Маючы гуманітарны склад розуму і любоў да чытання, выпускніца сярэдняй школы № 11 Рэчыцы Аліна Цітавец ступіла на сцежку філалогіі, паступіўшы ў ГДУ імя Ф.Скарыны. Сёння Аліна Вітальеўна — малады спецыяліст, настаўніца рускай мовы і літаратуры ў 5—6 класах сярэдняй школы № 9 Жлобіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чалавекам, які паўплываў на выбар педагагічнай спецыяльнасці школьніцы Аліны, стала настаўніца пачатковых класаў Алена Барысаўна Савіна.
— Гэта выдатны педагог, які гарыць сваёй справай, любіць сваіх маленькіх выхаванцаў, верыць у тое, што ўсе іх дзіцячыя мары абавязкова спраўдзяцца. Менавіта яна з’яўляецца для мяне прыкладам для пераймання, узорам таго, якім павінен быць сапраўдны настаўнік, — дзеліцца думкамі малады педагог. — Дарэчы, мне заўсёды здавалася, што настаўнікі — шчаслівыя людзі, бо большасць з іх мудрыя, прыгожыя, адказныя, крэатыўныя і ў любым узросце маладыя душой. Яны, безумоўна, патрыёты, аптымісты, шукальнікі і альтруісты.
— За плячыма амаль год работы пасля заканчэння ўніверсітэта. Якой прафесія настаўніка вам бачыцца зараз?
— Цяпер я ўпэўнілася, што прафесія настаўніка не толькі адна з высакародных і паважаных, але і самая патрэбная, адказная і нялёгкая. Паспела ўжо адчуць, што дзеці дораць шмат энергіі і запалу, пры гэтым і ты аддаеш ім не менш. Думаю, трэба яшчэ пашукаць прафесію з такім спектрам эмоцый і драйву, як у нашай. А каб затрымацца ў ёй, трэба, як гаварыла мая ўніверсітэцкая выкладчыца Надзея Іванаўна Лапіцкая, шчыра любіць тое, што робіш. Дарэчы, з гэтай думкай я і выйшла са сцен універсітэта.
Акрамя ведаў, вучоба ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны дала будучай настаўніцы магчымасць мець зносіны з цікавымі людзьмі і ўсебакова развівацца, актыўна ўдзельнічаючы ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, культурна-масавых мерапрыемствах. А таксама знайсці верных сяброў.
Успамінаючы першую практыку, Аліна Цітавец расказвае:
— На дзіва, усё прайшло добра і гладка, страхі і асцярогі не спраўдзіліся. Паколькі спецыяльнасць у мяне двайная, акрамя рускай мовы і літаратуры, я вяла яшчэ ўрокі англійскай мовы. І, прызнацца, была ў захапленні ад сваіх першых, вельмі актыўных і дапытлівых вучняў. Да кожнага ўрока рыхтавалася доўга, старанна, адказна, з трапятаннем ставілася да кожнага дзіцяці. Цяжкасці былі, але яны здаваліся неістотнымі ў параўнанні з высокай матывацыяй, якая ў мяне з’явілася дзякуючы ўсталяванню добрага канэкту са школьнікамі.
Першы спрыяльны педагагічны вопыт падштурхнуў студэнтку на 4 курсе ўладкавацца на работу. Працоўныя будні хоць і аказаліся менш яркімі ў параўнанні з практыкай, але былі вельмі пазнавальнымі для настаўніка-пачаткоўца, якому давялося выкладаць мову і літаратуру ў 7-х класах.
— Падлеткавы ўзрост вельмі няпросты, таму і дысцыпліна ў школьнікаў часта не вельмі добрая. Аднак я заўсёды старалася знайсці з дзецьмі агульную мову, ставілася да іх па-добраму, і яны часцей за ўсё адказвалі тым жа. Цяжкасці ўзнікалі з вялікай колькасцю невядомай для мяне папяровай работы і бясконцай праверкай сшыткаў, на якую трацілася шмат часу. Старэйшыя калегі ўсяляк дапамагалі. Я не саромелася задаваць, як мне здавалася, мільён пытанняў. Дапамагалі і старэйшыя сяброўкі, якія ўжо працавалі ў школе. Так што, калі прыйшла на работу па размеркаванні, ужо мела пэўны вопыт, што давала перавагу перад іншымі маладымі калегамі, — расказвае Аліна Цітавец.
— Як сёння рыхтуецеся да заняткаў?
— Формула падрыхтоўкі = праграма + КТП + падручнікі + дадатковая літаратура + перадавы вопыт аўтарытэтных калег + навінкі па прадмеце і ў педагогіцы + улік індывідуальных асаблівасцей класнага калектыву і асобных навучэнцаў(!) + ІКТ + візуалізацыя. Увесь матэрыял стараюся адбіраць вельмі старанна. Калі падчас адукацыйнага працэсу ўзнікаюць пытанні, звяртаюся па параду. Ведаю, што вопытныя калегі заўсёды падкажуць, а яшчэ гасцінна запросяць на свае ўрокі, з задавальненнем падзеляцца сваімі адкрыццямі і напрацоўкамі. Таксама мне падабаецца наведваць школьнае аб’яднанне маладых спецыялістаў і раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне маладых настаўнікаў-філолагаў.
Каб урокі рускай мовы ў 5—6 класах, дзе па праграме даецца шмат слоўнікавых слоў, вялікі аб’ём новых правіл і тэрмінаў, праходзілі дынамічна і цікава, малады педагог прымяняе ўвесь арсенал арфаграфічных і пунктуацыйных размінак.
Аліна Цітавец упэўнена, што ў баі за адукаванаць і арфаграфічную пільнасць усе сродкі добрыя, таму тэарэтычны “штурм” чаргуе з “атакамі”.
Нярэдка малады спецыяліст звяртаецца і да метаду праблемнага навучання, прывучаючы падапечных самастойна здабываць веды, рашаючы нестандартныя задачы.
На ўроках літаратуры выкарыстоўвае абавязковыя сляпыя тэсты па змесце праграмнага матэрыялу. А пасля вывучэння аб’ёмных літаратурных твораў праводзіць завяршальныя заняткі, прымяняючы гульнявы метад. Разбіўшыся на каманды, хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць розныя цікавыя заданні па пройдзеных тэмах.
Гаворачы пра чытанне і літаратурныя перавагі сваіх вучняў, дзелячыся асабістымі назіраннямі, настаўніца адзначае, што ў 5 класе каля 75 працэнтаў дзяцей чытаюць праграмныя творы, хтосьці аддае перавагу аўдыякнігам.
— Больш за ўсё пяцікласнікам падабаецца чытаць “Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі”, бо ў гэтым узросце многія яшчэ любяць казкі. Большасць аддае перавагу апавяданням і аповесцям пра дзяцей і дзяцінства, пра аднагодкаў, а таксама гістарычнай прозе. Гэта “Трынаццаты подзвіг Геракла” (Ф.Іскандэр), “Конь з ружовай грывай” (В.Астаф’еў), “Цёплы хлеб” (К.Паўстоўскі), “А Вараб’ёў шкло не выбіваў” (Ю.Якаўлеў) і іншыя, — прыводзіць прыклад суразмоўніца. — Прыемна, што мае выхаванцы ацанілі казку-быль М.Прышвіна “Кладоўка сонца”. А па іх рэакцыі на чэхаўскае апавяданне “Хлопчыкі” я зразумела, што дух авантурызму і прага прыгод сучасным дзецям не чужыя, а Антон Паўлавіч і праз шмат дзесяцігоддзяў па-ранейшаму актуальны. У ходзе абмеркавання твораў мне прыемна назіраць, як вучні разважаюць на тэму дружбы, любові да прыроды, павагі ў сям’і. Цікава пачуць іх меркаванні, даведацца пра ўспрыманне той ці іншай сітуацый, праблемы. Яны шчырыя ў сваіх словах і эмоцыях. Гэта той узрост, калі пры неабходнасці можна скарэкціраваць стаўленне дзіцяці да важных базавых каштоўнасцей.
Адзначаючы, што ўжо ў 6 класе цікавасць да чытання ў школьнікаў прыкметна падае, настаўніца імкнецца далучыць выхаванцаў да гэтага працэсу, паглыбляючы дзяцей у гісторыю стварэння твора, яркія павучальныя моманты з жыцця пісьменнікаў, паэтаў і драматургаў. А таксама расказваючы пра займальныя навінкі пазапраграмных твораў, як класікі, так і сучасных аўтараў:
— Каб зацікавіць чытаннем, прымяняю рознага роду хітрасці: ад абавязковага выразнага чытання ўголас да выкарыстання рубрык “Спяшаюся падзяліцца!”, “Мае адкрыцці”, “Дапытлівыя і цікаўныя хочуць усё ведаць!”, у якіх абменьваемся цікавымі матэрыяламі пасля або перад чытаннем твораў. Спрабую прывучыць дзяцей да думкі, што ў кожнага чытача свая кніжная паліца і густ у літаратуры, што сёння чалавек, які чытае, не выміраючы від. Лічу, што з нежаданнем чытаць можна і трэба змагацца толькі ў тандэме з бацькамі. Праўда, калі ў сям’і няма звычкі праводзіць час з кнігай у руках, то і дзіця, хутчэй за ўсё, будзе думаць, што гэта зусім не абавязковы занятак.
7 актуальных пытанняў
— Працягніце думку: “Настаўнік — гэта…”
— Чалавек, які можа бескарысліва падарыць часцінку свайго сэрца дзіцяці, распаліць агонь пазнання ў вачах вучня і са спакойнай душой адпусціць яго ў дарослае жыццё.
— Якімі вы бачыце ідэальныя адносіны паміж педагогам і вучнямі?
— Сумленныя, даверныя, добразычлівыя, пабудаваныя на ўзаемапавазе, калі дзіця адчувае сябе камфортна і абаронена. Настаўніку важна ствараць як на ўроках, так і пры нефармальных зносінах сітуацыю поспеху, каб кожны падрастаючы чалавек усведамляў сваю ўнікальнасць і значнасць.
— Чаму важна вучыць дзяцей?
— Самым простым ісцінам: дабрыні, павазе, сумленнасці, адказнасці, эмпатыі, уменню дараваць. Важна вучыць таму, што самае важнае ў жыцці — гэта сям’я і Радзіма, што без гэтых святых паняццяў чалавек не можа існаваць. Што нельга пражыць без любові, клопату, увагі і павагі родных, блізкіх, таму самім трэба берагчы тых, хто побач, паважаць нашу гісторыю, любіць краіну і народ. А яшчэ таму, што важна марыць, ставіць мэты і дасягаць іх.
— А чаму вучні вучаць вас?
— Дзеці нагадваюць мне пра тое, што трэба не пераставаць марыць і верыць у цуды, што не варта баяцца памылак, што трэба быць адкрытым, не саромецца праяўляць свае пачуцці і дарыць іх тым, хто мае ў іх патрэбу. З імі побач я адчуваю, як ува мне, дарослым чалавеку, жыве ўнутранае дзіця са сваімі страхамі і асцярогамі, жаданнямі і надзеямі.
— Што вам асабліва падабаецца ў рабоце настаўніка?
— Мне падабаецца назіраць сваё дачыненне да таго, як штодзень дзеці напаўняюцца ведамі, пашыраюць свой кругагляд. Падабаецца разам радавацца іх поспехам.
— Якім настаўнікам бачыце сябе праз 10 гадоў?
— Мяне натхняе прафесіянал, у меру строгі, справядлівы, інтэлігентны, патрабавальны, крэатыўны, безумоўна, добры і дыпламатычны, спагадлівы, які верыць у дзяцей і іх мары, разумее, матывуе да пазнання, падтрымлівае ва ўсіх добрых пачынаннях. Гэта майстар сваёй справы, які любіць свой прадмет, гатовы заўсёды вучыцца новаму. Хацелася б быць такім настаўнікам.
— Вы не раз згадвалі пра мару. Пра што мары педагога Аліны Цітавец і яе ўнутранага дзіцяці?
— Каб вера ў сябе і людзей не згасала. І як мага даўжэй заставацца самой сабой — добрым, разумеючым і мэтанакіраваным чалавекам.
Марына КУНЯЎСКАЯ





