Як прайшоў адзіны ўрок, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, у школе, што носіць імя прападобнай

- 12:36Духовность и патриотизм, Образование

Адзіны ўрок, прысвечаны Еўфрасінні Полацкай, прайшоў ва ўсіх школах краіны. Пра тое, як мерапрыемства арганізавалі ў адзінай у Беларусі ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі, што носіць імя прападобнай, — сярэдняй школе № 18 Полацка, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказалі педагогі.

Як памяць, як наказ, як запавет

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Ларыса Камарова і Алена Кірпічэнка правялі адзіны ўрок для вучняў 7—9-х класаў у форме вечарыны-партрэта з выкарыстаннем мультыборда. Мэтавая ўстаноўка заняткаў — фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці праз асэнсаванне значэння асветніцкай і рэлігійнай дзейнасці Еўфрасінні Полацкай.

Школьнікі загадзя падрыхтавалі выразнае чытанне на памяць вершаў-эпіграфаў і паведамленні па тэме. Кожны атрымаў рабочыя лісты з заданнямі.

У гэтым годзе споўнілася 850 гадоў з таго дня, як не стала Еўфрасінні Полацкай, нябеснай апякункі Беларусі, асветніцы, унучкі князя Усяслава, але яе думкі, словы, справы не згубіліся ў стагоддзях, не забыліся, яны засталіся нам, нашчадкам, як памяць, як наказ, як запавет, — адзначыла Л. Камарова.

За час вучобы дзеці ўжо шмат даведаліся пра славутую зямлячку. Адзіны ўрок дапамог ім не толькі ўспомніць ужо вядомыя факты, але і азнаёміць з новымі. Так, школьнікі паглядзелі ўрывак з фільма «Монастырь у церкви Спаса», прысвечанага Еўфрасінні Полацкай. Паводле матэрыялаў кінастужкі былі прапанаваны заданні — трэба было знайсці і выправіць памылкі ў выказваннях. Інфармацыю, здабытую на ўроку, вучні змогуць выкарыстаць, напрыклад, на ўроках беларускай літаратуры ці мастацтва.

Адзін з вучняў у сваім паведамленні расказаў гістарычны факт пра перанос мошчаў Еўфрасінні ў Полацк. Прысутныя даведаліся, што дазвол на гэты працэс быў выдадзены імператарам Мікалаем ІІ. У 1910 г. з вялікімі ўрачыстасцямі рака з мошчамі святой вярнулася на радзіму.

Таксама на ўроку школьнікі разгледзелі 3D-мадэль крыжа Еўфрасінні Полацкай. Для гэтага адкрылі адпаведны дадатак на тэлефоне і навялі камеру на QR-код, размешчаны ў рабочым лісце. Падчас разгляду рэліквіі праслухалі верш Дануты Бічэль-Загнетавай, які чытаў вучань, і звярнулі ўвагу на словазлучэнні, што называюць каштоўнасці, выкарыстаныя пры стварэнні крыжа («восем слязін-камянёў», «жомчуг», «дзве папярочыны», «дванаццаць абліччаў»). Вучням трэба было знайсці іх на мадэлі рэліквіі.

Далей дзецям прапанавалі прыгадаць мясціны роднага Полацка і рэспублікі, якія так ці інакш звязаны з жыццём Еўфрасінні Полацкай.

Для 7-га класа ўзялі фрагменты інтэрактыўнага плаката і засяродзілі ўвагу на пэўных адметнасцях (Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, помнікі Еўфрасінні ў Полацку і Мінску, сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, капліца ў Рэчыцы, ордэны Еўфрасінні Полацкай), — адзначыла А. Кірпічэнка.

У 8—9 класах педагог таксама звярнулася да інтэрактыўнага плаката. Карыстаючыся ім, навучэнцы шукалі адказы на шэраг пытанняў. Каб праверыць, наколькі добра дзеці засвоілі матэрыял пра Еўфрасінню Полацкую, ім трэба было знайсці і выкрасліць пэўныя словы ў філвордзе — венгерскай крыжаванцы, выкананай у выглядзе поля, запоўненага літарамі. Задача — з усёй камбінацыі літар адшукаць словы-адказы на пытанні.

Напрыканцы ўрока настаўніцы прапанавалі школьнікам уявіць, што ў іх ёсць унікальная магчымасць напісаць некалькі слоў самой Еўфрасінні Полацкай, штосьці спытаць у яе, падзякаваць. Запісаць свае думкі можна было ў паштоўках, якія пасля размяшчаліся на дошцы. Так, напрыклад, вучаніца 9-га класа Валерыя Кірпічэнка напісала: «Еўфрасіння, дзякуй за ўсё добрае, што ты зрабіла! Дзякуй, што апякаеш наш родны горад! Не абмінай сваёй увагай Беларусь і далей!».

Працягваючы справу прападобнай

Сучаснікам трэба быць дастойнымі памяці зямлячкі Еўфрасінні Полацкай, любіць сваю зямлю і народ, як яна. Імя святой нашай установе было прысвоена ў 2007 г., што і прадвызначыла яе місію — выхаванне духоўнасці і маральнасці падрастаючага пакалення, — расказала намеснік дырэктара школы Ірына Недакунева. — У 2013-м у школе была адкрыта Еўфрасіннеўская зала, на базе якой пачаў працаваць культурна-асветніцкі цэнтр «Працягваючы справу прападобнай Еўфрасінні Полацкай». Тут сабраны фільмы, прэзентацыі, віртуальныя экскурсіі, метадычныя матэрыялы да ўрокаў па духоўна-маральным выхаванні, распрацоўкі заняткаў педагогаў Полаччыны, мерапрыемстваў, праграмы. Створаны экспазіцыі, прысвечаныя праваслаўнай гісторыі Полацкага краю. Дзейнасць цэнтра ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з епархіяй.

У школе сёння праводзіцца курс «Гадзіны духоўнасці» з 1-га па 11-ты клас, які ўключае ў сябе раздзелы: «Азбука духоўнасці» (1—4-я класы), «Дарогаю дабра» (5—6-я), «Па слядах прападобнай Еўфрасінні Полацкай» (7—8-я) і «Экалогія духоўнасці» (9—11-я).

У пачатковай школе вывучаецца распрацаваны ва ўстанове адукацыі факультатыўны курс «Уводзіны ў Полацказнаўства», а ў 5—9-х класах — «Полацказнаўства». Да Дня памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай ва ўстанове традыцыйна праходзяць адкрытыя рэгіянальныя дзіцяча-дарослыя Еўфрасіннеўскія чытанні. У планах калектыву — адкрыццё музея.

У школе атрымала развіццё праваслаўнае краязнаўства. Створаны электронны рэсурс «Дарога да храма: даведнік па святых месцах полацкай зямлі. Полацкае благачынне» — электронная карта існуючых і страчаных храмаў Полацкага благачыння з інфармацыяй пра іх. Вядзецца даследчая дзейнасць. Так, работа «Арыгіналы і копіі праваслаўных напрастольных крыжоў XII стагоддзя на беларускіх землях» вучаніцы 9-га класа Дар’і Недакуневай была адзначана дыпломам ІІІ ступені падчас рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў «Святло праваслаўя» і дыпломам ІІІ ступені на конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) устаноў адукацыі Віцебскай вобласці «Эўрыка». Дар’я вывучыла і сістэматызавала матэрыялы аб напрастольных крыжах XII стагоддзя і іх сучасных копіях на беларускіх землях (крыж Еўфрасінні Полацкай і яго копіі для Полацкай і Слуцкай епархій; адноўлены Тураўскі крыж) і склала параўнальную табліцу і інтэрактыўны плакат, які дазваляе падрабязна вывучыць напрастольныя крыжы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены школай