Як мэтавік Цімур Халілаў трапіў у педагагічную каманду роднай школы

- 12:16Первое рабочее место

Як Цімур Халілаў трапіў у педагагічную каманду: мэтавік з Гарадка прыступіў да работы ў роднай школе не ў жніўні, а на паўгода раней. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Невыпадковае рашэнне

— Цімур Русланавіч, вашы старэйшыя калегі з сярэдняй школы імя А.П.Сабалеўскага прагаварыліся, што вучнем вы былі не з ціхмяных-паслухмяных. Калі шчыра, дырэктар на дыван выклікала?

— Здаралася, бо я мог часам пасваволіць. У прынцыпе, даволі тыповая з’ява для ўзросту, калі актыўна фарміруецца характар. Пачаў адчуваць у школе смак самастойнасці, быў ініцыятыўным, рухавым і на ўсё меў сваё меркаванне. Адказнасці ж мне крыху не хапала. Вучоба давалася лёгка, але асаблівага жадання вучыцца ў мяне не было. І мэты не было, яна толькі ў старшых класах з’явілася. Вось тады я сур’ёзна ўзяўся за розум. Найбольш паўплывала на гэта тое, што я нацэліўся паступаць ва ўніверсітэт на педагагічную спецыяльнасць. Зыходзячы з вышэйсказанага, мой выбар можа здацца парадоксам ці выпадковасцю. Насамрэч не. Гэта быў эфект скаардынаванай работы сям’і і школы. Дома ў пэўны момант бацька паставіў мяне перад фактам: “Ты здольны вучыцца ва ўніверсітэце. Прафесію выбірай сам, аднак твой план — пасля 11 класа вышэйшая адукацыя. Як станеш дарослым, рабі што хочаш, а пакуль без варыянтаў”. Мне самому стала цікава паспрабаваць. Калі б я катэгарычна не захацеў, то мяне ніхто не прымусіў бы. 

— Вы казалі пра ўплыў сям’і і школы на прафесійны выбар. Дзе найбольш ярка праявілася ўздзеянне школы?

— Відаць, настолькі дапякло ха­дзіць у дырэктарскі кабінет на разбор палётаў, што аднойчы я прыйшоў па мэтавае накіраванне. Гэта, канечне, жарт, а калі сур’ёзна, то гутаркі з дырэктарам Нінай Мікалаеўнай Яфрэмавай, безумоўна, аказалі на мяне ўплыў. У гэтым сэнсе яна класічны, добры кіраўнік педкалектыву: строгая, але справядлівая і заўсёды зыходзіць з інтарэсаў вучня. А яму часам трэба дапамагчы разабрацца ў прыярытэтах, штосьці параіць, прычым дасведчана і, што немалаважна, пераканаўча. Не ад кожнага тую навуку падлетак прыме як кіраўніцтва да дзеяння, бо неабходны давер і павага. Нашаму дырэктару я са школьных гадоў давяраю і прыслухоўваюся. Але найперш вучань бярэ прыклад з настаўнікаў. Дзякуй усім педагогам, якія разам з ведамі ўклалі ў мяне часцінку сваёй душы і жыццёвай мудрасці. У школе мне асабліва падабаліся геаграфія і матэматыка. Ездзіў на алімпіяды па геаграфіі. Прычым цікавасць да прадмета вырасла з захаплення асобай настаўніцы. Што тычыцца матэматыкі, то тут было ідэальнае супадзенне: мае інтарэсы, прыродныя задаткі і настаўніца, з якой я адчуваў сябе на адной хвалі. Геаграфію ў нас вяла Ларыса Іосіфаўна Наумёнак, а матэматыку — Вольга Анатольеўна Сарынава.

Буду настаўнікам!

— У кожнага чалавека ў жыцці быў любімы настаўнік. Што, па-вашаму, вылучае такіх педагогаў?  

— Яны майстры сваёй справы і працуюць з дзецьмі на роўных: зацікаўлена вучаць, а не павучаюць. Несумненна, такія настаўнкі паслужылі для мяне прыкладам і матывацыяй: “Педагагічная спецыяль­насць? Чаму б і не!”

Настаўнічаць, лічу, лепш у роднай школе. Без высокай патэтыкі: тут усё блізкае і знаёмае, радзіма, дом. Аптымальны шлях відавочны — мэтавае накіраванне.

Мае намеры ў школе падтрымалі. Дырэктар пераканала адказных спецыялістаў у райвыканкаме (накіраванні тады выдаваў аддзел па адукацыі), што такі кадр школе патрэбны. Стаяла яшчэ адно ключавое для абітурыента пытанне: дзе вучыцца? На прафарыентацыйныя мерапрыемствы да нас ў Гарадок прыязджалі ў тым ліку прадстаўнікі ВДУ імя П.М.Машэрава. Універсітэт даволі папулярны ў моладзі. Параўноўваў яго потым з БДУ, БДУІР: як па матэрыяльна-тэхнічнай базе, так і па педскладзе, адносінах да студэнтаў ВДУ на вышыні. А спачатку я прыехаў у Віцебск на дзень адкрытых дзвярэй, каб даведацца пра магчымасці і ўмовы вучобы. Падкупіла, што там прапаноўвалася сумешчаная спецыяль­насць: можна было стаць настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі і праграмістам. З дзяцінства маім моцным захапленнем былі камп’ютары і ўсё, што з імі звязана. Самастойна вывучаў стварэнне сайтаў, мовы праграмавання. Паспяхо­васць па інфарматыцы меў на ўзроўні 8—10 балаў. Хаця часам спісваў.

— Навошта выдатніку спісваць?

— Вось характэрная педагагічная сітуацыя. Памятаю, на ўроку падглядваю ў тэлефоне заданне. Настаўнік гэта заўважае, аднак не перашкаджае, бо ведае, што рашэнне гэтай задачы ў рашэбніку — з памылкамі. Ён чакае, я выконваю, здаю. Педагог здзіўлены: правільна! “Як табе ўдалося? — пытаецца. — Ты ж спісваў, там нерабочае ўсё!” — “Спісваў, — прызнаюся я, — а памылкі ў працэсе заўважыў і выправіў.” У выніку замест заўвагі мяне пахвалілі. Напрацаваная школьная і дадатковая база спатрэбілася ва ўніверсітэце: на 1 курсе мне было прасцей у параўнанні з аднагрупнікамі, якія ў школе не займаліся праграмаваннем звыш праграмы. Калі паступаў, мяне сур’ёзна прываблівала перспектыва аднойчы пайсці ў ІТ-сферу. Па сутнасці, толькі ў студэнцкую пару я ўпершыню ўсвядоміў, што хачу працаваць настаўнікам не менш, чым праграмістам. А неўзабаве настаў момант, калі цвёрда вырашыў: буду менавіта настаўнікам.

Працоўны вопыт

— У школу вы вярнуліся з немалым працоўным вопытам. Як яго атрымалі?

— З 18 гадоў я працую, не магу сядзець без справы і на баць­коўскіх грашах. Першае маё рабочае месца было не ў школе, а на вытворчасці, у студатра­дзе: мы збіралі на “Атланце” халадзільнікі. Потым уладкаваўся ў папулярную сетку хуткага харчавання. Раніцай — на пары ва ўніверсітэт, а пасля — у інтэрнат, крыху паспаць — і на работу, пасля начной змены амаль без перапынку — зноў на пары. Паўгода пратрымаўся, але жыць у такім тэмпе, працаваць якасна і вучыцца з высокай паспяховасцю нават жалезнага здароўя не хопіць — звольніўся. А тут якраз мой сябар прапанаваў падпрацоўку. Ён выкладаў дзецям праграмаванне і робататэхніку ў аб’яднанні па інтарэсах. Збіраўся перайсці на іншае месца работы, аднак не хацеў звальняцца, пакуль не знойдзе замену. Ён быў маім суседам па інтэрнаце, таму я рэальна ўяўляў будучыя ўмовы работы — і па яго аповедах, і па назіраннях за тым, як ён рыхтаваўся да заняткаў. Я і сам яму перыядычна дапамагаў: мы раіліся, удваіх нешта прыдумвалі. Карацей, мяне прынялі. Дзякуючы той рабоце, ува мне прачнуўся настаўнік. Да таго ж ва ўніверсітэце пачаліся практыкі — усе я правёў у роднай школе.

— Складана было весці першыя ўрокі?

— Страшнавата. Цяжкасці ў любым развіцці непазбежныя, проста з вопытам мяняюцца ўяўленні пра складанае. На старце педагагічнай дзейнасці мне дапамаглі дзве рэчы. Па-першае, я зразумеў, што мне рэальна падабаецца, а па-другое, што ў мяне добра атрымліваецца.

Яшчэ я памятаў, як да мяне адносіліся любімыя настаўнікі, і праецыраваў гэта на сваю работу. Вельмі многае ў паспяховасці вучняў залежыць ад педагога: як ён выкладае матэрыял, як будуе ўрок, як паводзіць сябе. Калі дзіця па нейкай прычыне абыякава ці нават негатыўна ставіцца да вучобы, часам варта паспрабаваць зацікавіць яго сваёй асобай і праз гэта прадметам, каб вучню захацелася ісці за настаўнікам. Для гэтага трэба пастаянна развівацца, быць у курсе навін, акрамя ведаў па прадмеце, мець добрую агульную эрудыцыю. Варта па-чалавечы адносіцца да дзяцей, і разам з тым не скаціцца ў панібрацтва. Інакш кажучы, неабходна самому адчуваць баланс і ўмець дзецям абазначыць мяжу, дзе заканч­ваюцца сяброўскія адносіны і пачынаецца настаўніцкая строгасць. Гэта трэба адчуць. Я адчуў, і цяпер такі кантроль амаль на аўтамаце адбываецца. Безумоўна, яшчэ важна валодаць методыкай, у якой ярка праяў­ляецца настаўніцкая індывідуальнасць.

— У прынцыпе, методыку выкладання здольны асіліць любы дарослы чалавек, калі ён паступіў ва ўніверсітэт…

— А з ліста або манітора прачы­таць матэрыял па тэме ўрока ўвогуле можа кожны, уключаючы вучняў. Пытанне іншае: ці зможаш ты перадаць веды дзецям? Задача настаўніка — сітуатыўная інтэрпрэтацыя, гэта значыць, з улікам падрыхтаванасці, настрою дзяцей так расказаць сваімі словамі матэрыял, каб кожнаму ў класе стала зразумела і цікава. Тут, па-мойму, на першы план выходзяць прыродныя здольнасці да настаўніцтва. Дарэчы, многія мае маладыя калегі баяцца канфліктаў з бацькамі вучняў. У мяне здараліся выпадкі, калі бацькі прыходзілі разбірацца, іх нешта не задавальняла. Але мне заўсёды ўдавалася ўстанавіць з імі кантакт. Трэба не баяцца, а размаў­ляць. Даць выгаварыцца, не дапускаючы некарэктнасцей. Патлумачыць свой пункт погляду. Абавязкова знайсці, за што пахва­ліць дзіця. Супакоіць бацькоў, сказаўшы, што катастрофы няма, падказаць выйсце, як ты яго бачыш. Настроіць на сумесную работу.

У роднай школе

— А якім чынам вы апынуліся ў Гарадку на пасадзе педагога-арганізатара?

— У мінулым сакавіку, калі набліжалася практыка, прама спытаў у дырэктара: “А можна, каб я і практыку праходзіў, і падпрацоўваў паралельна? Ці ёсць нейкія вакантныя месцы, гадзіны?” Чуў, што так знаё­мыя студэнты ў Віцебску рабілі. У выніку мяне прынялі педагогам-арганізатарам. Гэта каласальны вопыт, вельмі карысны. Я бліжэй пазнаёміўся з калегамі, навучэнцамі і нібыта родную школу адкрыў для сябе нанова — не як вучань або практыкант. Вялікі ўклад у тое, што гэты дэбют атрымаўся ўдалы, унесла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Міка­лаеўна Дымская. Яна падба­дзёрвала, калі ў мяне апускаліся рукі, вучыла складаць планы, настаўляла ў тых момантах, дзе аднаму справіцца мне было б цяжка. Увогуле, уся кіраўніцкая каманда школы і настаўнікі дапамагалі мне пры неабходнас­ці. Неўзабаве я пачаў сам арганізоў­ваць мера­прыемствы. Напрыклад, урачыстасці ў школе, прысвечаныя 9 Мая і 80-годдзю Перамогі. А з 15 жніўня я афіцыйна ў статусе маладога спецыяліста, які прыбыў па мэтавым размеркаванні. Працую па спецыяльнасці — настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі. Прапаноўвалі і педагогам-арганізатарам застацца, але вырашыў сканцэнтравацца на настаўніцкай рабоце. Нягледзячы на пэўны вопыт, зразумела, засталося шмат нюансаў, якія пакуль мне невядомыя. Гэта нармальна. На пасадзе настаўніка і ў нашым калектыве мне камфортна. Цікава выбудоўваць адносіны з дзецьмі, праводзіць урокі. Прыемна назіраць, як вучні стараюцца, прыслухоўваюцца да мяне, паспяхова засвойваюць вучэбны матэрыял.

— Дзе сустрэнеце Дзень настаўніка?

— Цяжка сказаць, бо дзесьці праз некалькі дзён мяне выклікаюць у ваенкамат. Да тэрміновай службы адношуся станоўча. Думаю, што я гатовы да выканання воінскага абавязку. Як працуецца ў школе, больш-менш ведаю, цяпер хачу паглядзець, як служыцца ў арміі. Загадваць далёка наперад — няўдзячная справа. Калі гаварыць пра работу, то мой план № 1 на перспектыву — пасля арміі вярнуцца ў школу.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара