Педагог Жлобінскага дзіцячага сада з дапамогай развіццёвых гульняў, ды і ўласным прыкладам, фарміруе ў дзяцей крэатыўнае мысленне, развівае творчы патэнцыял. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З лёгкім дарам
Гавораць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Але галоўная якасць такога чалавека — любоў да людзей і да сваёй справы. Асабісты прыклад выхавальніка дзіцячага сада № 15 Жлобіна здзіўляе, уражвае і сапраўды натхняе. Таццяна Міхайлава — рознабаковая асоба, яна ў пастаянным руху, развіцці, а яе хобі і захапленні шматгранныя: удзельнік фальклорнага ансамбля песні і танца калектыву педагогаў “Паванькі”, вяжа, шые, стварае неверагодна прыгожых лялек, унікальныя брошкі. Колькі яна сябе памятае, заўсёды яе цягнула да творчасці і рукадзелля.
У студэнцкія гады змайстравала цудоўны таршэр, які да гэтага часу ўпрыгожвае прастору музея Рагачоўскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Педагог у прафесіі ўжо 23 гады, за гэты час паспела зарэкамендаваць сябе з лепшага боку як сапраўдны профі, пра гэта сведчаць таксама шматлікія ўзнагароды. Напрыклад, Таццяна Мікалаеўна стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД “Майстэрства без меж”. У міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, які аб’яднаў удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Грузіі, Узбекістана, Славеніі, у складзе фальклорнага ансамбля “Паванькі” ўдастоена гран-пры ў намінацыі “Тэатр моды “Лепшая калекцыя адзення”. Педагог распрацавала эскіз вырабу і ўвасобіла сваю арыгінальную ідэю ў жыццё. Сукенка атрымалася цудоўнай, сэнсавыя элементы, выкананыя ў дэкаратыўнай тэхніцы — выцінанцы, сфарміравалі ўнікальны ўзор — дрэва жыцця.
— Карпатлівая праца заняла некалькі тыдняў, — дэманструючы ўбор, расказвае педагог. — Фактычна ў 3D-фармаце праглядаецца малюнак, які вельмі сімвалічны для мяне. Бо дрэва жыцця ўвасабляе ў сабе ідэю развіцця, прагрэсу, дабрабыту, адлюстраванне чалавека ў свеце, сувязь з прыродай, з сям’ёй.
А зусім нядаўна Таццяна Мікалаеўна захапілася стварэннем арыгінальных упрыгажэнняў — брошак з пацерак і крышталёў. Гэтыя брошкі тэматычныя і, мабыць, цешаць нават больш, чым новая сукенка. І гэта далёка не ўсе добрыя якасці педагога, яна стараецца ўвесь час абнаўляць свае веды, імкнецца да самаразвіцця.
Радасць дасягненняў
Для ўсебаковага і творчага развіцця дзяцей Таццяна Мікалаеўна ў рабоце ўкараняе сучасныя методыкі. Педагог ужо 7 гадоў выкарыстоўвае шматфункцыянальную цэласную тэхналогію гульняў Вячаслава Васкабовіча і запэўнівае, што хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца па гэтай праграме, выдатна падрыхтаваны да школы.
— Дзеці, якія працуюць па тэхналогіі Васкабовіча, пачынаюць рана чытаць, хутка рашаць матэматычныя задачы, умеюць лагічна мысліць, да ўсяго падыходзяць творча, — тлумачыць Таццяна Міхайлава. — Яркія дапаможнікі прыцягваюць увагу, пры гэтым яны шматфункцыянальныя, таму ўяўляюць сабой некалькі гульняў, якія адначасова і развіваюць.
Па словах педагога, методыка — асаблівая, самабытная, творчая і вельмі добрая. У аснову закладзены тры асноўныя прынцыпы — цікавасць, пазнанне, творчасць. Гэта не проста гульні, гэта казкі, прыгоды, пацешныя персанажы, якія падахвочваюць маленькіх дзетак да мыслення. Каб быў зразумелы працоўны прынцып дзеяння, суразмоўніца прапануе разгледзець “Квадрат Васкабовіча” і зрабіць з яго цукерку. Гульня ўяўляе сабой 32 жорсткія трохвугольнікі, наклееныя з двух бакоў на гнуткую аснову. З аднаго боку квадрат зялёнага і жоўтага колеру, з другога — сіняга і чырвонага. Пакруціўшы аснову ў руках, па лініях згіну атрымліваеш нешта падобнае на ірыску. Крыху пазней квадрат трансфармуецца ў падобны ласунак “Мішкі на поўначы” — проста, але, з іншага боку, як дзіўна гэта ўсё працуе. Дарэчы, трансфармацыі могуць быць самымі разнастайнымі, напрыклад, з плоскай фігуры лёгка можа атрымацца аб’ёмная.

Дарэчы, Таццяна Мікалаеўна была адной з першых, хто ўкараніў гэтую тэхналогію ў адукацыйны працэс у Жлобінскім раёне, спецыялізаваныя курсы сталі зыходным пунктам далейшага развіцця ў гэтым напрамку.
— Выхаванцы дзіцячага сада наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Падрыхтоўка да школы з элементамі тэхналогій Васкабовіча”, напрацавана добрая база, шмат дапаможнікаў зроблена сваімі рукамі, — з гонарам прамаўляе выхавальнік. — Маленькім чамучкам падабаюцца заняткі, гэтая методыка, таму што ўсё адбываецца ў фармаце казкі, дзе кожнае дзіця ўжываецца ў ролю персанажа. Адначасова гульня “Фіялетавы лес” дазваляе вырашаць мноства адукацыйных задач — сэнсарны куток знаёміць з эталонамі форм, колеру і памеру. “Каўрограф Ларчык” дазваляе выконваць цікавыя гульнявыя практыкаванні, накіраваныя на развіццё памяці, увагі, мыслення, уяўлення, спрыяе сэнсарнаму развіццю дзяцей, выкананню складаных вакамерных дзеянняў. Любімыя канструктары ў выхаванцаў — “Цуда-крыжыкі 3” і LEGO, яны спрыяюць узбагачэнню ўяўленняў аб сэнсарных уласцівасцях і якасцях, развіццю ўспрымання колеру, формы, велічыні, адносін “частка — цэлае”, трэніроўцы дробнай маторыкі рук, вучаць фантазіраваць і ствараць нешта новае. Працуем у парах і ў групах, вядома, больш упор робім на матэматыку. Скажам, гульня-галаваломка “Чароўная васьмёрка” дазваляе праводзіць тактыльны і аптычны аналіз лічбаў, канструяваць іх, запамінаць іх графічныя выявы, развіваць дробную маторыку і каардынацыю руху пальцаў рук.
Акрамя шматфункцыянальнай цэласнай тэхналогіі гульняў, на занятках выкарыстоўваецца ўнікальны і просты метад запамінання і сістэматызацыі інфармацыі — інтэлектуальныя карты, з іх дапамогай развіваюцца як творчыя, так і маўленчыя здольнасці дзяцей, актывізуецца памяць і мысленне. Метад інтэлект-карт грунтуецца на наглядна-вобразным успрыманні інфармацыі, якое з’яўляецца асноўным у дашкольным узросце, падахвочвае дзіця да выяўлення і асэнсавання навакольнага свету.
— Інтэлект-карта складаецца па асобнай тэме, у ходзе даследавання дашкольнікі становяцца актыўнымі ўдзельнікамі працэсу асэнсавання і стварэння разумнай карты, засвойваюць новы метад пазнання, — акцэнтуе ўвагу суразмоўніца. — Пры такім падыходзе дашкаляты лепш могуць запомніць складаны матэрыял, растлумачыць для сябе нейкае пытанне. Напрыклад, як расце лён, як яго апрацоўваюць і што з яго вырабляюць. А яшчэ нашым дзецям і іх бацькам падабаецца працаваць па адвент-календары. Усе ведаюць, у чым яго асаблівасць, а для маленькіх гэта гульня, накіраваная на развіццё пазнавальнай актыўнасці, самастойнасці і павышэнне самаацэнкі. Акрамя таго, мамы і таты праяўляюць цікавасць, удзельнічаючы ў прапанаваных заданнях, гэта неверагодным чынам аб’ядноўвае сям’ю. Я вельмі ўдзячная бацькам, якія падтрымліваюць у рэалізацыі крэатыўных ідэй, яны заўсёды рады далучыцца да чэленджа, праявіць сябе ў конкурсах.
Ва ўстанове адукацыі імкнуцца ісці ў нагу з часам, і наколькі займальным і пазнавальным будзе падарожжа маленькіх чамучак у краіну дзяцінства, залежыць толькі ад педагогаў. А работа з хлопчыкамі і дзяўчатамі падштурхоўвае знаходзіць новыя рэсурсы для больш насычанай адукацыйнай дзейнасці, здольнай утрымаць цікавасць у вачах кожнага дзіцяці. А што атрымлівае педагог узамен? Шчаслівыя погляды выхаванцаў, радасць ад іх дасягненняў, няхай невялікіх, але такіх значных у іх узросце.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





