Як мець непаўторнае аблічча і быць канкурэнтаздольным, ведаюць педагогі Дзятлаўшчыны

- 9:00Главная, Образование

Яркія і самабытныя, творчыя і інавацыйныя, па-­гаспадарску дагледжаныя і добраўпарадкаваныя, з арыгінальнымі дызайнерскімі знаходкамі і колеравымі рашэннямі, і самае галоўнае — з неабыякавымі, натхнёнымі, ініцыятыўнымі педагогамі, якія сэрцам і душой хварэюць за справу выхавання і навучання дзяцей, — такімі паўсталі перад удзельнікамі рабочай паездкі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ўстановы адукацыі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Знаёмства з раёнам пачалося з сустрэчы са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, які шчыра клапоціцца пра сістэму адукацыі раёна, працуе ў цеснай сувязі з начальнікам аддзела адукацыі Марынай Лашкоўскай, падтрымлівае ўсе ініцыя­тывы і пачынанні вучняў і педагогаў.

Было адзначана, што змя­стоўны складнік сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны характары­зуецца актыўным пошукам новай стратэгіі развіцця. Прыярытэтным з’яўляецца дасягненне высокай якасці і эфектыўнасці адукацыі, яе даступнасць для ўсіх катэгорый дзяцей. Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці педагагічных калектываў — грамадзянска-пат­рыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, развіццё сеткі класаў прафесійнай накіраванасці, турыстычна-краязнаўчая работа, работа з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі і інш.

Як расказаў Андрэй Садоўскі, асаблівае стаўленне да сістэмы адукацыі ў яго невыпадковае. Глыбокі след у яго жыцці пакінула першая настаўніца ветэран вайны Вольга Пятроўна Навуменка, якая стала для яго эталонам маральнасці, культуры. У ёй арганічна спалучаліся жыццёвы вопыт і веды.

На сустрэчы былі абмеркаваны далейшыя шляхі супрацоўніцтва, інфармацыйнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў адукацыі раёна, узаемадзеянне з выданнямі медыяхолдынга “Педагагічная прэса”.

Ганарыцца Дзятлаўшчына прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”. Гэта настаўнік фізічнай культуры і здароўя Вензавецкай сярэдняй школы Сяргей Карнелік і настаўніца матэматыкі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Жанна Цяцерына. На рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” Гродзенскую вобласць сёлета прадстаўляла дырэктар сярэдняй школы № 1 Дзятлава Марына Нечай.

Вясёлка жыцця

Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі адметны рэалізацыяй інклюзіўных анлайн-праектаў.

— Першы наш анлайн-праект называўся “Вясёлка жыцця”, — расказвае дырэктар ЦКРНіР Марына Гуговіч. — У нашым свеце, на жаль, людзі з інваліднасцю ўспрымаюцца як нешта незвычайнае, асаблівае. Так у грамадстве прывыклі думаць дзесяцігоддзямі. Аднак, на наш погляд, трэба спрабаваць змяніць і выкараніць гэты стэрэатып. А пачынаць варта з дзяцей, бо яны наша будучыня. Так узнікла ідэя праекта. Паняцце “вясёлка” азначае радасць, любоў, і задача дарослага — акружыць кожнае дзіця любоўю і клопатам, падарыць радасць пазнання, ра­зумення і зносін праз арганізацыю культурна-забаўляльных відаў дзейнасці ў супрацоўніцтве і партнёрстве з аднагодкамі і дарослымі, праз фарміраванне яго сацыяльнай пазіцыі, якая вызначае ўваходжанне ў свет дарослых.

Праект быў разлічаны на сем дзён. Кожны дзень меў пэўную назву і пэўныя мерапрыемствы, якія рэалізоўваліся ў кожнай установе адукацыі раёна. Вынікам праекта сталі Google-прэзентацыі і трансляцыя ўсіх фотаздымкаў пад хэштэгам у сетцы Instagram. Гэта забяспечыла ахоп усіх дзяцей як з устаноў да­школьнай, так і з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі творчасцю і адпачынкавай дзейнасцю. У 2022 годзе вопыт першага праекта быў прадстаўлены на міжнародным конкурсе “Канструюем разам”, дзе заняў 2-е месца.

Ужо рэалізавана шэсць такіх праектаў (“Інклюзіўная кніга”, “Горад майстроў”, “Мы разам” і інш.) з максімальным ахопам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з раёна.

У ЦКРНіР 18 дзяцей атрымліваюць спецыяльную адукацыю, 19 — карэкцыйна-педагагічную дапамогу і 5 — раннюю комплексную дапамогу. Яго выхаванцы паспяхова прымаюць удзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню. У межах акцыі да Дня інвалідаў у мінулым годзе Гродзенскім абласным ЦКРНіР быў выдадзены зборнік паэзіі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, куды ўключаны вершы і апавяданні 12 дзяцей з Дзятлаўскага раёна. А сёлета ў кнізе “Гісторыя поспеху” пра дзяцей з інваліднасцю прадстаўлены гісторыі трох дзяцей з Дзятлаўшчыны.

Творчую актыўнасць праяўляюць педагогі цэнтра. Плённа працуюць намеснік дырэктара Таццяна Юргелевіч, настаўнікі-дэфектолагі Лілія Шумская, Наталля Лупач, выхавальніца дашкольнай адукацыі Наталля Мілейка.

У мінулым го­дзе настаўнік-дэфектолаг Галіна Ермачэнка заняла 1-е месца на абласным конкурсе “ІТ-майстар-2023”. Яна прадставіла на суд журы электронны трэнажор “Вместе играем, цвета различаем”, які прызначаны для дзяцей з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (ці) псіхічным развіцці. Педагогам распрацаваны інтэрактыўныя дыдактычныя гульні па розных лексічных тэмах, якія складзены з улікам праграмных патрабаванняў, варыятыўнасці, індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходу, узроставых асаблівасцей выхаванцаў.

Установа мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Не так даўно былі набыты інтэрактыўны стол, вертыкалізатар для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. У планах кіраўніцтва цэнтра — абсталя­ваць спецыяльную інтэрактыўную пляцоўку на вуліцы для рухальнай актыўнасці дзяцей.

Лірыка лічбаў

Казлоўшчынская сярэдняя школа, якой кіруе Ігар Данільчык, па выніках 2023 года прызнана лепшай у раёне і занесена на Дошку гонару.

Візітоўкай школы з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб “Мужнасць”, якім кіруе Святаслаў Буяк і які паспяхова канкурыруе з кадэцкімі класамі краіны. У склад клуба ўваходзяць 15 навучэнцаў 9—11 класаў. Яго дзейнасць накіравана на фарміраванне патрыятычнай свядомасці школьнікаў, гатоўнасці да службы ва Узброеных Сілах, прафарыен­тацыю. Юнакі і дзяўчаты вывучаюць гісторыю (дарэчы, у школе дзейнічаюць тры музеі: гісторыка-краязнаўчы, краязнаўчы і музей лесу), займаюцца прыкладнымі відамі спорту, знаёмяцца са службай і побытам у вайсковых часцях, грамадзянскімі прафесіямі. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з вайсковымі часцямі Гродна, Баранавіч. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні праводзіць практыкумы, майстар-класы па ўдасканаленні майстэрства ўдзельнікаў сцяганосных груп. Дарэчы, журналісты змаглі пабачыць паказальныя выступленні клубаўцаў па страявой падрыхтоўцы.

Дае свой плён і работа па пад­рыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў і злётаў. Так, у адкрытым рэгіянальным злёце ваенна-­патрыятычных класаў і клубаў “Эстафета мужнасці — 2023” вучні заваявалі дыплом ІІІ ступені. Дыпломам ІІІ ступені яны былі адзначаны і на ваенна-спартыўным злёце ў межах абласнога героіка-патрыятычнага праекта “Памяці героя верныя”.

Вынікам работы, якая праводзіцца ва ўстанове, з’яўляецца паступленне вучняў на ваенныя факультэты УВА, а таксама адкрыццё на базе школы раённага рэсурснага цэнтра “Традыцыйныя і сучасныя формы грама­дзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”. Святаслаў Буяк плануе стварыць для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні інфармацыйны партал “Ваенрук”, які ахопіць усе напрамкі работы гэтай катэгорыі педагогаў і дазволіць дэманстраваць найбольш эфектыўныя практыкі.

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе сёння вучацца 216 дзяцей, адукацыйны працэс ажыццяўляюць 32 педагогі. У гэтым навучальным годзе ў школе дзейнічае аграрны профіль. На старшай ступені ў межах працоўнага навучання вядзецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў па спецыяльнасці “Агароднік”. У школе дзейнічае бізнес-кампанія, якая займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй расады, пладовай прадукцыі і інш.

Яшчэ адна фішка школы — работа з высокаматываванымі вучнямі. Настаўніца матэматыкі Жанна Цяцерына паспяхова рыхтуе дзяцей да ўдзелу ў алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Сёлета яе вучаніца Аляксандра Лішык заваявала дыплом ІІ ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Зараз дзяўчына праходзіць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

— Я радуюся магчымасці штодзённых зносін з навучэнцамі, паглыблення ў працэс атрымання ведаў, здзяйснення новых адкрыццяў і творчасці. Побач з імі я пастаянна шукаю штосьці новае і цікавае. Ад сваіх вучняў я зараджаюся энергіяй, лаўлю іх ідэі, і менавіта гэта дае мне сілы рухацца далей, — адзначае Жанна Канстанцінаўна. — Для кожнага з маіх вучняў імкнуся быць педагогам, які любіць іх розных — зацікаўленых, рухавых, усмешлівых, тых, хто пастаянна задае пытанні, педагогам, які разам з імі акунаецца ў дзяцінства і з’яўляецца правадніком у дарослае жыццё.

Каб дзеці палюбілі матэматыку і не лічылі яе сумнай і сухой навукай, настаўніца выкарыстоўвае на ўроках лічбавыя вершы (лірыка вершаў робіць урокі эмацыя­нальнымі і запамінальнымі), прыёмы візуалізацыі (інтэлект-карты, гексы, табліцы і інш.), інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

Па меркаванні Жанны Цяцерынай, удзел дзяцей у алімпіядах — гэта ўцягнутасць, выхад за межы штодзённай актыўнасці, акцэнт на камунікацыі і ўзае­мадзеянні, эмацыянальнае напружанне, атрыманне значнага ўнікальнага выніку, адказнасць.

Падрыхтоўку да алімпіяды педагог ажыццяўляе ў некалькі этапаў: дыягнастычны (выяўленне пазнавальнай цікавасці вучняў), праекціровачны (вызначэнне спосабу, з дапамогай якога вучань будзе здабываць інфармацыю і апрацоўваць яе), рэалізацыйны і аналітычны (сумесная і індывідуальная рэфлексія дзейнасці, абмеркаванне вынікаў з акцэнтам на недапрацоўках).

Метадам праектаў

Па выніках раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ва ўстановах дашкольнай адукацыі Новаяльнянскі дзіцячы сад на працягу апошніх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі. Педагагічны калектыў працуе над стварэннем камфортных, бяспечных умоў для выхаванцаў і над павышэннем якасці адукацыйнага працэсу.

Педагогі дзіцячага сада прымаюць удзел у рэгіянальным педагагічным праекце “Развіццё даследчай кампетэнтнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ў працэсе бесперапыннай адукацыі”. Іх намаганні накіраваны на развіццё даследчых кампетэнцый выхаванцаў. Ва ўсіх узроставых групах рэалізаваны шэраг праектаў патрыятычнай, праф­арыентацыйнай, экалагічнай накіраванасці. Сярод іх — “Паветра”, “Харчаванне для здароўя”, “Адкрыем свой магазін цацак” і інш.

Заслугоўвае ўвагі вопыт работы выхавальніцы дашкольнай адукацыі Ларысы Андрэевай па арганізацыі заняткаў у міні-лабараторыях. Удзельнікі рабочай паездкі маглі назіраць, як педагог разам з дзецьмі працуе над праек­там “Дзівосныя камяні” ў межах тыдня “Жывая і нежывая прырода”. Дашкольнікі назіралі, якія бываюць каменьчыкі па форме, колеры, фіксавалі свае назіранні на спецыяльных лістах, а потым на прыродным матэрыяле малявалі божую кароўку.

Па словах Ларысы Андрэевай, метад праектаў — кампетэнтнасна арыентаваны падыход, які выкарыстоўваецца ў рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту. Падчас работы над праек­там у выхаванцаў развіваюцца дапытлівасць, назіраль­насць — якасці, якія спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Для павышэння пазнавальнай актыўнасці дзяцей выкарыстоўваюцца праблемныя пытанні і сітуацыі, фіксацыя дзіцячых назіранняў у дзённічках (лістах) асабістых назіранняў. У межах тэматычных тыдняў рэалізаваны праект “Жыхары Чырвонай кнігі”, прадуктам якога стала стварэнне кніг “Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь”, “Прыродныя сімвалы”. Вырашаюцца выхаваўчыя задачы: дзеці вучацца ўзаемадзейнічаць з прыродай, берагчы і захоўваць яе багацці.

Аб эфектыўнасці рэалізацыі праектаў сведчыць стварэнне аўтарскай дыдактычнай прадукцыі. Так, вырашаючы задачу фарміравання патрыятычных пачуццяў у выхаванцаў сродкамі выяўленчага мастацтва, творчая група ўстановы адукацыі распрацавала аўтарскі шматфункцыянальны АРТ-дапаможнік “Фарбы маёй Радзімы”, які быў прадстаўлены педагагічнай грамадскасці раёна і вобласці.

— Рэалізацыя праектаў дае магчымасць кожнаму дзіцяці не толькі атрымліваць веды, але і развіваць творчыя здольнасці, фарміраваць камунікатыўныя навыкі, у іх выхоўваецца пачуццё патрыятызму і паважлівае стаўленне да гісторыі і культуры сваёй краіны. Гэтая работа будзе працягвацца,— заўважыла загадчыца Новаяльнянскага дзіцячага сада Людміла Піваварчык.

Даведка

Дзятлаўскі раён невялікі: у ім працуюць 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе вучацца больш за 2200 дзяцей, і 8 устаноў дашкольнай адукацыі. Усе школы і гімназія № 1 Дзятлава ахоплены інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасцю.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА