Паліграфічны дом. Так называюць Мінскі дзяржаўны каледж паліграфіі імя В.З.Харужай як яго выкладчыкі, так і навучэнцы. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, што спрыяе такому цёпламу стаўленню да ўстановы.
Мінскі дзяржаўны каледж паліграфіі імя В.З.Харужай адзіны ў Беларусі ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых па паліграфічным профілі на ўзроўні як прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прычым выпускнікі ПТА пасля атрымання рабочай прафесіі могуць прадоўжыць тут навучанне на ССА. А вось вышэйшую адукацыю па паліграфічным профілі набыць можна толькі ў БДТУ і БНТУ, якія маюць адпаведныя спецыяльнасці.

— Наша ўстанова ўнікальная яшчэ і тым, што, акрамя паліграфічнага аддзялення, мае і гандлёвае. На ім вучацца будучыя прадаўцы, кантралёры-касіры на ўзроўні ПТА і таваразнаўцы — на ўзроўні ССА. Апошняя прафесія ва ўступную кампанію гэтага года была асабліва запатрабаванай у дзевяцікласнікаў. Аднак шматлікія сталічныя прадпрыемствы і арганізацыі гандлю больш зацікаўлены ў прадаўцах і касірах. Таму тут назіраецца невялікі дысбаланс у жаданнях навучэнцаў і запатрабаванасці на прадпрыемствах, — расказаў дырэктар каледжа Аляксандр Сіманенка.
Па яго словах, менавіта на прадаўцоў паступае самая вялікая колькасць заявак па мэтавай падрыхтоўцы. Да таго ж МДКП адзіны, дзе ў адукацыйнай праграме будучых прадаўцоў ёсць вучэбны прадмет па таваразнаўстве кнігі. Нядзіўна, што адным з базавых прадпрыемстваў каледжа з’яўляецца “БелДрук”.
Што тычыцца паліграфічных кваліфікацый, то яны на працягу многіх гадоў застаюцца традыцыйнымі. Адзінае, на ўзроўні ССА адкрылі падрыхтоўку тэхнікаў-тэхнолагаў выдавецка-паліграфічнай дзейнасці. На гэтую прафесію ў асноўным ідуць абітурыенты, у якіх бацькі, сваякі, знаёмыя працуюць на прадпрыемствах паліграфіі.
— Мы набіраем па тры групы па 28 чалавек на ўзроўні прафтэхадукацыі па кваліфікацыях “друкар плоскага друку” і “друкар флексаграфічнага друку”, “аператар электроннага набору і вёрсткі” і “пераплётчык”, “аператар лічбавага друку” і “пераплётчык”. Прыемна, што і тут сёлета распачалася мэтавая падрыхтоўка дзякуючы заяўкам Беларускага дома друку і Паліграфкамбіната імя Я.Коласа, а таксама прадпрыемствам прыватнага сектара, — паведаміў Аляксандр Сяргеевіч.
Дарэчы, у цяперашні час у каледжы паліграфіі вучыцца каля 600 юнакоў і дзяўчат у працэнтных суадносінах 40 на 60.
— Сёлета мы выпусцілі каля 140 спецыялістаў, а набралі значна больш: на ССА — 54 першакурснікі, а на ПТА — 168. Калі раней колькасць навучэнцаў складала 480—500 чалавек, то ў наступным годзе іх ужо будзе 620, — дадаў кіраўнік установы.
У МДК паліграфіі актыўна ажыццяўляюць прафарыентацыйную дзейнасць, стараючыся далучаць да яе і арганізацыі — заказчыкі кадраў.
— Мы рэгулярна нагадваем прадпрыемствам, што калі яны хочуць падрыхтаваць сабе матываваныя кадры, то трэба больш актыўна працаваць як са школьнікамі, так і з іх бацькамі: выпускнікі 9-х класаў, выбіраючы прафесію, абапіраюцца на меркаванне мам і татаў, для якіх вельмі важныя прафесійныя перспектывы. Так, пры заключэнні мэтавага дагавора бацькі аналізуюць, наколькі стабільнае прадпрыемства і якія заробкі ў яго супрацоўнікаў. А вось дзеці выбіраюць прафесію ўсё ж такі сэрцам. Калі абітурыент пабываў на экскурсіі на прадпрыемстве, убачыў людзей, у якіх гараць вочы і якія шчыра запрашаюць да сябе ў каманду, то, нават нягледзячы на невысокі заробак, ён пойдзе вучыцца на гэты напрамак, — падзяліўся назіраннямі А.Сіманенка.
Каледж актыўна супрацоўнічае з буйнымі і прыватнымі паліграфічнымі кампаніямі, што дазваляе навучэнцам праходзіць практыку на сучасным абсталяванні з першых курсаў. Ва ўстанове створаны і свае майстэрні. Так, у друкарскай майстэрні праводзіцца вытворчае навучанне будучых друкароў плоскага і флексаграфічнага друку. У дзвюх пераплётных майстэрнях навучэнцы вывучаюць пераплётныя працэсы, а ў майстэрні лічбавага друку асвойваюць лічбавыя машыны. Ёсць і камп’ютарная майстэрня, дзе аператары лічбавага друку і электроннага набору авалодваюць спецыяльнымі праграмамі па вёрстцы, камп’ютарнай апрацоўцы фатаграфій, тэкставых матэрыялаў і г.д.
— Мы так выбудоўваем вучэбны працэс, каб кожны навучэнец мог азнаёміцца з усімі рабочымі аперацыямі, пакуль ён займаецца ў нас. У розных арганізацыях ёсць вучэбныя класы, таму нашы юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць нават у межах адной спецыяльнасці пабываць на некалькіх прадпрыемствах і азнаёміцца з разнастайным абсталяваннем. Да таго ж каледж мае ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць, што таксама дапамагае навучэнцам набыць пэўныя навыкі, — патлумачыў дырэктар каледжа.
Варта адзначыць, што на 3 курсе большасць навучэнцаў паліграфічных спецыяльнасцей падпрацоўваюць. Яны асвойваюць не толькі свае прамыя абавязкі, але і сумежныя працэсы — дадрукарскія і паслядрукарскія, што пашырае іх прафесійныя гарызонты і дапамагае зразумець іх месца ў тэхналагічным ланцужку, важнасць захавання тэрмінаў і ўбачыць, як іх праца ўплывае на агульны вынік вытворчасці.
У будучых прадаўцоў і кантралёраў-касіраў таксама практыка-арыентаванае навучанне. З 1 курса яны сумяшчаюць вучобу з практыкай у магазінах. Для гэтага, напрыклад, у ЦУМе створаны вучэбны клас. Каб не перашкаджаць рабоце магазіна, навучэнцы размяркоўваюцца па 1—2 чалавекі ў розныя секцыі. На працягу некалькі месяцаў яны паслядоўна знаёмяцца з ўсімі аддзеламі, вывучаюць розныя катэгорыі тавараў. Такім чынам атрымліваецца падрыхтаваць “універсальных салдат”, здольных хутка асвоіцца ў любой секцыі і якасна кансультаваць пакупнікоў.
Аляксандр Сяргеевіч перакананы, што сучасны прадавец — “прадавец шчасця”:
— Гэта эксперт, чыя задача — не проста адпусціць тавар, а пракансультаваць, дапамагчы штосьці выбраць, пагаварыць і пакінуць прыемнае ўражанне. Задавальненне ад зносін і шопінгу прымушае пакупніка вяртацца. Менавіта такіх спецыялістаў, здольных ствараць пазітыўныя эмоцыі, чакаюць ад нас заказчыкі кадраў. Наогул, каледж імкнецца не проста даць прафесію, а закласці аснову для кар’ернага росту.
За 81 год існавання МДК паліграфіі было выпушчана каля 10 тысяч спецыялістаў дзякуючы нястомнай дзейнасці педкалектыву. Сёння тут працуюць 49 педагогаў, у тым ліку 20 майстроў вытворчага навучання.
— Сістэма ПТА ўнікальная менавіта дзякуючы майстрам вытворчага навучання, бо яны становяцца другімі бацькамі на тры гады навучання. Яны вучаць і прафесіі, і павазе як да сваёй, так і да чужой працы. Дарэчы, мы стараемся браць майстрамі толькі спецыялістаў з вопытам работы на прадпрыемстве, — адзначыў А.Сіманенка.

Адзін з майстроў вытворчага навучання каледжа — Дзіяна Сеіцібрагімава, якая і выкладчык, і куратар групы, і прафсаюзны лідар. Яна лічыць, што сіла прафтэхадукацыі ў яе абсалютнай практычнасці і ўнікальнай атмасферы:
— Амаль 20 гадоў маё жыццё звязана з нашым каледжам. Бо, скончыўшы яго, з 2010 года пачала працаваць у ім. Тыя, хто даўно шчыруе ў каледжы, называюць яго паліграфічным домам, і ўсе мы ставімся да яго з цеплынёй і любоўю. Менавіта тут, у майстэрнях, за друкарскімі станкамі і пераплётным абсталяваннем, за маніторамі закладваецца той фундамент, які не дадуць ні адны тэарэтычныя заняткі. Гэта тая самая школа рукі, якая цанілася ва ўсе часы. Мы не проста вучым націскаць кнопкі — мы вучым разумець матэрыял, адчуваць працэс, бачыць і прадухіляць магчымыя бракі. Нашы навучэнцы з 1 курса пачынаюць ствараць рэальную прадукцыю, і гэта бясцэнны вопыт.
Дзіяна Энвераўна ўпэўнена, што лічбавая эпоха якраз і спарадзіла запыт на тактыльнасць, якасна і прыгожа зробленую фізічную рэч:
— Кніга, мастацкі альбом, дыплом, пашпарт, упакоўка прэміум-класа — усё гэта прадукцыя высокай паліграфічнай культуры. Гэта ўжо не проста друк, а інтэлектуальная і творчая работа на стыку тэхналогій, дызайну і рамяства. А бачыць, як захопленыя навучэнцы знаходзяць глыбокія сэнсы ў сваёй дзейнасці і дасягаюць вышынь у конкурсах, — гэта лепшая ўзнагарода для педагога.

Слова навучэнцам
Першакурснік Кірыл Вайцякян — будучы друкар плоскага і флексаграфічнага друку, паступіў з сярэднім балам атэстата 8,1. Юнак прызнаецца, што спачатку хацеў стаць аўтамеханікам, але бацькі параілі яму звярнуць увагу на гэты каледж:
— Пачытаўшы пра спецыяльнасці, зразумеў, што тут таксама змагу працаваць з машынамі, праўда, іншай класіфікацыі, і гэта вельмі цікава. Прычым, каб дакладна паступіць сюды, я заключыў дагавор на мэтавае навучанне з Беларускім домам друку. За два месяцы вучобы зразумеў, што друкаванне вельмі цікавы працэс, хоць і трэба шмат вучыць. Але затое потым будзе забяспечаны кар’ерны рост.
А вось трэцякурснік Аляксей Лось ужо з поўным веданнем справы заявіў, што вучоба ў каледжы паліграфіі — не проста атрыманне прафесіі, а магчымасць дакрануцца да справы, якая стагоддзямі была рухавіком прагрэсу:
— Я вучуся на аператара лічбавага друку і пераплётчыка. З аднаго боку, мы вывучаем самыя сучасныя тэхналогіі, а з другога — рамяство з вельмі багатай гісторыяй. У час вытворчага навучання мы азнаёміліся з новым абсталяваннем і паназіралі за работай прафесіяналаў. Дзякуючы гэтаму, я зразумеў: хачу застацца ў паліграфіі і развівацца менавіта ў гэтай галіне. Далей планую працаваць на “Мінскрэкламе”.
Кіра Кіяшка вучыцца на 3 курсе на спецыяльнасці “Выраб паліграфічнай прадукцыі” і набывае прафесію аператара электроннага набору і вёрсткі, пераплётчыка. Яна прызналася, што навучанне ў МДК паліграфіі — гэта магчымасць кожны дзень ствараць штосьці сваімі рукамі:
— Мы не толькі вывучаем тэорыю, але і асвойваем увесь цыкл: ад стварэння макета на камп’ютары да фінальнай сшыўкі вокладкі, вырабу брашуры або кнігі. Важна, што наш каледж адзіны ў Беларусі рыхтуе прафесійныя кадры для паліграфічнай галіны. Тут сабраны найлепшыя майстры, якія нам прывіваюць любоў да выбранай прафесіі. Акрамя таго, з задавальненнем удзельнічаю ў выставах і конкурсах прафмайстэрства, прычым як у Беларусі, так і ў Расіі. Далей планую паступіць ва ўніверсітэт — БДТУ альбо БНТУ, каб глыбей спасцігнуць кіраўніцкія і дызайнерскія аспекты нашай галіны і ў будучыні зрабіць свой уклад у яе.
Дар’я Ільюк — будучы таваразнавец, якая зараз на 2 курсе:
— Мне вельмі падабаецца гэтая прафесія. Калі выбірала каледж, для мяне галоўным было тое, каб пасля яго заканчэння я змагла працаваць па атрыманай спецыяльнасці, якая будзе заставацца запатрабаванай і актуальнай. У мяне даволі амбіцыйныя планы, хоць і цалкам дасягальныя пры жаданні: стаць дырэктарам рознічнага магазіна харчовых тавараў. Дзеля гэтага я прыкладаю шмат намаганняў пры падтрымцы нашых педагогаў і майстроў. Дарэчы, яны заўсёды гатовы дапамагчы ў цяжкай сітуацыі, да іх можна звярнуцца нават па асабістых пытаннях. Дзякуй ім за гэта!
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара





