Як у Салігорскім дзяржаўным каледжы развіваюць прафесійныя кампетэнцыі будучых спецыялістаў

- 9:00Главная, Образование

На рахунку навучэнцаў каледжа шмат разнастайных перамог. Што дапамагае іх дасягаць, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У каледжы рыхтуюць кад­ры для машынабудаўнічай і будаўнічай галін эканомікі і спецыялістаў педагагічнага профілю па 13 спецыяльнасцях і 20 кваліфікацыях. На чатырох аддзяленнях каледжа вучыцца больш за тысячу юнакоў і дзяўчат.

З першых дзён

Педагогі і навучэнцы каледжа рэгулярна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрст­ва. За апошнія 5 гадоў скарбонка ўзна­гарод установы папоўнілася больш чым на два дзясяткі дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Дырэктар каледжа Таццяна Праходская заўважыла, што работа па падрыхтоўцы да такіх спаборніц­тваў пачынаецца амаль з першых дзён навучання:

— У майстэрнях і лабараторыях пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання ў юнакоў і дзяўчат фарміруюцца і ўдасканальваюцца базавыя прафесійныя навыкі. Штогод наш каледж пры­мае ўдзел ва ўсіх конкурсах праф­майстэрства розных узроўняў. Да таго ж мы і самі рэгулярна арганізоўваем уласныя спаборніцтвы для сваіх навучэнцаў. Так, у канцы навучальнага года сумесна з нашым заказчыкам кадраў “Ніва-Холдынг” праводзім вялікі конкурс па кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”. У ім за званне наймацнейшага змагаецца каля 30 навучэнцаў 2—3 курсаў. Яны павінны не толькі прадэманстраваць тэарэтычную падрыхтоўку, але і зварыць вызначаны модуль. Сёлета ім трэба было сабраць дэталі, потым злучыць іх, паказаць верхні і ніжні зварачныя швы і зачысціць іх, змаца­ваць трубу. Канкурсантаў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі і прадстаўнікі арганізацый, што непасрэдна звязаны з праверкай і маніторынгам гэтай сферы дзейнасці.

Акрамя таго, з “Ніва-Холдынгам” і Любанскім дзяржаўным каледжам створаны конкурс па кваліфікацыі “Токар” з удзелам навучэнцаў абедзвюх устаноў. На тэарэтычным этапе юнакі адказ­ваюць на пытанні, звязаныя з такарнай справай, а ў рамках практычнага тура выточваюць пэўную дэталь.

— Прыемна, што гэтае прадпрыемства заўсёды дае нам прызавы фонд, што дазваляе ўручаць канкурсантам не толькі дыпломы і граматы, але і сертыфікаты ў будаўнічы магазін для набыцця інструменту і матэрыялаў, якія спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці, — дадала Таццяна Міка­лаеўна. — Па іншых кампетэнцыях мы таксама праводзім унутраныя спаборніц­твы, адбіраем наймацнейшых на рэгіянальныя туры.

Сёлета прадстаўнікі Салігорскага каледжа на абласным этапе ProfSkills Belarus паказалі, на што здольныя ў кампетэнцыях “Электрамантаж”, “Абліцоўванне пліткай”, “Зварачныя тэхналогіі”, “Малярныя і дэкаратыўныя работы”, “Цагельная кладка” і “Дашкольная адукацыя”. Па апошніх чатырох выйшлі на рэспубліканскі ўзровень.

— Дарэчы, калі будаўнічую галіну мы прадстаўляем з самага пачатку развіцця рэспубліканскага конкурснага руху, то ў кампетэнцыю па дашкольнай адукацыі трапілі ўпершыню дзякуючы навучэнцы Дзіяне Халькінай, — падкрэсліла кіраўнік установы.

У выніку на рэспубліцы навучэнец каледжа — зваршчык Аляксей Чайкоўскі заняў 3-е месца, муляру да тройкі лідараў не хапіла літаральна дзясятых бала, у астатніх кампетэнцыях крыху горш выступілі прадстаўнікі ўстановы.

— Тым не менш мы набылі вельмі значны вопыт. Многія выкладчыкі натхніліся, не спыняюцца на дасягнутым і працягваюць планамерную работу, — адзначыла Т.М.Праходская.

Майстры вытворчага навучання ўжо прыглядаюцца да навучэнцаў 1 курса, бо падбор удзельнікаў для такога маштабнага спаборніцтва — гэта няпростая, карпатлівая, штодзённая праца.

— Нам ёсць да чаго імкнуцца, у нас добрая матэрыяльная база. Так, вучэбныя майстэрні па малярных работах укамплектаваны ўсім неабходным. А майстар вытворчага навучання Кацярына Віктараўна Амельяновіч, якая таксама прыняла ўдзел у ProfSkills Belarus — 2025, асабліва настроена на далейшую работу са сваімі вучнямі. У яе нават ёсць аб’яднанне па інтарэсах профільнай накіраванасці “Трафарэтныя фарбы”, якое дазваляе ёй разгледзець будучых канкурсантаў, — паведаміла дырэктар.

Так трымаць!

Яшчэ адна значная перамога, якой ганарацца ў Салігорскім дзяржаўным каледжы, — “бронза” на 21-м конкурсе зваршчыкаў Беларусі з міжнародным удзелам. Ён адбыўся ў верасні ў рамках ІХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Прафзварка”. У намінацыі “Лепшы малады зваршчык” (спосаб зваркі “ручная дугавая зварка стрыжняў”) навучэнец Ігар Ляшук заняў 3-е, а Кірыл Троцкі — 4-е месца.

Ігар Ляшук. Фота прадастаўлена каледжам

— Прыемна, што нашы юнакі сталі аднымі з лепшых, хоць у гэтай намінацыі могуць прымаць удзел і маладыя спецыялісты да 25 гадоў. Дарэчы, нашы навучэнцы ўжо чатыры гады запар займаюць прызавыя месцы, хаця зварачнае абсталяванне ў нас яшчэ даволі старое, — далучыўся да размовы намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Алег Ігаравіч Васільеў.

Ігар Ляшук — будучы электрагазазваршчык і электраслесар па рамонце абсталявання — расказаў, што ў час падрыхтоўкі да конкурсу яго моцна падтрымала адміністрацыя каледжа:

— Я шмат часу право­дзіў у зварачнай майстэрні. Спе­цыяльна для мяне набылі ўвесь неабходны матэрыял, каб я мог трэніравацца столькі, колькі неабходна для дасягнення добрага выніку. Дапамагаў мне ў гэтым  майстар па вытворчым навучанні Віктар Мікалаевіч Паўлюкевіч. Конкурс атрымаўся цікавым і карысным у плане прафесійнага станаўлення, бо надаў мне веры ў свае сілы.

У далейшым Ігар збіраецца працаваць на “Беларуськаліі” і паступаць ва ўніверсітэт:

— У будучыні, вядома, мне хацелася б развіцця, а значыць, авалодаць усімі відамі зваркі, атрымаць вышэйшую адукацыю, каб пасля пайсці ў інжынерную сферу. Магчыма, з часам адкрыць сваю справу, але для гэтага неабходны і стартавы капітал, і імя, а таму прыйдзецца спачатку зарэкаменда­ваць сябе, стаўшы высокакваліфікаваным спецыялістам.

У каледжы спадзяюцца і далей трымаць высокую планку і перамагаць у спаборніцтвах па зварачным майстэрстве. Гэтаму павінна паспрыяць і мадэрнізацыя зварачнай майстэрні ўстановы, якая пачалася пры падтрымцы “Беларуськалія”.

Алег Васільеў паведаміў, што ў наступным годзе можна будзе пабачыць сучасныя зварачныя апараты і абноўленае памяшканне:

— У нашым каледжы кваліфікацыя па зварачных тэхналогіях звычайна ідзе ў інтэграцыі з яшчэ якой-небудзь прафесіяй, напрык­лад, электраслесара, электраманцёра або слесара-рамонтніка. Прафесія электрагазазваршчыка лічыцца прэстыжнай сярод абітурыентаў і запатрабаванай у заказчыкаў кадраў. У нас некалькі базавых прадпрыемстваў: “Беларуськалій” і “Ніва-Холдынг”, Інстытут праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю, Буд­трэст № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі, Салігорскі ДБК і Салігорская будаўнічая кампанія. Увогуле, наш рэгіён вельмі багаты на прамысловыя прадпрыемствы, і многія хацелі б мець нашых выпускнікоў, але, на жаль, іх на ўсіх не хапае.

З 2024 года каледж пачаў рыхтаваць кадры для “Мінскаблгаза” па новай спецыяльнасці “Слесар па рамонце і абслугоўванні газавага абсталявання”.

Алег Ігаравіч расказаў, што сярод асноўных патрабаванняў, якія да выпускнікоў установы прад’яўляюць заказчыкі кадраў, — наяўнасць як мага больш высокай кваліфікацыі:

— Усім патрэбны прафесіяналы! Да нас паступаюць абітурыенты з рознай матывацыяй і ўзроўнем засваення вучэбнага матэрыялу. Мы праводзім з імі вялізную работу, яны сталеюць у нас, набываюць першыя працоўныя навыкі. І выпускаюцца ад нас ужо зусім іншыя юнакі і дзяўчаты. Некаторыя нават з павышанымі разрадамі. Напрыклад, зваршчыкаў мы звычайна выпускаем з 4-м разрадам, але пераможцаў конкурсаў — з 5-м. Прычым у нас гэта не рэд­касць, штогод каля 10% выпускнікоў атрымліваюць павышаны разрад.

Лічбавая прастора

У Салігорскім каледжы распрацавана ўласная мадэль лічбавай адукацыйнай прасторы, якая складаецца з 32 блогаў выкладчыкаў установы.

— Кожны педагог сёння імкнецца да стварэння свайго іміджу, а наяўнасць аўтарскага адукацыйнага рэсурсу спрыяе павышэнню яго прэс­тыжу. У метадычных скарбонках і партфоліа выкладчыкаў велізарны пералік медыярэсурсаў, інтэрактыўных плакатаў, практыкаванняў і заданняў, — расказала дырэктар каледжа Т.М.Праходская.

Напрыклад, выкладчыца фізічнай культуры і спорту С.В.Галубовіч актыўна вядзе свой адукацыйны блог:

— На занятках мы не толькі вучым, але і прымяняем інавацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, у межах тэмы “Развіццё фізічных якасцей” на 2 курсе з навучэнцамі звяр­таемся да майго блога, бо ў ім размешчаны розныя матэрыялы, методыкі, электронныя сродкі навучання. Яны дапамагаюць ім вывучыць неабходную тэму, сфарміраваць уяўленне, як развіваць спрыт­насць, вынослівасць, сілу, гнуткасць, а пасля замацаваць метады і спосабы, неабходныя для развіцця гэтых фізічных якасцей.

У мінулым годзе на базе каледжа адбыўся абласны семінар, на якім Святлана Віктараўна прадэманстравала выкладчыкам і кіраўнікам фізвыхавання магчымасці выкарыстання ЭСН:

— Зайшоўшы ў мой блог, педагогі лёгка могуць знайсці праграмы і потым выкарыстаць іх на ўроках як у рамках праходжання тэарэтычных раздзелаў, так і падчас развіцця фізічных якасцей.

Дарэчы, эфектыўнай лічбавай трансфармацыі адукацыйнага асяроддзя ў каледжы спрыяе шэраг умоў: наяўнасць высокапрафесійных, кампетэнтных і матываваных педагогаў, падтрымка ўсіх зацікаўленых структур, удзел у інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, наяўнасць сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы і г.д.

— Мы перакананы: практыка-арыентаваны падыход з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій дапамагае будучым спецыялістам лепш авалодаць прафесійнымі кампетэнцыямі, — падсумавала Таццяна Праходская.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара