На занятках Радмілы Бруйла ажываюць Лермантаў і Пушкін — з дапамогай нейрасетак, інтэрактыўных гульняў, музычных кліпаў

- 10:10Образование

Будучы ініцыятыўнай і творчай асобай, Радміла Міхайлаўна стала пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Педагог з гімназіі Калінкавіч умее ператва­раць класічныя ўрокі ў займальную прыгоду для сучасных дзяцей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ведаючы, што сучасных школьнікаў не вельмі прываб­ліваюць аб’ёмныя тэксты, імкнуся зацікавіць іх загадзя і работу пачынаю яшчэ летам на канікулах, — адзначае педагог. — Я не проста даю спіс літаратуры, а суправаджаю яго трэйлерамі: расказваю самыя яркія і інтрыгуючыя моманты з кніг. Мая задача — справакаваць цікаўнасць у дзяцей, каб ім захацелася даведацца, што будзе далей, і да чытання прыступіць з энтузіязмам.

Радміла Міхайлаўна ператварыла нейрасетку ў свайго асістэнта. Цяпер класікі сыхо­дзяць са старонак падручнікаў у яе відэаролікі, а праграмныя вершы кладуцца на біты згенерыраваных песень. Такі лічбавы падыход дапамагае вучням лягчэй засвойваць школьную праграму.

— Класіка ў сучасных рытмах — гэта тое, што чап­ляе сённяшняга школьніка, — працягвае суразмоўніца. — Відэаролікі, дзе вершы пакла­дзены на актуальную музыку, перадаюць дух твора, і ён становіцца больш зразумелымі. І хоць я не прыхільніца ўкаранення ШІ ў кожны ўрок, менавіта такія кропкавыя ўключэнні сучасных тэхналогій абуджаюць у вучняў шчырую цікавасць да прадмета. На адным з урокаў паводле паэмы “Мцыры” класіка літаральна ажыла. З экрана манітора да гімназістаў звярнуўся сам Міхаіл Лермантаў: ён папрасіў хлопцаў і дзяўчат разгадаць лёс свайго героя і даў наказ любіць родныя Калінкавічы. Гэта было пралогам займальнага ўрока-квеста. Удзель­нікі не проста праходзілі станцыі, але і адчулі атмасферу Каўказа праз інтэрактыўную фізкультхвілінку з лезгінкай. Эмацыянальную атмасферу дапоўнілі музычныя прыёмы: урывак з паэмы з дапамогай штучнага інтэлекту стаў песняй. Гэта даказала вучням, што класіка можа быць незвычайнай і больш даступнай. Я зусім не супраць, калі замест традыцыйнага чытання на памяць выхаванцы выберуць фармат песні. Фінальную кропку паставіў сам Мцыры: нейрасетка згенерыравала вобраз героя, які падзякаваў вучням за работу.

Педагог не ўтойвае: стварэнне лічбавага Лермантава патрабуе не толькі фантазіі, але і тэхнічных навыкаў. І дзеліцца сакрэтамі складання правільнага промта — выразнага задання для нейрасеткі. Каб ШІ выдаў патрэбны вынік, важна дэталёва апісаць усё. У Радмілы Міхайлаўны ёсць свой “залаты стандарт” складання запытаў для нейрасеткі. Галоўнае правіла — максімальная канкрэтыка.

— Абавязкова трэба прапісваць, што інфармацыя прызначана для настаўнікаў ці навучэнцаў Беларусі, — раіць педагог. — ШІ павінен разумець узрост дзяцей і мэты ўрока. Уявіце, што вы даяце інструкцыю новаму вучню ў класе: чым больш падрабязным будзе ваш промт, тым дакладней сістэма згенерыруе ідэі для квеста ці плана заняткаў.

За знешняй лёгкасцю ­стаіць сур’ёзная работа над сабой: настаўніца пастаянна ўдасканальвае майстэрства ў творчых майстэрнях “Летняй акадэміі” ў ГАІРА. Высокі прафесіяналізм пацверджаны і на абласным узроўні: на фестывалі “Педагагічныя надзеі” яна заваявала дыплом ІІ ступені ў вырашэнні педагагічных задач і дыплом ІІІ ступені за абарону стэндавага даклада.

Дарэчы, мінулае лета таксама не стала адпачынкам ад навучання: Радміла Міхайлаўна прайшла падрыхтоўку ў цэнтры ведаў “Машук” у Пяцігорску. У гэтым прэстыжным адукацыйным цэнтры яна асвойвала перадавыя тэхналогіі работы са штучным інтэлектам, а вярнуўшыся, ператварыла асабісты вопыт у агульны здабытак. Сёння яна актыўна дзеліцца з калегамі сакрэтамі майстэрства ў гэтым напрамку.

Але тэхналогіі не самамэта. Галоўнае для настаўніцы — стварыць сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці, нават самага сціплага. Яна выкарыстоўвае магнітныя гульні, дзеці прымяняюць мухабойкі падчас слоўнікавых дык­тантаў. Яе дэвіз — “Настаўнік павінен быць сучасным і добразычлівым — без любімчыкаў і з роўным стаўленнем да кожнага”.

— Неабходна праверыць засваенне матэрыялу ў класе? Слоўнікавы дыктант? Лёгка. Сакрэт — у візуальнай падачы: выкарыстоўваю аўтарскія карткі на магнітах, — акцэнтуе ўвагу Радміла Міхайлаўна. — Падобныя інтэрактывы дазваляюць не толькі замацаваць правілы на ўроку рускай мовы, але і калектыўна сабраць з дэталей-характарыстык глыбокі вобраз героя на рускай літаратуры.

Дзякуючы фармату гульні дзеці не баяцца памыліцца, яны пра гэта нават не думаюць. Калі ўрок ператвараецца ў захапляльны працэс, бар’еры разбураюцца самі сабой. Так, шасцікласнікі з захапленнем асвойваюць правапіс “н” і “нн” у незвычайным фармаце: узброіўшыся мухабойкамі, яны “палююць” на правільныя адказы прама каля дошкі. Для іх гэта не сумнае вывучэнне правіла, а азартная гульня, дзе перамагае адукаванасць. ­Адзін дакладны стук па кардоннай пчолцы з “н” ці “нн” — і правіла, як і правільнае напісанне слова, засвоена назаўжды.

Аляксандр Сяргеевіч Пушкін не заводзіў старонку ва “УКантакце”, але яго профіль ужо сабраў мноства лайкаў. Гэта не міс­тыфікацыя, а новы педагагічны прыём: настаўніца стварае карткі, якія імітуюць акаўнт у сацсетках. У такім выпадку біяграфія паэта ператвараецца ў стужку пастоў з пэўнымі датамі і спасылкамі на творы. Гэты візуальны трук дапамагае запомніць факты пра класікаў лепш.

Нягледзячы на тое, што ў Радмілы Міхайлаўны даволі вялікі банк заданняў, яна не ператварае кожны ўрок у гульню.

— Спадзяюся, што мой метад выкладання, у тым ліку і гульнявы, дапаможа выпускнікам паспяхова здаць ЦЭ, — гаворыць педагог. — Магчыма, у стрэсавай абстаноўцы на іспыце яны ўспом­няць тую сітуацыю, якую вырашалі ў класе, слова на дошцы або яркі малюнак. Гэтыя візуальныя зачэпкі і стануць ключом да дакладнага адказу.

Стварэнне сітуацыі поспеху — дзейсны інструмент у руках Радмілы Міхайлаўны. Паказальным стаў адзін з праведзеных адкрытых урокаў. За першую парту педагог запрасіла сесці вучня, які звычайна на занятках парушаў дысцыпліну і адцягваў увагу аднакласнікаў. Вынік здзі­віў усіх: уцягнутае ў інтэрактыўны працэс, дзіця раскрылася з новага боку і заслужана атрымала 9 балаў.

— Стараюся будаваць дыялог з вучнямі на прынцыпах доб­разычлівасці і абсалютнай непрадузятасці, — падкрэслівае настаўніца. — У мяне няма любімчыкаў, і я лічу гэта правільным. Толькі ў такіх умовах дзіця можа па-сапраўднаму раскрыцца.

Педагог у трэцім пакаленні, прафесію яна выбрала па прыкладзе бабулі і маці. Дарэчы, зараз Радміла Міхайлаўна працуе ў адной установе адукацыі разам з мамай Святланай Васільеўнай, якая таксама выкладае рускую мову і літаратуру.

Радміла Бруйла працуе ў гімназіі, у якой некалі сама была вучаніцай. Тут усё здаецца блізкім і знаёмым, а ўчарашнія настаўнікі сталі мудрымі калегамі.

— У гімназіі мяне падтрымліваюць і дапамагаюць: мама, калегі і адміністрацыя заўсёды на сувязі ў любы час. Гэтая пераемнасць і вера даюць сілы для самых смелых эксперыментаў і прафесійнага росту, — рэзюмуе суразмоўніца.

 Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара