На старонках “Настаўніцкай газеты” сярэдняя школа № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава гучыць гучна і з заўзятай перыядычнасцю. У школьным музеі беражліва захоўваюцца шматлікія газетныя матэрыялы розных гадоў, у тым ліку і пад аўтарствам былога настаўніка Віталя Гузава, імя якога з 2019 года носіць гэтая ўстанова.
Гартаючы старонкі
Нумар “Настаўніцкай” ад 5 чэрвеня 2002 года крыху пажаўцеў, але ўсё ж добра захаваўся. У апублікаваным матэрыяле 23 гады назад легендарны чалавек у педагогіцы не толькі горада, раёна, вобласці, але і ўсёй краіны Віталь Васільевіч Гузаў акцэнтаваў увагу педагагічнай грамадскасці на многіх аспектах адукацыйнага працэсу. Так, абмяркоўвалася, што працоўнае навучанне — той прадмет, які заслугоўвае ўвагі, як, напрыклад, матэматыка ці хімія. Таксама ён дзяліўся добрымі навінамі — у той час Міністэрствам адукацыі Беларусі было даручана падрыхтаваць палажэнне для правядзення першай рэспубліканскай алімпіяды па тэхналогіі. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама даверыў яму арганізацыю абласной алімпіяды ў Жлобіне.
Менавіта Віталь Гузаў стаў ініцыятарам правядзення алімпіяды па працоўным навучанні ў Беларусі. Ён змяніў падыход да структуры ўрока працоўнага навучання, прапанаваў тэхналагічную карту ўрока, якой зараз карыстаюцца настаўнікі па ўсёй краіне.
Як успамінаюць калегі і вучні, Віталь Васільевіч быў цудоўным педагогам, які працаваў у 13-й школе з дня адкрыцця гэтай установы. Яму ўдалося падрыхтаваць 95 пераможцаў абласнога і 47 — заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Цяпер педагогі, а ў школе іх з гордасцю называюць “гузаўскія”, і матываваныя вучні працягваюць слаўныя традыцыі і шлях да вяршынь алімпу.

Трымаць марку
— Тыя традыцыі, якія на працягу многіх гадоў складваліся ў школе Жлобіна, калектыў імкнецца захаваць і прымножыць, — зазначае цяперашні дырэктар установы Ганна Дзёміна. — Школа носіць імя Віталя Васільевіча, і гэта для нас і ганарова, і адказна. Старэйшымі калегамі закладзены трывалы фундамент, традыцыі, зразумелы вектар развіцця. Таму мне, вядома, крыху лягчэй працаваць і дапамагаць развівацца іншым. Калектыў і сёння імкнецца працаваць у інавацыйным рэжыме. І тыя калегі, якія сеюць разумнае, добрае, вечнае з моманту адкрыцця школы, актыўна адгукаюцца на любую ініцыятыву. Настаўнікі падтрымліваюць ідэі, нават калі гаворым пра работу са штучным інтэлектам. Іх жаданне ісці ў нагу з часам, дасягаць пастаўленых мэт уражвае і дае ўсім нам яшчэ большую матывацыю.
Таксама вялікі ўпор робіцца на грамадзянскае, патрыятычнае, духоўна-маральнае выхаванне моладзі, таму ў адукацыйнай установе імкнуцца рэалізаваць шмат цікавых праектаў. Адзін з іх — “Жывая памяць пакаленняў”. Дзякуючы сумесна падрыхтаваным тэматычным пляцоўкам і мерапрыемствам, удалося аб’яднаць педагогаў і дзяцей.

— А яшчэ ў нас актыўна вядзецца спартыўная дзейнасць, — дадае Ганна Уладзіміраўна. — На сёння ўтварыўся малады і вельмі моцны калектыў педагогаў фізічнай культуры і здароўя. Яны ініцыятары столькіх цікавых ідэй! Вось, здавалася б, як фізрукам падрыхтаваць і прадставіць школьную лакацыю на тэму Вялікай Айчыннай вайны? Знайшлі і паказалі спартсменаў, якія праявілі гераізм і мужнасць у ваенны час. Адным з ініцыятараў цудоўнай ідэі стаў наш выпускнік філалагічнага класа і цяперашні настаўнік фізічнай культуры і здароўя Арцём Ядлоўскі. Педагог сапраўды шматгранная асоба, па яго ініцыятыве ў школьным басейне сталі праводзіцца спаборніцтвы па водным пола. Акрамя таго, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя запрасілі ў госці хакейную каманду, і дзеці ўвесь дзень правялі са знакамітымі хакеістамі. Супрацоўніцтва педагогаў і спартсменаў працягнулася ўжо на лядовай арэне, школьнікаў запрасілі на матч.
Крэатыўны падыход да правядзення заняткаў і ініцыятывы педагогаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця вельмі важныя для дзяцей і моладзі.
Праектуючы сваё заўтра
— Што да алімпіяднага руху, то тую высокую планку, якая была зададзена Віталем Васільевічам, трымаем на ўзроўні і сёння, — працягвае дырэктар. — Ганарымся навучэнцамі, якія сталі пераможцамі заключнага этапу прадметнай алімпіяды, юнымі выхаванцамі, якія паспяхова сябе паказалі ў конкурсе “Разумнікі і разумніцы” і іншых інтэлектуальных, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.
У інтэлектуальным спаборніцтве школьнікі Жлобіншчыны паказалі дастойны вынік: на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявалі 56 дыпломаў і 15 — на заключным, тым самым заняўшы 1-е месца сярод раёнаў Гомельскай вобласці. Дарэчы, у алімпіяднай барацьбе прызавыя месцы ўпэўнена займаюць навучэнцы 13-й школы.

— У гэтым годзе выпускнік Аляксей Гаеў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды пацвердзіў свой леташні вынік, заваяваў дыплом па англійскай мове. Аляксей таксама паказаў цудоўны вынік на рэспубліканскім этапе конкурсу даследчых работ, яму ўручаны дыплом III ступені. Акрамя таго, ён лідар абласных лінгвістычных конкурсаў. Гэта наш зорны выпускнік!.. Дзесяцікласнік Мацвей Лапцеў таксама дыпламант заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У мінулым годзе юнак узяў дыплом І ступені, за што ў гэтым годзе быў удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Яго настаўнік Дзмітрый Доўнар 9-ы раз удастоены прэміі Прэзідэнта. Упэўненымі крокамі рухаемся да рэкорду Віталя Васільевіча, які 10 разоў быў узнагароджаны прэміяй.
Акцэнт на майстэрстве
— У школе створаны ўсе неабходныя ўмовы, якія забяспечваюць роўныя магчымасці для навучання кожнага дзіцяці, — падкрэслівае суразмоўніца. — Асаблівы ўпор робіцца на выкладанне працоўнага навучання, рускай, беларускай, англійскай моў, матэматыкі, фізікі. Найбагацейшы вопыт у выкладанні маюць Ларыса Лупсякова, Святлана Цярэшчанка. Яны гараць сваёй працай, алімпіядным рухам, матывуюць і натхняюць дзяцей уласным прыкладам.
12 выпускнікоў вярнуліся ў якасці педагогаў у родную школу. Дырэктар Ганна Дзёміна не выключэнне, яна з першага выпуску.
— Таксама выбудавана работа з бацькамі, якім расказваем пра перавагі, якія прадастаўляюцца пераможцам алімпіяды. Напрыклад, леташні дыпламант заключнага этапу алімпіяды па працоўным навучанні Вадзім Скобелеў па льготнай траекторыі стаў студэнтам БНТУ. Цяперашнія выпускнікі — пераможцы абласнога і рэспубліканскага этапаў інтэлектуальнага спаборніцтва таксама плануюць паступленне на льготных умовах. Аб такіх яркіх прыкладах бацькі даведваюцца на сходах, нагадваем пра гэта і навучэнцам, каб павысіць іх матывацыю да вывучэння прадметаў. Перавагі алімпіяднага руху відавочныя: ён не толькі дае прадметныя веды, але і выхоўвае асобу, характар, нашы дзеці стрэсаўстойлівыя і канкурэнтаздольныя. Гэта тая задача, якую ставіць перад сабой калектыў: каб нашы выпускнікі былі паспяховымі ў дарослым жыцці, спраўляліся на больш высокім узроўні з тымі задачамі, якія перад імі паставіць само жыццё.
Профільная адукацыя дае магчымасць навучэнцам больш дэталёва падрыхтавацца да выбару будучай кар’еры.
— На трэцяй ступені адукацыі адкрываем профільныя класы зыходзячы з запытаў законных прадстаўнікоў. Традыцыйна дзеці паглыблена вывучаюць фізіку, матэматыку, рускую і англійскую мовы, — заўважае кіраўнік. — Наладжана цеснае супрацоўніцтва з ГДУ імя Ф.Скарыны, навучэнцы групы педагагічнай накіраванасці наведваюць адукацыйныя мерапрыемствы ва ўніверсітэце. У мінулым годзе двое выпускнікоў выбралі для сябе няпросты напрамак — паступілі ў БДПУ на спецыяльнасць “Інклюзіўная адукацыя”, сёлета аддаюць перавагу рускай філалогіі. Рыхтуем кадры са школьнай парты!
Медыцынскі напрамак зноў становіцца папулярным, сёлета выпускнікамі сталі навучэнцы хіміка-біялагічнага класа. Існуюць і дапрофільныя класы, дзе педагогі дапамагаюць дзецям вызначыцца з будучай прафесіяй, у тым ліку акцэнтуюць іх увагу на педагагічных спецыяльнасцях і напрамках навучання ў старшых класах.
У лепшых традыцыях
У школе рэалізуюцца праекты і мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё і падтрымку педагагічнага калектыву, вучняў. Так, у памяць пра Віталя Васільевіча праходзіць конкурс вучнёўскіх праектаў. Таксама праводзіцца метадычны фестываль-семінар у фармаце педагагічнай НЕканферэнцыі. Гэты фармат дазваляе не толькі дзяліцца прафесійнымі ведамі, але і дэманстраваць творчы падыход да выкладання.
З моманту заснавання школы дзейнічае настаўніцкі тэатр. І гэта не толькі традыцыя, але і важная частка школьнай культуры. Тэатральныя пастаноўкі любому значнаму мерапрыемству нададуць ваў-эфект. У аб’яднанні задзейнічаны як маладыя настаўнікі, так і больш вопытныя калегі, напрыклад, Дзмітрый Доўнар, чыя творчасць рэалізуецца не толькі ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў, але і на сцэне.
А яшчэ ў школе праводзіцца конкурс “Перспектыва”, у ім удзельнічаюць тыя дзеці, якія маюць адзнакі 7 і ніжэйшыя. Заданні конкурсу маюць не толькі інтэлектуальны пасыл, але яшчэ і прыцягваюць да вывучэння таго ці іншага прадмета. Пераможцы атрымліваюць дыпломы з рук дырэктара, што вельмі важна для матывацыі тых, чый дзённік у заўвагах. Падчас рэалізацыі “Перспектывы” паказваем навучэнцам, што яны таксама могуць дасягнуць вынікаў. І калі такі вучань паказвае свой дыплом маме, бабулі — гэта сведчыць пра многае.
…Навучальны год імкліва праляцеў, лета дзеці і моладзь правядуць з карысцю. Напрыклад, у лагеры працы і адпачынку маладыя людзі будуць не толькі аздараўляцца, але і зоймуцца працоўнай дзейнасцю, якая абяцае дадатковы заробак. Хлопцы разам з настаўнікам па працоўным навучанні Пятром Васько падораць школьным старым драўляным крэслам другое жыццё, створаць новыя настольныя гульні — балансір, крыжыкі-нулікі для гульнявых зон пачатковай школы. Гэта будзе не толькі цікава, весела, але і экалагічна. Малышы 1 верасня сапраўды ўзрадуюцца гульнявым навінкам.
***
— У Год добраўпарадкавання імкнёмся выхоўваць у дзяцей і моладзі найважнейшыя якасці — патрыятызм, духоўнасць і маральнасць, — дадае Ганна Уладзіміраўна. — Навучэнцы і педагогі падтрымліваюць чысціню і парадак на прышкольнай тэрыторыі. Кожны клас адказна даглядае давераныя кветкі і зялёныя насаджэнні. За акном тэматычны кветнік з лекавымі раслінамі ўжо радуе духмяным водарам, раслінамі займаюцца навучэнцы 5 “А” класа, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Юны эколаг”. Гэтым летам плануем максімальна ўпрыгожыць школу яркімі фарбамі не толькі ў зоне ўваходнай групы, але і ўстанавіць дзве новыя тэматычныя клумбы з нацыянальным каларытам.
Акрамя таго, дзякуючы супрацоўніцтву школы з БПЦ і, у прыватнасці, з прыходам храма Святой Жываначальнай Тройцы, нашы валанцёры прымаюць актыўны ўдзел у працоўнай акцыі “Рабі дабро”. 7—10-класнікі разам з педагогамі аказваюць пасільную дапамогу. Гэтая дзейнасць садзейнічае развіццю ў вучняў грамадзянскай адказнасці, фарміраванню духоўных каштоўнасцей і ўмацаванню сувязей паміж школай і грамадствам.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





