Як буктрэйлеры і педагагічныя майстэрні дапамагаюць у вывучэнні рускай літаратуры, расказала Іна Віннік

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Кожны раз, калі ідзе на ўрок, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна заслужаны настаўнік Беларусі Іна Віннік думае пра тое, якім ён будзе і чаму навучыць школьнікаў. Адказ заўсёды хаваецца ў тэме, якую тлумачыць педагог. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нязменным застаецца толькі адно: Іна Віннік заўсёды стараецца здзівіць вучняў, захапіць прыгажосцю слова.

“Калі сёння слухаю калег, якія разважаюць пра кампетэнтнасны падыход у навучанні, разумею, што мае педагогі выкарыстоўвалі яго яшчэ ў мінулым стагоддзі, — расказвае пра сябе Іна Віннік. — Практыкаарыентаванасць, тэкстацэнтрычны падыход — гэта ўсё ўдала спалучалі настаўнікі клецкай сярэдняй школы № 2, якую я скончыла. Мне вельмі пашанцавала з першай настаўніцай. Думаю, што кожны паспяховы чалавек, незалежна ад таго, чым займаецца, помніць сваіх настаўнікаў, асабліва першага, і ўдзяч­ны яму. У пачатковай школе мяне вучыла Ларыса Сцяпанаўна Гадун. Менавіта яна паказала, што вучыцца — гэта вельмі цікава”.

Прафесію настаўніка Іна Віннік выбрала дзякуючы свайму настаўніку гісторыі. Педагог кажа, што менавіта Таісія Мікалаеўна Высоцкая навучыла яе быць строгай, але з пачуццём гумару, справядлівай і эрудзіраванай. Гэтыя прафесійныя і чалавечыя якасці адыгралі сваю ролю ў станаўленні Іны Рычардаўны як настаўніцы рускай мовы і літаратуры.

“Я магла стаць настаўніцай гісторыі, але па рускай мове і літаратуры было вельмі многа поспехаў і дасягненняў, прыцягвала магчымасць творчасці, — прызнаецца Іна Віннік. — Рускую мову і літаратуру за ўсе школьныя гады ў нашым класе выкладалі тры педагогі: Лілія Мікалаеўна Задаля, Ірына Мікалаеўна Гладоўская, Таццяна Генрыхаўна Плотнікава. Калі сёння дзеці скардзяцца, што ў іх мяняюцца настаўнікі, я ім гавару, што гэта добра, бо дазваляе ўбачыць шматграннасць асобы педагога. Я ведаю, што можна быць строгай — і гэта дапаможа выпрацаваць неабходны навык. А можна прыйсці на ўрок у лёгкім рамантычным настроі, бо вывучаем Ясеніна”.

Любоў да роднай мовы і літаратуры ў школе прыйшла да Іны Віннік дзякуючы Людміле Цімафееўне Малінок і Марыі Міхайлаўне Шы­куць, адказнасці і чалавечнасці яна вучылася ў класнага кіраўніка Дануты Вікенцьеўны Жавуравай.

 Калі надышоў час пасту­паць, І.Віннік вырашыла адвезці дакументы ў МДПІ імя М.Горкага. Ні разу за ўвесь час, пакуль працуе ў сістэме адукацыі, не пашкадавала аб зробленым выбары. Ва ўніверсітэце пазнаёмілася з Яўгеніяй Васільеўнай Перавознай, знакамітым вучоным, аўтарам падручнікаў, цудоўным чалавекам. Менавіта пад яе кіраўніцтвам пісала курсавую работу, а пасля прымала ўдзел у конкурсе студэнцкіх работ і заняла 2-е месца ў краіне. З вялікай удзячнасцю педагог прыгадала імёны такіх сваіх выкладчыкаў, як Ларыса Пятроўна Дзямідзенка, Тамара Генадзьеўна Козырава, Тамара Рыгораўна Трафімовіч, Станіслаў Міхайлавіч Шардыка, Алена Глебаўна Лукашанец.

“Няўжо ты так любіш дзяцей, што выбрала педагогіку?” — Іна Рычардаўна кажа, што гэта самае частае і дзіўнае пытанне, якое ёй задавалі падчас вучобы ва ўніверсітэце. На яго будучая настаўніца заўсёды адказвала аднолькава: “Я люблю рускую мову”.

“Любоў да дзяцей прыходзіць не адразу, а тады, калі пачынаеш узаемадзейнічаць з імі, — разважае педагог. — Са мной гэта здарылася, калі праходзіла практыку. Мне вельмі пашанцавала, што я практыкавалася ў гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны. Там пазнаёмілася з Вольгай Якаўлеўнай Арлоўскай, Людмілай Аляксееўнай Кушняровай. Дзякуючы ім упэўнілася, што застануся ў прафесіі”.

Не нашкодзіць — гэта самы важны прынцып, якога, акрамя ўрачоў, павінны прытрымлівацца і педагогі. Прынамсі, у гэтым упэўнена І.Віннік.

“Мне вельмі пашанцавала, што працую ў Сноўскай сярэдняй школе, дзе вучыліся мае мама і муж. А самае большае шчасце для педагога — калі яго падтрымліваюць у жаданні развівацца, а для гэтага ў нашай установе адукацыі створаны ўсе ўмовы”, — дзеліцца настаўніца.

Па ўласнай сістэме

У Іны Віннік за час працы ў школе ўжо склаліся свае сістэма выкладання і падыход да правядзення ўрокаў. За 30 гадоў яна апрабавала розныя методыкі і тэхналогіі, стварыла свае прыёмы, распрацавала ўласныя стратэгіі і прыйшла да высновы, што поспех магчымы пры іх аптымальным спалучэнні і чаргаванні. Педагог павінен быць розным, але заставацца сабой. Настаўнік-метадыст дзеліцца сваімі знаходкамі ў шматлікіх публікацыях (іх амаль паўтары сотні), падчас майстар-класаў, семінараў, інтэрактыўных лекцый як школьнага, так і міжнароднага ўзроўню (іх ужо больш за дзве з паловай сотні).

“Ёсць урокі, якія склала вельмі даўно і праводжу дагэтуль, бо яны не губляюць сваёй значнас­ці, — тлумачыць Іна Рычардаўна. — Нядаўна вывучалі верш М.Някрасава “На Волзе” з прымяненнем даследчых заданняў па слоўніку У.Даля. Гэты ж урок я праводзіла, калі здавала на першую кваліфікацыйную катэгорыю. Безумоўна, заняткі, прэзентацыю відазмяняю, але падмурак застаецца тым жа. Калі ўрок добра прадуманы, ён будзе заўсёды выдатна працаваць”.

Педагагічныя майстэрні — любімая адукацыйная тэхналогія Іны Віннік ужо больш за 20 гадоў. Каб распрацаваць адны заняткі,  да іх неабходна рыхтавацца не менш чым месяц. На звычайным уроку настаўнік вядзе вучня да ведаў паступова і лагічна, а ў педмайстэрні — праз разрывы, інсайты. Навучэнцам здаецца, што яны ідуць па правільным шляху, а пасля настаўнік іх здзіўляе парадаксальным зместам. Гэты падыход вельмі важна ўмець выкарыстоўваць правільна. У сённяшніх дзяцей веды мо­гуць быць высокімі, але ім не хапае эмацыянальнага інтэлекту, умення адэкватна выразіць свае пачуцці і зразумець іншага чалавека, уба­чыць, што ён перажывае, падаб­раць найбольш удалыя для сітуацыі словы, аформіць думкі. У вырашэнні гэтых пытанняў лепш за ўсё дапамагае педагагічная майстэрня.

“Педагагічныя майстэрні развіваюць, матывуюць на пошук мяне, маіх вучняў і калег, якія прыходзяць на майстар-класы, — адзначае настаўніца рускай мовы і літаратуры. — Нядаўна право­дзіла педагагічную майстэрню каштоўнасных арыентацый “Выбар” у 11 класе, падчас якой разважалі пра словы з песні “Мы выбіраем, нас выбіраюць, як гэта часта не супадае”. Гэта быў урок падрыхтоўкі да сачынення на маральна-этычную тэму. Вучні “выбіралі свой лёс”, мянялі, калі не падабаўся (цягнулі паперкі). Гля­дзелі фрагмент фільма пра тое, які лёс выпаў галоўнаму герою і чаму ён не хацеў яго прымаць. Вывучалі матэрыялы пра аўтызм, разважалі, ці можна ў жыцці так памяняць лёс, як яны мянялі паперку. Даглядзеўшы фінал гісторыі галоўнага героя, прайшоўшы праз шматлікія “азарэнні”, пісалі сачыненне на тэму “Кім быць або якім быць?”. І пісаць ужо было пра што”.

Урокі славеснасці

Спалучэнне літаратуры і мовы ў адных занятках, якія раней называлі ўрокам славеснасці, педагог лічыць эфектыўным сродкам для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці: праз мастацкі тэкст можна ўдала паказаць любую сферу жыцця і тым самым пашырыць кампетэнцыі вучняў.

“Мне вельмі важна, каб мае навучэнцы выраслі выхаванымі людзьмі, — дадае Іна Віннік. — Сёння вельмі многа гавораць пра выхаваўчы аспект у адукацыі, але для мяне ён быў важным заўсёды. На ўроку ў 6 класе, калі праходзім “Дуброўскага”, паказваю школьнікам на прыкладзе галоўных герояў: амаль усе непрыемнасці і беды людзей — праз гордасць. Уся руская класічная літаратура гэта пацвярджае”.

Літаратура — цудоўны дарадчык, які дапамагае настаўніцы вучыць дзяцей знаходзіць рашэнні ў розных жыццёвых сітуацыях. Менавіта таму кампетэнтнасны падыход у рабоце педагога стаў вызначальным. У складзе раённай і абласной творчых груп І.Віннік працавала над шэрагам электронных адукацыйных рэсурсаў, матэрыяламі да праграмнага комплексу. Дыдактычныя і дыягнастычныя заданні, якія распрацавала Іна Віннік, сталі асновай для дапаможніка па літаратуры і зборніка ўрокаў для настаўнікаў па тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. Дарэчы, Іна Рычардаўна — суаўтар падручніка па рускай мове для навучэнцаў 7 класа.

Кожны раз, ідучы на ўрок, І.Віннік дакладна ведае, што ён будзе пра людзей. Педагог вучыла і вучыць дзяцей разумець павучанні і паданні, асэнсавана чытаць Пушкіна, Лермантава і Гогаля, Гумілёва, Пастарнака і Булгакава, паэтаў-шасцідзясятнікаў і сучасных аўтараў. Настаўніца вучыць павазе да сучаснасці праз павагу да мінулага.

“Карані павагі — у ведах, — адзначае Іна Рычардаўна. — Але самае галоўнае, чаму хачу навучыць дзяцей, — гэта любіць і быць удзячнымі. Хачу навучыць іх любіць малую і вялікую радзіму, шанаваць слова”.

Сцэнічнае слова

Любові да слова Іна Віннік вучыць не толькі на ўроках і факультатывах, але і падчас падрыхтоўкі да алімпіяд, па выніках якіх вучні, звычайныя вясковыя школьнікі, маюць амаль 70 дыпломаў. Навучэнцы Іны Рычардаўны прымаюць удзел у творчых мерапрыемствах, сярод якіх конкурсы чытальнікаў і сачыненняў, у тэатральных пастаноўках (амаль 120 дыпломаў), а таксама ў конкурсах даследчых работ (амаль 140 дыпломаў). Толькі за апошніх 5 гадоў педагог падрыхтавала шэсць пераможцаў рэспубліканс­кага конкурсу даследчых работ.

Вучні заслужанага настаўніка паспяхова ствараюць буктрэйлеры, маленькія фільмы, ставяць спектаклі паводле вядомых літаратурных твораў. Вяршыняй творчага самавыяўлення навучэнцаў стаў інтэрактыўны спектакль “Як з уласнага лёсу я выдзіраў па нітцы” па матывах цыкла апавяданняў “Запіскі юнага ўрача” М.А.Булгакава.

“Гэты праект — вынік нашай сумеснай творчасці разам з педагогам дадатковай адукацыі выпускніком нашай школы Аляксеем Дунчанкам і навучэнцамі педагагічнай групы, — дзеліцца дасягненнямі вучняў Іна Рычардаўна. — Інтэрактыўны спектакль стварае эфект пагружэння ў штучна створанае асяроддзе, дзе глядач уключаны ў пастаноўку практычна нароўні з акцёрамі”.

Ідэя спектакля ўзнікла невыпадкова: на ўскраіне Снова ёсць будынак XIX стагоддзя. Гэта ся­дзіба Гартынга, кіраўніка князёў Рдултоўскіх, дзе ў савецкі час размяшчалася бальніца. Таму пастаноўка і здымкі спектакля на фоне экстэр’ераў і ў інтэр’ерах менавіта гэтага асабняка былі лагічнымі і сімвалічнымі.

Каб матываваць сваіх вучняў на самаўдасканаленне, Іна Рычардаўна сама прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах педагагічнага майстэрства. На яе рахунку іх больш за 40, і амаль ва ўсіх яна станавілася пераможцай.

На пытанне, якімі сёння будуць яе ўрокі і чаму навучаць дзяцей, Іна Віннік сказала, што яны будуць натхняльнымі: “Я заўсёды нагадваю вучням, што ў іх павінны быць крылатыя мары, і калі на шляху да іх яны падаюць, то трэба не проста знайсці ў сабе сілы ісці далей, але і загартавацца, стаць больш моцнымі, развіць у сабе нечаканыя якасці. Толькі гэта дапаможа дасягнуць самых высокіх вяршынь і атрымаць найвышэйшую ўзнагароду”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА