Больш за 130 творчых работ прадставілі навучэнцы Віцебшчыны на заключным этапе абласнага завочнага конкурсу “Моладзь за здаровы лад жыцця”.
Традыцыйны штогадовы конкурс, арганізатарамі якога выступаюць галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны Палац дзяцей і моладзі, праводзіцца на базе аддзела арганізацыйна-масавай работы ВАПДіМ.
— Закранутая тэматыка блізкая кожнаму, запатрабаваная і як ніколі актуальная сёння, — падкрэсліў загадчык аддзела Аляксей Ляпін. — Здароўе — велізарная каштоўнасць, вельмі важна клапаціцца пра яго пастаянна. Мэтай нашага мерапрыемства з’яўляецца ўдасканаленне форм і метадаў работы па прапагандзе і фарміраванні здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі, выяўленне і распаўсюджванне новых падыходаў да выхавання маральных і валявых якасцей навучэнцаў, адказных адносін да ўласнага здароўя і здароўя іншых людзей, прафілактыка распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, шкодных залежнасцей у дзіцячым і падлеткавым асяроддзі. Варта адзначыць, што шырокі спектр прадстаўленых матэрыялаў яскрава сведчыць аб сістэмнай дзейнасці ўстаноў адукацыі і адлюстроўвае рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў у гэтым напрамку. Работы фіналістаў парадавалі арыгінальнасцю, крэатыўным падыходам, выкарыстаннем незвычайных дызайнерскіх прыёмаў, сучасных тэхнік і тэхналогій, відовішчнасцю і разнастайнасцю ўжытых мастацкіх сродкаў, аўтарскім бачаннем і асабістым стаўленнем да выбранай тэмы.
Удзельнікі спаборнічалі ў трох намінацыях. У конкурсе матыватараў “Быць здаровым здорава!” наступныя пераможцы: 1-е месца — навучэнка сярэдняй школы No 10 Віцебска Марыя Губенкава (буклет “КАРОНАВІРУС”), 2-е месца — навучэнка сярэдняй школы No 2 Дуброўна Варвара Парфяненка (“Схаваеш твар — закрыеш душу!”) і навучэнка сярэдняй школы No 8 Полацка Дар’я Рамень (“Сусветная павуціна ЗЛЖ — НАЦІСНІ на ENTER!”), 3-е месца — навучэнка гімназіі № 7 Віцебска Паліна Паўлава (“Быць здаровым здорава!”) і навучэнка Дзісненскай сярэдняй школы Мёрскага раёна Ксенія Яленская (“Які сцэнарый выбіраеш ты?”).
Сёлета замест конкурсу відэаролікаў арганізатары прапанавалі новую намінацыю — “Аўдыярэклама”. Лепшымі ў фінале прызнаны работы навучэнцаў Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна Мікіты Аксяновіча, Лізаветы Казловай і Карыны Маскалёвай “Калі б здароўе можна было купіць” (1-е месца), навучэнца сярэдняй школы № 1 Лёзна Дзмітрыя Графянкова “Выбірайце ЗЛЖ” і навучэнца гімназіі № 2 Наваполацка Максіма Маісеенкі “Я галасую за ЗЛЖ” (2-е месца), навучэнцаў 2 класа базавай школы № 5 Полацка “Здаровай ежы — ТАК!” і метадыста Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Юліі Паус “Жыцця імгненні” (3-е месца).
У конкурсе сцэнарных распрацовак “Квест-гульня “Здароўе — наш выбар” 1-е месца падзялілі навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Верталёт” Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна Дар’я Галуза (“Ключ да здароўя”) і навучэнка Выдрэйскага ясляў-сада — базавай школы Лёзненскага раёна Дар’я Блізнякова (“Здароўе — наш выбар!”). На 2-м месцы — навучэнка Пліскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Вікторыя Юковіч (“Здароўе — наш выбар!”) і педагог- арганізатар Старасельскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Дар’я Нычкова (“Здароўе — наш выбар!”), на 3-м — навучэнкі Вышадскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гарадоцкага раёна Дзіяна Мацвіенка і Алена Маркава (“Здароўе — гэта наш выбар!”), культарганізатар Шаркаўшчынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Калесніковіч (“Формула здароўя”) і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы No 6 Оршы Ларыса Каранькова (“Шлях да здароўя”).
Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.