кацярыну — у намінацыі “Торт-скульптура 3D”. Гэтую вяршыню ім удалося пакарыць таксама дзякуючы В.Л.Лазарэнка.
На піку актыўнасці
Барысаўскі дзяржаўны тэхнічны каледж — пастаянны ўдзельнік і ўладальнік прызавых месцаў конкурсаў прафмайстэрства ў розных кампетэнцыях.
— У гэтым годзе мы падрыхтавалі канкурсантаў па 12 кампетэнцыях. У васьмі з іх паспаборнічаем у фінале ProfSkills Belarus — 2025. Нашы навучэнцы зараз на піку актыўнасці і будуць змагацца за перамогу ў намінацыях “Электроніка”, “Геадэзія”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Кузаўны рамонт”, “Такарныя работы на станках з ПК”, “Фрэзерныя работы на станках з ПК”, “Абліцоўка пліткай” і “Мехатроніка”, — паведаміла намеснік дырэктара па вытворчай рабоце каледжа Алена Кляшчонак.
Для кожнага канкурсанта распрацавалі індывідуальны план падрыхтоўкі. Ён складаецца з комплексу мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе ўдасканаленне прафесійных навыкаў як у сценах каледжа, так і на прадпрыемствах “БАТЭ”, “Экран”, 140-м рамонтным заводзе. Там навучэнцы, стажыруючыся, адпрацоўваюць свае кампетэнцыі на станках з праграмным кіраваннем па такарных і фрэзерных работах. Акрамя таго, з канкурсантамі працуе педагог-псіхолаг.
— Наш вопыт удзелу ў ProfSkills паказвае, што гэта не толькі прафесійнае, але і псіхалагічнае спаборніцтва, якое не кожны вытрымлівае. Таму мы вырашылі правесці індывідуальныя кансультацыі, якія дапамогуць канкурсантам перамагчы хваляванне, страх і няўпэўненасць, а таксама групавыя трэнінгі “У чым мае моцныя бакі”, “Ставім мэты да перамогі”, “Як справіцца са стрэсам”. Безумоўна, працуем мы і з бацькамі нашых фіналістаў, бо без іх падтрымкі яны могуць не справіцца. У нас ёсць добры прыклад — бацька Максіма Кавальскага, які выйшаў у фінал конкурсу па кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”. Ён прыходзіў на трэніроўкі разам з сынам, хварэў за яго і стымуляваў. Узровень юнака сапраўды вельмі высокі. Хоць Максім яшчэ толькі на сярэднім курсе, але ўжо абышоў многіх выпускнікоў, — падкрэсліла Алена Яўгенаўна.
Толькі ў звязцы “канкурсант +трэнер + бацькі + адміністрацыя” можна дасягнуць поспеху.
Прычым і трэнеры павінны мець імя і вопыт. Так, да кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” канкурсантаў рыхтуе педагог БДТК Ягор Канашэвіч. Ён і сам у 2014 годзе быў фіналістам І Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ў кампетэнцыі “Фрэзерныя работы на станках з ПК”, дзе заняў 3-е месца. Пасля каледжа ён паступіў у БНТУ, скончыў яго і вярнуўся выкладаць у альма-матар. Апошнія пяць гадоў ужо сам рыхтуе дзяцей да конкурсаў прафмайстэрства.
— У фінал выйшла мая вучаніца Яна Грыгаровіч. Яна зараз на 3 курсе спецыяльнасці “Тэхналагічнае
забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці”, дзе вывучаецца прадмет “Аб’ёмнае мадэляванне аўтамабільнай канструкцыі”, што таксама спрыяе падрыхтоўцы да конкурсу. Гэта вельмі здольная дзяўчына, якая рэгулярна займаецца дома. Мне застаецца толькі падтрымліваць яе і даваць трэніровачныя заданні, каб яна расла і пашырала свой кругагляд, — заўважыў Ягор Дзмітрыевіч.
У кампетэнцыі “Такарныя работы на станках з ПК” 1-е месца на адборачным этапе заваяваў Данііл Шалак, а 2-е — Павел Невяроўскі. Абодва — другакурснікі спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”. Іх да конкурсу рыхтуе Дзмітрый Каршакевіч. Згодна з правіламі конкурсу, калі адзін чалавек па нейкіх прычынах раптам выбывае, яго месца займае другі.
— У сферы адукацыі я працую з 2000 года. За гэты час упэўніўся, што ў кожнай вучэбнай групе заўсёды ёсць 2—3 навучэнцы, здольныя паказваць добры вынік на конкурсах. Галоўнае, каб у іх было імкненне, бо аднаго таленту мала, а таксама працавітасць, настойлівасць і воля да перамогі, — перакананы трэнер. — Зараз хлопцы ўдасканальваюць свае навыкі шматразовым паўтарэннем адных і тых жа дзеянняў, даводзячы іх да аўтаматызму, каб кожная наступная дэталь была больш дакладнай. Я раблю стаўку на рэгулярнасць трэніровак, таму мы займаемся кожны дзень, каб не толькі галава, але і рукі ведалі, што і як рабіць. Бо ProfSkills — усё ж спорт, і ў момант спаборніцтва працэнтаў 70 поспеху залежыць ад псіхалагічнай устойлівасці — умення трымаць сябе ў руках і дзейнічаць у няштатнай сітуацыі.
Самі юнакі Данііл і Павел прызналіся, што ў працэсе падрыхтоўкі крыху стамляюцца. Але перамога, безумоўна, варта ўсіх затрачаных сіл. Яны ўпэўнена заяўляюць, што гатовы да фіналу конкурсу, бо аб’ектыўна ацэньваюць свае сілы і разумеюць, на што здольныя.
— Калі рыхтуешся і бачыш, што твае вынікі ацэньваюць па заслугах, тады і матывацыі трэніравацца і рухацца далей больш, — сказаў Данііл, які пасля каледжа плануе атрымаць вышэйшую адукацыю, стаць інжынерам і развівацца на вялікім прадпрыемстве.
У абодвух навучэнцаў сапраўды ёсць усе шансы добра ўладкавацца ў будучыні.
— У фінал рэспубліканскага конкурсу, як правіла, выходзяць толькі шэсць канкурсантаў, а значыць, у краіне толькі шэсць такіх, як яны. Адпаведна, пры размеркаванні і працаўладкаванні будзе некалькі работадаўцаў, якія захочуць атрымаць такіх спецыялістаў, — упэўнены Дзмітрый Мікалаевіч.
Перамога ў Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства дае ўдзельнікам пачуццё ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Яны разумеюць, што нечага вартыя і могуць ісці наперад, пераадольваючы канкурэнцыю. А гэта, згадзіцеся, немалаважна пры руху па кар’ернай лесвіцы.
— Я даўно назіраю за ProfSkills і хачу адзначыць, што яго ўзровень пастаянна расце, як і ўзровень канкурсантаў, які з кожным разам становіцца ўсё больш касмічным. Многія юныя ўдзельнікі робяць такія рэчы, якія не кожны дарослы прафесіянал на заводзе можа стварыць. Усё гэта дзякуючы як навучальнай установе, так і самім навучэнцам і іх бацькам. Прычым некалькі конкурсаў назад прадпрыемствы не вельмі сур’ёзна ставіліся да гэтага спаборніцтва. Аднак сёння, калі мы гаворым, што некага рыхтуем да ProfSkills, адразу пачынаецца барацьба за гэтага навучэнца паміж заказчыкамі кадраў, — падзялілася назіраннямі А.Я.Кляшчонак.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара