Якасць — на вышыні: Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі атрымаў Прэмію Урада

- 10:35Актуально, Образование

Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці атрымаў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Віншуючы ўстанову з узнагародай, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык падкрэсліў, што Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь — адно з самых значных прафесійных дасягненняў калектыву, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Сістэма менеджменту якасці, укаранёная па-сапраўднаму, стварае перадумовы для поспеху. Усё астатняе залежыць ад людзей. Інстытут выкарыстоўвае ўсе магчымасці сістэмы менеджменту якасці, расце колькасць задаволеных спажыўцоў паслуг, таму што гэтыя паслугі адказваюць патрэбам і асобнага настаўніка, і навучальных устаноў, і органаў дзяржаўнага кіравання, бацькоў, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў. Выдатна забяспечваецца транзіт ведаў і ўнутры інстытута. У цэлым усё працуе як адзіны механізм. ГрАІРА атрымаў такую прэстыжную прэмію, таму што кіраванне тут ажыццяўляецца на навуковай аснове. Выдатна, што Гродзенскі абласны ІРА часта становіцца ініцыятарам новых пачынанняў, якія выліваюцца ў рэспубліканскія праекты, — адзначыў Руслан Абрамчык.

Рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка запэўніла, што ўстанова будзе працягваць працаваць у напрамку суправаджэння дарослых, падрыхтоўкі прафесіяналаў, выхавання патрыётаў нашай краіны, спалучаючы ў новай парадыгме адукацыйны і метадычны працэсы, навукова-даследчую дзей­насц­ь.

— Мы не проста даём магчымасць для павышэння кваліфікацыі або правядзення вучэбных семінараў, але і ва ўмовах новых выклікаў аналізуем сітуацыю, знаходзім моцныя і слабыя бакі, паказваем пункты росту і выпрацоўваем механізмы развіцця. Гэта дазваляе нашаму інстытуту штогод прыдумваць, апрабоўваць і прапаноўваць на ўзроўні рэспублікі ад 8 да 15 інавацый, — сказала Святлана Сяргейка.

Вось толькі некалькі прыкладаў. У самым пачатку пандэміі інстытут сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама за два тыдні стварыў для ўсёй краіны адукацыйны электронны кантэнт, які даў магчымасць дзецям завяршыць навучальны год. А летам быў арганізаваны лагер для 800 навучэнцаў аграрных і педагагічных класаў, які ўжо стаў традыцыйным. І сёння ўстанова дадатковай адукацыі дарослых працуе па прынцыпе міжведамаснага ўзаемадзеяння. Так, сумесна з сілавымі структурамі створана школа бяспекі, аналагаў якой няма ў краіне. Сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой заснавана прэмія імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Сёлета ёсць новая інавацыя — адукацыйны інтэнсіў “Дырэктарскае асяроддзе”, аналагаў якому таксама няма ў Беларусі. На стадыі распрацоўкі новы электронны рэсурс па выхаваўчым патэнцыяле ўрока.

Якасць для Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі заўсёды была на першым месцы, і гэта пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды. Інстытут з’яўляецца пераможцам конкурсу Гродзенскага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці 2017 года, дыпламантам конкурсу на саісканне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці 2019 года, па выніках 2020 года занесены на абласную Дошку гонару. У 2021 годзе інстытут стаў лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Паслугі насельніцтву”, удастоены спецыяльнай узнагароды “Лепшы ў рэгіёне” за дасягненне высокіх вынікаў у забеспячэнні якасці і бяспекі прадукцыі, а ў 2022 годзе Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі прызнаны лепшым са­цыяльным партнёрам у сферы адукацыі і навукі.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара