Выхаванне паважлівых адносін да навакольнага асяроддзя, пошукавая работа, духоўна-маральнае і ваенна-патрыятычнае выхаванне — педагогі Жыткавіцкага раёна імкнуцца да таго, каб разнастаіць вучэбны працэс і дапамагчы дзецям рэалізаваць свае магчымасці ў многіх кірунках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Педагагічныя надзеі

Новы навучальны год для сістэмы адукацыі раёна пачаўся з прыемнай падзеі: ва ўстановы сёлета прыйшлі працаваць 33 маладыя спецыялісты. Начальнік аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама Міхаіл Макарэвіч адзначыў, што ў раёне распрацавана праграма па іх замацаванні:
— Работа з маладымі спецыялістамі праводзіцца пры падтрымцы райвыканкама. На працоўных месцах створаны камфортныя ўмовы для работы, арганізавана настаўніцтва, аказваецца практычная дапамога ў падрыхтоўцы планавання, напісанні планаў-канспектаў урокаў, арганізавана ўзаемадапамога паміж педагогамі школы. Маладыя настаўнікі ў тым ліку ўцягнуты ў дзейнасць маладзёжнага савета пры Савеце дэпутатаў Жыткавіцкага райвыканкама. У вобласці праведзены абласны семінар-практыкум “Фарміраванне функцыянальнай адукаванасці вучняў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства з дапамогай сучасных тэхналогій і метадаў навучання” з прэзентацыяй майстар-класаў. А настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Жыткавіч Алена Конанава прыняла ўдзел у абласным фестывалі “Педагагічныя надзеі” і атрымала сертыфікат удзельніка.
Да Года добраўпарадкавання ў верасні ў дзіцячым садзе № 1 Жыткавіч была адкрыта пляцоўка “Дзіцячы патруль мабільнага аўтагарадка “Зебраленд”. У абласным аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі менавіта гэтая ўстанова адукацыі атрымала дыплом III ступені.
Прыклад герояў

У сярэдняй школе № 3 Жыткавіч імя І.М.Банава ўжо многа гадоў працуе валанцёрскі атрад “Міласэрнасць”.
Дырэктар установы Марына Яфімава адзначыла, што стварэнне і работа атрада — гэта адзін з важных кірункаў духоўна-маральнага выхавання.

— “Міласэрнасць” аказвае дапамогу адзінокім людзям, ветэранам вайны і працы, а таксама мае шэфства над сацыяльна-педагагічнымі ўстановамі, даглядае помнікі тым, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, — растлумачыла кіраўнік. — У склад атрада ўваходзяць вучні 7—10 класаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца праваслаўнаму краязнаўству, якое дазваляе дакрануцца да сваіх каранёў, святынь роднага краю.

У школе створаны пакой праваслаўнай культуры, а яго афармленне — сумесная дзейнасць бацькоў і педагогаў. Марына Яфімава расказала, што традыцыйным стала правядзенне ў школе штогадовых Свята-
Феадосіеўскіх праваслаўных чытанняў раённага ўзроўню. Яго праграма заўсёды маштабная і ўключае ў сябе конкурс чытальнікаў і праваслаўных песнапенняў сярод навучэнцаў, правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных святам Каляд, Вялікадня, удзел у праваслаўнай алімпіядзе і інтэлектуальным праваслаўным конкурсе “Фавор”.

— Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Асновы праваслаўнай культуры” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Вікторыі Бакун штогод да праваслаўных свят рыхтуюць выступленні тэатра батлейка, — падкрэсліла Марына Сяргееўна. — Метады ўзаемадзеяння з дзецьмі могуць быць розныя: тэматычныя сустрэчы, майстар-класы па іканапісе або праваслаўнай сімволіцы, акцыі памяці — усё гэта вядзе да таго, што школа становіцца актыўнай педагагічнай пляцоўкай, крыніцай духоўнага росту, дапамагаючы дзіцяці не толькі быць школьнікам, але і быць чалавекам. У будучыні плануем пашыраць практыку, прыцягваць да работы лічбавыя фарматы — віртуальныя туры, дадаткі, інтэграваць міжпрадметныя сувязі. Дзякуючы гэтаму, адукацыйнае асяроддзе стане не толькі інтэлектуальным, але і духоўна‑каштоўнасным, навучэнцам будзе прасцей знайсці свой шлях і жаданне быць карысным грамадству.
Яшчэ адзін напрамак работы, якому ў школе ўдзяляюць многа ўвагі, — ваенна-патрыятычнае выхаванне. Яно вядзецца па трох асноўных кірунках: ваенна-ідэалагічнае, ваенна-гістарычнае і ваенна-спартыўнае.
— У школе створаны ўмовы для фарміравання маральна-псіхалагічных і фізічных якасцей, выхавання ў вучняў патрыятызму і грамадзянскасці, станоўчай матывацыі выбару прафесій, — расказаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргей Чарняўскі. — У рэалізацыю задач ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў уключаны ўсе суб’екты адукацыйнага працэсу і выкарыстоўваюцца розныя формы работы. Так, праводзім велапрабег, у якім прымаюць удзел у тым ліку бацькі, арганізуем бацькоўскія сходы, конкурс “Дружная сям’я”, прысвечаны Дню сям’і, спаборніцтвы “Рыцарскі турнір”.
Важнае значэнне ў ваенна-патрыятычным выхаванні адводзіцца школьнаму музейнаму пакою “Гісторыя ваеннай разведкі”.
У ім — экспазіцыі, прысвечаныя ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, сваякам педагогаў і навучэнцаў школы, генацыду беларускага народа, даследчай рабоце.
— Маштаб асобы герояў аказвае моцнае ўздзеянне на свядомасць навучэнцаў, прымушае задумацца аб уласнай жыццёвай пазіцыі, спрыяе самапазнанню, пачуццю гордасці, дапамагае адчуць сваю прыналежнасць да тых, хто здольны на подзвігі ў любыя часы, — падсумаваў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Цікавая навука

Экалагічныя ініцыятывы і даследчая дзейнасць — адметнасць Чырвоненскага дзіцячага сада Жыткавіцкага раёна.
На працягу апошніх гадоў педагогі разам з выхаванцамі рэалізавалі некалькі значных праектаў, адзін з якіх — даследчая работа “Чаму торф гарыць?”. За яе распрацоўку калектыў атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе даследаванняў. Загадчыца ўстановы Таццяна Румянцава адзначыла, што над работай працавалі ўсім калектывам, а на абласны этап праект ездзілі прадстаўляць выхавальніца Наталля Макарэвіч і выхаванка Вера Берніковіч.
Работа над ініцыятывай была маштабная. Каб сабраць асноўную інфармацыю пра торф, пра яго паходжанне і ўласцівасці, Вера Берніковіч разам з бацькамі даследавала сабраны матэрыял — рэшткі торфу — пад мікраскопам, а таксама глядзела навуковыя фільмы.

— Дзякуючы даследаванню, дзяўчынка даведалася многа новага і цікавага пра торф, — расказала Наталля Макарэвіч. — Затым гэтай інфармацыяй мы дзяліліся з нашымі астатнімі выхаванцамі. Карысць такой работы ў тым, што яна аб’ядноўвае бацькоў і дзяцей, а таксама збліжае педагогаў з сям’ёй.
Другі цікавы праект, над якім працавалі выхаванцы і настаўнікі, прысвечаны вывучэнню дзейнасці і назвы торфабрыкетнага завода, які знаходзіцца ў пасёлку.
— Над ідэяй таксама працавалі ўсе разам, — дадала Таццяна Мікалаеўна. — Падчас тыдня прафмайстэрства, які праходзіў у раёне, прадстаўлялі яе. Па выніках распрацоўкі зрабілі таксама макет торфабрыкетнага завода, які знаходзіцца ў нашым пасёлку.

Неад’емнай часткай педагагічнай дзейнасці Таццяна Румянцава называе прывіццё любові да малой радзімы, да сваёй краіны. Далучаючы дзяцей да беларускай спадчыны, педагогі выхоўваюць эстэтычныя пачуцці, пазнавальную цікавасць да роднага краю, яго гісторыі. У многім гэтаму спрыяе тэатральная дзейнасць. Батлейка, якую калісьці зрабілі бацькі выхаванцаў, актыўна выкарыстоўваецца ў дашкольнай творчасці, а цацкі для пастановак шыюць самі педагогі.

— Наш калектыў імкнецца да таго, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця малышоў, — звярнула ўвагу загадчыца. — Групы сада абсталяваны шматлікімі цацкамі, неабходнай літаратурай. Таксама ў нас ёсць зімовы сад, у якім назіраем за раслінамі. Мы ўпэўнены ў тым, што толькі дзякуючы каманднай рабоце зможам выхаваць усебакова развітую асобу. Для гэтага ў тым ліку важна падтрымліваць эмацыянальны дабрабыт, развіваць здольнасці дзетак і далучаць іх да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА








