Як захапіць гісторыяй пакаленне сэлфі, расказвае Ірына Куніцкая

- 9:00Главная, Образование

Свае ўрокі настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Слуцка Ірына Куніцкая будуе ў фармаце праекта. Інфармацыйны, гульнявы, творчы ці даследчы — якім яго зрабіць, залежыць ад класа, дзе праходзяць заняткі, і ад тэмы, што вывучаецца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Характары і ролі

На такую форму работы, як праектныя тэхналогіі, настаўніца звярнула ўвагу больш як 20 гадоў назад. У той час у адукацыі толькі пачалі ўкараняцца шматлікія варыянты ўрочнай дзейнасці.

— Форма праектаў здалася мне вельмі цікавай, таму паступова пачала ўводзіць яе ў работу, — расказвае Ірына Аляксандраўна. — Праектныя тэхналогіі — гэта той кірунак, які можна прымяняць не толькі ў вучэбным працэсе, але і ў выхаваўчай рабоце, падчас правядзення класных гадзін. Спачатку ў межах урока мы працавалі над некалькімі праектамі, а пасля пачалі арыентавацца на адзін, але маштабны. У рабоце над ім кожны вучань атрымліваў свае заданні. Такія ўрокі дзецям падабаюцца, добра запамінаюцца і з’яўляюцца эфектыўнымі.

Праектныя тэхналогіі Ірына Аляксандраўна прымяняе нават пры правядзенні класных гадзін, калі трэба задзейнічаць выхаваўчы кампанент. Расказваючы пра тое, якімі павінны быць першыя крокі ў рабоце з малодшымі школьнікамі, педагог адзначае, што пачынаць уключаць вучняў пачатковай школы ў адпаведную дзейнасць лепш за ўсё з гульнявых праектаў. Яны заснаваны на выкананні пэўных роляў, абумоўленых характарам і зместам ідэі.

— Прыкладам можа служыць “Рыцарскі турнір” для навучэнцаў 6 класа, — дзеліцца знаходкамі Ірына Куніцкая. — Каб яго правесці, кожны ўдзельнік рыхтуе рыцарскія даспехі, малюе герб, прыдумляе сабе рыцарскае імя і дэвіз. Мэта праекта — паглыбіць веды па гісторыі Сярэдневякоўя, развіць творчыя і камунікатыўныя здольнасці.

Праз ролевую гульню адбываецца працэс пераходу дзіцяці ў гістарычную эпоху, пражыванне глыбокіх пачуццяў: эмацыянальна афарбаванае дзеянне запамінаецца надоўга і становіцца цікавым асабістым вопытам.

Настаўніца заўважыла: удзел шасцікласнікаў у першым праекце павышае цікавасць да вучэбнага прадмета і матывуе на прадаўжэнне работы.

— Ад гульнявых праектаў можна пераходзіць да творчых, — працягвае знаё­міць з сістэмай выкладання настаўніца. — Яны не ма­юць структуры сумеснай дзейнасці ўдзельнікаў, тут важны канчатковы вынік і форма прадстаўлення. Такія праекты могуць быць індывідуальнымі, парнымі або групавымі.

Прыкладам творчага пра­­екта гімназістаў стаў ві­дэафільм “Халакост. Гісторыя Слуцкага гета”. Каб яго стварыць, навучэнцы правялі маштабную работу. Але фільм не быў першапачатковай мэтай, спачатку планы былі іншымі.

— У 2007 годзе ў Слуцку адкрылі помнік ахвярам нацызму, — расказвае педагог. — Школьнікаў зацікавіла тэма Халакосту, і ўзнікла ідэя вывучыць гісторыю Слуцкага гета.

Каб рэалізаваць задумку, вучні аб’ядналіся ў творчую каманду і пачалі збіраць факты і гістарычныя матэрыялы па тэме. У працэсе работы быў нават знойдзены відавочца падзей, з якім гімназісты зрабілі відэаінтэрв’ю.

— На паперы немагчыма перадаць эмоцыі ад пачутага і ўбачанага, таму мы вырашылі напісаць сцэнарый і стварыць відэафільм пад назвай “Халакост. Гісторыя Слуцкага гета”. Каб зняць і зманціраваць яго, да работы падключыліся нават бацькі, і атрымаўся творчы саюз: настаўнік — навучэнцы — бацькі. Вынік работы перасягнуў усе нашы чаканні: фільм напоўнены гістарычнай праўдай і наймацнейшымі эмацыянальнымі перажываннямі. Праект нават стаў лаўрэатам II Рэспубліканскага конкурсу “Халакост. Гісторыя і сучас­насць. Урокі талерантнасці”, заняўшы 2-е месца ў намінацыі “Відэа, дакументальныя фільмы”. Зараз стужка актыўна выкарыстоўваецца ў гімназіі падчас правядзення мерапрыемстваў грамадзянска-патрыя­тычнага кірунку.

Для пакалення сэлфі

Цікавае напаўненне атрымалі інфармацыйныя праекты Ірыны Куніцкай. Яны накіраваны на збор інфармацыі па пэўнай гістарычнай тэме, а таксама ўтрымліваюць аналіз і абагульненне фактаў. Так, у распрацоўцы “Культура Случчыны ў XVII—XVIII стст.” вызначаны месца і роля Слуцкага раёна ў культурным развіцці Беларусі. Каб яго рэалізаваць, вучні 7 класа пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксандраўны сабралі матэрыял пра слуцкія паясы, а таксама пра гісторыю гімназіі — яе ў XVII стагоддзі называлі слуцкімі Афінамі. У гэтай рабоце можна знайсці многа цікавых фактаў аб прыгонным тэатры Радзівілаў, архітэктурных помніках раёна. Вынікам канцэпцыі стала асэнсаванне навучэнцамі адметных рыс беларускай культуры XVII—XVIII стагоддзяў, а таксама фарміраванне пачуцця гордасці за малую ра­дзіму і за ўклад, які яна ўнесла ў скарбонку сусветнай культурнай спадчыны.

— Практыка-арыентаваныя або сацыяльна значныя праекты адрознівае тое, што ў іх з самага пачатку выразна абазначаны вынік дзейнасці гімназістаў, — падк­рэслівае настаўніца гісторыі. — Такі праект патрабуе добра прадуманай структуры, нават сцэнарыя ўсёй дзейнасці яго ўдзельнікаў з вызначэннем функцый кожнага з іх.

Цікавым атрымаўся праект навучэнцаў 11 класа “Роля моладзі ў развіцці і станаўленні квітнеючай Беларусі”. На аснове аналізу сацыяльных працэсаў і з’яў навучэнцы вызначылі праблемы мола­дзі і шляхі іх вырашэння. Асноўныя тэмы, якія ён закранае, актуальныя для кожнага вучня старшых класаў: прафарыентацыя, адукацыя і працаўладкаванне моладзі Слуцка, развіццё маладзёжных інавацый, сацыяльна-жыллёвая праблема моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця і арганізацыя свабоднага часу маладых людзей.

— Вынікам работы стала асэнсаванне выпускнікамі гімназіі сваёй ролі і значнасці ў росквіце краіны, — дадае педагог. — Выконваючы праекты, нашы дзеці самастойна шукаюць і аналізуюць інфармацыю, вучацца прымяняць атрыманыя веды. У выніку развіваюцца іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, самастойнасць і адказнасць, уменні планаваць і прымаць рашэнні.

Працуючы над праектамі, навучэнцы набываюць вопыт вырашэння рэальных праб­лем, смела ідучы да пастаўленай мэты.

Ірына Куніцкая: У сучасным свеце, які хутка мяняецца, для педагога важна не страціць дыялогу з новым пакаленнем, не дапусціць любых форм скажэння гістарычнай памяці.

Фарміраванню грамадзян­скай пазіцыі школьнікаў спрыяе даследчая дзейнасць. Работы такога кшталту патрабуюць выразна пастаўленай мэты, актуальнасці прадмета даследавання, прадуманых метадаў апрацоўкі сабранай інфармацыі, падпарадкавання логіцы даследавання.

— Асаблівая ўвага ў нашай дзейнасці ўдзяляецца ваен­най тэматыцы, — пад­крэслівае Ірына Аляксандраўна. — Спра­вай гонару кожнага беларуса з’яўляецца захаванне памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра вайну адбілася на менталітэце нашага народа, сфарміравала агульныя каштоўнасці і погляды.

У гімназіі № 1 Слуцка тэме вайны прысвечана даследчая работа па вывучэнні ваеннай гісторыі малой радзімы “Параднілася Случ з Кубанню”. У ёй адлюстравана хроніка баёў па вызваленні роднага Слуцка, якую навучэнцы аднаўлялі па ўспамінах казакоў 10-й гвардзейскай казацкай кавалерыйскай Кубанска-Слуцкай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава, Кутузава і Багдана Хмяльніцкага дывізіі. Ёй камандаваў савецкі военачальнік, генерал арміі, двойчы Герой Савецкага Саюза Іса Аляксандравіч Пліеў.

— Вельмі даўно, яшчэ 50 гадоў назад, вучні піянерскага атрада імя Сашы Чакаліна нашай школы пачалі перапіску з воінамі, якія вызвалілі Слуцк ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказвае педагог пра пачатак даследчай дзейнасці. — Фотаздымкі, лісты, віншавальныя паштоўкі, тэлеграмы ляглі ў аснову школьнага альбома, які стаў для нас асноўнай крыніцай інфармацыі. На XI Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” работа была ўзнагароджана дыпломам III ступені.

Яшчэ адна значная гістарычная распрацоўка, якой займаліся навучэнцы пад кіраўніцтвам Ірыны Аляксанд­раўны, называецца “Слуцк, 26 чэрвеня 1941. Гісторыя, прачытаная па-новаму”. Працуючы над ім, гімназісты — аматары гісторыі — планавалі не проста аднавіць падзеі нямецкай акупацыі горада. Мэта была больш глабальнай: навучыцца карыстацца такім відам гістарычных крыніц, як ваенная фатаграфія.

— Для пакалення сэлфі такая крыніца з’яўляецца ледзь не асноўнай у вывучэнні падзей і фактаў, па якіх узнаўляецца змест гістарычнай эпохі, — упэўнена Ірына Куніцкая. — Перш чым прыступіць да прадмета даследавання — падзей акупацыі, мы вывучылі навуковую літаратуру па методыцы работы з гістарычнымі дакументамі і склалі алгарытм аналізу ваеннай фатаграфіі. Дзякуючы выкарыстанню розных дакументаў, хроніка тых падзей была прадстаўлена поўна і аб’ектыўна. А без гэтага сфарміраваць гістарычную памяць немагчыма.

У гістарычным тэатры

Праектныя тэхналогіі, якія так палюбіліся Ірыне Аляксандраўне Куніцкай у выкладанні гісторыі, выкарыстоўваюцца ёй і ў пазаўрочнай дзейнасці: больш як 15 гадоў у гімназіі працуе “Гістарычны тэатр”.

— У пачатку навучальнага года мы выбіраем гістарычную эпоху, вывучаем яе і ставім спектакль, які адлюстроўвае культуру, норавы і звычаі гэтага гістарычнага перыяду, — дзеліцца яшчэ адным сваім захапленнем апантаны педагог. — Візітнай карткай тэатра стаў спектакль па п’есе Барыса Васільева “А зоры тут ціхія…”.

Сёння афіша “Гістарычнага тэатра” — гэта ў тым ліку спектаклі па творах беларускіх, рускіх і замежных класікаў. “Паўлінка” Янкі Купалы, “Вечар” Аляксея Дударава, “Сон у летнюю ноч” Жана Баціста Мальера — спектаклі, над якімі з ахвотай працуюць вучні, захопленыя сцэнічным і драматычным мастацтвам.

Наталля САХНО
Фота з архіва гімназіі