Як расказаць дзецям пра музейныя артэфакты і зрабіць цікавым этнаграфічны матэрыял?

- 10:26Главная, Образование

Як расказаць дзецям пра музейныя артэфакты, зрабіць цікавым этнаграфічны матэрыял і ўключыць бацькоў у дзіцячыя патрыятычныя акцыі? Пошукам адказаў на гэтыя пытанні паспяхова займаюцца ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Веткі, што на Гомельшчыне. Некаторыя праекты педагогаў атрымалі высокую ацэнку на міжнародных конкурсах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Музейшчыкі-паплечнікі

— Мэтанакіравана займацца тэмай патрыятызму мы пачалі з 2015 года, — расказ­вае кіраўнік установы адукацыі Алена Пятроўна Судзіліна. — Мы далучыліся да ўдзелу ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту” пад кіраўніцтвам Людмілы Варанецкай, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. — У нас даўно існуюць беларускія куткі ў групах. Традыцыйныя святы мы вывучалі праз прызму развіцця маўлення. Калі ўвайшлі ў інавацыйны праект, пачалі рабіць акцэнт на рэгіянальным кампаненце і мясцовым каларыце.

Педагогі наладзілі цеснае супрацоўніцт­ва са знакамітым Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый. Навуковы супрацоўнік Ларыса Раманава стала для дзяцей правадыром у свет культурнага мінулага нашых продкаў.

— Нам прыйшлося перагледзець падыходы да правядзення экскурсій у музеі, сустрэч з музейнымі супрацоўнікамі, — дапаўняе калегу намеснік загадчыка Алена Васільеўна Пічуха. — Мы вылучылі асноўныя тэмы, якія ёсць у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі. Традыцыйныя музейныя лекцыі сумесна перапрацавалі, вызначылі той аб’ём, які можа засвоіць дзіця. І цяпер гэта ўжо не лекцыя, а гістарычны экскурс, напрыклад, прысвечаны традыцыям Веткаўшчыны. Дзеці веда­юць, што нашы продкі выкарыстоўвалі той ці іншы від ручніка на пэўнае рэлігійнае свята. Усе прадметы, якія прыносіць супрацоўнік музея, — гэта музейныя экспанаты з запаснікаў установы. У другой частцы заняткаў далучаецца выхавальнік, які замацоўвае атрыманыя дзецьмі веды. Многае прапрацоўваем з дзецьмі ў гульнявой форме.

Археолагі і ганчары

Распрацоўка заняткаў “Птушкі — нашы сябры”, прысвечаная гуканню вясны, заняла 2-е месца на міжнародным конкурсе ў Маскве “Мастацтва выхавання”. 

— У той час, калі ў Беларусь прылятаюць птушкі, дзеці робяць птушак з тканіны, — працягвае Алена Васільеўна, — пякуць іх фігуркі з цеста. У дадатак да таго, што мы ведалі, музейшчыкі прапанавалі выкарыстоўваць мясцовы этнаграфічны матэрыял. Мы падабралі музыку, зрабілі інсцэніроўку, і дзеці ператвараліся ў розных птушак.

У будынку, дзе знаходзяцца запаснікі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый, працуе інтэрактыўная выстава “Спазнай гісторыю рукамі”. Там выхаванцы сваімі рукамі ствараюць розныя рэчы. Напрыклад, працуючы па напрамку “Пра што звініць і шэпча гліна”, дзеці разглядаюць кераміку, знойдзеную на веткаўскай зямлі, даведваюцца, якую назву яна мае. Малыя спрабуюць расцерці гліну і штосьці зрабіць з яе. Тут жа на посуд наносяць узоры з дапамогай натуральных матэрыялаў: костачкі, арэха, каласка, галінкі…

— Дзеці хутка пачынаюць адчуваць розніцу паміж глінай і пяском. Да таго ж у іх развіваецца дробная маторыка, а значыць, і інтэлект, — падкрэслівае Алена Пятроўна. — Вельмі любяць нашы выхаванцы дэманстрацыйны стол у музеі, дзе закапаны “скарб”. Там, у пяску, яны шукаюць гліняныя чарапкі. Усё адбываецца так, быццам яны знаходзяцца на беразе ракі Сож і з’яўляюцца  археолагамі. Дзеці пэндзлікамі і маленькімі лапаткамі акуратна разграбаюць пясок, абавязкова штосьці знаходзяць у ім і вельмі радуюцца гэтаму.

Вывучаюць славутасці

У маленькім населеным пункце з багатым гістарычным мінулым усе выхаванцы цэнтра ведаюць супрацоўнікаў музея асабіста. Сустракаючыся на вуліцы, вітаюцца з імі і задаюць пытанні. Дарэчы, музейшчыкі карыстаюцца рэкамендацыямі педагогаў пры правядзенні экскурсій для дзяцей: улічваюць аб’ём інфармацыі, якую можа засвоіць дашкольнік за адно наведванне. Алена Судзіліна адзначае:

— Дзецям 5—6 гадоў дастаткова 15—20 мінут. Менавіта таму мы засвойваем усё паступова. Сёння, напрыклад, ідзём у мастацкую майстэрню. Заўтра — у пакой самавараў. Потым будзем вывучаць ткацкія станкі і г.д. 

Цеснае супрацоўніцтва з музеем выхоўвае патрыятызм, упэўнены ў дашкольнай установе. Да таго ж педагогі займаюцца вывучэннем гісторыі назваў вуліц Веткі, унікальнай архітэктуры райцэнтра. Імі створаны тэматычныя фотаальбомы, гульні, дапаможнікі, распрацаваны маршруты выхаднога дня.

— Паколькі асноўны від дзейнасці для дзяцей — гульня, мы распрацавалі адпаведную гульню ў турагенцтва, — расказвае Алена Пічуха, дэманструючы шматлікія дапаможнікі. — Дзеці расказваюць пра наш райцэнтр, рэкламуюць яго славутасці, запрашаюць наведаць наш горад, які ўключаны ў маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.

Драўляная архітэктура Веткі — прадмет даследавання навукоўцаў. Аднак педагогі цэнтра лічаць, што нехта з
выхаванцаў у будучыні таксама можа выб­раць шлях даследчыка даўніны. Таму яны матывуюць бацькоў на самастойныя экскурсіі разам з дзецьмі па вуліцах населенага пункта. Вынікам стала калекцыя фотаздымкаў дамоў з драўлянымі карункамі на вокнах.

— Высветлілася, што ў нас ёсць дамы з вельмі прыгожымі разьбянымі аканіцамі — ліштвай. Па ўзорах унікальнай веткаўскай ліштвы нашы дзеці робяць выцінанкі з паперы, якімі мы ўпрыгожваем сваю ўстанову, — расказвае Алена Ва­сільеўна і паказ­вае, як гэта прыгожа выг­лядае.

Цесная сувязь са школай

Тэма Вялікай Айчыннай вайны — асаблівая для выхаванцаў дзіцячага сада. У яе раскрыцці дапамагаюць калегі з музея бая­вой і працоўнай славы веткаўскай школы № 1 імя Андрэя Грамыкі, дзе створана экспазіцыя пра тое, як жыхары Веткі жылі і змагаліся супраць ворагаў у гады ваеннага ліхалецця.

— Дзеці сталі інакш ставіцца да памятных месцаў, — дапаўняе Алена Пятроўна. — Побач з нашым цэнтрам стаіць гармата — помнік вызваліцелям горада. Выхаванцы паважліва ставяцца да гэтага месца. У дні памяці прыходзяць ускласці кветкі і нават тлумачаць зусім малым дзеткам, як трэба паводзіць сябе ля памятнага знака.

Выпускнікі цэнтра, якія разам з педагогамі былі ўдзельнікамі інавацыйнага прае­кта “Укараненне мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту”, сёння ўжо вучацца ў школе. Іх выхавальнікі ганарацца тым, што дзеці актыўна развіваюць традыцыі і навыкі, якія атрымалі яшчэ ў дашкольнай установе адукацыі.

— Мы пільна сочым за нашымі дзеткамі, якія актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх святах. З гордасцю адзначаем: гэта нашы выпускнікі. Многія займаюцца творчасцю ў мясцовым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, — гаворыць Алена Васільеўна.

Слова ў скарбонку

Веткаўскія педагогі зрабілі выснову: патрыятычнае выхаванне і адукацыя дзяцей без удзелу бацькоў — гэта марнаванне часу. Ва ўстанове даўно зразумелі важ­насць цеснага ўзаемадзеяння з сям’ёй.

— Сёння нашы бацькі — памочнікі ва ўсім, — з гордасцю адзначае кіраўнік да­школьнай установы, — ад сумеснага чытання і абмеркавання дзіцячых кніг да экскурсій. Менавіта мамы і таты стварылі інсцэніроўку казкі “Воўк-калядоўшчык”. Падчас падрыхтоўкі яны згуртаваліся, шукалі касцюмы, рэпеціравалі і потым запрасілі на паказ увесь калектыў цэнтра.

Абсалютная большасць бацькоў з радасцю падтрымлівае прапановы педагогаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Веткі. Яны дапамагаюць дзецям вывучаць беларускую мову і разам “прыносяць” у чацвер, беларускамоўны дзень, новае беларускае слова ў “скарбонку” слоў.

— Мы заўважылі, што нашы выхаванцы ўжо добра ведаюць мясцовыя традыцыі і абрады, — падсумоўвае загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Веткі Алена Судзіліна. — Зрэшты, мы гаворым з дзеткамі і пра ўсе важныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай краіне, пра знакамітых людзей, якія ствараюць яе славу. А дзеці, дарэчы, нясуць гэтыя веды дадому, баць­кам. Многія святы ў нас пачынаюцца з Дзяржаўнага гімна. Дзеці ведаюць словы гімна і спяваюць. Так, праз дзяцей, мы імкнёмся ўплываць і на бацькоў.

Самае галоўнае не заўсёды самае прыметнае, — упэўнены ў дашкольнай установе. Між тым стала відавочна, што паступова ў мясцовых жыхароў праяўляецца цікавасць да сваіх каранёў, да сваіх продкаў.

— Дзеці, пабываўшы ў музеі, потым пытаюцца ў сваёй у бабулі, ці ёсць у яе ручнікі, як у музеі. І ганарацца тым, што ў сям’і таксама захоўваюцца старажытныя рэліквіі. Так пакрыху пачынае аднаўляцца сувязь пакаленняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара