Падрыхтаваць добрую працоўную змену для сябе, рэгіёна і краіны — з гэтай задачай паспяхова спраўляюцца ў школах Верхнядзвінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёлета ў Бігосаўскай сярэдняй школе імя Э.В.Лаўрыновіча выпусцілі першую ў раёне профільную групу інжынернай накіраванасці. З трох дзяўчат, якія ў ёй вучыліся, дзве выбралі ў якасці будучай прафесійнай сферы біятэхналогіі і паступілі ў БДТУ. Іх сяброўка аддала перавагу прыкладной інфарматыцы, яна студэнтка інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ. Усе названыя выпускніцы — выдатніцы, скончылі школу з залатымі медалямі. Між тым на падыходзе новая інжынерная група ў 10 класе, прычым у ёй таксама два прэтэндэнты на залатыя медалі.

Дырэктар Бігосаўскай сярэдняй школы Марына Ваяводава разам з дачкой Дар’яй Панкрат, настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі
— Эфектыўнасць работы ў напрамку профільнага навучання найперш залежыць ад якасці педагагічнай працы, — упэўнена дырэктар Марына Ваяводава. — Да таго ж нам пашанцавала, што ў Бігосаве знаходзіцца моцны прамысловы флагман ААТ “Інвет”: мы сябруем і супрацоўнічаем. У нашых партнёраў ёсць, напрыклад, 3D-прынтары, якіх у нас пакуль няма, і дзеці на прадпрыемстве могуць дэталёва вывучаць працэс канструявання, знаёміцца з сучаснымі інжынернымі падыходамі, прычым ва ўмовах рэальнай вытворчасці. Канечне, мы актыўна ездзім і на экскурсіі па айчынных прадпрыемствах. Інжынерныя класы — гэта здорава. На сёння звыш 70 спецыяльнасцей інжынернага профілю дзеці могуць выбіраць для паступлення! Факультатыў цікавы і змястоўны. Вялікі дзякуй у тым ліку БНТУ за распрацоўкі факультатыўных заняткаў, якія настаўніку застаецца толькі адаптаваць да сваёй работы і дапоўніць тым, што ён лічыць неабходным.
Школа ў Бігосаве, што на самым памежжы з Латвіяй, невялікая: у ёй 127 навучэнцаў. Але такой выніковасці работы і многія гарадскія ўстановы адукацыі не супраць былі б дасягнуць.
Установа — у ліку лідараў раёна ў алімпіядным руху і даследчай дзейнасці. Прычым дынаміка ідзе ўверх. Так, за нядаўні час бігосаўская скарбонка папоўнілася 9 перамогамі на другім і адной — на трэцім этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Ёсць падставы ўдакладніць: пакуль адной, бо школьнікі малодшага і сярэдняга звёнаў на абласных дыстанцыйных алімпіядах па вучэбных прадметах атрымалі 3 дыпломы ў 2023/2024 і 5 — у 2024/2025 навучальных гадах. Прадстаўнікі ўстановы адукацыі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі, пераможцамі і прызёрамі мерапрыемстваў конкурснага характару раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
— У напрамку працоўнага выхавання і прафарыентацыі вельмі важны комплексны падыход да арганізацыі занятасці навучэнцаў у свабодны ад вучобы час, — працягвае Марына Ваяводава. — На нашай базе, акрамя школьных, працуюць аб’яднанні па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі, спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. У канікулярны час, акрамя выхаваўча-аздараўленчага лагера, арганізоўваем вучнёўскую вытворчую брыгаду. Акрамя таго, штогод хадайнічаем аб індывідуальным працаўладкаванні летам навучэнцаў на ААТ “Інвет” і ААТ “Баліны” — гэта наша мясцовае сельскагаспрадарчае прадпрыемства. Першыя вынікі работы сістэмы прафарыентацыі можна ацаніць па завяршэнні базавай адукацыі: напрыклад, летась у нас 64% выпускнікоў 9-х класаў паступілі ў каледжы. Сёлета менш, аднак у любым выпадку ў старшыя класы ідуць дзеці, нацэленыя на атрыманне вышэйшай адукацыі і канкрэтны прафесійны напрамак.
З асаблівай увагай педагогі адносяцца да матывацыі моладзі на набыццё патрэбных аграгарадку і раёну спецыяльнасці. Яркі прыклад — юнакі і дзяўчаты, якім пуцёўку ў жыццё далі ў мінулым годзе. Тады 11 класаў скончылі 7 выпускнікоў. Мэтавых дагавораў было заключана 5.
— З сярэдняга звяна мы адбіралі гэтых дзяцей, заахвочвалі і арыентавалі, — каменціруе дырэктар школы. — Клас быў педагагічнай накіраванасці. Тры дзяўчыны з яго вучацца ў Віцебску і Полацку на педагагічных спецыяльнасцях, дзве з іх — па мэтавых накіраваннях. Насамрэч, паколькі клас быў з паглыбленым вывучэннем хіміі і біялогіі, то каэфіцыент карыснага дзеяння профілю можна памножыць на два. Бо яшчэ два мэтавікі з гэтага класа вернуцца ў раён: адна дзяўчына будзе ўрачом, а другая заключыла дагавор з нашым масласырзаводам, яе спецыяльнасць таксама пераклікаецца са школьным профілем. Да таго ж гэты клас скончылі будучы інжынер і лагіст: і яны патрэбныя раёну, чакаем іх. Па мэтавым дагаворы летась паступіла ў каледж адна з нашых выпускніц 9 класа, зноў жа на педспецыяльнасць. Сярод нашых галоўных задач — падрыхтаваць кадры для школы. Мы павінны выгадаваць сабе змену, вывучыць дзяцей, якія потым дакладна да нас прыйдуць на работу. У гарадах моцных выпускнікоў педспецыяльнасцей на ўзлёце разбіраюць, многія працуюць ужо на 3—4 курсах. Ці захочуць яны вярнуцца на малую радзіму — пытанне адкрытае. Хаця ў нас прадугледжаны і 20% сельскай надбаўкі да зарплаты, і выплаты як маладому спецыялісту, прычым на трэці год работы мы іх працягваем па калектыўным дагаворы. І з жыллём прасцей: на першы час ёсць сучасны інтэрнат блочнага тыпу. І побач чыгунка: раніцай сеў на цягнік — а палове адзінаццатай ты ўжо ў сталіцы, не кажучы пра Полацк і Віцебск, да якіх хутчэй дабірацца. Але ўсё ж менавіта мэтавыя дагаворы — аптымальны варыянт.
З новага навучальнага года ў школе працуе малады спецыяліст-мэтавік. А ўсяго ў калектыве з 22 педагогаў 14 — ураджэнцы Верхнядзвінскага раёна, 6 з іх — выпускнікі школы, уключаючы дырэктара і яе дачку Дар’ю Панкрат, настаўніцу матэматыкі і інфарматыкі. Яна, дарэчы, была класным кіраўніком у згаданым педкласе і вядзе профільны факультатыў у будучых інжынераў.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





