Як праходзіць у школах і садах падрыхтоўка да новага навучальнага года? Якія навацыі плануецца рэалізоўваць з 1 верасня? Гэтыя пытанні карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з начальнікам аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Аленай Несцяровіч.

Камфортныя ўмовы
— Хоць лета не балуе сёлета спёкай, але аздараўленчая кампанія ідзе поўным ходам. Алена Васільеўна, як адпачываюць юныя жыхары раёна?
— Гэтым летам аздараўленчая кампанія ахоплівае больш за 83% навучэнцаў — гэта 1095 чалавек. Для юных жыхароў Клічаўскага раёна летам арганізаваны вольны час у 9 аздараўленчых, 6 ваенна-патрыятычных і 4 лагерах працы і адпачынку. У іх на працягу ўсяго лета пабываюць больш за 560 школьнікаў. Аздараўленне ажыццяўляецца ў тры змены па 15 дзён. Адна з іх прысвечана 80-годдзю Перамогі.
Гэтымі днямі працягвае прымаць гасцей аздараўленчы лагер “Ольса”, дзе з чэрвеня па жнівень весела і з карысцю адпачнуць каля 450 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку 25 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У лагеры запланавана 5 змен. Каб стварыць камфортныя ўмовы для выдатнага баўлення часу, набыта новае тэхналагічнае абсталяванне для харчаблока, выкананы работы па бягучым рамонце жылых карпусоў.
Пры гэтым 80 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо адпачылі, не забываючы пра штодзённыя трэніроўкі, у спартыўна-аздараўленчых лагерах, якія ў чэрвені і ліпені працавалі на базе 7 школ.
У Клічаўскім ЦДАДіМ адкрыта гульнявая пляцоўка “Вясёлкавы настрой”, працуе пункт пракату ролікавых канькоў і скейтбордаў, веласіпедаў, спартыўнага інвентару.
— Якія магчымасці ў тых школьнікаў, якія хочуць летам не толькі адпачыць, але і папрацаваць?
— Магчымасць падзарабіць летам у рамках часовай працоўнай занятасці выдалася 70 навучэнцам. У 6 школах падлеткі 14—16 гадоў дапамагалі абнавіць інтэр’ер, удзельнічаючы ў афарбоўцы цокаля сцен і фасадаў будынкаў, выкарыстоўваючы акрылавыя і эмалевыя фарбы. Юнакі і дзяўчаты рамантавалі кнігі ў школьных бібліятэках, працавалі на клумбах і газонах, удзельнічалі ў рамонце парт і крэслаў. За 5 дзён работы кожны зарабіў каля 110 рублёў.
На збожжатаку прадпрыемства “Максімавічы-Агра” ў чэрвені працаваў студэнцкі атрад з 8 навучэнцаў Максімавіцкай сярэдняй школы. У жніўні туды адправіцца яшчэ адзін атрад школьнікаў.
Некаторыя дзеці праяўляюць самастойнасць і ў індывідуальным парадку знаходзяць работу. Так, гэтымі днямі чатыры дзяўчыны з сярэдняй школы № 2 імя Ф.І.Кавалёва дапамагаюць з праполкай саджанцаў мясцоваму лясгасу. Усяго за два летнія месяцы самастойна працаўладкаваліся каля двух дзясяткаў школьнікаў.
…І алея жураўлёў
— Лета — гэта пара не толькі адпачынку, але і актыўных рамонтных работ. Алена Васільеўна, як праходзіць у школах і садах падрыхтоўка да новага навучальнага года?
— На правядзенне рамонтаў і набыццё абсталявання з бюджэту выдзелена больш за 870 тысяч рублёў. У прыватнасці, на выкананне асноўных работ па бягучым рамоце будынкаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі бюджэтам прадугледжана каля 225 тысяч рублёў. Гэтыя работы ў вучэбных і дапаможных памяшканнях, школьных спартыўных залах якраз падыходзяць да завяршэння. Па меры неабходнасці ў школах заменена электрычнае, сантэхнічнае і асвятляльнае абсталяванне, дзвярныя камплектуючыя, вокны. Таксама ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. Так, да пачатку навучальнага года закуплена 6 адзінак халадзільнага абсталявання на суму 14,14 тысячы рублёў: 2 пасудамыечныя машыны, 2 марміты, электрапатэльня і электрапліта. Усе харчаблокі аснашчаны праграмай колькасна-сумавага ўліку сыравіны і гатовай прадукцыі.
На тэрыторыі Клічаўскага раёна — 2 гарадскія і 5 сельскіх школ, 6 дзіцячых садоў, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У Дзмітрыеўскай сярэдняй школе Клічаўскага раёна капітальна адрамантавана сістэма пажарнай аўтаматычнай сігналізацыі і апавяшчэння людзей.
На выкананне работ па добраўпарадкаванні тэрыторый ва ўстановах дашкольнай адукацыі бюджэтам прадугледжана каля 288 тысяч рублёў. За гэтыя сродкі, адштурхваючыся ад патрэб устаноў, мы мяняем агароджы, рамантуем ценявыя навесы, ажыццяўляем замену асфальтавага пакрыцця на дарожках і ў альтанках. Таксама для ўладкавання вулічных пляцовак набываюцца новыя гульнявыя і спартыўныя комплексы рознай канфігурацыі.
— Чым здзіўляюць установы адукацыі ў Год добраўпарадкавання?
— Пачынаючы з вясны і асабліва актыўна летам ва ўсім раёне ідзе добраўпарадкаванне прышкольных тэрыторый. У навучальных установах распрацаваны планы мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Ужо значна змяніліся ўваходныя групы устаноў, прышкольныя клумбы і газоны. Пасаджана 75 дрэў, 154 кусты, 4845 кветак, добраўпарадкавана 1,43 га газонаў.
Важна, што падчас навучальнага года, а таксама летніх канікул да добраўпарадкавання тэрыторый устаноў адукацыі прыклала руку практычна кожнае дзіця.
Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 напярэдадні Дня Перамогі з’явілася сімвалічная алея жураўлёў, дзе побач з кожнай белай птушкай — саджанцы катальпы, крона якой падчас цвіцення нібы пакрываецца густым белым воблакам.
У Бацэвіцкай сярэдняй школе па суседстве з млыном і хаткай з’явяцца новыя архітэктурныя формы: каменная рэчка з драўляным мастком, а таксама цягнік-клумба з яркімі петуніямі. Да таго ж гэтай вясной педагогі і навучэнцы значна маштабавалі агарод лекавых траў, які з’явіўся ва ўстанове пару гадоў назад і сёння ўключае больш за 30 культур.
Драўляныя цуды
— Колькі першакласнікаў і маладых спецыялістаў чакаеце ў новым навучальным годзе? Якія навацыі плануецца рэалізоўваць з 1 верасня?
— У верасні за школьныя парты сядуць больш за 1250 школьнікаў, у тым ліку звыш 110 першакласнікаў. А шэрагі педагогаў папоўняць 5 маладых спецыялістаў.
У новым навучальным годзе ў цэнтры дадатковай адукацыі плануецца рэалізаваць праект “Драўляныя цуды”. У новай сталярнай майстэрні, абсталяванай неабходнай тэхнікай і інструментамі, хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць асвойваць асновы цяслярства, вырабляючы цацкі. Драўляныя вырабы будуць перададзены ў дар дзецям з АПФР. Яшчэ адна ініцыятыва цэнтра — адкрыццё аб’яднання па інтарэсах этнаграфічнай накіраванасці на базе падворка “Сушанская хата”. Наведваючы аб’яднанне, дзеці, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, будуць вывучаць старадаўнія мясцовыя традыцыі, рамёствы, звычаі.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Аксаны МЫЦЬКО





