Як інтэрактыўныя метады навучання дапамагаюць Наталлі Сідарэвіч развіваць камунікатыўныя кампетэнцыі ў школьнікаў

- 9:00Главная, Образование

Развіваць камунікатыўныя кампетэнцыі ў выхаванцаў настаўніцы хіміі і біялогіі Наталлі Сідарэвіч з Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна дапамагаюць інтэрактыўныя метады навучання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій актуалізавалася праблема жывых зносін, — гаво­рыць педагог. — На перапынках вучні ся­дзяць з мабільнымі тэлефонамі ці планшэтамі, дзе гуляюць у гульні, хаця маглі б кантактаваць паміж сабой. У выніку з-за недахопу камунікатыўных навыкаў дзеці на ўроках з цяжкасцю расказваюць пра што-небудзь. Яшчэ большыя цяжкасці ўзнікаюць падчас дыскусій ці брыфінгаў: вучні не ўмеюць слухаць адно аднаго, працаваць у камандзе, наладжваць і падтрымліваць кантакты.

Каб выправіць гэтую сітуацыю, Наталля Сідарэвіч звярнулася да інтэрактыўных метадаў навучання. Педагог пачынае ўрокі са стварэння канструктыўнай атмасферы. У гэтым дапамагаюць метады, у аснову якіх пакладзена “камунікатыўная атака”. Сярод іх — метад “Памяняемся месцамі”.

— Часцей за ўсё звяртаюся да яго ў 5—7 класах, — працягвае настаўніца. — Дзеці становяцца ў кола. Прапаную памяняцца месцамі тым, хто піў на снеданне чай ці каву, дабіраўся да школы пешшу, на аўтобусе ці на аўтамабілі, у каго добры настрой, хто хоча даведацца што-небудзь новае і інш. Пералік пытанняў — самы разнастайны. Даволі часта іх прыдумваюць і падказваюць самі дзеці. Вучні, якія адказ­ваюць на пытанне станоўча, павінны хутка перайсці са свайго месца на вызваленае, а калі адмоўна — застаюцца на сваіх месцах. Гэты метад можна выкарыстоўваць таксама і з мэтай рэфлексіі. У такім выпадку прапаную памяняцца месцамі тым, хто задаволены сваёй работай на ўроку, з тымі, хто не задаволены, хто чамусьці навучыўся, хто высока ацэньвае работу аднакласнікаў, хто задаволены зносінамі, хто стаміўся, хто хоча працягваць работу і інш.

Да метаду “Алітэрацыя імені” Наталля Сідарэвіч звяртаецца на ўроках, якія право­дзіць у форме турніраў ці спаборніцтваў, калі трэба настроіць членаў каманды на сумесную дзейнасць і адначасова ўзняць дух добрага саперніцтва.

— Члены каманды садзяцца ў кола, — тлумачыць педагог. — Прапаную назваць імя свайго суседа і даць яму характарыстыку на тую ж літару, з якой пачынаецца яго імя. Асноўнае правіла — не паўтарацца, нават тады, калі ў камандзе некалькі вучняў з імёнамі на аднолькавую літару. Напрыклад, Сяргей — спартыўны, Вольга — вясёлая, Хрысціна — хітрая, Уладзіслаў — умелы, Аляксандра — актыўная…

У рабоце настаўніца абавязкова ўлічвае ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці вучняў. Інтэрактыўныя метады дапамагаюць і тут, напрыклад, выявіць ступень згуртаванасці калектыву. Так, калі на працягу некалькіх урокаў вучні абыходзяць увагай каго-не­будзь з аднакласнікаў, Наталля Сідарэвіч дорыць яму кветку ці камплімент. Акрамя таго, педагог уважліва сочыць за тым, каб вучні сур’ёзна адносіліся да заданняў, не парушалі дысцыпліну.

— На этапе актуалізацыі ведаў прымяняю метады абмену дзейнасцю, якія павышаюць матывацыю і далучаюць дзяцей да сумеснай работы, — заўважае настаўніца. — Так, метад “Інтэрв’ю” развівае ў вучняў дыялагічнае маўленне, скіроўвае да мысліцельнай дзейнасці. Прапаную дзецям выбраць сабе суразмоўнікаў, якія садзяцца побач. Даю 2—3 пытанні для інтэрв’ю, па якіх суразмоўнікі на працягу 3 мінут абменьваюцца інфармацыяй паміж сабой. Прынцыпова важна не выхо­дзіць за рамкі адведзенага часу: гэта пабуджае ўдзель­нікаў слухаць і чуць. Затым прапаную парам па чарзе аператыўна прадставіць атрыманую інфармацыю (удзельнікі выказваюць не свае меркаванні).

Метад “Завяршы выказванне” прадугледжвае запіс у сшытку пачатку выказвання, якое неабходна завяршыць. Дзеці запісва­юць яго. Праз 2 мінуты педагог прапануе 2—3 вучням выканаць ролю экспертаў: падысці да аднакласнікаў і коратка запісаць тыя варыянты, якія не паўтараюцца, а потым абагульніць атрыманую інфармацыю. Метад дазваляе аператыўна далучыць да работы адразу ўсіх вучняў.

— Каб дзеці лепш засвоілі новы матэрыял, навучыліся абагульняць і асэнсоўваць паняцці, правілы і законы, выкарыстоўваю метад “Мазаіка”, — адзначае Наталля Сідарэвіч. — Клас дзеліцца на рабочыя групы. Кожная з іх працуе па пэўнай частцы параграфа вучэбнага дапаможніка. Кожны член групы атрымлівае пэўную сэнсавую частку матэрыялу, якую павінен за пэўны час прачытаць і асэнсаваць. Так, пры вывучэнні ў 6 класе тэмы “Сезонныя змяненні экасістэм” дзялю клас на 2 ці 4 групы (у залежнасці ад колькасці вучняў) і прапаную вывучыць матэрыял ці па порах года, ці па перыядах “вясна — лета” і “восень — зіма”. Потым кожны член рабочай групы пераказвае свой фрагмент тэксту. Пасля пад маім кіраўніц­твам вучні прэзентуюць новы матэрыял па частках. Напрыканцы абавязкова праводжу рэфлексію ўзаемадзеяння, наладжанага на ўроку.

На этапе замацавання новых ведаў настаўніца скіроўвае ўвагу на адпрацоўку вывучаных дзеянняў па ўзорах ці ў змененых сітуацыях, для чаго звяртаецца да метаду “Лагічны ланцужок”, які адыгрывае важную ролю ў арганізацыі лексічнай камунікацыі і сэнсатворчасці. Акрамя таго, на гэтым этапе педагог выкарыстоўвае і інтэрактыўныя гульні. Так, пры вывучэнні ў 11 класе тэмы “Біяцэноз і біятоп. Сувязі папуляцый у біяцэнозах” яна ладзіць гульню “Біяцэноз”. Вялікую цікавасць выклікаюць гульні “Школа”, “Гасцініца” і “Ікебана (букет)”.

На этапе абагульнення ведаў дапамагае метад “Алфавіт”, — расказвае Наталля Сідарэвіч. — Перад урокам рыхтую тэхналагічную карту — ліст ватмана, на якім зверху ўніз з левага боку запісаны маркерам алфавіт. Сярод прапануемых паняццяў — любыя тэрміны і з’явы. Запаўненне тэхналагічнай карты найчасцей арганізую ў групе, каб дазво­ліць дзецям пагаварыць паміж сабой. Работа заканчваецца тады, калі на кожную літару алфавіта на тэхналагічнай карце запісана хаця б адно слова.

Вынікі такой работы радуюць, хаця, прызнаецца педагог, не ўсё спачатку атрымлівалася. Каб дабіцца эфектыўнасці некаторых метадаў, даводзілася вывучыць асаблівасці вучняў розных класаў, іх узаемаадносіны. Цяжэй за ўсё арганізаваць дзейнасць у класах, дзе займаюцца дзеці з розных вёсак.

Новыя інтэрактыўныя метады настаўніца ўводзіла паступова, пераканаўшыся ў выніку, што цэлы ўрок (ад арганізацыйнага этапу да рэфлексіі) якасна правесці выключна на адным інтэрактыўным узаемадзеянні немагчыма па аб’ектыўных прычынах. Па-першае, выкарыстанне толькі інтэрактыўных метадаў, нават пры ўсёй іх разнастайнасці, стамляе і педагога, і вучняў. Па-другое, шматлікія перамяшчэнні па класе, гульні, выхады да дошкі, пастаянны абмен думкамі і меркаваннямі на працягу заняткаў ствараюць мітусню і часам разнявольваюць асобных вучняў да такой ступені, што яны забываюць, дзе знаходзяцца. Існуюць пэўныя цяжкасці і з ацэньваннем вучэбных дасягненняў. Але каштоўнасць інтэр­актыву, тым не менш, відавочная.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ