Як прыцягнуць маладое пакаленне мужчын у школы?

- 8:57Погляд

Гэтае пытанне ўзнікае ў мяне, калі ўсё часцей у школе сустракаю педагога жанчыну. У сярэдняй школе № 2 Свіслачы 9 мужчын (15%) выкладаюць вучэбныя прадметы ў 5—11 класах і 1 — на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на кастрычнік 2017 года толькі 14% настаўнікаў і кіраўнікоў школ у нашай краіне — мужчыны. Больш за ўсё мужчын — сярод кіраўнікоў сярэдніх школ, г.зн.  36,8% ад агульнай колькасці.

Дарэчы, гэтая праблема характэрна не толькі для нашай краіны, але і для Еўрасаюза, дзе ўрад таксама заклапочаны пераважаннем жанчын сярод настаўнікаў школы.

Як жа прыцягнуць мужчын у школу?

Адным з галоўных фактараў, якія ўплываюць на выбар прафесіі навучэнцамі школ, з’яўляецца якасная прафарыентацыйная работа. У 2017/2018 навучальным годзе ў нашай школе была адкрыта група педагагічнай накіраванасці, дзе вучацца 13 падлеткаў, з якіх 8 — хлопчыкі. У новым навучальным годзе ў педагагічнай групе вучацца 6 падлеткаў — 4 юнакі і 2 дзяўчыны.

Дык чым жа прыцягвае юнакоў педагагічная прафесія?

Анкетаванне ­навучэнцаў педагагічных класаў паказала, што як мінімум палова хлопчыкаў збіраецца стаць настаўнікамі (або паступленне на педа­гагічную спецыяль­насць з’яў­ляецца ­запасным варыянтам). Пры гэтым пры­чынамі свайго прафесійнага вызна­чэння яны называюць наступныя:

  •  педагагічныя класы да­юць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні;
  •  на выбар будучай прафесіі паўплываў асабісты прыклад настаўнікаў мужчын, якія выкладаюць у школе;
  •  наяўнасць сваякоў-педагогаў у сям’і;
  •  перавагі пры паступленні навучэнцаў педкласаў на педагагічныя спецыяльнасці;
  •  арганізацыя факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”;
  •  магчымасць рэаліза­ваць свае здольнасці.

Частка навучэнцаў лічыць педагагічную прафесію цікавай. У гэтай рабоце іх прыцягваюць пастаянныя зносіны не толькі з дзецьмі, але і з калегамі.

З педагагічнай дзейнасцю навучэнцы педкласаў знаёмяцца праз удзел у педагагічных пробах, выступаючы ў ролі настаўніка, арганізацыю сацыя­лагічных даследаванняў, гульняў на перапынках для дзяцей малодшых класаў, дапамогу настаўнікам у падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў.

Навучэнцы педагагічных класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд па вучэбных прадметах, творчых конкурсаў. Менавіта тут яны могуць рэалізаваць свае інтэ­лектуальныя і неардынарныя здольнасці.

6 кастрычніка каманда навучэнцаў педкласаў нашай школы ўдзельнічала ў фестывалі педагагічных класаў, які праходзіў на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Найбольш запамінальнай для дзяцей стала экскурсія па галоўным корпусе ўніверсітэта і магчымасць мець зносіны з выкладчыкамі за круглым сталом. За выступленне ў конкурсе калажаў ­“Адзін дзень з жыцця настаўніка” дзеці атрымалі дыплом ІІ ступені і салодкія падарункі.

Мне хочацца, каб мае вучні выбралі прафесію настаўніка і сталі працягам мяне. У іх ёсць важныя якасці, неабходныя педагогу: працавітасць, цярплівасць, любоў.

Аляксандр ПЯСЕЦКІ,
класны кіраўнік 11 “Б” класа сярэдняй школы № 2 Свіслачы.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.