Трэці месяц у сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска функцыянуе інжынерна-тэхнічны цэнтр. У ім размешчана найноўшае абсталяванне, якое дазваляе весці навучанне па двух напрамках: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Зялёная хімія”. Чым займаюцца юныя даследчыкі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Наш інжынерна-тэхнічны цэнтр — гэта лабараторыя, дзе навучэнцы развіваюць інжынерныя і тэхнічныя навыкі, увасабляюць свае ідэі ў рэальныя праекты, рыхтуюцца да алімпіяд і конкурсаў, знаёмяцца з перадавымі тэхналогіямі і атрымліваюць практычны вопыт, неабходны для будучай кар’еры, — падкрэсліў дырэктар школы Аляксандр Бакуновіч.

Адказная за дзейнасць цэнтра — настаўніца хіміі Іна Рыбалтоўская. Яна прыгадала, што раней хімію паглыблена вывучалі галоўным чынам тыя, хто збіраўся паступаць ва ўніверсітэт на спецыяльнасці, звязаныя з ёй, каб затым пайсці ў навуку. Аднак сёння ўсё інакш: хімічныя веды сталі часткай функцыянальнай дасведчанасці, неабходнай кожнаму. Напрыклад, каб прачытаць склад прадукту на этыкетцы, выбраць бяспечны сродак для мыцця посуду і адзення, зразумець, чаму адзін напітак больш карысны за іншы, трэба ўмець прымяняць хімію ў штодзённым жыцці.
Жывая хімія
— Для мяне эксперымент — гэта спосаб паказаць, што хімія вакол нас, яна жывая, цікавая і карысная. З вучнямі мы праходзім такі шлях: праз вопыт — да разумення, а праз разуменне — да ўсвядомленасці, — адзначыла Іна Вацлаваўна. — Сама я даследаваннямі захапілася яшчэ ў дзяцінстве, таму і паступіла на біялагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння прыйшла працаваць у школу і даволі хутка зразумела: хачу не проста выкладаць, а далучаць дзяцей да навуковага працэсу. Мне было важна паказаць ім, што хімія і біялогія — гэта не толькі формулы ў падручніку, але і магчымасць адкрываць новае, ставіць пытанні і шукаць на іх адказы.
У І.Рыбалтоўскай узнікла ідэя праводзіць невялікія эксперыменты на ўроках, якія з часам выраслі ў паўнацэнныя даследчыя праекты:
— Усё адбылося даволі нечакана. У школе праводзілі прафілактычнае лячэнне зубоў, і я заўважыла, што васьмікласнікі баяцца стаматолага. Мы сталі абмяркоўваць, чаму так важна клапаціцца пра зубы, і падлеткі самі зацікавіліся, якія прадукты ўплываюць на іх здароўе. Вось так нарадзілася першае даследаванне “Уплыў харчовых прадуктаў на структуру зуба”. Вучні падышлі да справы сур’ёзна. Некаторыя нават прынеслі свае выпаўшыя малочныя зубы, каб правесці эксперымент на сапраўдных узорах. Мы назіралі, што адбываецца з эмаллю пад уздзеяннем салодкіх газіраваных напіткаў, сокаў, гарбаты, вады. Тады я ўбачыла, наколькі моцна можна захапіць дзяцей даследчай дзейнасцю, калі яна звязана з іх жыццёвым вопытам і трывогамі. З-за страху перад лячэннем зубоў нарадзілася цікавасць да хіміі і жаданне клапаціцца пра сваё здароўе праз веды.
У наступным годзе навучэнцы самі прыйшлі да Іны Вацлаваўны з пытаннем, чаму адна крэйда піша лёгка, а другая крышыцца. Настаўніца і юныя даследчыкі вывучалі склад і ўласцівасці розных відаў крэйды, параўноўвалі іх цвёрдасць і нават правялі якасныя рэакцыі, каб вызначыць адрозненні ў хімічным складзе ўзораў.
— Зноў я пераканалася: калі тэма звязана са штодзённым жыццём, цікаўнасць дзяцей становіцца дзейснай, рухаючай сілай. Яны пачынаюць задаваць пытанні, аналізаваць, рабіць высновы, як сапраўдныя вучоныя. Паступова тэмы даследаванняў ускладняюцца. Старшакласнікі пачынаюць задумвацца аб прафесіі, і іх праекты становяцца больш грунтоўнымі. Калі ў 7—8 класах мы праводзім наглядныя доследы, то пазней вучні пераходзяць да больш сур’ёзнай хімічнай работы: аналізуюць склад рэчываў, вывучаюць экалагічныя праблемы, працуюць з абсталяваннем і апрацоўваюць вынікі па ўсіх правілах, — дадала педагог.
Ад тэарэтыка да практыка
Часта да Іны Вацлаваўны прыходзяць і ўдзельнікі алімпіяд. Ім цікавы не толькі тэарэтычны разбор задач, але і практычны бок навукі. Яны глядзяць на аднакласнікаў, якія праводзяць эксперыменты, і ў іх таксама ўзнікае жаданне паспрабаваць сябе ў ролі даследчыка. Так адбылося з Дзянісам Рамейкам. З 7 класа ён актыўна ўдзельнічае ў алімпіядах па хіміі і паказвае выдатныя вынікі. А ў канцы 9 класа юнак вырашыў паспрабаваць сябе ў даследчай дзейнасці — і вельмі паспяхова.
— У мінулым навучальным годзе яго праект быў прысвечаны сарбцыйным матэрыялам для ачысткі сцёкавых вод ад іонаў медзі на аснове драўнінных апілак, апрацаваных каалінам. Гэта быў яго першы сур’ёзны вопыт практычнай хіміі. А ў гэтым годзе хлопец захапіўся фармацэўтычнай хіміяй. Яго новы праект прысвечаны выбару ўмоў экстракцыі фенольных злучэнняў з травы Silene viscaria і ацэнцы іх антыаксідантнай актыўнасці. Работа была прадстаўлена на XVII абласным конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ навучэнцаў “Хрустальная Альфа — 2025”. А тэзісы даследавання атрымалі высокую ацэнку на XXVI Міжнародным з’ездзе “Фітафарм-2025” у Санкт-Пецярбургу, — паведаміла І.Рыбалтоўская.
Паводле яе слоў, дзякуючы адкрыццю інжынерна-тэхнічнага цэнтра, школьныя праекты змогуць канкурыраваць з работамі, выкананымі на базе ўніверсітэцкіх лабараторый. Так, у снежні яе навучэнцы паспяхова прадставілі свае даследаванні на рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічных праектаў інжынерна-тэхнічных цэнтраў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “ПраТэхна”.
— Зразумела, што нельга проста сказаць: “А зараз будзем пісаць даследчую работу”. Гэта вельмі адказны працэс, які патрабуе паступовай падрыхтоўкі. Спачатку дзеці праводзяць невялікія эксперыменты, вучацца фармуляваць пытанні, назіраць і фіксаваць вынікі. Паступова цікавасць перарастае ў самастойныя праекты, і толькі тады вучні гатовы да даследчай дзейнасці, якая патрабуе сістэмнага падыходу і аналізу даных. Для многіх гэта становіцца дарогай у прафесію. Праз даследаванне дзеці разумеюць, які напрамак навукі ім па-сапраўднаму блізкі. Удзел у канферэнцыях і конкурсах дае не толькі вопыт, але і ўпэўненасць у сваіх сілах, — сказала педагог.
Дарэчы, яна і сама бесперапынна развіваецца, піша артыкулы ў метадычныя часопісы, удзельнічае ў канферэнцыях, каб дзяліцца вопытам з калегамі:
— Важна на ўласным прыкладзе паказваць вучням, як цікавасць да навукі можна сумяшчаць з пастаянным прафесійным ростам. І калі бачыш, як у вачах навучэнцаў запальваецца іскра адкрыцця, то разумееш, дзеля чаго працуеш.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА





