Як сямейныя традыцыі педагагічнай дынастыі прарастаюць у жыццё ўстановы адукацыі — у інтэрв’ю карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з настаўніцай сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны Марынай Хахолка.

У мінулым навучальным годзе мая суразмоўніца перамагла ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Самы класны класны”. Сёлета ў канцы красавіка яе 7 “Б” прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе самапрэзентацый класных калектываў “Мы — разам!” і ўвайшоў у лік пераможцаў. Марына Хахолка кіруе ў школе тэатральнай гасцёўняй і музеем, вядзе ўрокі мастацтва і факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Таленавітая прадстаўніца вялікай дынастыі педагогаў працягвае справу маці і ўдала інтэгруе ў адукацыйную прастору сямейныя традыцыі. Адзін з такіх прыкладаў — майскія бэзавыя вечары — стаў яркай візітоўкай школы.
У колерах квітнеючага бэзу
— Марына Уладзіміраўна, з чаго пачыналіся знакамітыя бэзавыя вечары?
— Ніводнае наша сямейнае свята не абыходзіцца без кветак, вершаў, песень пад гітару. У любы сезон на стале кветкі. Зразумела, у маі гэта бэз. Калі паветра напаўняецца яго пяшчотным водарам, наступае асаблівая пара для нас, педагогаў: завяршэнне навучальнага года, падвядзенне вынікаў, планы на будучыню, апошнія ўрокі ў выпускных класах… Мая маці Ларыса Канстанцінаўна Чарняўская працавала ў нашай школе. Яна па-майстэрску выкарыстоўвала ў рабоце многія сюжэтныя моманты з сямейных традыцый, у тым ліку звязаныя з бэзам. У гэтым сэнсе школьныя бэзавыя вечары можна назваць творчым працягам. Ідэя належыць мне. Цікавую ініцыятыву падтрымалі і дапоўнілі мае родныя, кіраўніцтва школы, калегі і, канечне ж, вучні разам з бацькамі. Першапачаткова мы і апрабавалі незвычайны фармат у правядзенні майскіх бацькоўскіх сходаў. Навацыя спадабалася і вырасла ў добрую традыцыю. У 2015 годзе мяне папрасілі наладзіць бэзавы выпускны вечар у класе, дзе вучыўся мой сын. А потым ужо я стала арганізоўваць такія святы для сваіх выпускнікоў і іх бацькоў як класны кіраўнік. Цяпер мы праводзім бэзавы баль, атрыбутыка бэзу прысутнічае практычна на ўсіх нашых школьных выпускных.
— Як арганізуецца свята?
— Мы збіраемся ў цудоўным месцы, дзе валадараць музы мастацтва, — нашай тэатральнай гасцёўні.
Сімвалам сустрэчы з’яўляецца бэз, таму абавязковая ўмова наведвання балю для ўдзельнікаў і гасцей — адзенне ўсіх адценняў квітнеючага бэзу. Залу афармляем напярэдадні ў адпаведнай гаме з дапамогай бацькоў: упрыгожваем столікі абрусамі бэзавага колеру, расстаўляем на іх свечкі і букеты.
Для вучняў гэта доўгачаканая падзея і ў некаторай ступені знаёмы фармат, бо, пагадзіцеся, нескладана з’яднаць у агульную карціну аповеды родных, сяброў па школе, настаўнікаў. Але адначасова заўсёды прыдумваем новае, рыхтуем прыемныя сюрпрызы! Дзеці самі імкнуцца вылучыцца: складаюць незвычайныя кампазіцыі з бэзу, рыхтуюцца да творчага конкурсу, дзе трэба прыдумаць арыгінальную назву букету і затым абараніць плён уласнай працы і фантазіі. Незабыўны момант — выбар кветкавай феі. За гаспадыню балю ўдзельнікі галасуюць галінкамі бэзу. Яна сумесна з памочнікамі кіруе святам: напрыклад, загадвае загадкі пра вясну і кветкі, запрашае ўсіх пагуляць у “Ручаёк”. У конкурсе “Караоке кветак” вучні спяваюць з бацькамі. Таямніча гараць свечкі, гучыць верш Ігара Севяраніна “Марожанае з бэзу” (дарэчы, прыгожа аформлены халодны ласунак прысутнічае на століках). Мы ўспамінаем паэтычныя легенды пра бэз і іншыя кветкі, гаворым пра святы кветак у розных краінах. Завяршаецца баль чароўнымі гукамі вальса. Дзеці кружацца ў танцы ў парах з бацькамі, трымаючы ў руках галінкі бэзу — сімвал вечара. І, безумоўна, на працягу яго ўсе дружна шукаюць і з радасцю знаходзяць сваю шчаслівую кветку.
Крыніцы натхнення
— Раскажыце падрабязней пра вашу тэатральную гасцёўню.
— Яна таксама сямейная справа. Мы ўсе аддана любім тэатр. Маці заснавала школьную тэатральную гасцёўню, перадала мне ў спадчыну і па сённяшні дзень многа дапамагае, падтрымлівае. У 2023 годзе пасля маштабнага рамонту школы гасцёўня набыла новае прывабнае аблічча.
Як гаварыў Канстанцін Станіслаўскі, тэатр пачынаецца з вешалкі. Таму і ў нас ля ўвахода як сімвал тэатра — вешалка з накінутымі капелюшом і кашнэ, прыхіленым парасонам. Далей мы праходзім у малую камінную залу. Яе пазнавальныя адзнакі — галерэя партрэтаў вялікіх драматургаў, тэатральнае люстэрка, сімвалічныя камін, свечкі ў кандэлябрах, духавы арган. Праз некалькі крокаў мы трапляем у свет залюстрэчча, дзе знаходзіцца ліра, сімвал узвышанай творчасці. Тут нашы дзеці танцуюць. Яны насамрэч гэта вельмі любяць, нават не на занятках, а проста падчас перапынкаў. Мой кабінет побач. Прыемна амаль штодзень назіраць гэты энтузіязм, прычым памножаны на ўменне, бо многія вучні наведваюць харэаграфічныя аб’яднанні па інтарэсах. Насупраць каміннай залы — вялікая насценная выява Уршулі Радзівіл. У школе кожны паверх прысвечаны знакамітым асобам Беларусі і нашага раёна, мы ў свой час выбралі менавіта заснавальніцу беларускага тэатра. Дзеці многа ведаюць пра яе і з задавальненнем паглыбляюцца ў тэатральную плынь, любяць пад музыку айчынных кампазітараў знаёміць гасцей школы з адметнымі гістарычнымі фактамі, нашай работай. Побач аформлена фотазона. Прыгожую ідэю я летась падглядзела ў Вялікім тэатры Беларусі, і мы зрабілі ў сябе падобную фотазону з сукенкамі ў стылістыцы мінулых стагоддзяў. Між іншым сукенкі — ручной работы. У кожную дэталь інтэр’ера нашай гасцёўні ўкладзена вялікая праца, таму тут няма выпадковага ці дробязнага. Гэта мне перадала мая маці, мы і сёння тут усёй сям’ёй служым, дзяцей вучым любові і адданасці ў творчасці.
— “Мы ўсёй сям’ёй” — гэта, атрымліваецца, не толькі пра вас і вашу маці?
— Так. Матуліны сёстры Людміла і Жанна па спецыяльнасці педагогі. Людміла Канстанцінаўна ўсё працоўнае жыццё прысвяціла настаўніцтву, выкладала рускую мову і літаратуру. Яна вядомы паэт і бард, цудоўна спявае і піша музыку да песень. А шляхі Жанны Канстанцінаўны ў літаральным сэнсе прадвызначыла неба. У студэнцкія гады дзяўчына прыйшла ў авіяклуб і так захапілася парашутным спортам, што гэта стала яе будучыняй: усё жыццё праслужыла ў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Незвычайны лёс: яна ў небе нагу страціла, але працягвала працаваць і нават здзяйсняла скачкі з парашутам — настолькі палюбіла неба. Вось гэтае сястрынскае трыа дастаткова часта можна ўбачыць у нашай тэатральнай гасцёўні, асабліва маці і цётку Людмілу, якая жыве бліжэй да Шаркаўшчыны, у Наваполацку. У прыватнасці, яны абедзве — жаданыя госці і актыўныя ўдзельніцы школьных вечароў рамансаў.
З верай і любоўю
— У творчасці Людмілы Мяхедка нямала вершаў і песень на духоўную тэматыку. Невыпадкова?
— У нашай сям’і ўсе вераць у Бога. Гэта перадалі нам мае бабуля і дзядуля, Канстанцін Канстанцінавіч і Алена Цімафееўна Мяхедка — зноў жа настаўнікі па прафесіі.
Сёлета мы разам, у тым ліку маці з сёстрамі, прысвяцілі пешае паломніцтва 150-годдзю з дня нараджэння свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава: прайшлі з Шаркаўшчыны да Германавіч і далей Людміла Канстанцінаўна адна дайшла да Дзісны. Яна прысвяціла выдатную песню святому зямлі Шаркаўшчынскай. Мы шануем Канстанціна Жданава. У маім школьным кабінеце яго партрэт займае пачэснае месца, і першыя заняткі ў верасні мы з вучнямі пачынаем са звароту да яго, ходзім у царкву. Калі кажуць, што сучасным дзецям і падлеткам нецікава разважаць пра духоўнасць, маральныя ідэалы і патрыятызм, — няпраўда. Я гэта асабліва выразна бачу на сваім факультатыве па асновах духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. Часта на нашы заняткі збіраецца ўдвая больш удзельнікаў, чым пазначана ў журнале. Традыцыйна ў школе мы наладжваем калядныя сустрэчы ў тэатральнай гасцёўні. Мінулай восенню правялі з дзецьмі выдатную сустрэчу, прысвечаную Дню маці і святу Пакрова Прасвятой Маці Божай. Мы запрасілі свяшчэннікаў, вучні — сваіх родных. Бацькі навучэнцаў прынеслі сямейныя рэліквіі, іконы і расказалі пра цуды. Сапраўды яны адбываюцца, толькі людзі звычайна імі шырока не дзеляцца. Атрымалася важная для ўсіх прысутных, вельмі шчырая размова.
— Напэўна, галоўнае майскае свята — Дзень Перамогі. Ці ёсць сярод вашых сямейных гісторый пра Вялікую Айчынную вайну такія, што сёння ўспрымаюцца часткай школьнай адукацыйнай прасторы?
— Прывяду ў прыклад толькі адну гісторыю — маёй бабулі Алены. Акупанты схапілі яе па падазрэнні ў сувязі з партызанамі. Так маладая дзяўчына трапіла ў Асвенцім. На бясконцыя гады зняволення нумар 65948 стаў яе імем. Помню, як упершыню даведалася пра тыя падзеі. Мне было дзесяць гадоў. Мы з бацькамі і сястрой прыехалі ў вёску, каб павіншаваць бабулю з Днём Перамогі. Мяне ўразіла, нават спалохала назва кнігі, якую яна трымала, калі мы зайшлі ў дом: “Фабрыка смерці”. Гаварыць пра перажытае ў канцлагеры бабуля не любіла. Затое ў пацёртай кніжцы, якая зараз знаходзіцца ў школьным музеі, на кожнай старонцы яе рукой падкрэслены знаёмыя даты і прозвішчы, апісанні падзей, нявольнай сведкай і ўдзельніцай якіх яна была. Зроблены паметкі на палях, кароткія каментарыі. Па сямейнай рэліквіі я праводжу заняткі з навучэнцамі: уражвае да слёз. Бабуля і дзядуля выхавалі сваіх дзяцей адданымі патрыётамі. Гэта таксама наша сямейная традыцыя, непарыўна звязаная са школай.
— Якая ў вас найпершая думка, калі бераце ў рукі гронку бэзу?
— Так хочацца, каб кожны ў маі знайшоў чарадзейную бэзавую кветку з пяццю і больш пялёсткамі, загадаў добрае жаданне — і яно абавязкова спраўдзілася!
Сярод нашых сямейных традыцый — хрэсныя паломніцтвы. Цётка Людміла ў свае 63 гады другі год запар здзяйсняе такія паходы з Глыбокага ў Полацк.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва Марыны Хахолка





