Школьны факультатыў можа стаць прамой сцяжынкай, якая вядзе да ўвасаблення самых смелых дызайнерскіх фантазій. У гэтым пераканана настаўніца працоўнага навучання з Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Рэгіна Захарава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за сем гадоў яе вучаніцы ствараюць арыгінальныя калекцыі адзення на факультатыўных занятках і ярка заяўляюць пра сябе на конкурсных паказах. Побач з этнічнымі матывамі “Васільковага раю” ў бела-блакітных тонах сёння суседнічаюць смелыя мадэлі калекцыі “Тынэйджар” з акцэнтам на джынсавай тканіне. “Лічбавы код” здзіўляе смелым спалучэннем, здавалася б, несумяшчальнага — футра і карункаў. А “Армейскі гламур” прапаноўвае цікавае гучанне стылю мілітары, дзе камуфляж гарманічна пераплятаецца з элементамі беларускага арнаменту.
Юныя мадэльеры з Пагародна прадставілі сваю калекцыю на абласным фестывалі-конкурсе юных дызайнераў і мадэльераў “Жывіца-2025”.
— Гэта быў важны вопыт і для мяне, і для дзяўчынак, — успамінае Рэгіна Адамаўна. — Да выступлення на сцэне рыхтаваліся вельмі старанна. І, ведаеце, менавіта жаданне апынуцца на сцэне першапачаткова прыводзіць дзяцей на факультатыў.
Кожны этап падрыхтоўкі да паказу — гэта сур’ёзная праца. Юным дызайнерам дапамагае і школьны харэограф Маргарыта Каспяровіч. Так што, акрамя развіцця творчых здольнасцей, факультатыў вырашае яшчэ адну важную задачу: дапамагае дзяўчынкам з сельскай мясцовасці адчуць сябе больш упэўнена, навучыцца высока трымаць галаву ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
— У мінулым годзе выпусціліся мае першыя зорачкі-дызайнеры, — гаворыць педагог. — Але школа — гэта бясконцы цыкл, і я пачала ўжо шлях да стварэння новых модных калекцый са школьнікамі сярэдняга звяна.

Сёння вучаніцы 5 і 7 класаў з задавальненнем знаёмяцца з азамі ручной вышыўкі і шыцця, асаблівасцямі работы з кампазіцыяй і колерам на факультатывах “Творчая майстэрня” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі”.
— Работа факультатываў творчай накіраванасці — гэта, па сутнасці, пляцоўка для развіцця ўніверсальных творчых здольнасцей, — упэўнена Рэгіна Адамаўна. — Мы майструем з дзяўчынкамі нават з бісеру. Не так даўно прапанавала ім азнаёміцца з тэхнікай стужачнага ткацтва — успрынялі на ўра. У нас для гэтага ёсць нават свае партатыўныя станочкі — індывідуальныя.
Педагог імкнецца знаёміць дзяўчынак з многімі напрамкамі рукадзелля. Гэтаму спрыяе атмасфера самага творчага і крэатыўнага кутка школы — кабінета працоўнага навучання. У ім практычна ўсе элементы дэкору — ручная работа.
— У маім гардэробе даўно няма пакупнога адзення. Нават курткі і паліто шыю сама і абавязкова расказваю пра гэта сваім вучаніцам, — прызнаецца Рэгіна Захарава. — Нярэдка і сама вучуся чамусьці новаму, каб заставацца цікавай для дзяцей. Тры гады запар, напрыклад, удзельнічала ў семінарах у рамках рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды”. Для гэтага папярэдне адпраўляла ў сталіцу эскізы сваіх работ.
Першы і самы складаны этап стварэння любой калекцыі — гэта выношванне ідэі. Усё астатняе — пытанне фантазіі і справа тэхнікі. Прытрымліваючыся прынцыпу бюджэтнасці, на дапамогу ў стварэнні новай калекцыі, як правіла, прыходзяць даўно забытыя ў шафах уборы, стужкі і карункі.
Кабінет працоўнага навучання ў Пагародзенскай сярэдняй школе — гэта не проста памяшканне, а сапраўдная майстэрня, дзе юныя мадэльеры вучацца не толькі шыць і вышываць, але і верыць у сябе, знаходзіць сваё месца ў свеце і ствараць прыгажосць вакол.
Свой вучэбны кабінет Рэгіна Адамаўна стараецца ператварыць у сапраўдны астравок утульнасці і натхнення, каб яе выхаванкі — не толькі тыя, хто наведвае факультатыў, — нават на ўзроўні пачуццяў разумелі, што тут ім заўсёды рады.
— Бывае, падчас перапынку забягуць да мяне з пытаннем “А можна мы ў вас чаю пап’ём?”. Для мяне гэта і нагода для ўсмешкі, і пацвярджэнне таго, што я ўсё раблю правільна на прафесійным шляху, — адзначае Рэгіна Захарава.
Вядзе Рэгіна Адамаўна сваіх дзяўчынак і да алімпіядных вяршынь. У мінулым годзе яе вучаніца Паліна Бядугніс заняла 3-е месца на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па абслуговай працы.
— Мне здаецца, што, нават калі я проста на словах растлумачу Паліне, як звязаць пэўны ўзор кручком, яна справіцца з задачай, як толькі возьме ў рукі неабходны інвентар, — упэўнена педагог.
Некалькі гадоў назад разам з яшчэ адной вучаніцай, Жэняй Ненартовіч, яны з цікавасцю рыхтаваліся да конкурсу, дзякуючы якому школа ў Пагародне прагучала як адна з лепшых у краіне. Дыплом ІІ ступені яны тады атрымалі ў рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Хто, калі не мы!” за складаную і карпатлівую працу — партрэт Джаконды, выкананы з гузікаў.
Сама Рэгіна Адамаўна прызнаецца, што любоў да шыцця ёй прывілі мама і школьная настаўніца працоўнага навучання Раіса Аляксандраўна Аляшкевіч.
— Мой шлях — прыклад з разраду “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. На ўрокі працоўнага навучання да Раісы Аляксандраўны ў Радунскую сярэднюю школу, што недалёка ад Пагародна, я заўсёды спяшалася. Калі работа над нейкім вырабам па праграме ў нас расцягвалася на некалькі заняткаў, то гэта тычылася ўсіх, акрамя мяне, — усміхаецца суразмоўніца. — Я да другога ўрока заўсёды прыходзіла з гатовым вынікам.
Па прыкладзе сваёй школьнай настаўніцы Рэгіна Адамаўна Захарава не ставіць перад сабой мэту зацікавіць кожнае дзіця тварыць, аднак захапіць стараецца ўсіх:
— Кожны ўрок пачынаю з усмешкі і дыялогу. Простыя пытанні дапамагаюць улавіць настрой дзяцей і ўносяць рэмаркі ў загадзя спланаваныя заняткі. Стараюся, каб урокі працоўнага навучання асацыіраваліся ў маіх вучаніц не толькі са словазлучэннем “лёгкі прадмет”, але і словам “любімы”. Вельмі важна, з якім настроем вучань прыйшоў на ўрок, але яшчэ важней — з якім выйшаў з яго.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара








