Усвядомлена і матывавана выбіраць будучую прафесію вучням сярэдняй школы № 4 Іванава дапамагаюць профільныя групы педагагічнага і інжынернага кірункаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Педагагічныя групы працуюць у нашай установе з 2016 года, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Кульбеда. — У мінулым навучальным годзе ў такой групе займаліся 8 адзінаццацікласнікаў. Для павышэння эфектыўнасці профільнага навучання летась быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Выхаванцы педгрупы вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, але ў розным спалучэнні. Так, 5 школьнікаў вывучалі на павышаным узроўні беларускую і англійскую мовы, 2 — хімію і біялогію, адзін аддаў перавагу фізіцы і матэматыцы. Акрамя таго, для старшакласнікаў арганізаваны факультатыў па ўводзінах у педагагічную прафесію. Ён дапамагае сфарміраваць унутраную матывацыю для ўсвядомленага засваення прафесійна значных кампетэнцый, павысіць псіхалагічную культуру і палепшыць сацыялізацыю.
— Праводзячы факультатыўныя заняткі, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Вядзёрчык улічвае псіхафізічныя асаблівасці вучняў, арыентуючыся не толькі на засваенне ведаў пра педагагічную прафесію, але і на спосабы іх засваення, развіццё пазнавальнай цікавасці і творчага патэнцыялу выхаванцаў, — працягвае Ірына Кульбеда. — Школьнікі актыўна авалодваюць рознымі відамі дзейнасці, у тым ліку вырашаюць вучэбныя праблемы, выконваюць творчыя задачы. Дапамагаюць у гэтым дыскусіі, разбор пэўных сітуацый, дыягнастычныя методыкі. Дзякуючы ім выхаванцы вучацца выказваць уласныя адносіны да атрыманых ведаў, аргументаваць свае меркаванні, рэальна ацэньваць жыццёвыя сітуацыі. У даступнай форме старшакласнікі знаёмяцца з неабходнымі тэарэтычнымі звесткамі па асновах псіхалогіі і прафесіязнаўстве. Важнае месца ў рабоце займае практычная дзейнасць у форме сюжэтна-ролевых і дзелавых гульняў.
Каштоўнасць факультатыўных заняткаў у тым, што яны дазваляюць выявіць педагагічныя здольнасці праз самадыягностыку вучняў, наладзіць зносіны з людзьмі рознага ўзросту, набыць вопыт выхаду з цяжкіх сітуацый. Разам з тым у рамках факультатыву школьнікі на практыцы асвойваюць канкрэтныя навыкі і спрабуюць сябе ў ролі настаўніка. Старшакласнікі з цікавасцю наведваюць заняткі педагогаў, праводзяць уласныя ўрокі, удзельнічаюць у тэматычных і прадметных тыднях. Так, у мінулым навучальным годзе вучні ўдзельнічалі ў тыднях пачатковых класаў і рускай мовы і літаратуры (ладзілі інтэлектуальныя конкурсы, гульні, урокі), а на асенніх канікулах сталі памочнікамі выхавальнікаў у школьным аздараўленчым лагеры.
Важным дасягненнем кожнага выпускніка педгрупы з’яўляецца партфоліа “Я — педагог”, якое складаецца з раздзелаў “Мой псіхалагічны партрэт”, “Педагагічныя пробы”, “Партфоліа работ” і “Галерэя падзей”.
Партфоліа фарміруецца паэтапна ў адпаведнасці з вынікамі вучобы і адлюстроўвае асноўныя характарыстыкі асобы, дасягненні, звязаныя з педагагічнай прафілізацыяй, і значныя падзеі за час вучобы. Працуючы над партфоліа, школьнікі вучацца сістэматызаваць назапашаны вопыт і самапрэзентаваць сябе.
У пазамінулым навучальным годзе 4 выхаванцы педгрупы ўдзельнічалі ў конкурсе эсэ “Педагог, якога чакаюць”, арганізаваным Пінскім каледжам БрДУ імя А.С.Пушкіна, а ў мінулым — у ІІІ абласным фестывалі педкласаў, падрыхтаваўшы прэзентацыю “Наш клас” і рэкламны буклет “Прафесія настаўніка — гэта крута!”. Сёлета іванаўскія школьнікі сталі ўдзельнікамі абласнога інтэлектуальна-забаўляльнага квіза “На ўсе 100!”, арганізаванага БрДУ імя А.С.Пушкіна сярод вучняў педкласаў.
— Чацвёра з пяці першых выпускнікоў педгрупы паступілі на педспецыяльнасці, — гаворыць Ірына Кульбеда. — У другім выпуску такіх было 8 з 10, у трэцім — 2 з 5, у чацвёртым — усе 5 выпускнікоў сталі студэнтамі педагагічнага профілю, у пятым — 3 з 7, у шостым — 4 з 8. Палова выпускнікоў сёлетняга выпуску плануе паступаць на педспецыяльнасці. У сярэднім 65% выпускнікоў педгруп працягваюць вучобу па выбраным профілі ва УВА.
З улікам актуальнасці інжынернай адукацыі 2 гады назад у школе адкрылася адпаведная група.


12 дзесяцікласнікаў вывучалі на павышаным узроўні фізіку і матэматыку, наведвалі факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Для павышэння эфектыўнасці профільнага навучання і матывацыі выпускнікоў да паступлення ў тэхнічныя УВА школа заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з БрДТУ, а для фарміравання тэхналагічнай культуры як аднаго з элементаў агульнай і прафесійнай культуры будучага інжынера — з ААТ “Мекасан”.

— На факультатыўных занятках настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Пернач разам з традыцыйнымі формамі работы выкарыстоўвае дыскусіі, віртуальныя экскурсіі і ІКТ, арыентуючы вучняў на самастойную работу з рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, падрыхтоўку тэматычных паведамленняў і прэзентацый, — расказвае Ірына Кульбеда. — Метады актыўнага навучання і нестандартныя формы заняткаў дапамагаюць павысіць цікавасць да іх.
У рамках супрацоўніцтва з БрДТУ распрацаваны план сумесных мерапрыемстваў. Так, вучні інжынернай групы ўдзельнічаюць у днях адкрытых дзвярэй УВА, сустракаюцца з выпускнікамі школы — студэнтамі БрДТУ і яго выкладчыкамі, наведваюць універсітэцкія лабараторыі. Акрамя таго, старшакласнікі знаёмяцца з прадукцыяй і арганізацыяй вытворчасці ААТ “Мекасан”.
Вучні інжынерных класаў актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядах па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, а таксама ў конкурсах тэхнічнай творчасці.
— Вопыт дзейнасці профільных груп паспяховы і запатрабаваны, таму работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца і ўдасканальвацца, — падагульняе Ірына Кульбеда.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





