Як захоўваюць памяць пра Героя Сацыялістычнай Працы Надзею Кавалец у Вялікамалешаўскай сярэдняй школе

- 13:1680 лет вместе

У Вялікамалешаўскай сярэдняй школе Столінскага раёна захоўваюць памяць пра Героя Сацыялістычнай Працы заслужанага настаўніка БССР Надзею Кавалец, чыё імя было прысвоена ўстанове ў 2020 годзе. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Пра жыццёвы шлях і педагагічнае майстэрства На­дзеі Іванаўны не аднойчы пісалі ў “Настаўніцкай газеце”. У музеі адукацыі Століншчыны, які размешчаны на базе раённага вучэбна-метадычнага кабінета, захоўваюцца гэтыя публікацыі, — адзначае загадчыца Столінскага РВМК Наталля Кавальская. — Аўтарам нарыса “Масты ў будучыню” ад 29 чэрвеня 1978 года быў спецкарэспандэнт Алег Куліцкі, які пазней стаў галоўным рэдактарам “Настаўніцкай газеты”. У матэрыяле журналіст адзначае, што сакрэт майстэрства Н.І.Кавалец ён бачыць у яе асобе. І прыводзіць цікавы факт: на момант публікацыі са 150 былых вучняў школы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю, 73 сталі педагогамі, а 14 настаўнікаў, якія працавалі ў школе, з’яўляюцца выхаванцамі Надзеі Іванаўны.

“У мяне ніколі не было выпадку, каб я ішла ў школу з неахвотай. Люблю абдумваць план чарговага ўрока, да ночы сядзець над вучнёўскімі сшыткамі. Мне з дзецьмі цікава”, — гаварыла ў інтэрв’ю Надзея Іванаўна.

На працягу 40 гадоў педагог выкладала рускую мову і літаратуру. Многія імкнуліся трапіць на ўрокі да Надзеі Кавалец — не толькі педагогі, але і простыя жыхары раёна, бацькі вучняў. Аднак у такія моманты настаўніцу непакоіла, як справяцца дзеці: ці не збянтэжыць іх прысутнасць гасцей, ці не саб’е хваляванне з думкі падчас адказу.

Надзея Кавалец была ўзнагароджана ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ёй прысвоены званне “Заслужаны настаўнік БССР” і высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Акрамя таго, у 2009 годзе яна стала ганаровым грама­дзянінам Столінскага раёна

Урокі Надзеі Іванаўны яе вучні называлі ўрокамі жыцця. Да свят (і не толькі) з розных куткоў краіны ў Вялікае Малешава на адрас педагога з любоўю і ўдзячнасцю прыхо­дзілі віншавальныя тэлеграмы, паштоўкі, лісты ад былых вучняў, калег і сяброў. Вось асобныя радкі з тых пасланняў: “Вы вучылі нас быць стойкімі, вучылі працаваць, не шкадуючы сіл”, “Дзякуй вам, родная, за ўсё: за працу, за мудрасць, за ваш бясцэнны настаўніцкі талент”, “Рада таму, што вы вялі ў нас урокі рускай літаратуры і мовы, памятаю вашы дамашнія чытанні”, “Вам я абавязана выбарам свайго жыццёвага шляху… Стараюся хоць крыху быць падобнай да вас у адносінах да сваіх вучняў”, “Іскрынкі святла, якое вы выпраменьвалі, і цяпер гараць у вачах і душах вашых вучняў”.

Вучні Надзеі Кавалец былі пераможцамі ўсесаюзных літаратурных конкурсаў. Многія выбралі філалагічны напрамак, педагогіку.

Педагагічную дынастыю Надзеі Кавалец працягнулі яе дачка Ганна Аляксееўна, унучкі Наталля Фёдараўна і Таццяна Фёдараўна, а таксама праўнучка Надзея.

Успамінамі пра Надзею Кавалец (якая, на жаль, пайшла з жыцця 1 лютага 2020 года) з нашым выданнем падзяліліся дачка Ганна Карпцова і ўнучка Наталля Знавец. Размова пачалася ў музейным пакоі Вялікамалешаўскай школы, прысвечаным памяці Н.І.Кавалец. Дырэктар установы Ірына Краўцова разам са школьнікамі звярнулі ўвагу на экспанаты: асабістыя рэчы Надзеі Кавалец, фотаздымкі з вучнямі і калегамі, дакументы, газетныя выразкі, кнігі з закладкамі і паметкамі, якія рабіла педагог.

— Мая мама не выпускала з рук зборнікі вершаў савецкіх паэтаў Міхаіла Ісакоўскага, Анатоля Сафронава, Вадзіма Шэфнера, — расказала Ганна Аляксееўна. — Памятаеце песні на словы Ісакоўскага — “И кто его знает…”, “Катюша”, “Ой, цветет калина…” і іншыя? Іх так любіла Надзея Іванаўна. На яе стале заўсёды ляжалі творы Астроўскага, Горкага, Маякоўскага, Шолахава, Талстога, Дас­таеўскага, Быкава і іншых аўтараў.

Ганна Карпцова прысвяціла жыццё выкладанню гісторыі ў Вялікамалешаўскай школе, якую сама скончыла. Сапраўдным шчасцем для яе стала магчымасць працаваць побач з маці, Надзеяй Кавалец.

— Надзею Іванаўну немагчыма было ўбачыць без справы. Яна шмат чытала, рыхтавалася да ўрокаў, пісала планы, перажывала за кожнага свайго вучня. У вольную хвілінку займалася вязаннем і вышыўкай. Вяла мноства запісаў: успаміны, нататкі пра школу, разважанні пра ролю настаўніка. Часам звяртаюся да мудрых маміных думак — і слёзы самі наварочваюцца. Вайна, разруха, пасляваеннае аднаўленне, скрадзенае дзяцінства — пра ўсё гэта пісала ў сваіх успамінах Надзея Кавалец, — падзялілася яе дачка.

Надзея Іванаўна нарадзілася 20 мая 1927 года ў невялікай вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна. Рана засталася без бацькі: яго, старшыню калгаса, арыштавалі па даносе ў студзені 1938 года. Пазней пасмяротна ён быў рэабілітаваны. Да вайны Надзея паспела скончыць мясцовую сямігодку. Родную вёску акупанты разрабавалі і спалілі дашчэнту, не засталося ніводнага дома. Людзі, якія выжылі, ратаваліся ў зямлянках у лесе. Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў На­дзея працягнула вучобу ў Тураўскай школе. З палатнянай торбай за плячыма штодня яна праходзіла даволі вялікую адлегласць ад Хільчыц да Турава. У першы мірны год дзяўчына ўдзельнічала ў аднаўленні мясцовага калгаса. Работы тады выконваліся ўручную, лю­дзі аралі на сабе.

— Неверагодная ўнутраная сіла патрэбна чалавеку, каб прайсці праз такія выпрабаванні і не зламацца. Трэба сказаць, што мама заўсёды была патрыётам, чалавекам, які верыў — у жыццё, у людзей, ва ўсё самае светлае і добрае. Перажыўшы боль страт, яна часта паўтарала: “Толькі б не было вайны. Няхай самы дрэнны мір, але мір”, — адзначыла Ганна Аляксееўна.

Самую мірную прафесію выбрала для сябе Надзея Кавалец. Паўплывалі на гэта яе першая настаўніца Клаўдзія Марозава і настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Ніцэвіч. У зялёнай сукенцы і галёшах, якія выдалі як дапамогу ад Чырвонага Крыжа, у 1947 годзе Надзея Іванаўна паехала паступаць у Пінскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут. Праз два гады скончыла яго з адзнакай. Працоўная дзейнасць Надзеі Кавалец пачалася на малой радзіме. Неўзабаве яна выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. Працягнула (ужо завочна) адукацыю ў Брэсцкім педінстытуце.

— У Надзеі Кавалец быў дар слова, рэдкі педагагічны талент і тонкае разуменне дзіцячай псіхалогіі, добрае пачуццё гумару, лёгкасць і адкрытасць. Яна магла знайсці падыход да кожнага, данесці веды да вучня, які адставаў. Дзеці рыхтаваліся да ўрокаў, бо ведалі: як папрацуеш, так і атрымаеш, — расказала Ганна Карпцова. — Надзея Іванаўна заўсёды знаходзіла штосьці цікавае прапанаваць дзецям: раздатачны матэрыял, перфакарткі з акенцамі для самаправеркі. Далучала дзяцей да творчасці. Асабліва любіла невялічкія сачыненні-казкі. Калі чула з вуснаў вучня незвычайную думку або вобраз, то адразу прапаноўвала яму развіць ідэю, напісаць невялікі аповед. Высока цаніла самастойнасць мыслення, уменне аналізаваць інфармацыю, бачыць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы. Паказальна, што радкі з сачынення яе вучня прагучалі на VI з’ездзе настаўнікаў БССР: міністр асветы М.Г.Мінкевіч зачытаў іх з трыбуны як прыклад сталых дзіцячых разважанняў.

Надзея Кавалец была ўпэўнена, што ніякія сучасныя тэхналогіі не заменяць настаўніка: з дзіцем варта працаваць “вочы ў вочы”. Пасля ўрокаў педагог рэгулярна праводзіла гутаркі на маральныя тэмы — пра дружбу, сумленнасць, каханне. Яна любіла паўтараць, што навучанне і выхаванне як замок на адзенні: абодва бакі павінны сыходзіцца адначасова. А поспех, на яе думку, залежыць ад маральнага аблічча самога педагога, бо менавіта праз яго вобраз дзіця спазнае свет дарослых.

Унучка Надзеі Іванаўны, Наталля Знавец, таксама настаўніца рускай мовы і літаратуры ў Вялікамалешаўскай сярэдняй школе. Яна скончыла педкаледж і Баранавіцкі дзяржуніверсітэт, у 2005 годзе прыступіла да працы.

— Сярод кніг і бясконцых размоў пра школу прайшло маё дзяцінства, — прыгадала Наталля. — Бабуля і мама сталі маімі галоўнымі настаўнікамі. Амаль кожны дзень пасля работы я заходзіла да бабулі ў госці: дзялілася ўражаннямі, паказвала падручнікі і сшыткі вучняў. Надзея Іванаўна ўважліва разбірала памылкі, задавала мне пытанні, давала практычныя парады. Гэта магла быць маленькая падказка, але такая, што мяняла ход урока. Памятаю, як рыхтавала ўрок па “Навальніцы” А.Астроўскага ў 10 класе. Бабуля прапанавала: “Спытай у дзяцей: ці адважылася б Кацярына на свой адчайны крок, калі б у яе былі дзеці?” Пытанне я задала — і ў класе наступіла цішыня. А пасля пачалося глыбокае, эмацыянальнае абмеркаванне твора, кожны спрабаваў асэнсаваць учынак гераіні.

Будучы на заслужаным адпачынку, Надзея Кавалец наведвала родную школу. З вучнямі і калегамі яна дзялілася гісторыямі з жыцця, гаварыла пра кнігі, сяброўства, подзвігі і сапраўдны гераізм. З хваляваннем успамінала свой удзел ва Усесаюзным з’ездзе настаўнікаў у 1978 годзе, у VII з’ездзе настаўнікаў БССР у 1987 годзе. Яна, настаўніца з палескай глыбінкі, размаўляла аб праблемах сельскай школы з Пятром Машэравым, сядзела ў прэзідыуме з Леанідам Брэжневым. Расказвала пра Зорны гарадок, сустрэчы з Валянцінай Церашковай, Пятром Клімуком, Уладзімірам Кавалёнкам. Невысокая, худзенькая жанчына выходзіла да мікрафона — і зала замірала. Яна гаварыла проста, ад сэрца. А напрыканцы — узрыў апладысментаў, людзі ўставалі з месцаў, дзякавалі.

***

У Столінскім раёне зацверджана спецыяльная прэмія імя Н.І.Кавалец, якой штогод адзначаюць лепшых педагогаў. Узнагарод ужо ўдастоены чатыры чалавекі. Акрамя таго, на базе Вялікамалешаўскай сярэдняй школы для вучняў праводзіцца раённы конкурс рытарычнага майстэрства “Сіла слова”, прысвечаны памяці Н.І.Кавалец. Традыцыйным стаў і раённы турнір па баскетболе сярод дзяўчат у гонар вялікага педагога. Школьнікі пішуць даследчыя работы пра жыццё і дасягненні На­дзеі Іванаўны.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва Г.Карпцовай