Мір заўсёды ёсць сярод важных каштоўнасцей. І сёння добры час, каб гаварыць пра справы на карысць міру і пра яго важныя складнікі: вялікую і ўзаемную цярплівасць і міласэрнасць, пераемнасць традыцый і спрыянне згодзе ў грамадстве. Гэтым разам госцем “Настаўніцкай” стаў Максім Місько — кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, старшыня праўлення Беларускага фонду міру і віцэ-прэзідэнт Савецкага фонду міру.
Не рэвалюцыя — эвалюцыя!
— Максім Уладзіміравіч, рады вітаць вас! Праект “Сетка Школ міру”, які паспяхова рэалізуюць Мінадукацыі з Фондам міру, прыўносіць дух міратворчых ідэй у навучальныя ўстановы краіны — і мы пра гэта пішам… Прапануем спачатку пагаварыць пра пераемнасць традыцый. Чаму гэта важна для зберажэння міру? Чаму патрэбны традыцыі ў жыцці народа, краіны, сям’і, роду? І як вам удаецца ў дзейнасці Фонду міру і ранейшыя здабыткі зберагаць, і прыўносіць у яе штосьці новае?
— Пытанне выходзіць за межы штодзённасці, адносіцца да жыцця духоўнага… Пра пераемнасць. Калі гаворым пра памяць продкаў, згадваем іх, і не толькі ў малітве, то ўмацоўваем з імі нябачную сувязь. Згадалі ў думках — і перадаецца ім часцінка нашай энергіі. А ніхто дакладна не ведае, як гэта ўладкавана, і пра духоўную сувязь кажуць мудрыя людзі, то, можа, і нам такая вера прыдасца. З памяці пра свае родавыя карані мы таксама чэрпаем сілы, каб тварыць добрыя справы. Думаю, такі ж прынцып спрацоўвае і ў сацыяльнай іерархіі: сям’я, арганізацыя, краіна… Вядома ж, ёсць і традыцыя шанавання лепшага з раней зробленага ў Фондзе міру. Так, і светапогляд кіраўніка ўплывае на жыццё любой структуры, супольнасці — як уплывае капітан, скажам, на курс карабля.
Калі ў 2015 годзе я ўзначаліў Фонд міру, то адчуў: ёсць там вельмі беражлівае, паважлівае стаўленне да папярэднікаў. Ніколі не чуў, каб гаварылі пра кагосьці там, што дрэнна працаваў, штосьці недарабіў, а мы зробім лепш, усё перабудуем.
У паралель разважым пра паспяховасць Беларусі. У постсавецкі час мы не зламалі ўсё адным махам, не адышлі ад базавых прынцыпаў: скажам, сацыяльнай справядлівасці, дзяржавы для народа. У суседзяў было не так, мы ж ад лепшага не адмаўляліся.
Што было ў Савецкім Саюзе добрае — тое нам удалося зберагчы, мадэрнізаваць, прычым нікога не асуджаючы. І гэта вельмі важна: не асуджаць людзей, якія да цябе тварылі. Калі шануеш тое, што рабілі да цябе, то дапамога будзе і з нябачнага свету: ад тых, хто рабіў, ад папярэднікаў. Так, праз пакаленні назапашваецца сіла чалавека, супольнасці, краіны. Такі мой погляд на пытанні пераемнасці традыцый.
Тут варта ўзгадаць майго папярэдніка на чале Фонду міра Марата Фёдаравіча Ягорава і яго словы: “Беларусь — гэта краіна, у якой за мір змагаюцца літаральна ўсе: ад Прэзідэнта да школьніка”. Я люблю гэты слоган, у ім праўда і сіла, сутнасць падыходаў да міратворчых спраў. Звернемся да вобраза капітана карабля… Пасля распаду Саюза мы выбралі Прэзідэнта, ён вызначае курс. З вышыні 30 гадоў можна рабіць высновы, у тым ліку і метадам параўнання. Давайце параўноўваць тое, як мы жывём, з жыццём у краінах постсавецкай прасторы, з якімі разам стартавалі ў незалежнасць. Навошта браць, скажам, Швейцарыю, якая ні войнаў не ведала, ні рэвалюцый? Там, зрэшты, ёсць свае праблемы… У нашай сітуацыі правільным было выбіраць курс эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны. Усе ведаюць, дзе тыя рэвалюцыянеры эканамічныя з суседніх краін…
200 тысяч міратворцаў
— Як пераемнасць традыцый была рэалізавана ў Фондзе міру?
— Калі я прыйшоў, то працавалі там некаторыя гадоў па 25—30. Тыя аксакалы мяне прынялі прыязна. Скажам, Цімафей Іванавіч Глушакоў, кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення. Мы яго ў снежні 2024-га пахавалі: больш за 90 гадоў было ветэрану, ён да канца жыцця быў на чале міратворцаў Гомельшчыны… Увогуле, заўважаю, што сярод міратворцаў шмат доўгажыхароў: відаць, тварыць мір — патрэбна Сусвету і карысна для здароўя! (Усміхаецца.) Дык Цімафей Іванавіч адразу ж да мяне паставіўся не як да маладога і недасведчанага — як да сына… Казаў мне: усё раскажам, пакажам, усяму навучым. І ўсе іншыя старажылы мяне падтрымалі. Ну і я таксама ім “здаўся” адразу — і стаў прымаць тое, чаму мяне вучылі. А інакш як? І самае галоўнае, што тады атрымалася ў нас вельмі добрая камунікацыя. Каманда была, яна не распалася, мы пакрыху пачалі мадэрнізацыю. Я быў маладзейшы за ўсіх ці не ў паўтара-два разы, таму нейкія новыя ідэі, падыходы бачыў, маючы вопыт грамадскай працы: чатыры гады займаўся развіццём кадэцкай адукацыі ў Беларусі. Там у мяне склалася бачанне працы і разуменне механізмаў, якія дапамагаюць ідэю ўвасобіць у жыццё. А гэта вельмі важны момант! Калі ёсць добрая ідэя, але няма падтрымкі, сродкаў, нават адміністрацыйнага рэсурсу, то не атрымаецца нічога, якая б ні была добрая ідэя. І наадварот, без добрых ідэй нічога добрага не атрымліваецца. Вядома ж, нейкія напрацоўкі я прыўнёс у Фонд міру. Скажам, было разуменне: каб падняць статус арганізацыі, трэба прыцягваць да работы ў ёй вядомых людзей. Вось раней у праўленні Фонду міру быў мітрапаліт Філарэт. І таму ў 2016 годзе я перагаварыў з усімі кіраўнікамі канфесій, пераканаў іх стаць сябрамі праўлення. Творчую інтэлігенцыю падцягнулі — Саюз пісьменнікаў, Саюз мастакоў, і нашых знакамітых спартсменаў. Так і пашырылі праўленне, пачалі папулярызаваць нашу дзейнасць. Калі я прыйшоў, было ў арганізацыі тысяч 16 міратворцаў, сёння ўжо 200 тысяч. Але гэта, лічу, плён сумеснай працы Фонду міру, людзей розных пакаленняў на працягу 60 гадоў.
Самае вялікае дасягненне
— Якая дынаміка ёсць у вашай рабоце па лініі Школ міру? Як мы бачым і пра гэта пішам, юныя міратворцы, педагогі ўсё больш прыкметныя ў гэтай дзейнасці…
— Па-першае, хачу вам падзякаваць за вялікую падтрымку. Вы актыўна прапагандуеце лепшы вопыт работы Школ міру, іх дзейнасць, і кожны кіраўнік міратворчай работы, дырэктар школы атрымлівае дадатковы імпульс рухацца гэтым шляхам. Больш за 250 Школ міру адкрыта ў Беларусі, ахвочых — не менш. І мы разумеем: трэба нам больш увагі ўдзяляць метадалогіі. Сетка Школ міру ёсць, прапісана тое, чым яны павінны займацца. Мы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам узгаднялі Палажэнне, вывяралі: па якіх праектах школы павінны працаваць, што рабіць і як. А што далей? Метадалогія. Мы ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі летась вялі перамовы, і мне там сказалі, што гатовы стаць метадычным цэнтрам па Школах міру. Выбраць лепшыя праекты, на іх аснове распрацаваць дапаможнікі, уключыўшы вопыт розных школ. З такой метадычкай кіраўнік школы будзе разумець, як усё ўладкавана, гэта будзе падмога для дырэктара, педагогаў. А цяпер на невялікай паўзе тыя заяўкі, якіх шмат. Згадаю яшчэ раз Марата Фёдаравіча, яго фразу: аб’ектыўным паказчыкам дзейнасці Фонду міру ў сферы фінансаў з’яўляецца добраахвотнае ахвяраванне і колькасць сродкаў, якія людзі пералічваюць у арганізацыю. Калі сродкаў няма, то нам не давяраюць, і трэба рабіць высновы: а ці так працуем? Калі ж людзі нам давяраюць, сродкі збіраюцца, а потым грошы ідуць на розныя праекты, то ўсё добра працуе.
Так і з гэтым праектам: сетка Школ міру пашыраецца добраахвотна, без прымусу. Ведаю, на Гомельшчыне трэба падаць заяўку ў галоўнае аблупраўленне адукацыі на ўзгадненне. Гэта ўжо сістэма работы, а не выпадковыя факты. У іншых абласцях ёсць вуснае ўзгадненне, але без фармалізму. Калі заяўляе школа: “Мы хочам!”, а няма канкрэтнага руху ў бок міратворчай дзейнасці, то “для колькасці” школе статус не прысвояць. І тое, што дзеці хочуць, кіраўнікі, педагогі хочуць атрымаць гэты статуc — паказчык таго, што праект правільны і пасыл правільны: для дзяцей, бацькоў, педагогаў. Гэта сёння адпавядае трэнду, які ў нас ёсць, і тым ідэям, якія закладвае кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб міры як самым важным. Безумоўна, важныя і патрыятычныя класы, ваенна-патрыятычная скіраванасць у дзейнасці шматлікіх школ. Гэта правільна. І сам я, вы ведаеце, скончыў Сувораўскае вучылішча. Ды ўсё ж такі сёння памкненне да міру, да жыцця ў згодзе ёсць, мне падаецца, найпершы, самы важны трэнд у нашым грамадстве. І таму людзі адгукаюцца масава, павялічваюцца шэрагі сяброў Фонду міру.
У 2024 годзе чарговы, трэці раз мы правялі фестываль дзіцячай міратворчасці — у Віцебску, дзе сем каманд,
з кожнай вобласці, паказвалі дасягненні. Выяўлялі найлепшыя ў вобласці, а мы вызначалі ў Віцебску лепшую сярод абласцей. І калі паспрабаваць адказаць на пытанне, якія найбольшыя дасягненні ў рабоце са Школамі міру, то хочацца творча выкарыстаць словы муфтыя Абу-Бекіра Шабановіча, які ўваходзіць у праўленне Фонду міру. Ён у свой час выступаў перад Прэзідэнтам і так дакладваў: “Нас, мусульман у Беларусі, 9 мільёнаў разам з беларусамі”. Гэтак жа і я хачу сказаць: наша вялікае дасягненне, Школ міру разам з усёй краінай, — тое, што мы жывём у міры. І гэта ёсць аб’ектыўны паказчык работы кіраўніцтва краіны, паказчык стаўлення саміх беларусаў да фундаментальнага паняцця міру.
Як зрабіць “крыху больш”?
— З вашых слоў можна зрабіць выснову, што выбудоўванне міру і згоды ў грамадстве, своеасаблівае трыманне мірнага неба над галавой дасягаецца сумеснай працай усяго народа разам з дзяржавай, уладай. Як паяднаць гэтыя намаганні?
— На нейкім этапе эвалюцыі людзі зразумелі: немагчымы мір, калі мы ўсе не павернемся адно да аднаго тварам, не будзем дапамагаць адно аднаму, не будзем падтрымліваць слабейшых. Тыя сацыяльныя праекты, якія беларуская дзяржава ўзяла на свае плечы, — добра, ды гэта яшчэ не ўсё, што трэба ў грамадстве для шчасця, міру і згоды. Я часта ў свой час чуў: мы падаткі плацім, дык што вы ад нас яшчэ хочаце, якой грамадскай актыўнасці? Але ж гэта памылковы падыход… На ўзроўні побытавых зносін прыводжу прыклад: калі мы сходзім у цырульню, рэстаран, то аплачваем чэк, але прынята і нешта большае. Ці крыху даць зверху, ці хоць падзякаваць, добрае слова сказаць таму, хто цябе абслужыў. І ў нашым выпадку мы павінны зрабіць тое, што павінны, але знайсці магчымасць і даць крыху больш. І гэтага “крыху больш”, я заўважыў, хапае на ўсё, і тады чамусьці ўсе шчаслівыя. Гэта значыць, без “крыху больш”, асабіста нашага і цёплага, не ад імя соцыуму, чамусьці нешта не да канца складаецца ў велічным пазле Жыцця.
І вось вам гісторыя, кранальная да слёз. Гэта і для мяне навука была, калі мы працавалі ў доме малюткі ў Віцебску. Вы ж ведаеце, па краіне ў дамы малюткі Фонд міру пастаўляе ШВЛ-апараты: для штучнай вентыляцыі лёгкіх дзеткам на палеатыпе, якія ўжо ляжаць, і няма там надзеі на вылечванне. Дык дом малюткі заказаў разам з ШВЛ яшчэ і 6 планшэтаў. І я, памятаю, спрачаўся з прадстаўнікамі абласнога аддзялення, што гэта, я так разумеў, не на вострыя патрэбы дзетак рэчы — можа, кіраўніцтва клінікі для сябе заказвае… Урэшце мяне пераканалі, мы ўсё паставілі. І неяк праз паўгода прыязджаю ў той дом. Сустракае галоўны ўрач і вядзе паказаць, як выкарыстоўваюць абсталяванне, у паліятыўную палату. Заходзім. Усе на ШВЛ, з трубачкамі дзеткі ляжаць: шэсць ложачкаў, шасцёра дзетак, шэсць тумбачак — а на іх… тыя самыя планшэты. Мульцікі там ідуць. У мяне як пераварот у свядомасці… Я нават папрасіў прабачэння ва ўрача, што ў меру сваіх недахопаў вось так падумаў дрэнна. Мне Божачка даў на свае вочы пабачыць сітуацыю. У жыцці часта бывае, калі мы ў меру сваіх уяўленняў пра нейкія рэчы судзім. Ніякі бюджэт не даў бы магчымасці ўрачам тыя планшэты набыць. Чыноўнік скажа: навошта? І тут пытанне: што важней для таго дзіцяці, апарат ШВЛ ці планшэт? І гэта — “крышку больш” за тое, што мы можам зрабіць.
Людзі адгукаюцца на розныя нашы праекты, дапамагаюць. Гэта значыць, у беларусаў ёсць унутранае разуменне, што феномен міру, таго, што ў краіне ёсць, складаецца і з такіх рэчаў.
З таго, ці дадзім мы ў дождж свой плашч некаму. А прынцып такі: будзеш даваць, будзеш выклікаць пачуццё любові ў сваім сэрцы і сэрцы таго, каму дапамагаеш, — і дзеянне аддавання-прымання будзе ствараць сінергію яднання. Тады ўсё будзе добра — нібы само сабой, бо так уладкаваны свет. І таму найвялікае дасягненне ў нашай рабоце — тое, што мы бачым кожны дзень на вуліцах нашых гарадоў, па ўсёй краіне. Мір — найвялікае дасягненне, якое мы ў сучасным свеце маем, і, дзякуй богу, навучыліся цаніць. Ды і ўсе, хто з Усходу ці Захаду прыязджае да нас, атрымліваюць асалоду ад той атмасферы, якая ў нас ёсць.
У моцным сплаве
— На якія новыя ініцыятывы Фонду міру варта звярнуць увагу настаўнікам, а можа, і паўдзельнічаць ім разам у праектах з вучнямі?
— Вельмі важныя два праекты мы запусцілі не толькі для Школ міру, яны адкрытыя для ўсіх. Першы — “80 мірных гадоў”, прысвечаны юбілею Перамогі, другі — “Мой мірны кут”, таксама прымеркаваны да юбілею. Абодва ўзгоднены з міністрам адукацыі, да таго ж іх вывучылі спецыялісты Акадэміі адукацыі, падтрымалі нас. У першым праекце прапануем школьнікам актыўна пачаць падрыхтоўку да свята і паглыбіцца ў атмасферу стваральных гадоў. Сабраць матэрыялы і зрабіць свой відэаролік — да 5 мінут, з аповедам пра дасягненні Беларусі. Выдзелілі тры перыяды: 1945—1961, 1961—1991 і з 1991-га па наш час. Прапануем прааналізаваць дасягненні на мясцовых прыкладах: дзе школа — там і знайсці факты. Прычым узгадаць і людзей, якія ў стваральнай працы вызначыліся. А перыяды сімвалічныя для міратворцаў: 1961-ы — гэта і год стварэння Савецкага фонду міру, і першы палёт у космас. У 1991 годзе быў створаны Беларускі фонд міру, пачатак гісторыі незалежнай Беларусі: сапраўды этапнасць прасочваецца. Калі школьнікі збяруць матэрыял, праз сябе прапусцяць, пераасэнсуюць, то адчуюць гордасць за землякоў, а мы такім чынам уключаем іх у даследчыя працэсы. Бацькі дапамогуць, педагогі, але і школьнікі папрацуюць. Палажэнне аб праекце “80 мірных гадоў” мы з міністрам інфармацыі ўзгаднілі: каб лепшыя ролікі потым па тэлебачанні паказваць. І якасць адпаведную чакаем. Калі будзе шмат, выберам лепшае, каб шырока паказаць.
— Ідэі міру і стваральнасці ў самым цесным сплаве ўвасобяцца. Выдатная задума!
— І вось так мы падыдзем да свята Перамогі: з аналізам зробленага пасля яе, выхадам на развагі пра важнасць міру і змагання за яго. А “Мой мірны кут” — гэта конкурс юных творцаў, праект з прыцэлам на трылогію. Мы правялі ўжо такі пад назвай “Дзеці за мір” — выдалі тры кнігі, потым “Краіна міру” была трылогія: па кнізе
вершаў, прозы і альбом з малюнкамі. Задача ў новым конкурсе: каб дзеці апісалі, паказалі цікавае месца ў сябе побач з домам, у вёсцы ці горадзе. Вось калі да вас госці прыедуць і папросяць што-небудзь паказаць цікавае, дзе ваша сэрца поўніцца энергіяй, дзе ёсць месца сілы, — пра гэта і раскажыце. Палажэнні аб праектах ёсць на нашым сайце ў інтэрнэце. Шмат цікавай аператыўнай інфармацыі па дзейнасці міратворцаў, Школ міру ёсць
і ў сацсетцы Telegram: @shkola_mira_by і @fondmira_by.
Яшчэ звяртаю ўвагу, што цяпер вучні са Школ міру ходзяць да былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, бяруць у іх інтэрв’ю, працуючы па тэматыцы нашага праекта “Вязні. Памяць. 1941—1945”. Некаторым удаецца зрабіць фотаздымкі, відэазапіс, аўдыязапіс… На сайт Uzniki.by, які ствараем, нам дасылаюць вельмі шмат матэрыялаў. З іх бачна: юныя міратворцы апранаюць прыгожую форму, бяруць падарункі, кветкі, з педагогамі ходзяць да ветэранаў і ладзяць зносіны з імі. Слухаюць, што перажылі ў малалецтве тыя людзі, з першых вуснаў. А што такое першакрыніца? Гэта ўражвае. Гэта як цяпер Марына Віталеўна Васілеўская, намеснік мой у Фондзе міру, ездзіць па краіне і сустракаецца са школьнікамі непасрэдна. Як там у космасе? Дзецям вельмі цікава. Тое ж і тут: жывыя сведкі вайны, апошнія сведкі яе. Шчыра кажучы, мы крыху сумняваліся, каб не было дзецям шоку нейкага. Потым падумалі: дык і што… Мы з вамі раслі на падобных гісторыях, кінафільмах… Гэта трэба ведаць — каб разумець, што наш народ перажыў, каб цаніць мір і ўсё тое, што сёння маем. Калі ў гісторыю нашу паглядзець, то там войны за войнамі былі, мала гадоў мірнага жыцця. Дзякуй богу, мы такія шчасліўчыкі, у міры жывём і вельмі спадзяёмся, што ні мы, ні дзеці нашы вайны не пабачаць. А для таго варта памятаць: усё ж можа быць інакш. Таму і падключылі Школы міру ў такі праект: як жывы і чуйны інструмент для збору інфармацыі. Мы і з архівамі працуем па розных кірунках, а гэты сегмент аддалі Школам міру. І ніхто з дарослых не ходзіць на такія інтэрв’ю — толькі школьнікі.
Падаць голас за мір
— Максім Уладзіміравіч, вы згадалі пра свайго намесніка Марыну Васілеўскую. Наколькі гэта цікава і прадукцыйна — мець такога касмічнага намесніка?
— Гэта ўсіх нас вельмі ўзвышае! Жартуем у сябе, што ў нас цяпер касмічная каманда ва ўсіх сэнсах слова. І не выпадкова Марына Віталеўна выбрала сабе работу, звязаную з міратворчай дзейнасцю, гуманітарнай, з дабрачыннасцю. Яна гаворыць, што заўсёды сэрца да гэтага цягнулася, а пасля палёту ў космас, калі я зверху ўбачыла Зямлю, то і нейкія дадатковыя эмоцыі з’явіліся.
Фонд міру з прыходам касманаўткі атрымаў яшчэ больш глыбокае гучанне. Яшчэ адзін публічны сёння чалавек, значны для Беларусі ва ўсіх сэнсах, падае голас за мір. Больш за тое, вам першым публічна скажу: касманаўт Алег Навіцкі выказаў жаданне ўвайсці ў склад праўлення Беларускага фонду міру. І ў нас будзе два касманаўты: Герой Беларусі і Герой Расіі.
— Скажыце, па якіх крытэрыях у Фондзе міру ацэньваюць эфектыўнасць дзейнасці Школ міру?
— Вельмі важныя крытэрыі — навізна ў праектах, крэатыўнасць, самастойнасць: каб праекты міратворчыя не супадалі з тымі, што ідуць і без нас. Мы просім шукаць навізну, крэатыў. Лепшыя ідэі мы ў 2024-м ацэньвалі, а на тыя, якія спадабаліся нам, выдзялялі гранты, каб іх рэалізаваць. У некаторых абласцях ідэй было шмат, і мы выдавалі па 3—5 грантаў на вобласць: па 1000 рублёў на школу для рэалізацыі. Магілёўшчына ўвогуле выдала 30 грантаў: шмат было цікавых праектаў. У школ ёсць вялікая зацікаўленасць. Не проста мы просім “прыдумайце нешта і рэалізуйце”, а падыход такі: прыдумайце, што нам спадабаецца, тое прафінансуем. Праекты, рэалізаваныя за тыя грошы, і ў Віцебску былі прадстаўлены. А найлепшыя праекты яшчэ атрымалі дадатковыя прызы плюс дадатковыя гранты: і асабістыя, і для школ.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА