Любіць тое, што робіш, і рабіць тое, што любіш, — жыццёвая мудрасць, якую перадае сваім вучням Таіса Прыка, выдатнік адукацыі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хорскай сярэдняй школы Столінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Улюбіць вучняў у прадмет, выклікаць павагу да настаўніка проста і складана адначасова, — гаворыць Таіса Іванаўна. — Сакрэт заключаецца ў адносінах педагога да дзяцей. Калі ў іх аснове разуменне, любоў, сяброўства, то і вучні адкажуць узаемнасцю. Будуць рыхтавацца да заняткаў не таму, што баяцца настаўніка ці не хочуць атрымаць дрэнную адзнаку, а таму, што хочуць парадаваць яго сваімі ведамі. Калі школьнік не зрабіў заданне да ўрока і патлумачыў прычыну гэтага, яму варта даць шанс выправіць сітуацыю. Калі ж дзеці пачынаюць ленавацца, магу дастаткова строга сказаць: “Вы падводзіце нашу дружбу” — і яны адразу ўсё разумеюць.
Матывацыя да вучобы — гэта агеньчык у дзіцячых вачах. Спачатку яго трэба запаліць, а пасля падтрымліваць, зацікаўліваць вучняў новымі ведамі, даносіць матэрыял проста, душэўна, выкарыстоўваць цікавыя прыёмы і метады навучання.
Любоў да сваёй справы і да дзяцей — гэта падмурак для поспеху. Каб дасягаць добрых вынікаў, патрэбны прадуманая логіка ў выкладанні прадмета, навуковы падыход і даступнасць падачы вучэбнага матэрыялу. Сёння шмат гавораць пра фарміраванне функцыянальнай адукаванасці вучняў. У гэтым дапамогуць адукацыйныя тэхналогіі. У 5—7 класах Таіса Прыка практыкуе гульнявыя тэхналогіі, у 9—11 класах — метад праектнай дзейнасці. Стварэнне міні-праектаў заахвочвае вучняў да чытання, бо даводзіцца перапрацоўваць інфармацыю з кніг і інтэрнэту. Форма прадстаўлення такой работы можа быць любая. Часцей вучні афармляюць яркія паштоўкі, кніжачкі, партфоліа. Пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, праблематыкі твораў, характарыстыкі пэўнага перыяду літаратуры дапаможа тэхналогія дыдактычных мнагамерных інструментаў. Таіса Іванаўна стварае логіка-сэнсавыя схемы вучэбнага матэрыялу ў выглядзе сістэмы каардынатных прамых. На іх змяшчаюцца вузлы з пэўным сістэматызаваным матэрыялам. Пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка ў якасці каардынат бяруцца наступныя: нараджэнне, дзяцінства, вучоба, першыя спробы пяра, творчая спадчына, узнагароды, удзел у грамадскім жыцці, апошнія гады жыцця, ушанаванне, уклад у літаратуру. На ўроку мовы логіка-сэнсавыя мадэлі выкарыстоўваюцца на розных этапах. Пры актуалізацыі ведаў вучні дапаўняюць часткова запоўненую мадэль і складаюць лінгвістычнае паведамленне. Пры вывучэнні новага матэрыялу ідзе калектыўная работа па складанні мадэлі, перапрацоўваецца матэрыял па кнізе, і дзеці выдаюць свае версіі сэнсавых вузлоў. Пры абагульненні і сістэматызацыі ведаў даецца часткова запоўненая мадэль, але з перастаўленымі і памылковымі вузламі.
— Дзякуючы выкарыстанню логіка-сэнсавых схем, не трэба шмат пісаць, эканоміцца час на ўроку, мы паспяваем замацаваць тэму, вызначыць узровень засваення матэрыялу. Да таго ж візуалізацыя інфармацыі спрыяе паспяховаму яе запамінанню, — адзначае Таіса Іванаўна. — Згадаю і тэхналогію крытычнага мыслення і праблемнага навучання. Змест твора разглядаецца так, каб вучні маглі ацаніць учынкі герояў як з пазіцыі часу, адлюстраванага ў творы, так і з пазіцыі сучаснасці. Ніхто не адказвае па шаблоне, у кожнага свой пункт гледжання, што я больш за ўсё і цаню. Выкарыстоўваю блокавы метад навучання: аб’яднанне некалькіх тэм дазваляе засвойваць матэрыял у параўнанні, выдзяляць асноўнае і другаснае.
Калі даю вучням творчае заданне, напрыклад, напісаць замалёўку па прыказцы, сачыненне або водгук на мастацкі тэкст, абавязкова прапаноўваю пакрокавы алгарытм па складанні структурных частак творчай работы і адпаведныя ўзоры. Сучасная школа не можа абысціся без выкарыстання QR-кодаў, анлайн-тэсціравання, аўдыязапісаў, медыяпрэзентацый, фільмаў. Трымаю сувязь з вучнямі і іх бацькамі праз месенджары, пры неабходнасці даю тлумачэнні па дамашнім заданні, карысныя спасылкі на дадатковы матэрыял.
Для таго каб падрыхтаваць вучняў да ЦЭ, Таіса Іванаўна выкарыстоўвае прыёмы алгарытмізацыі і логіка-сэнсавыя мадэлі (кластары).
Вучні заводзяць паўагульны сшытак-даведнік і вядуць запісы ручкамі рознага колеру: чырвоны клічнік — трэба вывучыць тэорыю да тэста, чорны клічнік — выключэнні, якія трэба бачыць у тэстах, сіняй ручкай робяць асноўныя запісы.
Спачатку паўтараецца тэорыя, сістэматызуецца ў пэўную колькасць пунктаў і выключэнняў і запісваецца, а затым даецца алгарытм, як дзейнічаць у тэсце. Далей вучні выконваюць тэставыя заданні, праводзіцца іх аналіз, выпраўляюцца памылкі з указаннем пэўнага пункта правіла.
У алімпіядным руху сярод вучняў Таісы Прыка найлепшыя вынікі паказала Наталля Патоцкая, выпускніца школы. У 9 класе яна перамагла на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, а ў 10—11 класах атрымала дыпломы на ўзроўні рэспублікі.
— Наталля піша вершы, умее іх аналізаваць, складаць цудоўныя водгукі на творы, — успамінае педагог. — Сярод маіх цяперашніх алімпіядніц дзесяцікласніца Анастасія Лемяза і дзевяцікласніца Карына Кірэчка, якія з 5 класа займаюць першыя месцы на раённых алімпіядах, а ў мінулым навучальным годзе мелі дыпломы на абласным узроўні. Сёлета дзяўчынкі зноў перамаглі на раённым узроўні і рыхтуюцца да абласной алімпіяды. Ганаруся высокімі вынікамі выпускнікоў на ЦЭ (раней ЦТ). Многія атрымліваюць вышэй за 90 балаў. У 2020 годзе 100-бальны сертыфікат быў у Вікторыі Прыка.
Яшчэ адна таленавітая вучаніца Таісы Іванаўны, з якой яна падтрымлівае сувязь, — пісьменніца Таццяна Дзеніскавец, якая працуе выкладчыцай беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы. Таццяна Мікалаеўна піша на роднай мове вершы, эсэ, публіцыстыку, байкі. Мае ўзнагароды ў літаратурных конкурсах, у тым ліку міжнародных. У маладой творцы нядаўна выйшаў зборнік “Палескія ночы”, падрыхтавана да выдання кніга загадак і калядных песень Палесся. Сваёй любімай настаўніцы Таццяна Дзеніскавец прысвяціла верш “Дзякуй”. У ім паэтэса называе Таісу Іванаўну чалавекам светлай душы, са шчодрым сэрцам і моцным духам. А ў размове пісьменніца прызналася, што агеньчык творчай актыўнасці, няўрымслівасці ў ёй з’явіўся са школы дзякуючы менавіта Таісіі Прыка. І праз гады ён сагравае душу, падштурхоўвае ісці наперад.
Алгарытм напісання водгуку на паэтычны твор, які Таіса Прыка прапаноўвае вучням пры падрыхтоўцы да алімпіяды.
1. Прачытаць твор першы раз (выявіць, што падалося незразумелым).
2. Прачытаць другі раз, знайсці словы ў пераносным значэнні, паспрабаваць асэнсаваць змест твора (тэму, ідэю, праблему).
3. Прачытаць трэці раз, асэнсаваць кампазіцыю (звярнуць увагу на настрой у творы).
4. Зрабіць нататкі ў чарнавіку: што раскрывае назва твора (тэму, ідэю, праблему); паглядзець на прастору і час (што яны даюць, якімі словамі абазначаюцца); указаць кампазіцыю (падзяліць на часткі); пафас (настрой) суаднесці з кампазіцыяй, выпісаць словы, якія дапамагаюць гэта зразумець (гукапіс, тропы); устанавіць форму верша, від лірыкі (верш-споведзь, верш-медытацыя, верш-прысвячэнне і г.д.), выпісаць словы-пацвярджэнні; назваць тэму, асноўную думку, праблему (выпісаць адпаведныя радкі, словы); назваць яркія мастацкія сродкі і стылістычныя фігуры, іх значэнне для раскрыцця зместу твора; знайсці апісанне лірычнага героя і асобы аўтара, аўтарскага ідэалу (якія словы на гэта ўказваюць); успомніць, якія творы сугучныя з вершам, запісаць іх, успомніць біяграфічныя звесткі пра аўтара і час напісання верша; падабраць эпіграф да водгуку.
5. Прыдумаць уступ (па тэме, жыццёвае назіранне і г.д.).
6. Скласці водгук і ацаніць тэму, ідэю, напісаць разважанні па праблеме верша, падмацаваць чытацкім вопытам, мастацкімі сродкамі і стылістычнымі фігурамі.
7. Ацаніць аўтара як паэта і чалавека, мастацкія вартасці верша (гукавая інструментоўка, лексіка, рытм, памер і г.д.).
8. Выказаць асабістае ўражанне ад твора, падкрэсліць яго сугучнасць з сучаснасцю.
9. Праверыць водгук, выправіць памылкі.
***
Разам з Таісай Іванаўнай вучні ставяць тэатралізаваныя паказы па творах беларускіх класікаў, інсцэніруюць беларускія святы. Работа арганізавана ў рамках тэатральнага гуртка.

Сваю станоўчую ролю адыграла тое, што Таіса Прыка мае адпаведную для гэтага адукацыю. Скончыла Пінскае педвучылішча імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў. Педагог-арганізатар”, дзе вывучала музычнае мастацтва, наведвала заняткі па класе баяна і здавала адпаведны экзамен. Пасля вучылішча Таіса Прыка атрымала філалагічную адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і вярнулася працаваць у родную Хорскую школу, якую калісьці скончыла.
— Тэатральны гурток дзеці пачынаюць наведваць у 5 класе. Першае, чаму вучу іх, — майстэрства дэкламацыі вершаў, уменне падбіраць інтанацыю, адчуваць настрой твора, аналізаваць яго, — гаворыць педагог. — Разыгрываем па ролях невялічкія сюжэты. Навічкі назіраюць за работай больш вопытных тэатралаў, паступова далучаюцца да творчага працэсу. Восенню мы праводзім так званыя вячоркі. Для нашых продкаў гэта было формай баўлення вольнага часу пасля заканчэння палявых работ, дзе адпачынак спалучаўся з працай. На школьных вячорках мы дэманструем звычаі і абрады беларусаў, робім музычныя пастаноўкі, спяваем народныя песні, разыгрываем гумарэскі. Па традыцыі святкуем Каляды — з асноўнымі вобразамі, абходам дамоў, спевамі, танцамі і пастаноўкамі філасофскіх прытчаў. З касцюмамі выручаюць у Столінскім доме культуры, большасць атрыбутаў вырабляем самі, дапамагаюць бацькі вучняў. Вясной адзначаецца Сусветны дзень тэатра, да якога мы рыхтуем сур’ёзны рэпертуар: урыўкі з п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”, баладу “Свіцязанка” Адама Міцкевіча, п’есу “Мікітаў лапаць” М.Чарота, “Вечар” А.Дударава, “Баладу аб чатырох заложніках” А.Куляшова, “Трыбунал” А.Макаёнка і іншае. Робім усё прыгожа і з любоўю. І вынікі нас радуюць заўсёды.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





