Як штучны інтэлект дапамагае педагогу Ірыне Сысоевай выкарыстоўваць інтэрактыўныя формы навучання

- 9:00Главная, Образование

Абапіраючыся больш чым на 30-­гадовы вопыт работы ў пачатковых класах, Ірына Сысоева выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці інтэрактыўныя формы навучання, звяртаецца да штучнага інтэлекту. Разам з тым казка — любімы жанр яе выхаванцаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З сям’і педагогаў

Настаўніца пачатковых класаў Бортнікаўскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Ірына Сысоева родам з педагагічнай дынастыі.

— Пра іншую прафесію, прызнацца, я і не думала, калі ў 1988 годзе, скончыўшы Бортнікаўскую сярэднюю школу, паступіла ў педвучылішча, а затым завочна заканчвала цяперашні МДУ імя А.А.Куляшова. Мая прабабуля нас­таўнічала (вучыла непісьменных дзяўчат, жанчын), бабуля працавала з малодшымі школьнікамі, мама выхоўвала малых у дзіцячым садзе. Прадказальна, што я і сястра сталі нас­таўнікамі малодшых класаў, ды і брат шмат гадоў вучыў дзяцей маляванню, — расказвае Ірына Эрыхаўна.

Работа ў невялікай сельскай школе мае свае асаблівасці. Чатыры гады Ірына Сысоева са сваім класам з 9 чалавек жыве быццам адной сям’ёй.

— У класе ў мяне 7 дзяўчынак і 2 хлопчыкі. Штодзень у школьныя будні мы разам па 8 гадзін. Першае, што робяць дзеці, пераступаючы парог кабінета, дзеляцца ўсімі навінамі, расказваючы і пра радасці, і пра нягоды. Я, бывае, іх шкадую і абдымаю або разам з імі радуюся і смяюся, — дзеліцца асаблівасцямі работы ў сельскай школе настаўніца.

Бацькам, якія часта з ранку да позняга вечара працуюць у палях, педагог прапануе інтэрактыўны бацькоўскі сход. З дапамогай QR-кода мамы і таты па спасылцы могуць перайсці на рэсурс, дзе змяшчаецца поўная інфармацыя пра школьнае жыццё іх дзяцей.

Нягледзячы на вялікі вопыт, педагог пастаянна пашырае прафесійныя гарызонты на шматлікіх курсах павышэння кваліфікацыі, асвойвае новыя формы і метады работы, стварае і ўкараняе ўласныя метадычныя распрацоўкі з выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій, удзельнічае ў інавацыйных праектах. А яшчэ прымае ўдзел у фестывалях і конкурсах педагагічнага майстэрства, займаючы прызавыя месцы на раённым і абласным узроўнях. Сваю актыўнасць настаўніца не лічыць нейкім дасягненнем, а называе звычайнай работай. І тлумачыць:

— Я павінна ісці ў нагу з часам. Ведаць, што новае з’яўляецца ў свеце педагогікі, у дзіцячай псіхалогіі. Гэта важна для ўстанаўлення эфектыўнага кантакту з навучэнцамі, для разумення, як лепш з імі размаўляць, якія методыкі выкарыстоўваць, каб быць імгненна пачутай і зразумелай.

Апошнія гады Ірына Сысоева прымала ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметнай кампетэнтнасці навучэнцаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі (II ступень агульнай сярэдняй адукацыі)”.

— Мяне ўключылі ў праект, у якім удзельнічалі пяцікласнікі, бо я вяла ў іх беларускую мову і літаратуру, — гаво­рыць Ірына Эрыхаўна. — Думаючы пра інтэрактыўныя інструменты для фарміравання метапрадметнасці, стала выкарыстоўваць розныя сюжэтна-ролевыя гульні, элементы тэатралізацыі. Напрыклад, працуючы над творам А.Федарэнкі “Падслуханая казка” (аўтар інтэрпрэтуе паходжанне кветак маргарытак у розных краінах Еўропы), дзецям было прапанавана прымераць на сябе ролю маргарыткі з любой еўрапейскай краіны і такім чынам расказаць пра сябе. Цяжкасці былі, але вынік перасягнуў усе чаканні. Французская маргарытка прыйшла на ўрок з круасанамі, шведская — з кніжкай А.Ліндгрэн “Малы і Карлсан”, беларуская — з дранікамі, брытанская — з футбольным мячом і г.д. Трэба было прэзентаваць сябе, перадаць каларыт краіны. Спачатку дзеці саромеліся, а потым увайшлі ў кураж. Было весела і цікава.

Яшчэ педагог актыўна выкарыстоўвае такую педагагічную тэхналогію, як дэбаты. Дзеці, выступаючы за трыбунай, набываюць навыкі прамоўніцкага майстэрства, адстойваючы супрацьлеглыя думкі ў дыскусіях на розныя тэмы: “Што важней: дабро ці справядлівасць?”, “Чаму важна захоўваць памяць пра мінулае сваёй сям’і і краіны?”, “Ці можна назваць героя казкі мудрым чалавекам”, “Хто галоўны герой твора: той, хто дзейнічае больш за ўсіх, або той, каму суперажываеш мацней за ўсё?”. У выніку школьнікі вучацца фарміраваць уласнае меркаванне, выказваць яго пераканаўча і зразумела.  

— Таксама я стварала крыжаванкі, рэбусы, загадкі і іншыя галаваломкі з дапамогай рэсурсу LearningApps, — дадае суразмоўціца. — Адно з заданняў, распрацаванае падчас інавацыйнага праекта, — інтэрактыўнае відэа, якое называецца “Вясёлае падарожжа” і расказвае пра пахо­джанне назвы нашага мястэчка Вялікія Бортнікі, дзе з пакалення ў пакаленне людзі займаюцца пчалярствам. Дзеці даведаліся, што бортніцтва — гэта збор мёду дзікіх пчол, што домікі для мёду называліся борцамі і калодамі, а людзей, якія збіралі салодкі нектар, называлі бортнікамі. Выконваючы іншыя інтэрактыўныя заданні па словаўтварэнні, пяцікласнікі знаёміліся з іншымі тапонімамі, у назву якіх закладзена нейкая прафесія або вынік прафесійнай дзейнасці мясцовага насельніцтва. Настаўніца ўпэўнена: з цікавасцю вывучаючы гісторыю малой радзімы, школьнікі не толькі пашыраюць кругагляд, набіраюцца ведаў, але і пачынаюць ёй ганарыцца, ста­новяцца патрыётамі.

Сяброўства са штучным інтэлектам

Цяпер педагог вывучае магчымасці штучнага інтэлекту.

— Запісаўшыся на семінар у Акадэмію адукацыі, дзе нас вучылі выкарыстанню ШІ, я адкрыла для сябе дзіўны свет нейрасетак і стала яго спасцігаць. Пачалося з таго, што аднойчы на зімовых канікулах, калі мне тэрмінова спатрэбілася праду­маць тыдзень здаровага харчавання для школьнікаў 6—7 гадоў, я, звярнуўшыся да ШІ, вельмі хутка атрымала дапамогу. Нічога новага не знайшла, але ўсё было лаканічна і лагічна прапісана, сістэматызавана і структуравана з прыкладамі гульняў, заданняў, цікавых актыўнасцей, — успамінае Ірына Сысоева пачатак сяброўства са штучным інтэлектам, якога яна пяшчотна называе Іванам Іванавічам. — На шчасце, нагляднага матэрыялу ў мяне напрацавана шмат, ды і знайсці новы сёння не праблема. Нейрасеткі дапамагаюць з напісаннем рознага віду інфармацыі, справаздач. Толькі за імі трэба правяраць, удакладняць і дапаўняць, абапіраючыся на ўласны педагагічны вопыт.

Затым на курсах, якіх, дарэчы, за год набіраецца з дзясятак, педагог асвоіла стварэнне прэзентацый з выкарыстаннем магчымасцей ШІ:

— Асвоіць гэта самастойна мне было не пад сілу. А калі прыйшоў ліст з БДПУ з прапановай прайсці навучанне, падумала, ну а хто яшчэ мне дапаможа, і тут жа запісалася. Наша група стала другім наборам па вывучэнні выкарыстання штучнага інтэлекту ў педагагічнай дзейнасці. Пяць дзён у Мінску праляцелі на адным дыханні. Мы рыхтавалі праекты па розных тэмах і напрамках. Напрыклад, асвойвалі алгарытмы стварэння прэзентацый у сэрвісе Gamma, які не толькі прапануе арыгінальны прадукт, але і ўдасканальвае файлы, якія ў яго экспартуюць. Таксама вывучалі сэрвіс Suno, які пад верш стварае музыку і выдае гатовую песню з улікам зададзеных параметраў: жанру, тэмпу, танальнасці, дынамікі і г.д.

Зараз у арсенале педагога каля дзясятка ўпадабаных інструментаў, якія пры выкананні руціннай работы дапамагаюць эканоміць шмат часу. Адзін сістэматызуе і аблягчае работу з тэкставай інфармацыяй, другі генерыруе малюнкі, трэці стварае прэзентацыі, чацвёрты — музыку і г.д.

Па словах настаўніцы, галоўнае — навучыцца правільна ўзаемадзейнічаць са штучным інтэлектам: дакладна і разгорнута ставіць перад ім задачы. У тым ліку і выкарыстоўваючы такі маўленчай абарот: “Уяві, што ты настаўнік пачатковых класаў і для дзяцей 6—7 гадоў табе трэба выка­наць…”. Тады і адказ будзе змястоўным і поўным.

Пра магчымасці ШІ Ірына Эрыхаўна расказала сваім калегам і нават правяла ўнутры­школьны лікбез па яго выкарыстанні, жадаючы, каб у роднай школе больш настаўнікаў перайшлі на ты з Іванам Іванавічам.

Бліцапытанне

— Якія жыццёвыя каштоўнасці важна закласці ў дзецях з ранняга ўзросту?

— Сумленнасць. Я не прымаю хлусні, крывадушнасці і дзяцей вучу быць сумленнымі. Ведаю, што ім гэта часам цяжка даецца. Ратуючы сябе, дзеці схільны выкруч­вацца, нешта прыдумляць. Але я папярэджваю, што ўсю праўду бачу па вачах. Сумленнасць — гэта больш пра адказнасць. З навыку гаварыць  праўду, не перакладаючы віну на кагосьці іншага, пачынае фарміравацца ўменне адказваць за свае ўчынкі, за свой выбар. А гэта яшчэ і ўсвядомленасць, даросласць.

— Пры ўзрастаючых магчымасцях гаджэтаў з сотнямі і тысячамі электронных гульняў, з развіццём ШІ, ці знаходзіцца на ўроках і ў жыцці дзяцей месца старым добрым кніжкам і казкам, настольным гульням?

— І кнігі, і настольныя гульні — неад’емная частка нашых заняткаў. Дамашняя бібліятэка маіх выхаванцаў на працягу навучальнага года раз у месяц папаўняецца кнігай. Я вяду аб’яднанне па інтарэсах “У гасцях у казкі”, дзе мы чытаем, малюем, ставім інсцэніроўкі. Вядома, спачатку я праводжу гутаркі з бацькамі, якія, на шчасце, дружна падтрымліваюць маё імкненне прывіваць дзецям любоў да чытання і набываюць кнігі. З дзецьмі таксама праводжу падрыхтоўчую работу. Заўсёды ствараю нейкую інтрыгу, каб выклікаць цікавасць да той ці іншай кнігі. Чытанне і абмеркаванне прачытанага — гэта найважнейшы элемент развіцця ў дзецях умення аналізаваць, думаць, задаваць пытанні і шукаць адказы.

Сумесныя гульні, скажам, матэматычнае ці прыродазнаўчае лато або даміно, — гэта не менш важны працэс, падчас якога дзеці, акрамя таго, што пашыраюць слоўнікавы запас, набываюць навыкі камунікацыі, яшчэ вучацца прыгожа выйграваць і годна прайграваць.

— Ірына Эрыхаўна, вы праводзіце раённую канферэнцыю даследчых работ для малодшых школьнікаў. Чым карысная гэтая дзейнасць для дзяцей?

— Конкурс сёлета праводзіўся 9-ы раз. Адзін з ключавых аспектаў даследчай дзейнасці — развіццё ў пачынаючых даследчыкаў пазнавальнай актыўнасці. Яны вучацца не толькі шукаць інфармацыю, але і крытычна яе аналізаваць, рабіць высновы, выпрацоўваць свае рашэнні. А яшчэ прэзента­ваць сваю работу і прадстаўляць сябе, абараняць свой пункт гледжання. Усё гэта — аснова для развіцця творчых здольнасцей і інтэлектуальнага росту дзяцей.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара