Палова ўдзельнікаў інавацыйнага праекта, які рэалізовываўся ў Крошынскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна, выбралі прафесіі АПК. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Мы ідзём па ўстанове адукацыі. Сярод традыцыйных насценных выстаў малюнкаў, карцін, стэндаў — экран дасягненняў вучнёўскіх калектываў. Крытэрыі самыя розныя — ад сярэдняга вучэбнага бала класа і адсутнасці заўваг напрыканцы месяца да актыўнасці ў экскурсіях, карысных справах, шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах.

— Дзеці імкнуцца сабраць як мага больш зорачак, — тлумачыць дырэктар Наталля Сіліцкая. — Добрыя вынікі падахвочваюць да дзеянняў і сведчаць пра зладжаную камандную работу.
Цэлая папка асабістых і агульнакамандных дыпломаў дзяцей і педагогаў сведчыць, што ў школе шмат талентаў. Адукацыйны працэс пабудаваны з улікам прынцыпаў дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання. Дзеці прыязджаюць сюды атрымліваць веды з 14 населеных пунктаў, прыкладна палова вучняў — на падвозе. Тут створаны ўсе ўмовы для адукацыі асаблівых дзяцей у пяці класах інтэграванага навучання і выхавання (18% вучняў), працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Пра якасць работы калектыву навучальнай установы сведчыць наяўнасць у школе медалістаў, пераможцаў алімпіяд і конкурсаў.
Па закліку сэрца
На чарговай сцяне — галерэя здымкаў ветэранаў педагагічнай працы, настаўнікаў са значным укладам у прафесію.
— Гэта нашы захавальнікі вопыту і лепшых традыцый, — з гордасцю гаворыць Наталля Францаўна. — Для многіх выпускнікоў яны сталі сапраўднымі пуцяводнымі зоркамі на шляху ў прафесію. З 22 настаўнікаў, якія сёння выкладаюць у школе, 7 — нашы былыя вучні.
Як высвятляецца ў ходзе размовы, многія выпускнікі актыўна выбіраюць прафесіі аграрнага профілю. Варта нагадаць, што з 2014 года школа працуе ў інавацыйным і эксперыментальным рэжыме. Першы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя рэгіянальным аграпрамысловым комплексам” завяршыўся паспяхова. Вынікі ўражваюць: з 75% выпускнікоў 11 класа — удзельнікаў інавацыйнага праекта 50% выбралі прафесіі АПК.
У школе ад малога да вялікага разумеюць устаноўку Прэзідэнта Беларусі, што дабрабыт дзяржавы і яе харчовая бяспека знаходзяцца ў руках працаўнікоў сяла. ААТ “Крошын” — адно з найбуйнейшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, добра вядомых у краіне высокімі паказчыкамі ў вытворчасці малочна-мясной прадукцыі і ў раслінаводстве. Невыпадкова многія хлопцы і дзяўчаты не з’язджаюць у горад, хоць ён зусім побач, а застаюцца на малой радзіме. Гэта вынік сістэмнай работы школы, прадпрыемства, сельскага выканкама. Прадстаўнікі мясцовай улады, спецыялісты гаспадаркі і сам кіраўнік Уладзімір Дзмітрыевіч Шчарбацэвіч пастаянна сустракаюцца з педагогамі і навучэнцамі, знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі сельгасвытворчасці, расказваюць аб дзяржаўнай падтрымцы сяла. Акцэнтуюць увагу на тым, што ўсё атрымліваецца дзякуючы зладжанай рабоце калектыву і дакладнаму выкананню вытворчых задач. Патрыятызм, веды, адказнасць і дысцыпліна — складнікі поспеху. Педагогі і спецыялісты імкнуцца да таго, каб школьнікі трывала засвоілі гэты прынцып і свядома кіраваліся ім у жыцці. Вучняў з добрымі адукацыйнымі вынікамі адміністрацыя ААТ “Крошын” штогод заахвочвае грашовымі прэміямі.
Практычныя вынікі
Час ад часу мы заходзім у класы, дзеці ўстаюць з-за парт і шчыра вітаюць нас. Усе кабінеты ўкамплектаваны тэхнікай, абсталяваннем.
— Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі і райвыканкама, наша школа мае сучасны выгляд, — падкрэслівае дырэктар.
Асаблівую ўвагу яна звяртае на абноўлены харчаблок з абедзеннай залай, адзначае, што гэта дазволіла значна палепшыць арганізацыю і якасць харчавання школьнікаў.
Нарэшце дабіраемся да кабінета дырэктара. На рабочым стале раскладзены лісты з дыяграмамі і лічбамі. “Працуем у чарговым праекце”, — тлумачыць гаспадыня. З 2022 года школа ўдзельнічае ў эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022—2026
гадах”.
— За тры гады ўдзелу ў праекце мы працавалі па эксперыментальных вучэбных планах у 5—6 і 10—11 класах. А гэта вывучэнне трох прадметаў на павышаным узроўні за кошт аптымізацыі колькасці гадзін іншых дысцыплін, — уключаецца ў размову намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Балейчук.
Вынікі першай групы навучэнцаў з выкарыстаннем эксперыментальнага вучэбнага плана на ЦЭ па беларускай мове натхняюць. Усе шэсць удзельнікаў атрымалі адзнакі 8—10 балаў. Дарэчы, 67% навучэнцаў павысілі свае гадавыя адзнакі, у тым ліку па іншых прадметах. Адзін вучань прайшоў дыстанцыйнае навучанне з абаронай праекта ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і стаў студэнтам БНТУ ўжо напрыканцы красавіка. Эксперыментальная група навучэнцаў 6 класа ў параўнанні з мінулым навучальным годам павысіла сярэднія балы па англійскай мове — з 7,8 да 8,3, па матэматыцы і рускай мове — з 7,6 да 8.
У школе ёсць усе спецыялісты. А гэта трывалы падмурак якаснай арганізацыі профільнага навучання на III ступені, вывучэння на павышаным узроўні вучэбных прадметаў і дапрофільнай падрыхтоўкі ў 5—9 класах. Так, у бягучым навучальным годзе працягваюць вывучаць англійскую мову на павышаным узроўні вучні 7 класа, у планах — арганізацыя ў гэтай жа групе школьнікаў вывучэння матэматыкі і фізікі на павышаным узроўні і адкрыццё 10 класа інжынернай накіраванасці. Створаны 10 клас педагагічнай накіраванасці з вывучэннем двух профільных прадметаў на павышаным узроўні. Двое навучэнцаў цвёрда вызначыліся ў выбары прафесіі настаўнікаў рускай мовы і літаратуры і геаграфіі.

— Працуючы ў новым рэжыме, мы ўбачылі практычныя вынікі работы па эксперыментальных вучэбных планах, — падкрэслівае Ірына Мікалаеўна. — Гэта выдатная магчымасць ствараць умовы для самарэалізацыі, самавыяўлення, самавызначэння навучэнцаў і творчасці настаўнікаў. І гэта пры тым, што ў нас не так многа вучняў. На маю думку, вельмі важна, каб школа самастойна магла адаптаваць вучэбныя планы і праграмы з улікам спецыфікі ўстановы і кантынгенту дзяцей.
Адным словам, павучыцца ў школе ёсць чаму. Напрыклад, арганізацыі выхаваўчай работы.
Сіла традыцый
— Важна, каб у школе існавалі свае традыцыі. Гэта аб’ядноўвае куды больш, чым самыя палымяныя заклікі, — адзначае дырэктар. — А ва ўстанове іх багата. Нядаўна на прыгожай сцяне калідора размясціліся словы пра якасці беларусаў. Для нашых вучняў гэта не абстрактныя паняцці, а дзейсныя пачуцці, якімі яны валодаюць.
Заходзім у школьны музей народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма і адразу трапляем у асяроддзе творчай працы.
— Наш музей — жывая гісторыя, якая не дае разарвацца сувязі часоў і пакаленняў. Дзеці яе вывучаюць, даследуюць, расказваюць і паказваюць на мясцовым матэрыяле, праводзяць экскурсіі, — расказвае Ірына Мікалаеўна.
Асаблівым пунктам прыцягнення дзяцей і дарослых стаў адкрыты рэгіянальны фестываль кавальскай справы “Крашынскі перазвон”, які прайшоў пяты раз. Вядома ж, кавальская справа славутага земляка — у асобай пашане. Да таго ж крошынцы кожны дзень пішуць новую гісторыю з непаўторным гучаннем. Не так даўно фінал першага творчага конкурсу “СуперКрошын-2025” выявіў самых таленавітых удзельнікаў. Дарэчы, сярод пераможцаў у сферы адукацыі і навукі — дырэктар Наталля Сіліцкая. У раёне прынята ўслаўляць чалавека-працаўніка і творцу. Традыцыйна ладзяцца святы вёсак, дзе ўшаноўваюць працоўныя дынастыі, ветэранаў вытворчасці, гаспадароў лепшых падворкаў. Людзі адчуваюць увагу да сябе. І цэняць рэальныя справы. Цяпер зразумела, чаму мясцовыя жыхары з гордасцю падкрэсліваюць, што яны крошынскія, а моладзь хоча тут жыць і працаваць. Як высвятляецца ў ходзе размовы, дэмаграфічная сітуацыя ў аграгарадку мае станоўчую тэндэнцыю. А гэта будучыня!
Звініць дзіцячымі галасамі Крошынская школа! Напэўна, сіла яе — у сплаве традыцый і навацый, сутворчасці і з’яднанасці.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара





