Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Свіслачы Вольга Бубенчык прызнаецца, што ў школьныя гады не любіла пісаць сачыненні. Аднак усё жыццё яна працуе з жывым словам: больш за 20 гадоў аддала журналістыцы, а сёння рыхтуе вучняў да творчых конкурсаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Па адукацыі я філолаг, пасля заканчэння ўніверсітэта выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. У школе ўдалося папрацаваць некалькі гадоў. Потым атрымала прапанову аб супрацоўніцтве ад рэдактара раённай газеты, — гаворыць Вольга Бубенчык. — Вырашыла, чаму б не паспрабаваць. Спачатку журналістыка была для мяне выпрабаваннем і адначасова школай майстэрства: даводзілася пісаць па некалькі ўжо не школьных сачыненняў у дзень на самыя розныя тэмы. Журналіст павінен быць універсальным спецыялістам: з нуля пагружацца ў любую праблему, знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі, валодаць словам і аператыўна рыхтаваць матэрыялы. Пісала я пра сельскую гаспадарку, на эканамічныя тэмы, з часам узначаліла аддзел, а ў 2014 годзе стала галоўным рэдактарам раённай газеты. На той момант я была мамай дзвюх дачок і сына.
У 2021 годзе Вольга Бубенчык прадстаўляла Свіслацкі раён на Усебеларускім народным сходзе. Пад яе кіраўніцтвам раёнка пяць разоў станавілася лаўрэатам нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Літара”. У ліку асабістых узнагарод Вольгі Бубенчык ёсць грамата Патрыяршага Экзарха за творчы праект “Ля вытокаў духоўнасці”.
— Як рэдактар, я часта сустракалася са школьнікамі, расказвала пра сваю прафесію і шукала таленты ў рамках праекта “Вучымся журналісцкаму мастацтву”, — успамінае Вольга Іванаўна. — У 2023 годзе пераступіла парог сярэдняй школы № 2 Свіслачы, у якой сама раней вучылася, у якасці настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Рашэнне аказалася няпростым. За гады работы ў рэдакцыі столькі ўсяго было перажыта, столькі рэалізавана творчых ідэй. Разам з тым прыйшла прафесійная стомленасць, з’явілася жаданне рухацца далей, змяніць сферу дзейнасці.
Вользе Бубенчык прапанавалі не толькі весці ўрокі, але і стаць класным кіраўніком у пяцікласнікаў, бо іх настаўніца пайшла на павышэнне.
— Калі ўпершыню ўвайшла ў клас — адбылося гэта не ў пачатку навучальнага года, а ў апошнюю чвэрць — хвалявалася вельмі моцна. Здавалася, прасцей узяць у дзяцей інтэрв’ю, чым вучыць іх, — прызнаецца педагог. — Цяжка было і маім пяцікласнікам. Яны кранальна развітваліся са сваім былым класным кіраўніком, абдымаліся, плакалі. А мяне сустрэлі насцярожана.
Журналісцкае чуццё падказвала, як дзейнічаць, каб знайсці паразуменне з дзецьмі.
— “Будзем знаёміцца”, — звярнулася я да класа, — працягвае настаўніца. — Гаварыла з дзецьмі як з дарослымі, не павышала голасу. У мяне няма звычкі называць вучняў па прозвішчы. Зварот па імені лічу праявай павагі да чалавека. А яшчэ трэба часцей усміхацца. Пачуццё гумару і ўсмешка дапамагаюць знайсці паразуменне, разрадзіць абстаноўку. Ужо праз месяц знаёмства з новымі вучнямі я ведала практычна ўсё пра іх жыццё, мы пасябравалі, узнік давер.
Калектыў школы сустрэў Вольгу Бубенчык з павагай і цяплом. У раёне яе добра ведалі як рэдактара газеты.
— Спачатку адчувала сябе ў школе маладым спецыялістам: трэба было асвойваць сучасныя падыходы да навучання, прывыкаць да новых патрабаванняў, — адзначае Вольга Іванаўна. — Калегі дапамагалі, пераконвалі, што вучыцца ніколі не позна. Адразу ж мяне накіравалі на двухмесячныя дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродзенскі абласны ІРА. Чытанне кніг, лекцыі, майстар-класы, практычныя заданні, залікі… Я нібы трапіла пад халодны душ, але такі інтэнсіў надаваў упэўненасці. У верасні гэтага года я прайшла курсы павышэння кваліфікацыі ў Гродне па сучасных патрабаваннях да рэалізацыі прадметнага зместу пры рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Пакуль у мяне другая кваліфікацыйная катэгорыя, у найбліжэйшы час планую прайсці атэстацыю на першую.
Вольга Бубенчык удзельнічае ў конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку міжнародных, па выніках якіх публікуецца ў зборніках, піша артыкулы для прафесійных выданняў. На XI Міжнародным конкурсе метадычных распрацовак па творчасці М.А.Шолахава яе работа “Жаночыя лёсы ў рамане М.А.Шолахава “Ціхі Дон” адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Сучасны трэнд — развіццё функцыянальнай адукаванасці. Для ўрокаў Вольгі Іванаўны гэта абавязковая ўмова.
— Падручнік і праграма для мяне арыенцір, але заданні я адаптую пад канкрэтных дзяцей, — гаворыць педагог. — Праводжу работу ў парах і групах. Прапаноўваю тэставыя, кампетэнтнасна арыентаваныя заданні, працуем з дзецьмі над творчымі праектамі. Выкарыстоўваю метад візуалізацыі сувязей паміж словамі, паняццямі і ідэямі ў выглядзе карты (семантычнае картаванне), кластары, слоўнае маляванне, пратакол чытання. Мы з дзецьмі складаем дасье і дзённік героя, пішам лісты аўтару ад свайго імя або ад імя героя твора, рэдагуем тэксты на ўроках мовы і інш. Люблю задаваць тонкія і тоўстыя пытанні, праводзіць асацыяцыі. З адзінаццацікласнікамі сістэматызуем веды да ЦЭ. Дзялюся з імі карыснымі матэрыяламі ў агульным Telegram-канале. Вялікую ўвагу ўдзяляю выхаваўчаму патэнцыялу ўрокаў. На прыкладзе тэкстаў гаворым пра справядлівасць, сумленнасць, сяброўства, вернасць, гуманнасць, патрыятызм, дабро і зло. Мая задача — тонка накіроўваць, дапамагаць вучням фармуляваць думкі.
Сёння школьнікі, на жаль, мала чытаюць, абмяжоўваюцца кароткімі пераказамі твораў, а сачыненні нярэдка пішуць з дапамогай нейрасетак.
— Мне адразу становіцца зразумела, калі тэкст не належыць вучню. Гэта адчуваецца па стылі, выкарыстанні слоў, значэнне якіх дзеці не разумеюць. За прыгожа спісанае сачыненне, якое вучань сам перапрацаваў, двойку не пастаўлю, але і высокай адзнакі не будзе. А калі персанажы з аднаго твора раптам апынаюцца ў іншым, становіцца зусім сумна. Вучу дзяцей ствараць арыгінальныя тэксты, у якіх будзе адчувацца іх асоба, а не шаблонныя пераказы “нарадзіўся, вучыўся, жаніўся”. Гавару пра важнасць навізны, бо паўтараць відавочнае сумна.
У тэксце павінны быць свежыя факты, нечаканыя павароты. Элементы публіцыстыкі надаюць грамадскую значнасць і пераканаўчасць, а розныя стылістычныя прыёмы робяць тэкст больш выразным і запамінальным, утрымліваюць увагу чытача. Пісаць трэба так, каб было прыемна чытаць самому, — адзначае Вольга Іванаўна.
Вучні, якія хочуць праяўляць сябе, становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд і конкурсаў — ад раённых да міжнародных. Вольга Бубенчык натхняе дзяцей на стварэнне творчых работ і, зразумела, дапамагае ў гэтым, рэдагуе тэксты.
— Для творчых конкурсаў часцей за ўсё патрабуецца падрыхтаваць эсэ або сачыненне на зададзеную тэму, — працягвае Вольга Іванаўна. — Гэта не класічнае школьнае сачыненне, а роздум, дзе аўтару важна выказаць асабістае ўспрыманне, свае пачуцці. Бываюць конкурсы, у якіх неабходна прадэманстраваць выразнае чытанне, ці ў сучасным фармаце, напрыклад, зняць відэаролік на сацыяльна значную тэму.
На міжнародным конкурсе сачыненняў па творчасці М.А.Шолахава мінулай зімой Алена Чыганаева, былая вучаніца Вольгі Бубенчык, адзначана дыпломам І ступені. А сёлета разам з калегамі настаўніца рыхтавала каманду вучняў да рэспубліканскага конкурсу “Юныя краязнаўцы”. Вынік уражвае: шэсць дыпломаў І ступені ў розных намінацыях, у тым ліку за тэатральную пастаноўку, і каманднае 1-е месца. За сачыненні пра ветэранаў, эсэ пра прыроду, творчыя работы пра мора вучні Вольгі Іванаўны маюць прызавыя месцы на раённых конкурсах. Ёсць і пераможцы раённых алімпіяд па рускай мове.
Сваёй дачцэ Мілане Вольга Іванаўна ў мінулым годзе дапамагала падрыхтавацца да міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу імя А.С.Пушкіна, на якім быў атрыманы дыплом I ступені. Акрамя таго, за вершы ўласнага сачынення Мілана двойчы заваявала дыплом І ступені ў адкрытым рэспубліканскім конкурсе “Адзінства”. Нядаўна дзяўчына ўзяла дыплом ІІІ ступені на абласным этапе конкурсу навукова-даследчых работ “Хрустальная Альфа” па рускай мове за работу аб маладзёжным слэнгу “Сацыялект XXI стагоддзя”. Падрыхтоўкай Міланы займалася не толькі мама, але і настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Камінская.
Акрамя ўрокаў, Вольга Іванаўна вядзе заняткі факультатыву па асновах духоўна-маральнай культуры і патрыятызму.
— Гэты кірунак мне заўсёды быў вельмі блізкі, — адзначае педагог. — У газеце я пісала артыкулы на тэму духоўнасці, а зараз выхоўваю ў дзяцей павагу да маральных каштоўнасцей, дапамагаю ім знаходзіць адказы на важныя пытанні, фармірую асобу. Мы наладзілі супрацоўніцтва з царквой, удзельнічаем у Каложскіх, Філарэтаўскіх, Кірыла-Мяфодзіеўскіх і Тураўскіх чытаннях.
Да таго ж Вольга Бубенчык займаецца напаўненнем школьнага сайта і вядзе Telegram-канал установы. І для сям’і час знаходзіць. Мая суразмоўніца не проста мнагадзетная мама, але ўжо і бабуля. Ёсць у яе і любімае хобі — вышыўка. Гэта занятак, які дапамагае ёй супакоіцца і аднавіць душэўную раўнавагу.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





