У разгар падрыхтоўкі да новага навучальнага года карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з настаўнікам працоўнага навучання Сачыўкаўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Уладзімірам Жыдковічам.

Не ўпусціць цікавасць вучняў
— Калі настаўнік працоўнага навучання складае каляндарна-тэматычнае планаванне на навучальны год, то абавязкова ўлічвае матэрыяльна-тэхнічную базу вучэбных майстэрань сваёй установы: наяўнасць спраўнага сучаснага абсталявання, інструментаў, вырабных і лакафарбавых матэрыялаў, крапежных дэталей, набору электраінструментаў, — падкрэслівае Уладзімір Уладзіміравіч.
Узровень аснашчэння вучэбных майстэрань уплывае на тое, ці змогуць вучні на практыцы прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды, асвойваць рамёствы і тэхналогіі, рэалізоўваць свае задумы, рыхтавацца да будучай прафесійнай дзейнасці.
У школах Іванаўскага раёна 24 вучэбныя майстэрні, з іх 3 — па апрацоўцы металаў, 3 — па апрацоўцы драўніны і 18 камбінаваных — па апрацоўцы драўніны і металу. Працоўнае навучанне ў хлопчыкаў выкладае 21 педагог, большасць мае вышэйшую катэгорыю.
— Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і майстэрня пачынаецца з уваходных дзвярэй, аформіць якія можна творча. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што на іх павінна быць не толькі таблічка, але і інфармацыя аб графіку работы майстэрні, бо ў астатні час допуск навучэнцаў у яе абмежаваны, — адзначае настаўнік. — Апынуўшыся ўпершыню ў майстэрні, навучэнец трапляе ў новы для сябе свет, бачыць незразумелай формы сталы, станкі, інструменты, прыстасаванні. Увагу прыцягвае і выстава вучнёўскіх работ. Школьнік, захоплены ўбачаным, атрымлівае першы зарад энергіі і пытаецца: “Няўжо мы гэта ўсё будзем рабіць?” Педагогу важна
не ўпусціць гэтую цікавасць, пачаць яе развіваць.
Першая інфармацыя, якую кожнае дзіця павінна атрымаць ад настаўніка, — правілы бяспечных паводзін. Іх варта размясціць на бачным месцы ў кутку па ахове працы. Пасля можна прыступаць да практычнай работы па вывучэнні канструкцыйных матэрыялаў, да знаёмства з іх відамі, уласцівасцямі і асаблівасцямі. Гэта значыць, вывучыць віды піламатэрыялаў і іх элементы, ліставыя драўняныя матэрыялы, пароды і дэфекты драўніны, уласцівасці дроту, віды тонкаліставога металу і г.д. Успрыманне інфармацыі павінна быць не толькі візуальным, праз вывучэнне малюнка ў падручніку, але і тактыльным. Для гэтага спатрэбіцца набор раздатачнага матэрыялу. Бывае, нешта з раздатачнага матэрыялу страціла першапачатковы выгляд, прыйшло ў непрыгоднасць ці ўвогуле адсутнічае. У гэтым выпадку педагогу можна параіць адрэстаўрыраваць матэрыял або вырабіць.
— Разметка — першая і самая важная тэхналагічная аперацыя. Калі яна правільна выканана, гэта палова справы. Для дакладнай разметкі важна, каб вучань не толькі ўмеў правільна і хутка чытаць графічную дакументацыю, але і правільна выбіраў, рыхтаваў і выкарыстоўваў разметачны інструмент. Першай тэхналагічнай аперацыяй па непасрэднай апрацоўцы драўніны з’яўляецца яе пілаванне. У 5 класе вывучаецца пілаванне нажоўкай і пілаванне ручным лобзікам. Асноўнай праблемай пры пілаванні нажоўкай часам становіцца недастатковае фізічнае развіццё хлопчыкаў, калі яны не ў сілах утрымліваць нажоўку вертыкальна пры выкананні тэхналагічнай аперацыі. У гэтым дапамогуць такія прыстасаванні, як стусла або ўпор, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч.
Пры вывучэнні тэхналагічнай аперацыі пілавання нельга не закрануць прапільную разьбу, а менавіта замену пілкі ў лобзіку. Гэта даволі працаёмкі і траўманебяспечны працэс. Таму для фіксавання рамкі лобзіка павінна выкарыстоўвацца пэўнае прыстасаванне. Яно можа быць асобным або сумесным з выпіловачным столікам у выглядзе выразаў на ім. Задача настаўніка — выбраць найбольш бяспечнае або зрабіць самому.
Пры вывучэнні пэўнай аперацыі, незалежна ад таго, апрацоўка гэта драўніны або металу, арганізаваць працоўнае месца нескладана — дапамогуць дзяжурныя. Але калі вучань робіць выраб, што прадугледжвае выкананне некалькіх тэхналагічных аперацый, то яму на працоўным месцы або ў блізкім і свабодным доступе патрэбны інструмент. У такой сітуацыі асобна складзены інструмент у інструментальнай будзе прычынай лішніх хаджэнняў. Тут дапамогуць спецыяльныя стэнды або кладкі са свабодным доступам і магчымасцю карыстацца інструментам на працягу ўсяго рабочага працэсу.
Электрыфікаваны інструмент і станочнае абсталяванне набываецца часцей за ўсё за кошт бюджэтных сродкаў. Падтрыманне яго ў спраўным стане — нялёгкая задача, якая павінна знаходзіцца ў настаўніка ў прыярытэце, бо яго рамонт або замена часцей за ўсё немагчымы.
І яшчэ ў майстэрні павінен быць куток прафесійнай арыентацыі ў выглядзе інфармацыйнага стэнда або камплектаў стэндаў, дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца інфармацыі пра найбольш запатрабаваныя прафесіі рэгіёна і ўстановы, якія рыхтуюць такіх спецыялістаў.
Асвоіць тонкасці работы
Сярэдняя школа № 2 Іванава, дзякуючы вялікім і добра ўкамплектаваным вучэбным майстэрням, больш за 15 гадоў становіцца месцам правядзення другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Вучні школы займаюць прызавыя месцы, пацвярджаючы высокі ўзровень падрыхтоўкі. На базе ўстановы арганізаваны заняткі па прафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў раёна па прафесіі сталяр.

Працоўнае навучанне тут выкладае педагог з 30-гадовым стажам Андрэй Паўлавіч Жушма. Пад яго кіраўніцтвам хлопчыкі асвойваюць тонкасці работы з драўнінай і металам. Асабліва ім падабаецца працаваць з фанерай, ператвараць матэрыял у сапраўдныя творы мастацтва. Са сваімі работамі дзеці прымаюць удзел у конкурсах і творчых праектах, атрымліваюць высокую ацэнку і ўзнагароды.
Майстэрня мотальскай сярэдняй школы № 1 — адна з найстарэйшых у Іванаўскім раёне. Многае тут зроблена рукамі педагогаў.

Так, настаўнік працоўнага навучання Сяргей Васільевіч Бабрыковіч правёў поўную рэстаўрацыю 11 варштатаў (дзесяці вучнёўскіх і аднаго настаўніцкага). У якасці асноўнага матэрыялу выкарыстаў бярозу. Для вырабу новых дэталей ён узяў чарцяжы старых стандартных савецкіх школьных варштатаў з захаваннем усіх памераў і прапорцый. Але зрабіў невялікую мадэрнізацыю і спрашчэнне асобных вузлоў. Дабавіў падкладную дошку для работы долатам і нажом, каб пры апрацоўцы дробных дэталей мінімізаваць знос паверхні.
Да дэманстрацыйнага (настаўніцкага) варштата дадаў шуфляды і паліцу для захоўвання дробязей. Варштаты былі пакрыты экалагічна чыстым саставам на аснове пчалінага воску. Вучням у кабінеце працоўнага навучання стала лепш і зручней працаваць.
Незвычайныя 3D-карціны
Уладзімір Жыдковіч — выпускнік Сачыўкаўскай сярэдняй школы, дзе ўжо больш за 20 гадоў працуе настаўнікам працоўнага навучання, рыхтуе пераможцаў раённых і абласных алімпіяд.
Да 80-годдзя Перамогі разам з навучэнцамі ён выканаў творчы праект у выглядзе шматслаёвай аплікацыі па напрамках “Зброя Перамогі” і “Пераможныя бітвы”.
— Работы выкананы ў тэхніцы шматслаёвай аплікацыі. Асновай карціны з’яўляецца фанера памерам А4, на якую спачатку наклейваецца выява карцінкі (у дадзеным выпадку з інтэрнэту). Далей паслойна (у два і больш слаі) наклейваюцца пэўныя часткі і элементы выявы. Іх колькасць залежыць ад таго, наколькі атрыманы ўзор будзе візуальна адпавядаць патрэбнаму аб’ёму. У выніку атрымаліся незвычайныя 3D-карціны, — расказвае педагог.
Чаму тэхніка шматслаёвай аплікацыі на фанеры выкарыстоўваецца ў рабоце з пяцікласнікамі? Адна з першых тэхналагічных аперацый па апрацоўцы драўніны з дапамогай рэжучых інструментаў (нажоўкі і лобзіка) у 5 класе — гэта пілаванне драўніны і ліставых драўняных матэрыялаў. Педагог прадставіў адзін з варыянтаў практычных работ на завяршальным этапе вывучэння названай аперацыі. Пры выкананні творчага праекта вучні не толькі пілуюць драўніну, але і рэжуць паперу нажніцамі па пэўным контуры. І гэтыя навыкі дапамогуць ім у 6 класе пры выкананні тэхналагічных аперацый па тэме “Рэзанне тонкаліставога металу нажніцамі”.
На першы погляд, работа па стварэнні 3D-карцін нескладаная, увесь матэрыял і інструмент даступны, але яна вырашае некалькі важных задач. Развівае прасторавае ўяўленне, што важна пры чытанні графічнай дакументацыі, якой з кожным класам становіцца ўсё больш, і яна больш складаная (вучню трэба самому вызначыць, што ў яго будзе знаходзіцца на першым, а што — на апошнім плане). Удасканальваюцца і навыкі выканання разметкі і кантролю за ёй з выкарыстаннем разметачнага інструмента (вугольніка, лінейкі) або шаблона і капіравальнай паперы. Аснова аплікацыі ўяўляе сабой ідэальны прамавугольнік, які лёгка размесціцца ў рамцы фармату А4. Такім чынам, тэхніка шматслаёвай аплікацыі развівае канцэнтрацыю, акуратнасць, дакладнасць, прадугледжвае самастойны пошук вучнем інфармацыі і ілюстрацый па тэме, іх вывучэнне і асэнсаванне.
Навучэнец Уладзіміра Жыдковіча Ілья Саўчук сёлета стаў пераможцам (дыплом ІІІ ступені) абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”. І ў выніку быў залічаны па-за конкурсам у БрДТУ на спецыяльнасць “Эксплуатацыя наземных транспартных і тэхналагічных машын і комплексаў” (з прафілізацыяй “Аўтасэрвіс”).
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўстаноў адукацыі раёна





