Як навучыць дашкольнікаў гаварыць выразна, ведае настаўнік-дэфектолаг са Смаргоні Ірына Гацкая

- 9:00Главная, Образование

Ператвараць маўчуноў у гаваруноў — галоўная задача Ірыны Гацкай, настаўніка-­дэфектолага дзіцячага сада № 3 Смаргоні. Для гэтага яна стварае свае дыдактычныя гульні, а да іх — гульнявыя дапаможнікі. На карэкцыйных занятках пабывала карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Збярыце гукі ў кішэні

— Карэкцыйная работа па фарміраванні вымаўлення асаб­ліва актуальная для навучэнцаў з цяжкімі парушэннямі маўлення. У такіх дзяцей хутчэй узнікае стамляльнасць, зніжаюцца працаздольнасць і ўвага. Гэта ўскладняе карэкцыйную работу як па пастаноўцы, так і па аўтаматызацыі гукаў. Таму так важна зрабіць карэкцыйныя заняткі цікавымі, разнастайнымі і ў той жа час прадукцыйнымі. Хочацца заціка­віць і здзівіць дзяцей, выклікаць станоўчыя эмоцыі, а не проста механічна прагаварыць з імі матэрыял, — тлумачыць Ірына Фа­дзееўна.

Каб навучыць дзяцей гаварыць, педагог прымяняе на занятках трубачкі для кактэйлю, каляровыя прышчэпкі, гузікі, дыскі, дэкаратыўныя свечкі, кварцавы пясок і інш. Фетравыя цацкі, палацы для галосных і зычных дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам асвоіць свет гукаў і літар. Стварыла Ірына Гацкая і лялечных памочнікаў — Ясь і Гэля заўсёды з ёй на занятках і дапамагаюць дзецям справіцца з любой задачай.

Усе яе гульнявыя дапаможнікі шматфункцыянальныя. У адной і той жа дыдактычнай гульні выкарыстоўваюцца розныя варыянты гульнявых дапаможнікаў, і наадварот: адны і тыя ж гульнявыя дапаможнікі могуць прымяняцца ў розных дыдактычных гульнях.

Свае заняткі І.Ф.Гацкая будуе ў такіх адукацыйных кірунках, як “Развіццё маўлення”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Падрыхтоўка да навучання грамаце”. Яна праводзіць карэкцыйныя заняткі і па фарміраванні вымаўленчага боку маўлення, лексіка-граматычных сродкаў мовы і звязнага маўлення.

Сёлета ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, у якой працуе Ірына Фадзееўна, дзеці ад 5 да 6 гадоў. Многія гульні яны ўжо выдатна асвоілі, што і прадэманстравалі на занятках. Напрыклад, галосныя і зычныя гукі яны размяркоўвалі па колерах: галосныя (“якія можна праспяваць і гучна пракрычаць”) жывуць у чырвоным палацы, зычныя цвёрдыя адпраўляліся ў сіні, а зычныя мяккія — у зялёны.

Гэты ж прынцып выка­рыстоўваўся падчас гульні з фетравымі цацкамі: дзеці “лавілі” гукі, выбіралі фішкі адпаведных колераў і складвалі іх у кішэні мядзведзяняці, парасяці, вожыка і інш.

Вымаўляць гук “ш” і развіваць слыхавую ўважлівасць дзецям дапамагае цацачны Мішка. Тут педагог прыдумала некалькі варыянтаў гульні. Напрыклад, яна вымаўляе шэраг гукаў, складоў і слоў, а як толькі дзіця чуе ў іх гук “ш”, кладзе ў кішэню мядзве­дзю сінюю фішку. Больш складаны варыянт — дзіця чуе ізаляваныя склады і словы з “ш” і кладзе ў кішэню ўмоўны сімвал гука (сінюю фішку) толькі тады, калі самастойна і правільна яго вымавіць (тут ідзе спаборніцтва сярод дзяцей у паўнаце кішэнек). Калі і гэты варыянт дзеці асвояць, яны пераходзяць да яшчэ больш складанага: ім дэманструюцца прадметныя карцінкі, і задача гульцоў — выбраць сярод іх толькі тыя, у назве якіх ёсць гук “ш”. Дзіця павінна назваць, што адлюстравана на карцінцы, выразна вымаўляючы патрэбны гук. Толькі пасля гэтага фішка адпраўляецца ў кішэню мядзве­дзю.

Развіваем голас і дыханне

Адточваць дробную маторыку рук, выхоўваць уседлі­васць, аўтаматызаваць пастаўленыя гукі педагогу дапамагаюць гульні з прышчэпкамі, гузікамі і інш. Так, паспяховую спробу вымавіць гук “р”, паўтараючы склады ці словы, дзіця замацоўвае прышчэпкамі ці гузікамі на фетравых цацках. Калі ж дзіця не надта стараецца, яму прыйдзецца, наадварот, адшпіліць гузік. Ёсць і такі варыянт лато: дзеці выцягваюць з бочачкі карцінкі з выявамі прадметаў, у назве якіх ёсць гук “р”, але запаўняюць імі свае гульнявыя карткі толькі тады, калі выразна назвалі, што на іх адлюстравана.

Каб выпрацаваць у дзяцей сілу голасу, дыкцыю, выраз­насць маўлення, Ірына Фа­дзееўна падключае казачных герояў. Так, падчас гульні “Ха­дзем гуляць!” дзеці апранаюць на рукі фетравыя лялькі і становяцца ў кола на адлегласці 2—3 метраў ад вядучага. Таму сумна гуляць аднаму, і ён выбірае сабе кампанію, па чарзе гучна клічучы да сябе Саву, Мышку, Кураня, Тыгра, Каця­ня і інш. Уменне карыстацца гучным і ціхім голасам развівае і такі варыянт гульні: у залежнасці ад таго, якая лялька ў дзіцяці на руцэ, трэба загаварыць яе голасам, вымаўляючы ціхія “пі-пі”, “мяў” ці грозныя “ух”, “р-р-р”.

Спрыяюць развіццю маў­ленчага дыхання, працяглага плаўнага выдыху гульнявыя дапаможнікі “Матылёк”, “Ракета”, “Задзьмі свечку” і інш.

— У гульні “Матылёк” задача дзіцяці — здзьмуць матылька з кветкі, які прымацаваны да яе ніткай. Тут важна губы выцягнуць трубачкай, а шчокі не надзімаць. Толькі калі выдых быў доўгім, моц­ным і плаўным, матылёк зляціць з кветкі. Тым самым мы развіваем моцны плаўны выдых і трэніруем у дзіцяці губныя мышцы. Гэтыя ж задачы вырашае і гульня “Ракета”. На канцы пітной трубачкі прымацоўваецца папяровая кас­мічная ракета. Калі дзіця правільна дзьме ў трубачку, яна ўзлятае ўверх, — тлумачыць ідэю сваіх распрацовак І.Ф.Гацкая.

Пясочныя фокусы

У дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення часта назіраюцца мышачная напружанасць рук, паніжаны тонус, нялоўкасць маторыкі рук. Каб выправіць гэта і адначасова падрыхтаваць руку дзіцяці да авалодання навыкам пісьма, педагог выкарыстоўвае заняткі за светлавым сталом-планшэтам. Тут можа выкарыстоўвацца кварцавы пясок ці манныя крупы. Калі дзеці гуля­юць з такімі матэрыяламі, у іх здымаецца эмацыянальная напружанасць, яны малююць, не баючыся памыліцца.

— Гульні з кварцавым пяс­ком выкарыстоўваю ў розных кірунках: дыхальная, пальчыкавая, артыкуляцыйная гімнастыка, аўтаматызацыя гукаў, фарміраванне складовай структуры слова, фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў, падрыхтоўка да навучання грамаце, развіццё складнага маўлення. Але пры выкарыстанні светлавога планшэта трэба абавязкова ўлічваць індывідуальныя асаб­лівасці дзяцей, тэмп іх развіцця, настрой, каб выхаванцы не ператаміліся, — гаворыць педагог.

За поспехі ў падрыхтоўцы дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення да навучання ў школе Ірына Гацкая атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Хочацца дадаць, што на занятках Ірыны Фадзееўны сапраўды пануе атмасфера дынамічнага і цікавага навучання. Асвойваючы адно за адным заданні, выкарыстоўваючы розныя яркія дапаможнікі, дзеці, ледзь даслухаўшы правілы гульняў, тут жа з азартам у іх уключаюцца, лоўка мяняючы люстэркі на трубачкі, прышчэпкі на фетравыя цацкі і іншыя гульнявыя атрыбуты. І галоўнае — яны старанна вымаўляюць патрэбныя гукі і словы.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара