Назапашаным вопытам настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Цецярук з Павіццеўскай сярэдняй школы актыўна дзеліцца з калегамі, у тым ліку ў рамках праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Дзякуючы ёй пра таленавітага педагога з невялікай сельскай школы ведаюць і ў іншых рэгіёнах краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У школьныя гады Наталля Цецярук марыла быць перакладчыкам, каб падарожнічаць па замежных краінах, але стала педагогам, які актыўна вандруе па родным краі.
Гэта не адзіны факт з біяграфіі Наталлі Васільеўны, што даказвае непрадказальнасць чалавечага лёсу: нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу, вучылася ў Лунінцы, Мінску і Брэсце, а працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў невялікай вёсцы Павіцце на Кобрыншчыне.
Не выпадковай аказалася і паездка ўчарашняй школьніцы ў сталічным метро. Не паступіўшы ў тагачасны МДЛУ ўсяго з-за аднаго бала, дзяўчына звярнула ўвагу на аб’яву аб наборы абітурыентаў у колішні Мінскі педкаледж № 1, куды і накіравалася. І не пашкадавала, бо неўзабаве зразумела, асабліва пасля летняй педпрактыкі, што хоча быць толькі настаўніцай. Немалую ролю ў гэтым адыгралі і выкладчыкі каледжа, якім Наталля Цецярук вельмі ўдзячна.
Яе першым і пакуль адзіным месцам работы з’яўляецца Павіццеўская сярэдняя школа, дзе педагог працуе ўжо 24 гады. І мяняць сельскую ўстанову адукацыі на гарадскую не збіраецца.
— Калі толькі прыйшла ў школу, старэйшыя калегі адразу акружылі клопатам і адносіліся да мяне як да дачкі, дапамагалі і падтрымлівалі ва ўсім. А інакш, напэўна, і быць на магло, бо калектыў быў вялікай і дружнай сям’ёй. Ды і з дзецьмі пашанцавала: добрыя, цікаўныя, ініцыятыўныя… — успамінае Наталля Васільеўна.
Школа, дзе яна працуе, беларускамоўная. Таму павышаць матывацыю дзяцей да вывучэння роднай мовы тут прасцей. Дапамагаюць настаўніцы ў гэтым не толькі метадычныя прыёмы і тэхналогіі, творчыя заданні, але і лічбавыя рэсурсы, у тым ліку штучны інтэлект. Праўда, да яго магчымасцей яна вучыць адносіцца з пэўнай асцярогай, для чаго развівае навыкі крытычнага мыслення на канкрэтных прыкладах. Дзякуючы ім школьнікі пераконваюцца, што любую атрыманую інфармацыю варта правяраць, а ШІ зусім не ідэальны. Тым не менш ён зручны пры распрацоўцы сцэнарыяў, праектаў і інш.
Наталля Цецярук паспяхова развівае творчыя здольнасці выхаванцаў з дапамогай вучэбна-даследчай дзейнасці, якая падштурхоўвае да пошуку новых ведаў:
— На жаль, многія школьнікі займаюць на ўроках пасіўную пазіцыю, таму ўжо ў 5—6 класах страчваюць цікавасць да вучобы. Гэта прыводзіць да таго, што выпускнікі не валодаюць творчай ініцыятывай і не арыентуюцца ў сучасным інфармацыйным патоку. А паколькі творчасць, бадай, самы магутны імпульс у развіцці асобы, то выправіць сітуацыю дапамагае даследчая дзейнасць. У галіне літаратуры яна фарміруе навыкі самастойнай работы з мастацкім і літаратуразнаўчым матэрыялам, узбагачае чытацкі вопыт, пашырае кругагляд і, канечне, развівае творчыя здольнасці.
Працуючы з вучнямі 5—7 класаў, настаўніца скіроўвае іх увагу на навуковую і даведачную літаратуру, якая ляжыць у аснове мікрадаследаванняў. На гэтым этапе Наталля Васільеўна вучыць дзяцей самастойна арыентавацца ў матэрыяле, вылучаць галоўнае і ставіць пытанні. Гэта развівае навыкі вырашэння праблемнай сітуацыі і крытычнае мысленне.
— Вучні 8—9 класаў замацоўваюць папярэдні даследчы вопыт і набываюць новыя навыкі: выконваюць самастойныя даследаванні і заданні творчага характару, паглыбляюць веды па методыцы даследавання і апрацоўцы яго вынікаў. На гэтым этапе ўскладняюцца формы даследчай работы, павялічваецца іх аб’ём, а заданні набываюць супастаўляльны характар, — працягвае педагог. — А вось старшакласнікі ўжо могуць самастойна выбіраць тэму даследавання, аналізаваць літаратуразнаўчыя крыніцы, выказваць гіпотэзы, рабіць высновы, рыхтаваць даклады, рэфераты…
Наталля Васільеўна арганізуе даследчую дзейнасць на ўсіх этапах вывучэння літаратуры, не забываючы пра ўзрост дзяцей, іх жыццёвы і чытацкі вопыт. Так, у рабоце з вучнямі 5—7 класаў звяртаецца да такіх прыёмаў і метадаў, якія забяспечваюць засваенне тэксту з улікам жанравых і стылёвых асаблівасцей твораў, стымулююць фантазію і маўленне. Дапамагаюць у гэтым складанне кластараў, выкарыстанне табліц, стварэнне сінквейнаў. Напрыклад, апошнія дапамагаюць рэзюмаваць інфармацыю, выказваць складаныя ідэі, пачуцці і ўяўленні ў некалькіх словах.
— Практыкую метад вобразнага бачання, які ўяўляе сабой эмацыянальна-вобразнае даследаванне аб’екта і добра падыходзіць пры вывучэнні паэтычных твораў, — гаворыць педагог. — Прапаную намаляваць вобраз ці карціну, якія ўзніклі ва ўяўленні пры праслухоўванні пэўнага тэксту. Не менш эфектыўны і прыём “Калі б…”: вучні фантазіруюць аб сустрэчы з літаратурным героем і размове з ім. Падобныя заданні развіваюць не толькі ўяўленне, але і творчыя здольнасці, вучаць вызначаць праблематыку твора. Так, пры вывучэнні апавядання Генрыха Далідовіча “Страта” прапаную наступнае заданне: калі б вы былі Стасем, якімі б уражаннямі і перажываннямі падзяліліся са сваімі бацькамі пасля знаёмства з Міцем Бокуцем?
Да прыёму інсцэніравання Наталля Васільеўна звяртаецца пры вывучэнні празаічных і драматычных твораў. Працуючы з аповесцю Кузьмы Чорнага “Насцечка”, шасцікласнікі рыхтуюць суд над Сержам, выконваючы ролю адваката, прысяжных, пракурора і інш. А вось для развіцця навыкаў параўнальна-супастаўляльнага аналізу настаўніца прапануе пяцікласнікам прааналізаваць і знайсці адметнасці ў вершах Васіля Зуёнка “Прыйдзі аднойчы” і Рыгора Барадуліна “Бацьку”.
Калі ў 5—7 класах Наталля Цецярук даволі часта выкарыстоўвае заданні праблемнага характару, якія патрабуюць самастойнага супастаўлення вывучаных фактаў ці з’яў, выказвання ўласных меркаванняў і вывадаў, то ў 8—9 класах аддае перавагу літаратуразнаўчым падыходам, якія дазваляюць карэкціраваць пачатковае суб’ектыўна-асобаснае ўспрыманне, паглыбляць яго і на навуковай аснове асэнсоўваць твор у адзінстве зместу і формы. Для гэтага школьнікі вывучаюць гісторыю тэксту, выяўляюць аўтарскую пазіцыю, даследуюць кампазіцыю, сістэму вобразаў, дэталей і асаблівасцей мовы.
— Шырока прымяняю ўрокі-праекты, якія дапамагаюць абагульняць інфармацыю і вылучаць сутнасныя прыкметы, урокі-семінары і ўрокі-канферэнцыі, — расказвае Наталля Васільеўна. — Акрамя таго, практыкую праблемныя пытанні і вырашэнне праблемных сітуацый: “У чым прычына?”, “Ці згодны вы з гэтым сцвярджэннем?”, “Знайдзіце доказы ў тэксце”, “У чым недахопы?”, “Ваш прагноз?”, “Якое выйсце прапануеце?” і інш. У 8—9 класах актыўна звяртаюся да метаду праектаў. Вывучаючы творчасць Максіма Багдановіча, прапаную школьнікам праект, над якім будуць працаваць 4 групы даследчыкаў: “біёграфы” вывучаюць біяграфію паэта, адзначаючы факты, неабходныя для разумення жыццёвай пазіцыі і тэматыкі яго твораў; “літаратуразнаўцы” даследуюць творчасць аўтара, вызначаючы асноўныя тэмы лірыкі і размяркоўваючы творы па датах напісання; “мовазнаўцы” выяўляюць асаблівасці стылю паэта, а “мастацтвазнаўцы” рыхтуюць прэзентацыю з творамі мастацтва пра асобу Багдановіча, а таксама пра яго вершы, пакладзеныя на музыку.
Па словах педагога, на ўроках літаратуры вельмі важна, каб літаратуразнаўчыя паняцці не сталі тэрмінамі, якія жывуць самі па сабе. Даследчы падыход дапамагае напоўніць жыццём складаныя тэрміны, зблізіўшы іх з эстэтычным успрыманнем вучняў.
— Напрыклад, каб намеціць прынцыпы і прыёмы работы над лірыкай, трэба разумець своеасаблівасць лірычнага жанру і асаблівасці лірычнага вобраза, — тлумачыць Наталля Цецярук. — Назіранні над мастацкай формай у спалучэнні з даследчай работай дапамагаюць перадаць вучням сутнасць твора, раскрыць думкі і пачуцці паэта, засвоіць тэарэтычна-літаратурныя паняцці. Пры вывучэнні лірыкі Максіма Багдановіча выкарыстоўваю лінгвістычны эксперымент: прапаную дзевяцікласнікам пераствораны тэкст, куды ўключаны словы, якія не належаць аўтару. Дзеці чытаюць тэкст і закрэсліваюць гэтыя словы. Такім чынам спасцігаюць асаблівасці пісьменніцкай манеры і стылю.
Не абыходзіць увагай настаўніца і самастойны аналіз твораў. Напрыклад, пасля вывучэння аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык” прапануе школьнікам паглядзець фільм “Доўгія вёрсты вайны”, супаставіць кінаверсію і першакрыніцу і адказаць на пытанне: “Што цікавей: чытаць твор пра вайну ці глядзець яго экранізацыю?”. А вось дзевяцікласнікам Наталля Васільеўна прапануе параўнаць вобраз селяніна ў творах Цёткі, Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вучні выконваюць творчыя работы з элементамі даследавання, а таксама рыхтуюць буклеты, прысвечаныя жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў. Так, дзевяцікласнікі стварылі буклет “7 невядомых фактаў пра Янку Купалу”, што прымусіла старанна даследаваць біяграфію паэта ў розных крыніцах. А вось буктрэйлеры па прачытаных кнігах дапамагаюць дзецям вылучаць істотнае ў творах і творча падыходзіць да выказвання сваіх думак і меркаванняў.
Працуючы са старшакласнікамі, Наталля Васільеўна просіць іх прыдумаць цікавае даследаванне па арыгінальнай тэме ці сама прапануе тэму, а вучні выпраўляюць памылкі ў яе фармулёўцы. На рахунку выхаванцаў шмат адметных даследчых работ: “Вобраз настаўніка ў сучаснай беларускай прозе”, “Вобраз асаблівых дзяцей у сучаснай замежнай і беларускай прозе”, “Лінгвастылістычныя асаблівасці беларускамоўных нейратэкстаў”, “Спосабы стварэння вобразаў палешукоў у “Палескай хроніцы” Івана Мележа”, “Вобраз маці-жанчыны ў сучаснай жаночай паэзіі”, “Матыў загубленага, адабранага дзяцінства ў паэмах беларускіх аўтараў пра чарнобыльскую трагедыю”, “Праблема сучаснай сям’і ў аповесці Івана Шамякіна “Абмен” і інш. Некаторыя з работ адзначаны дыпломамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўню.
Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Наталля Цецярук, адзначаная Падзякай Прэм’ер-міністра і іншымі граматамі, не марыць аб кіраўніцкіх пасадах, бо атрымлівае вялікую асалоду ад штодзённых зносін з выхаванцамі і вынікаў настаўніцкай працы. З году ў год выпускнікі школы паступаюць на філалагічныя спецыяльнасці УВА, ідучы па слядах любімага педагога. Ёсць сярод вучняў Наталлі Васільеўны і 2 стыпендыяты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду. Адзін з іх, Аксана Кузіч, другі год працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 7 Кобрына.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва суразмоўніцы





