Як дапамагчы дзіцяці, якое ўпершыню едзе ў аздараўленчы лагер, у адаптацыі да новых умоў?

- 17:11Новости, Психолог в школе

Ёсць дзеці, якія, прыехаўшы ў лагер, з першага дня займаюць пазіцыі лідараў і бяруць на сябе ўсе вядучыя ролі. Але ёсць і тыя, хто бясконца просіцца дадому. Любая скарга малога — гэта прымета таго, што трэба шукаць кампраміс і правільнае рашэнне. Ці заўсёды яно ў тым, што пасля першай жа просьбы трэба забіраць дзіця дадому? Як дапамагчы яму ў адаптацыі да новых умоў? На гэтыя пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказала педагог-псіхолаг аздараўленчага лагера “Сузор’е” Гродзенскага раёна Ірына Ганчар.

— Ірына Мікалаеўна, як падрыхта­ваць дзіця, якое ўпершыню едзе ў аздараўленчы лагер, да таго, што яго там чакае? Якой павінна быць адаптацыя?

— Адаптацыя ў дзіцячым аздараўленчым лагеры — з’ява заканамерная і нават сёння выклікае шмат пытанняў. Як пад­рыхтаваць дзіця? Як настроіцца самім бацькам? Насамрэч да падрыхтоўкі трэба аднесціся вельмі сур’ёзна: падзяліцца з дзіцем асабістым вопытам, калі ён ёсць, арганізаваць зносіны з іншымі аднагодкамі, якія наведвалі лагеры.

Таксама неабходна паглядзець сайт аздараўленчай установы і яе старонкі ў сацсетках, вывучыць усю інфармацыю, якая там сабрана, і даведацца пра мерапрыемс­твы летніка. Разам з дзіцем азнаёмцеся са спісам таго, што можна і рэкамендуецца ўзяць з сабой у лагер, а што забаронена. Пасля гэтага разам выберыце і купіце патрэбныя рэчы, прадметы догляду і гігіены. Дзецям 6—12 гадоў можна ўзяць з сабой любімую цацку, кніжку, нататнік.

Калі дзіця едзе ў лагер упершыню, пагаварыце аб страхах, якія ў яго ўзніка­юць, абмяркуйце ўсе магчымыя варыянты развіцця падзей — гэта зніме напружанне. Раскажыце, што ўсе дзеці будуць знахо­дзіцца ў аднолькавых умовах. Папрасіце малога не хаваць перажыванняў і расказ­ваць аб усіх эмоцыях. Дайце яму зразумець, што, нягле­дзячы на адлегласць, вы будзеце побач. Дзіця павінна быць упэўнена: што б ні здарылася — вы будзеце на яго баку.

Не менш важна растлумачыць значэнне выхавальнікаў, псіхолага і іншых дарослых у лагеры. Дзеці павінны ведаць, што важатым і адміністрацыі можна задаваць любыя пытанні і давяраць, яны адказваюць за здароўе і бяспеку выхаванцаў.

— Колькі часу патрабуецца для камфортнага прывыкання і ад чаго залежыць яго хуткасць?

— Адаптацыя доўжыцца ад 2 да 6 дзён і шмат у чым залежыць ад тэмпераменту і характару дзіцяці, а таксама ад таго, наколькі бацькі ўцягнуты ў працэс і зацікаўлены ў гэтым. Не сакрэт: ёсць лагерныя дзеці, якія любяць рух, актыўнасць, а ёсць дамашнія — ім важна быць побач з мамай і не мяняць кола зносін.

У пачатку змены большасць дзяцей і падлеткаў перажываюць стрэс. Ім неабходны час, каб агледзецца, асвоіцца, прывыкнуць да таго, што адбываецца побач, пасябраваць з аднагодкамі і навучыцца давяраць новым дарослым. Гэта тычыцца нават тых, хто рэгулярна адпачывае ў дзіцячых аздараўленчых лагерах (і нават калі дзіця наведвае адзін і той жа лагер). Прыкладна ў сярэдзіне змены дзеці прывыкаюць да новага жыцця, знахо­дзяць сяброў, наладжваюць новыя кантакты. Для многіх гэта шанс праявіць сябе з іншага боку, зламаць стэрэатыпы аб сабе, якія былі навязаны ў школе ці дома. Разам з тым азначаны перыяд — спрыяльная глеба для канфліктаў. Вопытныя педагогі ў гэты час арганізоўваюць нестандартныя мерапрыемствы для выключэння спрэчак і выхаду на агульнае рашэнне і вынік.

Да канца змены ў дзяцей можа з’явіцца пачуццё беспакаранасці: яны ведаюць, што іх хутка забяруць дадому. З-за гэтага некаторыя падбухторваюць астатніх на свавольствы і выхадкі. На гэты ж этап прыхо­дзіцца пік стомленасці ў дзяцей. Хтосьці ўжо нічога не хоча, іншыя сумуюць па доме ці чакаюць новых прыгод. А нехта перажывае з-за хуткага расставання з лагерам, яго важатымі. Гэтыя эмоцыі таксама прыйдзецца кантэйніра­ваць бацькам.

Важную ролю ў паспяховай адаптацыі адыгрываюць рэжым і дысцыпліна, прынятыя ў сям’і. Калі ў доме пастаянна паўтараюцца нейкія дзеянні, падтрымліваюцца добрыя звычкі, распарадак дня, то ў лагеры дзеці знаходзяцца як у сваёй талерцы. Яны разумеюць, што непрыемных сюрпрызаў не будзе і гэтаму свету можна давя­раць. Выразна акрэсленыя межы для дзяцей — залог спакою і стабільнасці. Па меры сталення яны будуць абапірацца на яго і станавіцца больш упэўненымі ў сабе і самастойнымі.

Дзеці, у якіх ёсць вопыт знаёмства з новым калектывам, а таксама тыя, хто наведвае розныя гурткі і секцыі, ездзіць на экскурсіі з класам, на спаборніцтвы, адаптуюцца прасцей і хутчэй. Ім паездка ў лагер дорыць яркія эмоцыі, пашырае кругагляд, выпрацоўвае новыя нейронавыя сувязі: яны шчаслівыя ў лагеры і не могуць дачакацца новага лета, каб туды паехаць. 

Лёгка і весела ў летніках лагерным дзецям. Такія школьнікі ўмеюць камунікаваць з іншымі, яны не сумуюць па бацьках і прывязаны да іх у меншай ступені, чым астатнія. Ім падабаецца быць самастойнымі, яны адчуваюць сваю адказнасць за ўсё, але не баяцца яе, а наадварот, ганарацца гэтым. Выхаваць з малышоў такіх дарослых атрымліваецца не ва ўсіх бацькоў, а толькі ў тых, хто сам такі і хоча бачыць побач такіх жа дзяцей.

— Што рабіць тым бацькам, чые дзеці праз некалькі дзён знаходжання ў лагеры патрабуюць забраць іх дадому? Ці трэба ісці на такі крок або варта перавесці фокус увагі, прапанаваць альтэрнатыву?

— Забіраць дзяцей не трэба. Самае важнае, што павінны зрабіць мамы і таты ў такой сітуацыі, — гэта стварыць для дзіцяці часовую перспектыву: дамовіцца, што будзеце прывозіць яму па вызначаных днях пасля работы, што яго чакае ў канцы змены ў самім летніку і калі вернецца дадому. Прагаворвайце і абмяркоўвайце ўсе варыянты. Перспектыва чакання ў такой сітуацыі ідзе на карысць, а пазітыўнае падмацаванне ў канцы насычанай падзея­мі аздараўленчай змены неабходна многім. Гэта можа быць любімы торт, паход у кафэ, паездка ў аквапарк, сямейны прагляд любімага кіно, піца і інш. Лінію часу на перыяд лета можна нават намаляваць, адзначыўшы на ёй варыянты правя­дзення паслялагерных дзён.

Знаходжанне ў летніку — гэта нагрузка на псіхіку, якая яшчэ фарміруецца, таму не ўсе могуць хутка і эфектыўна да гэтага прывыкнуць. Дзяцей у лагеры чакае вялікая колькасць знаёмстваў і сацыяльнае ўзае­мадзеянне, адрыў ад гаджэтаў, максімальная падзейная насычанасць, яркія і глыбокія эмацыянальныя перажыванні, поўнае паг­ружэнне ў жыццё летніка і інш.

Эмоцыі, якія пражываюцца ў пэўны перыяд, прасцей за ўсё адразу выліць на бацькоў. Адсюль званкі, поўныя слёз, просьбы забраць дадому, сум, трывога, апатыя, раздражняльнасць і перабольшаны трагізм.

— Ці цяжка ў лагеры тым, хто не ўмее абараняць свае інтарэсы, гаварыць “не” равеснікам і ідзе ў іх на повадзе?

— Так, безумоўна, гэтым дзецям вельмі складана. Пра неабходнасць адстой­ваць свае інтарэсы, умець гаварыць “не” ім трэба нагадваць заўсёды. З-за страху, жадання дага­дзіць, быць як усе ці проста ў заклад яны могуць паддавацца на правакацыі. Баць­кам важна помніць і пра тое, што люстраныя нейроны дзяцей працу­юць спраўна: іх паводзіны і эмоцыі часта вызначаны страхамі і перажываннямі дарослых. Таму настройвайце на пазітыў і саміх сябе. Для большага спакою трэба дамовіцца аб перыядычнасці размоў па тэлефоне. Калі дзіця хоча званіць часцей або, наадварот, рэдка, успрымайце гэта нармальна.

Будзе выдатна, калі вы разам прагаворыце або запішаце міні-візітоўку, якую дзіця зможа прадставіць у новым калектыве: пра яго захапленні, месца жыхарства, вучобу, хатніх гадаванцаў і г.д.

— Чаму вы як спецыяліст аддаяце перавагу, калі працуеце з тымі дзецьмі, якія не могуць прыжыцца ў калектыве?

— У нашым аздараўленчым лагеры працэс адаптацыі аблягчаецца дзякуючы наяўнасці сенсорнага пакоя — арганізаванай прасторы з выкарыстаннем спецыялізаванага абсталявання. Заняткі ў ім накіраваны як на глыбокае расслабленне і стабілізацыю эмацыянальнага стану дзіцяці, так і на актывізацыю станоўчых цялесных адчуванняў.

Дзякуючы ізаляванасці, сенсорны пакой дае адчуванне поўнай бяспекі, абароненас­ці і камфорту. Незвычайнасць абстаноўкі спрыяе мяккаму адхіленню ад стрэсавых стымулаў, якія нясе навакольнае асяроддзе. Выкарыстанне спецыяльных падушак і сухога басейна забяспечвае целу становішча, зручнае для адвольнай рэлаксацыі, а аптычныя эфекты сенсорнага пакоя пераключаюць увагу дзяцей. Святлогукатактыльная стымуляцыя асацыіруецца з прыроднымі рэлаксуючымі аб’ектамі, што ўзмацняе глыбіню расслаблення. Выкарыстанне дадатковых стымулаў, такіх як спецыяльнае асвятленне, тактыльныя дарожкі, фібрааптычнае валакно, сухі душ і аромалямпы, ствараюць новыя тактыльныя адчуванні. Пазней яны замацоўваюцца механізмамі рэлаксацыі.

Станоўчыя эмоцыі, якія ўзнікаюць у сенсорным пакоі, — гэта магутны антыстрэсавы фактар. Ён дапамагае прывыкнуць да ўмоў лагера. Для дзяцей, якія перажылі псіхалагічную траўму, перыяд актыўнага адпачынку, расслаблення, станоўчых эмацыянальных адчуванняў вельмі важны. У першую чаргу гэта неабходна для фарміравання адаптыўных крокаў. Гэты пакой не толькі зніжае інтэнсіўнасць траўміруючай падзеі ці дзеяння, але і замацоўвае механізмы паспяховага пераадолення цяжкасцей і стрэсу.

Падчас заняткаў у сенсорным пакоі ў выхаванцаў лагера мяняецца самаўспрыманне, самапрыняцце, самаацэнка. Тут дзеці атрымліваюць энергетычны зарад і веру ў свае сілы, бяспечна перажываюць цяжкасці. Калі мы выходзім са звыклага кантэксту жыцця, сутыкаемся ў гульнявой мадэлі з праблемамі, то абмяркоўваем шматлікія варыянты іх вырашэння. За 15 дзён змены мяняюцца адносіны да самога сябе, сістэма каштоўнасцей і Я-канцэпцыя: дзеці робяць скачок у сваім развіцці. Менавіта для гэтага ў лагеры школьнікам патрэбна псіхолага-педагагічная падтрымка.

— Ірына Мікалаеўна, сенсорны пакой у загарадным лагеры — гэта пакуль рэдкасць. Якія метады варта прымяняць псіхолагам у загарадных аздараўленчых установах, дзе няма адпаведных інструментаў, каб дапамагчы тым, каму трэба пераадолець наступствы адаптацыі?

— Было б добра, каб у рабочым кабінеце педагога-псіхолага былі хаця б некаторыя элементы, з якіх складаецца сенсорны пакой. Сухі душ, напрыклад, можна зрабіць самастойна. Калі такой магчымасці няма, то ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі выдатна дапамагаюць праектыўныя методыкі, пясочная і казка-тэрапія. Гэта простыя, але вельмі дзейсныя метады, і імі валодаюць многія спецыя­лісты. Галоўнае — умець разгледзець тых дзяцей, якім наша падтрымка сёння вельмі неабходна.

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА