Як праходзяць перапынкі без тэлефонаў і працуе вучнёўскі прэс-цэнтр, даведаліся ў школах № 15 і № 9 Ліды

- 9:01Главная, Образование

Першая вучэбная чвэрць для педагогаў і навучэнцаў Лідскага раёна была багатай на падзеі. Што цікавага адбываецца ў сістэме адукацыі ў новым навучальным годзе, даведаліся карэспандэнты “Настаўніцкай газеты”.

Па лідскай зямлі

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта Вольга Тарасюк нагадала, што на ўрачыстых лінейках, прысвечаных Дню ведаў, кожнаму першакласніку была ўручана кніга “З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі”. Яна была створана творчай групай упраўлення і ўстаноў адукацыі і выдадзена да Дня беларускага пісьменства, які прайшоў сёлета ў Лідзе.

Падчас падарожжа з галоўнымі героямі кнігі па лідскай зямлі маленькія чытачы знаёмяцца з гісторыяй, культурай, прыродай, сучасным развіццём нашага рэгіёна, — падкрэсліла Вольга Зігмундаўна.

Закранаючы пытанні развіцця адукацыі, Вольга Тарасюк адзначыла, што адным з прыярытэтаў у арганізацыі вучэбнай дзейнасці застаецца работа з высокаматываванымі дзецьмі. Вучні гімназіі № 1 Ліды сталі пераможцамі адборачнага этапу алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

— Мы вядзём актыўную падрыхтоўку да этапаў рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, пашыраем практыку правядзення лепшымі педагогамі раёна вучэбных збораў і тэматычных заняткаў-практыкумаў па найбольш складаных тэмах і пытаннях, — дадала Вольга Зігмундаўна.

Камусьці з навучэнцаў пашчасціць прайсці майстар-клас па рашэнні задач у настаўніка матэматыкі гімназіі № 1 Ліды Альфрэда Ладыкі, якому сёлета прысвоена званне “Народны настаўнік Беларусі”.

У Лідскім раёне ў гэтым навучальным годзе працягваецца работа па развіцці сеткі інжынерных класаў. Начальнік упраўлення па адукацыі адзначыла вучнёўскую захоп­ленасць гэтым кірункам: з першага выпуску інжынерных класаў у бягучым го­дзе 84% паступілі на інжынерныя спецыяльнасці ў розных галінах — машынабудаванні, энергетыцы, будаўніцтве, прамысловасці і інш.

— Мы падтрымліваем цікавасць дзяцей да навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, — абазначыла Вольга Тарасюк. — Па выніках 2025 года восем выпускнікоў 11 класаў атрымалі рэкамендацыі наглядальнага савета для паступлення ва УВА без уступных экзаменаў. Тэхнапарк — гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і атрымаць бонус для прафесійнай будучыні. Ужо ў першай чвэрці навучальнага года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі навучанне 10 нашых школьнікаў.

У выхаваўчай рабоце педагогаў Ліды прыярытэтнымі застаюцца фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў вучняў, развіццё сацыяльна значных ініцыятыў дзяцей і моладзі.

— У нас многа планаў на гэты навучальны год, і мы ўпэўнены ў іх паспяховай рэалізацыі, бо педагогі Лідчыны — каманда прафесіяналаў, —  падкрэсліла Вольга Тарасюк.

Карысны перапынак

Настольны тэніс, віктарыны, абмеркаванне прачытаных кніг у бібліятэцы — у сярэдняй школе № 15 Ліды школьныя перапынкі прахо­дзяць цікава і без тэлефонаў.

Забарона сродкаў мабільнай сувязі для педагогаў і школьнікаў не стала нечаканай. Дырэктар установы Таццяна Кучура расказала, што ў іх і раней падчас урокаў гаджэты размяшчаліся ў арганайзерах у кожным вучэбным кабінеце.

Абмежаванне выкарыстання мабільных тэлефонаў прымусіла пераглядзець арганізацыю перапынкаў.

Разумеючы, наколькі разнастайныя інтарэсы ў вучняў, педагогі прадумалі розныя па форме правядзення і тэматыцы мерапрыемствы. У выніку ў школе ёсць перапынкі, на якіх можна танцаваць або спяваць, гуляць у настолкі ці спалучаць усё гэта.

— Мы пастараліся ўлічыць меркаванне дзяцей і прадаставіць ім магчымасць самастойна выбіраць той занятак, які ім падабаецца, — зазначае Таццяна Яўгеньеўна. — Ключ да поспеху — не забараняць, а прапаноўваць альтэрнатывы. Дзеці павінны бачыць, што без тэлефона на перапынку можа быць цікава.

Дырэктар сярэдняй школы № 15 Ліды ўпэўнена:

— Установа адукацыі, будучы тэрыторыяй без гаджэтаў, прапануе не проста забара­ніць лічбавы свет, а натхніць, захапіць і прапана­ваць яркія, жывыя альтэрнатывы. Гэта патрабуе ад педагогаў творчасці, гнуткасці, гатоў­насці да эксперыментаў і, вядома, веры ў тое, што жывыя зносіны і рэальныя актыўнасці здольны зрабіць школьныя гады па-сапраўднаму шчаслівымі і прадукцыйнымі.

Правільны выбар

У ліцэі № 1 Ліды ўпэўнены: сёння асабліва важна, каб выпускнік не толькі валодаў ведамі, але і быў адказным і працавітым.

Ва ўстанове адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі УВА краіны, сустрэчам з іх прадстаўнікамі, удзелу ў днях адкрытых дзвярэй, тэматычных прафарыентацыйных мерапрыемствах.

— Нам важна каб навучэнцы і іх бацькі мелі дакладнае ўяўленне пра вышэйшую школу нашай краіны, ведалі, што ў Беларусі можна атры­маць якасную адукацыю як аснову будучай кар’еры, — сказала дырэктар ліцэя Таццяна Хорава. — Вопыт паказ­вае, што, выбіраючы прафесію, старшакласнік робіць ухіл на свае інтарэсы, схільнасці, але не ўлічвае патрабаванні той ці іншай сферы: псіхафізіялагічныя магчымасці, інтэлектуальны патэн­цыял, якасці асобы. Гэта тыя памылкі, якія мы спрабуем карэкціра­ваць, актыўна выкарыстоўваючы дарожную карту выпускніка.

Работа з дарожнымі картамі пачынаецца з аналізу выпускніком сваіх прафесійных мэт, самастойнага пошуку ўстаноў, дзе хочацца вучыцца. Якая роля ў прафесійным самавызначэнні адводзіцца класнаму кіраўніку? Настаўніца матэматыкі Люцыя Кучынская адзначыла, што практычна ўсе яе навучэнцы, якія паступаюць у ліцэй на фізіка-матэматычны профіль, ведаюць, якую прафесію хочуць атрымаць.

— Наша задача — спрыяць усвядомленаму выбару УВА ў адпавед­насці з жаданнямі дзіцяці і патрэбамі грамадства, таму работу з навучэнцамі ў гэтым кірунку пачынаю з класных гадзін у форме дыскусій, круглых сталоў, — заўважыла Люцыя Мар’янаўна. — На працягу вучэбнага года прымаем удзел ва ўсіх прафарыентацыйных сустрэчах, якія праводзяцца ў ліцэі сумесна з БНТУ, БДУІР, ГрДУ, ПалесДУ.

Каб далучаць дарослых да сумеснай работы, Люцыя Кучынская праводзіць бацькоўскія сходы, індывідуальныя кансультацыі, арганізоўвае работу “Бацькоўскага ўніверсітэта” і інш.

Ёсць ідэя!

Так называецца прэс-цэнтр, які стварылі педагогі і вучні сярэдняй школы № 9 Ліды імя А.У.Нічыпорчыка.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алеся Ляскевіч расказала, што ён быў арганізаваны, каб сфарміра­ваць у вучняў нормы паводзін, культуру адказнага і этычнага выкарыстання інтэрнэту.

Сёння прэс-цэнтр “Ёсць ідэя!” — гэта адзінства школьнай газеты “ШКОДЗіМ”, школьнага тэлебачання “Востраў#9” і блога ў сетцы “Дружныя дзеці дзявятай” Instagram.

— На абласным этапе XIX Рэспуб­ліканскага конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” наша газета ўдастоена дыплома II ступені, а школьнае тэлебачанне атрымала дыплом III ступені, — расказ­вае Алеся Станіславаўна. — Блог у Instagram “Дружныя дзеці дзявятай” — уладальнік дыплома “Лепшы карпаратыўны інтэрнэт-праект” VI Рэс­публіканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2024”.

Прэс-цэнтрам кіруе настаўніца гісторыі Вольга Падаваленка, а выпуск газеты — гэта абавязак бібліятэкара Ліліі Радзевіч і настаўніка інфарматыкі Міхаіла Букаціна.

— Блог у Instagram вяду я, — дадае Алеся Ляскевіч. — У ім размяшчаем навіны, расказваем пра падзеі, якія адбываюцца ў нашай школе. Стараемся вельмі аператыўна ўсё размяшчаць. Газета выходзіць раз у чвэрць, выпуск праграмы на тэлебачанні — таксама.

Журналісты прэс-цэнтра — навучэнцы 9 і 11 класаў. Яны з ахвотай дапамагаюць педагогам і спрабуюць свае сілы ў шматлікіх жанрах журна­лістыкі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА