Як вішанька на торце

- 13:43Выхаванне, Выхаваўчая работа

Выступленне ўзорнага дзіцячага хору “Вішанька” сярэдняй школы № 115 Мінска на любой сцэне выклікае авацыі.

Калектыў за больш чым 50 гадоў свайго існавання аб’ез­дзіў усю Беларусь, шмат разоў выступаў за мяжой і амаль усюды станавіўся хітом праграмы. Зараз у яго канцэртным складзе 28 дзяцей: усе дзяўчынкі, вучаніцы 7, 8 і 9 класаў. Хор акадэмічны, выконвае добра вядомыя песні — тыя, што кранаюць душу. Таму на канцэртах іх нумары заўсёды жаданыя — як вішанька на торце.

— Цікава, што такі паспяховы хор сфарміраваўся ў звычайнай сярэдняй — не музычнай — школе, — заўважае яго кіраўнік настаўніца вышэйшай катэгорыі Таццяна Брытко. — Больш за тое, дзеці займаюцца бясплатна, у адрозненне ад музычных школ, але і не атрымліваюць адзнак. Заняткі для іх не абавязковыя, факультатыўныя, але, нягледзячы на гэта, нашы маленькія песняры настолькі адданыя музыцы, што застаюцца з хорам з году ў год. Усё трымаецца на энтузіязме. Лічу, калі ёсць любоў да музыкі, даступныя любыя вяршыні. Я сама нарадзілася ў мястэчку Плешчаніцы Мінскай вобласці, вучылася ў музычнай школе. Мне не ўсё лёгка давалася, але ў мяне была бабуля, якая любіла музыку і стымулявала мяне. І з часам я апынулася ў Маскве — у Расійскай акадэміі музыкі імя Гне­сіных! Скончыўшы яе, вярнулася ў Беларусь і зараз працую тут, з маім хорам. Веру і ў вернасць музыцы маіх дзяўчынак.

Адметна, што прызавыя месцы калектыў бярэ нават у конкурсах, дзе ўдзельнічаюць толькі музычныя школы. Напрыклад, у лістападзе “Вішанька” стала лаўрэатам II ступені на Мінскім харавым фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні імя А.П.Граса. У гэты час дзяўчынкі рыхтуюцца да выступ­лення ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — на конкурсе харавых кампазітараў. 

 

Чытайце матэрыял Лізаветы Міцкевіч у нумары ад 27 студзеня 2023 года.