У сярэдняй школе № 1 Круглага перакананы, што патрыятычныя пачуцці зараджаюцца на малой радзіме. І гэта сапраўды так, бо менавіта ў роднай вёсцы, мястэчку, горадзе кожны з нас упершыню адчувае сваю значнасць як жыхар, грамадзянін і патрыёт.
Мой горад самы лепшы
У працяг просяцца словы Уладзіслава Керніса Амеліна, якія агучылі вучні пачатковых класаў падчас нашай сустрэчы:
Мой город самый лучший на Земле!
На всей огромной, голубой планете.
Пусть он не так велик, сам по себе,
Его любимей нет на целом свете!
С ним связана судьба и жизнь моя.
— Нашы пачаткоўцы — самыя юныя і дапытлівыя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Менавіта ў пачатковых класах пачынаецца ўсвядомленае ўспрыманне свету, грамадства і Радзімы, роднага горада, — адзначыла настаўніца пачатковых класаў Аксана Фёдараўна Саўчук.

А яе калега Таццяна Уладзіміраўна Калініч запрасіла на выставу дзіцячых малюнкаў і фотаздымкаў, прымеркаваных да 500-гадовага юбілею Круглага, які горад адзначаў у 2024 годзе. На малюнках і фота — акрамя памятных і цікавых месцаў — дзіцячыя эмоцыі, якія сведчаць пра любоў да роднага горада. Ад эмоцый пераходзім да штодзённай карпатлівай працы, у якой, безумоўна, ёсць месца дзейнасці вучняў пачатковых класаў. Яны сумесна з навучэнцамі сярэдняга і старшага звяна ўжо другі раз становяцца ўдзельнікамі інавацыйных праектаў.

Цяпер у школе рэалізуецца праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Укараненне сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў: рэгіянальная мадэль”. Яго распрацоўшчыкам з’яўляецца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Васільеўна Суханоўская. У межах праекта наладжана дзейнасць гісторыка-краязнаўчага клуба, экалагічнага, вядзецца журнал падарожніка, краязнаўчы каляндар.

Удзельнікам інавацыйнага праекта з’яўляецца настаўніца працоўнага навучання Ганна Аляксандраўна Рудэнка, якая, дэманструючы свой напрамак дзейнасці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў (а гэта вывучэнне народнай творчасці жыхароў Кругляншчыны, культуры, традыцый), прапанавала нам паўдзельнічаць у творчых гульнях.
— У гульні “Сімвалы на ручніках” неабходна правільна падабраць назву для прадстаўленых сімвалаў беларускай вышыўкі: вобраз сонца, вобраз песні, вобраз зямлі, вобраз агню, сімвал багатага чалавека, сімвал кахання. А ў наступным заданні паспрабуем зрабіць старадаўнюю вышыўку “Роспіс”. Менавіта гэтая вышыўка была найбольш распаўсюджанай у Магілёўскай вобласці, — тлумачыла настаўніца.
Мы навыперадкі ўзяліся за выкананне заданняў, але ўсё аказалася не так проста. Асабліва калі пачалі вышываць. Яно і зразумела: спрыту яўна не хапала. Заставалася толькі парадавацца магчымасці далучыцца да мясцовых традыцый і даведацца пра іх адметнасці.
Адказныя адносіны
Гарманічна ў рэалізацыю інавацыйнага праекта ўпісалася дзейнасць ваенна-патрыятычнага клуба “Дазор”, які быў створаны на базе 1-й школы на аснове пагаднення паміж Магілёўскім абласным упраўленнем Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і аддзелам па адукацыі Круглянскага райвыканкама.
Пры стварэнні клуба была пастаўлена вялікая мэта — развіваць у навучэнцаў адказныя адносіны да сябе, сваёй сям’і, грамадства, фарміраваць грамадзянска-патрыятычныя кампетэнцыі, набыць вопыт удзелу ў грамадскім жыцці, грамадзянскіх ініцыятывах, сацыяльна значных праектах.
— Уся наша дзейнасць накіравана на набыццё навучэнцамі практычных ведаў і ўменняў, псіхалагічнай і фізічнай ўстойлівасці для будучай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, вядзецца прафарыентацыйная работа, знаёмімся з ваеннымі прафесіямі, профільнымі ўстановамі адукацыі. І не дарэмна. Многія ўдзельнікі клуба паступаюць у сілавыя ўстановы вышэйшай адукацыі, — адзначыў кіраўнік клуба Мікалай Васільевіч Гронскі.

Работа з курсантамі клуба праводзіцца ў форме заняткаў, спаборніцтваў, экскурсій, паходаў — у адпаведнасці з праграмай ваенна-патрыятычнага клуба (ваенна-патрыятычны профіль, базавы і павышаны ўзровень вывучэння адукацыйнай галіны “Падрыхтоўка да ваеннай службы”). Тэрмін рэалізацыі праграмы — 2 гады (1 год — базавы ўзровень, 1 год — павышаны ўзровень). Заняткі, згодна з зацверджаным раскладам, праходзяць па суботах з 10.00 да 12.45.
Навучэнцы ўдзельнічаюць у руху “Юныя патрыёты Магілёўшчыны”. Актыўна прымаюць удзел у школьных, раённых, абласных мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, а таксама мерапрыемствах, якія праводзяцца Магілёўскім абласным упраўленнем Дэпартамента аховы МУС. Для курсантаў рэгулярна арганізуюцца экскурсіі.

Разам з тым адпаведная работа вядзецца і на базе школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына” з багатым матэрыялам і экспанатамі. У раздзеле “Этнаграфія” прадстаўлена рэканструкцыя сялянскай хаты з самаробнай драўлянай мэбляй, прадметамі побыту, гліняным і драўляным посудам, прыладамі працы, ручнікамі, прадметамі адзення і абутку. “Гісторыя школы” знаёміць са школьнымі падручнікамі розных часоў, альбомамі, нават адноўленым інтэр’ерам школы перыяду 80-х гадоў. Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена педагогам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Раздзелы “Вялікая Айчынная вайна на Кругляншчыне” і “Партызанская зямлянка” прысвечаны ўдзелу круглянцаў у вайне. У экспазіцыі сабраны часткі зброі, асколкі снарадаў, унікальныя рэчы часоў вайны (каскі, пляшкі для вады, прадметы асабістага карыстання салдат савецкай і нямецкай армій). Дапоўнена экспазіцыя копіяй зямлянкі 8-й партызанскай брыгады С.Г.Жуніна і партрэтнай галерэяй партызан і падпольшчыкаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні раёна.
Раздзел “Мой родны кут… (з гісторыі Кругляншчыны)” знаёміць з гісторыяй засялення Круглага ў эпоху каменнага веку, расказвае пра археалагічныя помнікі на тэрыторыі раёна. Значнае месца ў экспазіцыі адведзена савецкаму перыяду і сучаснаму развіццю горада.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





