Як сфарміраваць функцыянальную адукаванасць чытання сучасных школьнікаў

- 15:15Клуб «Хрустальный журавль»

Адной з актуальных праблем сучасных школьнікаў з’яўляецца масавае нежаданне чытаць праграмныя мастацкія тэксты. Няўважлівасць да тэксту нараджае праблему павярхоўнага разумення мастацкай задумы аўтара.

Прапануем эфектыўныя прыёмы для разумення складаных мастацкіх тэкстаў і развіцця функцыянальнай адукаванасці чытання сучасных школьнікаў, у межах якой вучні набываюць устойлівыя навыкі работы з тэкстам: правільна яго прачытваць, вылучаць і правільна выкарыстоўваць патрэбную інфармацыю.

Урок для дарослых
Міхась Стральцоў «Сена на асфальце»

Аўдыторыя: настаўнікі розных вучэбных прадметаў

Умовы правядзення: мяркуецца, што ўдзельнікі ўрока з тэкстам апавядання не знаёмыя.

Удзельнікі метадычнага мерапрыемства размяркоўваюць ролі (па жаданні): большая частка — «вучні», меншая — «назіральнікі» (працуюць на прапанаваным лісце, запаўняюць табліцу, дадатак 1).

Ход урока

І. Уступная частка

Слова настаўніка. Абгрунтаванне тэмы і выбару твора.

ІІ. Мэтавызначэнне

Удзельнікі зачытваюць літаратурную частку мэты і прымаюць яе. Назіральнікі звяртаюць увагу на метадычную частку мэты.

Літаратурная частка мэты:

  • будзеце ведаць сюжэт апавядання;
  • зразумееце сутнасць канфлікту галоўнага героя твора;
  • зможаце параўнаць вобразы Віктара і Ігната;
  • знойдзеце адказ на пытанне: «Сена на асфальце — іранічная формула ці пошук, скіраваны ў бок адвечных пытанняў дабра і зла?..».

Метадычная частка мэты:

  • будзеце ведаць сутнасць і зразумееце сэнс прымянення на ўроку прыёмаў «Ствараем сюжэт», «Падсумаванне», «Падказкі», «Рэфлексія», «Ключавое пытанне».

ІІІ. Актуалізацыя набытых раней ведаў

Прыём «Апорнае словазлучэнне».

Заданне 1. Як можна ахарактарызаваць творчасць пісьменніка, зыходзячы з апорных словазлучэнняў?

Міхась Стральцоў, 1937—1987 гг.:

  • прадстаўнік пасляваеннага (філалагічнага) пакалення, ці пісьменнікаў — «дзяцей вайны»;
  • «писатель-деревенщина».

Выснова і прагназаванне тэмы апавядання.

Падводжу да думкі, што галоўнай тэмай у творчасці М. Стральцова з’яўляецца тэма вёскі і горада, духоўнай сувязі паміж імі, якая можа быць у любы момант парушана.

ІV. Аперацыйна-пазнавальны этап

Знаёмства з кампазіцыяй апавядання, звяртанне ўвагі на жанр твора (прыём ліставання, эпісталярны жанр).

ЛІСТ ПЕРШЫ (Лена да Віктара)
ДЗЯДЗЬКА ІГНАТ
ЛІСТ ДРУГІ (Віктар да школьнага сябра)
ЗАЎТРА ФУТБОЛ
ЛІСТ ТРЭЦІ (дзядзька Ігнат да сваякоў)
ПАРА КАСАВІЦЫ

На чым засяродзіць увагу: «У чым адметнасць і роля такой кампазіцыі?»

Заданне 2. Суаднясіце ўрыўкі тэксту з часткамі апавядання і абгрунтуйце свой выбар (дадатак 2).

Работа ў групах (аптымальна 3—4 групы), 7—8 мінут.

Абмеркаванне вынікаў работы.

Зварот да кампазіцыі апавядання і пастаўленага пытання: «У чым адметнасць і роля такой кампазіцыі?»

Зварот да мэты  ўрока. Абмеркаванне дасягнутай часткі мэты.

Літаратурная частка мэты:

  • будзеце ведаць сюжэт апавядання;
  • зразумееце сутнасць канфлікту галоўнага героя твора;
  • зможаце параўнаць вобразы Віктара і Ігната;
  • знойдзеце адказ на пытанне: «Сена на асфальце – іранічная формула ці пошук, скіраваны ў бок адвечных пытанняў дабра і зла?..»

Заданне 3. Параўнайце вобразы Віктара і Ігната.

Крытэрыі для параўнання

  1. Якім перад намі паўстае Віктар? Ігнат? Пра што яны мараць?
  2. Што ў герояў агульнага?
  3. Чым адрозніваецца Віктар ад Ігната?

Падсумаванне

Такім чынам, назва твора «Сена на асфальце» нібы пацвярджае жаданне Віктара прымірыць… (горад) і… (вёску) у сваёй душы, бо здаўна вёска была эталонам… і… (дабрыні і шчырасці).

Паўторны зварот да мэт урока. Вызначэнне дасягнутай літаратурнай часткі мэты.

Заданне 4. Ключавое пытанне: «Сена на асфальце» — іранічная формула ці пошук, скіраваны ў бок адвечных пытанняў дабра і зла?..»

Падказка. Ад чаго хацеў перасцерагчы нас М. Стральцоў?

Абмеркаванне ідэі апавядання, развагі пра яе актуальнасць.

Падводжу да высновы, што спрадвеку лепшыя духоўныя якасці беларусаў сфарміраваліся ва ўмовах вясковай цывілізацыі. Людзі былі чулыя да чужога гора, адкрытыя да іншых, гатовыя дапамагчы адно аднаму, працавітыя, шчырыя, любілі і шанавалі родную зямлю, клапаціліся пра яе. Таму пісьменнік ухваляе дзеянні сумленных людзей, верыць ў вясковую мараль, заклікае да яднання пакаленняў. Аўтар перасцерагае грамадства ад негатыўных з’яў: вёска вымірае, страчваюцца многія вясковыя традыцыі, людзі становяцца эгаістамі, абыякавымі да агульных праблем. Таму «Сена на асфальце» — гэта пошук своеасаблівай формулы шчасця, якая заключаецца ў тым, каб сумясціць лепшыя традыцыі вёскі з перавагамі гарадскога жыцця для сучаснага пакалення.

Падзяка за работу.

Абмеркаванне метадычнай рэалізацыі ўрока з назіральнікамі.

V. Рэфлексія

Прыём «Карзіна».

Дадатак 1

Карта назіранняў

Давядзенне мэты да ўдзельнікаў

 

Актуалізацыя апорных ведаў, неабходных для разумення тэмы

 

Кампаненты ўрока, скіраваныя на фарміраванне чытацкай адукаванасці: знаходзіць і здабываць інфармацыю, інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю, асэнсоўваць і ацэньваць змест і форму тэксту, выкарыстоўваць інфармацыю з тэксту

 

Кампаненты ўрока, скіраваныя на фарміраванне асобасных кампетэнцый

 

Спосабы ажыццяўлення зваротнай сувязі

 

Ці дасягнута літаратурная і метадычная мэты ўрока?

 

Што гэтаму спрыяла ці перашкодзіла?

 

Дадатак 2

  1. ЛІСТ ПЕРШЫ (Лена да Віктара)
  2. ДЗЯДЗЬКА ІГНАТ
  3. ЛІСТ ДРУГІ (Віктар да школьнага сябра)
  4. ЗАЎТРА ФУТБОЛ
  5. ЛІСТ ТРЭЦІ (дзядзька Ігнат да сваякоў)
  6. ПАРА КАСАВІЦЫ 

***

Усё нібы ў тую раніцу спрыяла таму, каб мы сустрэліся з табою.

А якая была тады вясна! Дзе толькі не былі мы з табою тою вясной! У дождж да позняй ночы праседжвалі мы ў скверах, накрыўшыся тваім пінжаком, і, памятаеш, колькі разоў пачыналі думаць пра тое, каб некуды з’ехаць, далёка-далёка, у таямнічыя нікому не даступныя мясціны. Што за жаданні былі ў нас, няўжо каханню трэба, каб былі толькі яно і цэлы свет? (Ліст першы. Лена да Віктара).

***

Бывала, паедзеш на луг, намахаешся касой за дзень, а ўвечары — за таптуху ды ў якую застаялую азярыну. На ногі лапці абуеш…

— Вам, дзядзька Ігнат, у вёсцы жыць трэба, — сказаў я.

— Можа, і пераеду яшчэ ў вёску — адкуль ты ведаеш, — чамусьці пакрыўдзіўся дзядзька Ігнат. — А ты што — без вёскі можаш пражыць?

— Чаму? Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць… (Дзядзька Ігнат).

***

І дагэтуль да самых малых драбніц помню я дарогі, па якіх хадзілі мы ў школу.

Як назваць нам тыя гады? Былі яны трудныя, бедныя, але яны не паўторацца: там, у звычайнай пасляваеннай вёсцы, пачыналіся з табою мы… Не ведаю, як можна назваць гэтую пастаянную напружанасць душы, гэты парыў да самаахвярнасці, да радасці і нават да тугі — і гэта было, і я думаю цяпер: якія мы былі шчаслівыя, як многа было ў нас наперадзе, якое вялікае, таямнічае жыццё чакала наперадзе нас! (Ліст другі. Віктар да школьнага сябра).

***

Я думаў пра дзядзьку Ігната, пра яго дзіўную і такую зразумелую любоў да вёскі, і мне чамусьці было трошкі шкада яго. Я думаў пра тое, што я вось ведаў і горад, і вёску, спаў у будане на лузе і ў нумары гасцініцы, смаліў кабана і ведаў, як сякуць на зіму капусту, курыў ноччу са стомленым шафёрам у таксі і піў на вясковым вяселлі самагонку… Але справа не ў гэтым.

Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка.

А можа, праўда дзядзькі Ігната, і чалавеку па-сапраўднаму трэба што-небудзь адно: горад ці вёска, месяц над хатай ці электрычны ліхтар? (Заўтра футбол).

 ***

Днём ужо, едучы на футбол, я выскачыў з тралейбуса на плошчы. Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам.

«Сена на асфальце, — падумаў я, — сена на асфальце…»

Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.

«Сена на асфальце, — узрадавана думаў я. — Вёска ў горадзе…» (Пара касавіцы).

***

О зямля! Ты даеш нам тугу па небе, але не меншая наша туга па табе. З далёкіх і блізкіх дарог вяртаемся мы да цябе, і спеў жаваранка аглушае нас не меней, чым гул рэактыўнага самалёта. Неаднойчы так было і са мной, і часта я думаў: навошта выбіраць паміж жаваранкам і рэактыўным самалётам? Хіба ж нельга, каб было і тое і другое? І, мусіць, не ўся праўда ў дзядзькі Ігната, праўда ў таго, у каго яе больш. (Заўтра футбол).

***

Толькі вы як бы адгадалі мае думкі: стары я станаўлюся і ўсё больш і больш пачынаю думаць пра нашу вёску, а як успомню, што там, дзе стаяла мая хата, чужы двор і чужая гаспадарка, дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку! (Ліст трэці. Дзядзька Ігнат да сваякоў).

***

У мяне да цябе, Андрэй, мужчынская просьба. Як тады гэты Піліпаў хлапечык быў, пасаромеўся я слова сказаць, каб ён мяне, калі што якое, лесніком дзе прыстроіў. Скажы цяпер яму. Скажы, што я чалавек ціхі, любіцельскі: у лесе, можна сказаць, гадаваўся — і лес люблю. А то во і вы пішаце, што як пілараму ў нас паставілі, дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе… Ён чалавек, я думаю, хоць малады, а з душой і павінен зразумець. (Ліст трэці. Дзядзька Ігнат да сваякоў).

Ірына ВЫХАДЦАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна імя У.А. Хабарава,
лаўрэат заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года — 2009»,
удзельнік клуба настаўнікаў-метадыстаў Віцебскай вобласці «КанSTELLAрыс»