Як у Пружанах рыхтуюць механікаў, электрыкаў, аграномаў і арганізатараў вытворчасці для сельскай гаспадаркі

- 11:13Абитуриент, Образование

Пружанскі дзяржаўны аграрна­тэхнічны каледж — гэта шматструктурная ўстанова адукацыі з 70­-гадовай гісторыяй і вялікім вопытам па падрыхтоўцы кадраў для сельскай гаспадаркі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выбар прафесіі

Сёння ў каледжы можна асво­іць адну з чатырох спецыяль­насцей: “Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання”, “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Эксплуатацыя энергетычнага абсталявання ў сельскай гаспадарцы”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”. Мо­ладзь з розных рэгіёнаў Брэcтчыны прыязджае сюды, каб атрымаць запатрабаваную прафесію, якая гарантуе працаўладкаванне і магчымасць вучыцца далей.

Паглыбляючыся ў вывучэнне вытворчасці прадукцыі расліннага паходжання, юнакі і дзяўчаты знаёмяцца з перадавымі метадамі вырошчвання палявых, садовых, агародных культур, распрацоўкамі па ўкараненні тэхналогій для барацьбы са шкоднікамі, хваробамі раслін і пустазеллем. Будучыя аграномы, адвучыўшыся 3 гады і 7 месяцаў пасля 9 класаў, атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг”, а таксама рабочыя прафесіі кладаўшчыка, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі В, вадзіцеля колавых трактароў і самаходных машын катэгорыі С.

— Тыя, хто зацікавіўся арганізацыяй сельскагаспадарчай вытворчасці, у будучыні, як правіла, становяцца кіраўнікамі сярэдняга звяна ў АПК, загадваюць фермамі, сельскагаспадарчымі комплексамі, — расказвае дырэктар каледжа Дзмітрый Чайкоўскі. — Нашы выпускнікі займаюцца арганізацыяй вытворчых і тэхналагічных працэсаў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, складаюць севазвароты, травасумесі, адказваюць за сістэмы апрацоўкі глебы, угнаенне сельскагаспадарчых раслін, арганізуюць нарыхтоўку і захоўванне кармоў.

Гэтую спецыяльнасць можна набыць пасля 9 класаў за 2 гады 10 месяцаў. Пры гэтым юнакі і дзяўчаты таксама атрымліваюць рабочыя прафесіі кладаўшчыка і вадзіцеля катэгорыі В.

Тыя, хто вырашае стаць тэхнікам-механікам або тэхнікам-­электрыкам, могуць падаваць дакументы як пасля 9, так і пасля 11 класа. Вучоба на аснове базавай адукацыі зойме тры з паловай гады, а на базе агульнай сярэдняй — на год менш. Дарэчы, гэтыя спецыяльнасці сёння самыя запатрабаваныя.

Падчас вучобы механікі атрымліваюць рабочыя прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, вадзіцеля аўтамабіля катэгорый В і С, ва­дзіцеля колавых трактароў і самаходных машын катэгорый C і D, а таксама самаходных машын сельскагаспадарчага прызначэння катэгорыі F. Электрыкі ж адначасова асвойваюць рабочыя прафесіі электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, слесара-электрыка па рамонце электраабсталявання 3—4-га разраду, вадзіцеля катэгорыі В.

Сёння ў каледжы атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю 980 навучэнцаў. Большасць — на аснове базавай адукацыі і на дзённай форме навучання. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі вучацца 358 чалавек. Кожны год установа адукацыі прымае каля 200 навучэнцаў на першы курс, з іх каля 50% — мэтавікі. Навучанне праходзіць у чатырох вучэбных карпусах, два з якіх прызначаны для практычнай падрыхтоўкі. У чатырох інтэрнатах пражывае больш за 500 юнакоў і дзяўчат.

Кадры для АПК

У Пружанскім раёне, вядомым сваімі аграрнымі прадпрыемствамі, спецыялісты ў сферы сельскай гаспадаркі заўсёды нарасхват. ААТ “Ружаны-Агра”, “Жураўлінае”, “Агра — Калядзічы”, філіял найбуйнейшага аграхолдынга краіны ААТ “Белавежскі” зацікаўлены ў маладых спецыя­лістах і з’яўляюцца асноўнымі заказчыкамі кадраў. Менавіта на гэтыя прадпрыемствы адпраўляюцца на тэхналагічную і пераддыпломную практыку навучэнцы на трэцім і чацвёртым годзе навучання. Туды ж часта размяркоўваюцца і выпускнікі.

На першым курсе навучэнцы, якія паступілі пасля 9 класа, вывучаюць агульнаадукацыйныя прадметы. За адзін год ім трэба засвоіць двухгадовую школьную праграму старшых класаў. На другім курсе яны ўжо больш дасканала знаёмяцца з прафесіяй. Першую практыку праходзяць у вучэбных майстэрнях і лабараторыях,
на 25 га вучэбнага поля, на аўтатрактарадроме. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы ўключае 56 адзінак аўтатрактарнай тэхнікі, машын і абсталявання.

— Новаўвядзенне апошніх гадоў, якое закранула адукацыйны працэс, — гэта адыход ад напісання дыпломных работ і пераход да экзаменацыйнай сістэмы праверкі і кантролю ведаў за ўвесь курс навучання, — удакладняе Дзмітрый Уладзіміравіч. — Выпускнікі зда­юць комплексны экзамен, які складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак. На нашу думку, такая форма кантролю больш інфарматыўная і дазваляе аб’ектыўна ацэнь­ваць узровень ведаў і іх сістэмнасць, а таксама практычныя навыкі выпускнікоў.

Сёння ў каледжы працуе 97 педагагічных работнікаў, у тым ліку 16 майстроў вытворчага навучання, пяць выхавальнікаў, два педагогі сацыяльныя, педагог-псіхолаг. Педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў, форм і метадаў для павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, матывацыі моладзі. На працягу пяці гадоў ва ўстанове праводзіцца міжнародная канферэнцыя “Інавацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва, у прыватнасці, беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі. З 2022 го­да каледж супрацоўнічае з Кемераўскім аграрным тэхнікумам імя Г.П.Левіна, навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у сумесных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах.

Той, хто хоча вучыцца, упэўнены Дзмітрый Чайкоўскі, заўсёды знойдзе, дзе прымяніць свае творчыя, арганізатарскія, інтэлектуальныя здольнасці і прафесійныя ўменні. У гэтым навучальным годзе на рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”, дзе выступілі 26 каманд-удзельніц з 15 устаноў адукацыі краіны, у намінацыі “Сельская гаспадарка” (узровень ССА) старшакурснікі па трох спецыяльнасцях заваявалі дыпломы II ступені.

Прадстаўнікі каледжа з 2018 го­да паспяхова ўдзельнічаюць у прэс­тыжным конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus. Сёлета ўстанова адукацыі паўтарыла паспяховы вынік папярэдніх гадоў. У намінацыі “Аграномія” навучэнцы занялі 2-е месца, а ў намінацыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” — 3-е. Штогод будучыя вадзіцелі і трактарысты становяцца пераможцамі абласнога адкрытага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання.

У мінулым годзе дасягненні навучэнцаў папоўніліся дыпломам II ступені рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю стартап-праектаў “Скарбонка”, дыпломам I ступені дыстанцыйнай віктарыны “Лю­дзі, падзеі, факты” сярод студэнтаў і навучэнцаў суб’ектаў Расіі і Беларусі, дыпломам III ступені Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі ў намінацыі “Харэаграфічны жанр”.

Платна ў каледжы можна дадаткова асвоіць наступныя працоўныя прафесіі: вадзіцель аўтамабіля
катэгорый В, С; вадзіцель колавых трактароў катэгорый C, D і самаходных машын сельскагаспадарчага прызначэння катэгорыі F. Таксама вадзіцелям прапануецца прайсці перападрыхтоўку з катэгорыі B на С, з С на СЕ, з С на D, а трактарыстам — з катэгорыі С на D, з СD на F і з С на E. Навучэнцы 10—11 класаў на базе каледжа могуць атрымаць спецыяльнасці “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 1-га разраду”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”.

 Што тычыцца прафесійнага развіцця, ва ўсіх выпускнікоў ёсць магчымасць працягнуць бесперапыннае навучанне ва УВА, з якімі заключаны адпаведныя дагаворы аб супрацоўніцтве. На сённяшні дзень гэта БДСГА ў Горках, ГрАУ, БарДУ, БДТУ, БДАТУ.

Выхаванне і спорт

Атрымліваючы прафесію, моладзь таксама развіваецца творча, наведваючы аб’яднанні па інтарэсах танцавальнай і эстраднай накіраванасці, удзельнічаючы ў валанцёрскім руху, захапляючыся дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасцю, краязнаўствам.

На рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў ССА распрацоўка навучэнцаў пад кіраўніцтвам выкладчыка Дзяніса Вашкевіча “СВЯТЛАПОР-1” (дрывакол на сонечных батарэях) адзначана дыпломам II ступені ў намінацыі “Энергетыка і энерга­зберагальныя тэхналогіі”.

У каледжы ёсць музейныя пакоі: “Зала гісторыі рамёстваў і промыслаў Пружаншчыны”, “Зала Перамогі”, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы маршалаў Г.К.Жукава, К.К.Ракасоўскага, І.І.Якубоўскага.

Нямала ўвагі педагогі каледжа ўдзяляюць спорту і здароваму ладу жыцця. Навучэнцы не толькі займаюцца валейболам, баскетболам, міні-футболам, настольным тэнісам, плаваннем, мнагаборствам, але і ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах гарадскога, раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. На працягу апошніх трох гадоў установа адукацыі ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў абласной спартакіядзе навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

У мінулым годзе пералік спартыўных перамог папоўнілі прызавыя месцы ў шэрагу абласных фінальных спаборніцтваў: па летнім (дыплом I ступені) і зімовым (дыплом II ступені) мнагаборстве “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту (узровень устаноў ССА); два дыпломы I ступені па летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе” сярод мужчынскіх каманд (узровень устаноў ССА). На ўзроўні вобласці юныя аматары спорту заваявалі дыплом III ступені па плаванні, дыплом II ступені па лёгкаатлетычным мнагаборстве, дыплом III ступені па міні-футболе. У гэтым навучальным годзе сярод перамог аматараў спорту дыплом III ступені па баскетболе, дыпломы II ступені па зімовых многаборствах “Абаронца Айчыны” і “Здароўе”.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва каледжа