Як у Мар’інагорскім каледжы рыхтуюць спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны

- 9:00Главная, Образование

Тыдзень назад у каледжах пачалася ўступная кампанія на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёння краіне асабліва патрэбны спецыялісты для АПК, якіх у Мінскай вобласці рыхтуе Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна­-тэхнічны каледж імя У.Я.Лабанка. Якім чынам — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” запыталася ў дырэктара ўстановы Сяргея Саскаўца.

Да ўвагі абітурыента-2025

— Сяргей Станіслававіч, што сёння сабой уяўляе ваш каледж і якіх спе­цыялістаў вы рыхтуеце?

Наш каледж мае амаль 150-гадовую гісторыю. Сёння гэта буйны адукацыйны комплекс з сучаснымі аўдыторыямі, лабараторыямі, вытворчымі майстэрнямі. Усяго ў нас вучыцца каля 700 юнакоў і дзяўчат. Для іх паступленне ў наш каледж стала першым крокам да запатрабаванай спецыяльнасці, цікавай работы і будучага кар’ернага росту. Зараз аграпрамысловаму комплексу краіны асаб­ліва патрэбны кваліфікаваныя кадры сярэдняга звяна — спецыялісты з высокай прафесійнай кампетэнтнасцю і арганізатарскімі навыкамі, здольныя самастойна пры­маць кіраўніцкія рашэнні. Менавіта такія кадры мы і рыхтуем.

Дарэчы, наш каледж — адзіны ў Мінскай вобласці і найстарэйшы ў краіне, дзе вя­дзецца падрыхтоўка спецыялістаў для АПК па трох спецыяльнасцях. Выпускнікоў 9-х класаў мы запрашаем на “Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання”, “Эксплуатацыю энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”. На апошнюю спецыяльнасць да нас паступаюць і адзінаццацікласнікі. На завочнае навучанне могуць паступаць толькі тыя, хто мае атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі на дзве спецыяльнасці: “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”.

Штогод кантрольныя лічбы прыёму (КЛП) мы фарміруем выключна на падставе заявак заказчыкаў кадраў. Пры гэтым заўсёды вывучаем рэальную і перспектыўную патрэбнасць рэгіёна ў спецыялістах аграрнага профілю, а таксама ўлічваем дэмаграфічную сітуацыю ў раёне і вобласці. Між іншым КЛП за апошнія два гады выкананы на 100%, што сведчыць аб запатрабаванасці нашых спецыяльнасцей. Сёлета мы набіраем 246 абітурыентаў на дзённы бюджэт і 15 — на платную завочную форму навучання па спецыяльнасці “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”.

Варта адзначыць, што нашы навучэнцы ў час вучобы паралельна набываюць і рабочыя прафесіі: вадзіцеля грузавога і легкавога аўтатранспарту, трактарыста-машыніста, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, кладаўшчыка.

— Высокая якасць вашай адукацыі адкрывае шлях да прафесійнай самарэалізацыі навучэнцаў. А дзе яны працуюць пасля заканчэння каледжа?

Нашымі заказчыкамі кадраў выступаюць шматлікія арганізацыі аграпрамысловага комплексу Міншчыны: Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, “Дрычын”, Мінскі малочны завод № 1, “Старадарожскае”, “Профітагра”, “Вішнявецкі-Агра”, “Слуцкая Ніва”, “Крывая Града”, Слуцкі сыраробны камбінат, Мінскі завод пеністых він,  “Мінскметрабуд”, “Новы Бор”, “Пухавіцкі рай­аграсэрвіс” і інш. У іх пасля заканчэння каледжа з задавальненнем працуюць нашы выпускнікі, а іх кіраўнікі заўсёды задаволены ўзроўнем іх падрыхтоўкі. Дарэчы, у гэтым годзе мы плануем набраць 49 мэтавікаў па ўсіх трох спецыяльнасцях.

— Што важна памятаць абітурыентам пры паступленні ў ваш каледж?

Пачнём з таго, што навучанне ў каледжы вядзецца на бюджэтнай аснове. Прыём дакументаў у гэтым годзе ажыццяўляецца з 18 ліпеня па 1 жніўня на аснове базавай адукацыі і з 18 ліпеня па 6 жніўня на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Залічэнне на ўсе спецыяльнасці дзённага аддзялення праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Хочацца звярнуць увагу, што сучасныя выпускнікі каледжа маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў аграрных УВА і атры­маць вышэйшую адукацыю па адпаведных або роднасных спецыяльнасцях у скарочаныя тэрміны. Пры такім варыянце паступлення ва ўніверсітэт неабходна здаць толькі два ўступныя экзамены па профільных дысцыплінах, што вывучаліся ў каледжы.

Мар’інагорскі каледж — гэта не толькі вучоба, але і магчымасць для асобаснага росту і развіцця. Скарыстайцеся гэтым шансам.

У нашых навучэнцаў насычанае жыццё, бо асаблівую ўвагу мы ўдзяляем развіццю іх творчых здольнасцей. У каледжы працуюць аб’яднанні па інтарэсах па танцавальным і тэатральным мастацтве, эстрадным вакале. А яшчэ ўсе жадаючыя могуць асвоіць ганчарную справу і навучыцца ствараць вырабы са скуры. Нядзіўна, што нашы навучэнцы — пастаянныя пераможцы абласных і рэспубліканскіх выстаў тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Ёсць у нас і ўласны музей гісторыі каледжа, які можна смела назваць пошукава-даследчай лабараторыяй. У ёй нашы юнакі і дзяўчаты не толькі апрацоўваюць матэрыялы, але і самі праводзяць экскурсіі, рыхтуюць тэматычныя вечары. А нашы спартсмены рэгулярна ста­новяцца чэмпіёнамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Асобасны рост

— У чым галоўная місія каледжа?

Забяспечыць АПК кваліфікаванымі, канкурэнтаздольнымі і сацыяльна адказнымі спецыялістамі, якія валодаюць сучаснымі ведамі, практычнымі навыкамі і кампетэнцыямі, неабходнымі для эфектыўнага развіцця сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі краіны.

Наша ўстанова выконвае адукацыйную, інтэлектуальную, сацыяльную і культурную функцыі, накіраваныя на задавальненне інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

Дзейнасць каледжа накіравана на фарміраванне прафесійных ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама на інтэлектуальнае, маральнае, творчае і фізічнае развіццё асобы навучэнца.

— Сяргей Станіслававіч, а што дапамагае вырашаць задачы, пастаўленыя і кіраўніком дзяржавы, і Міністэрствам адукацыі? І ўвогуле, якія ўмовы неабходны для эфектыўнай работы каледжа?

Хацелася б вылучыць некалькі ключавых фактараў, якія дапамагаюць нам паспяхова вырашаць усе задачы. Па-першае, мы дасканала вывучаем і аналізуем усе дырэктывы і ўказы Прэзідэнта краіны, а таксама загады, пастановы і метадычныя рэкамендацыі адукацыйнага ведамства. Гэта дапамагае нам дакладна разумець прыярытэты развіцця сістэмы адукацыі ў цэлым і нашага каледжа ў прыватнасці. На аснове гэтых дакументаў распрацоў­ваем уласныя планы і праграмы развіцця, якія адпавядаюць агульнадзяржаўным мэтам і ўлічваюць спецыфіку нашай установы адукацыі.

Па-другое, у нас сфарміраваны моцны і згуртаваны калектыў выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання і адміністрацыйных работнікаў, якія адданы сваёй справе і імкнуцца да пастаяннага прафесійнага росту. Мы актыўна падтрымліваем ініцыятывы нашых педагогаў, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі і ўкараненне інавацыйных методык навучання.

Па-трэцяе, мы пастаянна працуем над паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа, абнаўляем вучэбныя кабінеты і майстэрні, набываем сучаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне. Актыўна ўкараняем у адукацыйны працэс інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што дазваляе рабіць навучанне больш інтэрактыўным і цікавым для навучэнцаў.

Па-чацвёртае, ствараем умовы для развіцця творчых здольнасцей і навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, арганізоў­ваем конкурсы прафесійнага майстэрства, алімпіяды і канферэнцыі.

Па-пятае, у каледжы функцыянуе дакладная сістэма кіравання, якая дазваляе аператыўна вырашаць пытанні і каардына­ваць работу ўсіх падраздзяленняў.

Мы перакананы: поспех нашай дзейнасці залежыць ад сумесных намаганняў усяго калектыву каледжа, падтрымкі з боку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Мінадукацыі, арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншых зацікаўленых бакоў. Да таго ж мы адкрыты для супрацоўніцтва і гатовы дзяліцца сваім вопытам з калегамі.

— Дзякуй за размову! Новых поспехаў вам і вашаму каледжу!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі