Дзе рыхтуюць лесаводаў? На лесагаспадарчым факультэце БДТУ! Тут больш чым за 90 гадоў падрыхтавана звыш 7,5 тысячы інжынераў лясной гаспадаркі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёння факультэт адказны за падрыхтоўку спецыялістаў па лясной гаспадарцы, ландшафтным праектаванні і садова-паркавым будаўніцтве, турызме і прыродакарыстанні. Для паспяховага вывучэння спецыялізаваных дысцыплін на факультэце маецца сучаснае абсталяванне і вялікая колькасць тэматычна аформленых аўдыторый з калекцыямі разнастайнага біялагічнага матэрыялу па батаніцы, дэндралогіі, лесаводстве, глебазнаўстве, лясной генетыцы і біялогіі лясных звяроў і птушак і інш.
— Тэарэтычныя веды студэнты замацоўваюць на цікавых і разнастайных вучэбных і вытворчых практыках у Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе, які з’яўляецца своеасаблівай прыроднай лабараторыяй. Падчас практык у распараджэнні студэнтаў і выкладчыкаў каля 17 тысяч гектараў лясных насаджэнняў, сучасны лясны гадавальнік, адзін з найбуйнейшых у краіне батанічных садоў, экалагічная сцежка, музей прыроды, дрэваапрацоўчы цэх, паляўнічая гаспадарка і шмат чаго іншага, — расказаў дэкан ЛГФ Мікалай Юшкевіч.
На факультэце заўсёды рады абітурыентам, якія з асаблівай пяшчотай ставяцца да навакольнага асяроддзя. Іх запрашаюць на тры спецыяльнасці: “Лясная гаспадарка”, “Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва”, “Турызм і прыродакарыстанне”.
— “Лясная гаспадарка” — самая буйная спецыяльнасць ва ўніверсітэце і адна з найбуйнейшых у краіне, бо набор на яе толькі на бюджэт штогод складае каля 100 чалавек. Гэта і не дзіўна, бо лес — адзін з асноўных прыродных рэсурсаў Беларусі, які займае каля 40% усёй тэрыторыі рэспублікі. Студэнты названай спецыяльнасці на працягу 4 гадоў вывучаюць лясныя экасістэмы, сучасную тэхналогію лесааднаўлення і лесавырошчвання, абарону лесу ад шкоднікаў і хвароб і г.д., — паведаміў Мікалай Тарасавіч.
Сёлета для паступлення на “Лясную гаспадарку”, вельмі запатрабаваную ў краіне спецыяльнасць, неабходна здаць ЦЭ або ЦТ па хіміі, матэматыцы і беларускай (рускай) мове. Можна паступіць і па мэтавым накіраванні.
— Нашы выпускнікі з кваліфікацыяй “інжынер лясной гаспадаркі” займаюць пасады майстра лесу, ляснічага, інжынераў рознага профілю. Перспектывы кар’ернага росту вельмі вялікія — галоўны ляснічы, дырэктар лясгаса, інжынер вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання вобласці, вядучы спецыяліст Міністэрства лясной гаспадаркі і далей па кар’ернай лесвіцы, — дадаў М.Т.Юшкевіч.
Спецыяльнасць “Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва” адметная і вельмі творчая. Для паступлення на яе абітурыентам неабходна прадаставіць сертыфікаты ЦЭ ці ЦТ па матэматыцы і беларускай (рускай) мове, а таксама здаць ва ўніверсітэце творчы іспыт. У час навучання студэнты вывучаюць асартымент і агратэхніку вырошчвання розных кветкавых і дэкаратыўных раслін, магчымасці іх прымянення для азелянення гарадоў і населеных пунктаў, а таксама ландшафтнае праектаванне аб’ектаў зялёнага будаўніцтва, стварэнне кветкава-дэкаратыўных кампазіцый, распрацоўку праектаў азелянення будынкаў і збудаванняў. Выпускнікі “Ландшафтнага праектавання і будаўніцтва” атрымліваюць кваліфікацыю інжынера садова-паркавага будаўніцтва, пасля чаго працуюць у “Зелянбудзе”, арганізацыях ЖКГ Мінска, абласных і раённых цэнтрах на розных пасадах.
— Наша трэцяя спецыяльнасць “Турызм і прыродакарыстанне” таксама вельмі цікавая і разнапланавая. Экалагічны турызм ва ўсім свеце зараз дынамічна развіваецца, а Беларусь — краіна каларытная і вельмі багатая на прыродныя рэсурсы, якія варта ўмела прадстаўляць турыстам, у тым ліку і замежным, арганізоўваць для людзей адпачынак у найпрыгажэйшых кутках нашай краіны. Выпускнікі з кваліфікацыяй “спецыяліст па турызме і прыродакарыстанні” размяркоўваюцца ў нацыянальныя паркі Беларусі, запаведнікі, заказнікі, розныя лесапаляўнічыя гаспадаркі, турыстычныя агенцтвы, лесагаспадарчыя ўстановы, — праінфармаваў Мікалай Юшкевіч.
Тым, каго зацікавіць “Турызм і прыродакарыстанне”, неабходна здаць ЦЭ або ЦТ па беларускай (рускай) мове і біялогіі, а яшчэ (увага!) нарматывы па фізічнай культуры.
— Абітурыенты выбіраюць наш факультэт таму, што, па-першае, тут можна атрымаць запатрабаваную на рынку працы, высокааплатную прафесію. Без работы нашы спецыялісты не сядзяць, усе яны гарантавана атрымліваюць першае працоўнае месца. Па-другое, у моладзі ёсць унікальная магчымасць хутка зрабіць кар’еру, напрыклад, за пару гадоў дарасці да пасады галоўнага ляснічага. І, па-трэцяе, у нас не толькі цікава вучыцца, але і створаны ўсе ўмовы для развіцця творчых і спартыўных здольнасцей, — падагульніў Мікалай Юшкевіч.
***
Інжынерам, мехатронікам, энергетыкам, тэхнолагам, а ў хуткім часе і аператарам беспілотнікаў можна стаць на факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ.
За час існавання факультэта было падрыхтавана звыш 17,6 тысячы інжынераў для лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай галін, а таксама для ляснога машынабудавання краіны.
Сёння тут рыхтуюць інжынерныя кадры па чатырох спецыяльнасцях: “Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу”, “Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання”, “Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасцей”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” і “Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка”.
Зараз на факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну вядзецца работа па адкрыцці новай спецыяльнасці “Праектаванне і тэхналогія беспілотных машын”.
У філіялах універсітэта — Гомельскім політэхнічным каледжы, Бабруйскім лесатэхнічным каледжы і Віцебскім тэхналагічным каледжы — навучэнцы атрымліваюць прафесійна-тэхнічную падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей” і “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу”. Выпускнікі гэтых каледжаў могуць атрымаць вышэйшую адукацыю ў БДТУ па скарочанай завочнай форме навучання.
— Матэрыяльная база нашага факультэта — адна з лепшых сярод лясных УВА СНД, і яна пастаянна ўдасканальваецца. Дарэчы, лабараторыі нашых кафедр і тэхнапарк Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса ўкамплектаваны высокатэхналагічнымі шматаперацыйнымі лесанарыхтоўчымі машынамі, трэнажорамі для вывучэння работы лясных машын і мадэлявання тэхналагічных працэсаў, унікальным дрэваапрацоўчым абсталяваннем і прыладамі з лічбавымі праграмнымі модулямі і камп’ютарамі. Дзякуючы такой базе, мы шырока выкарыстоўваем модульны метад правядзення лабараторных работ, — адзначыў дэкан факультэта Уладзімір Лой.
Так, у вучэбнай лабараторыі віртуальнай рэальнасці на аснове трэнажораў харвестара і форвардара Ponsse (Фінляндыя) і Komatsu (Японія) студэнты авалодваюць прыёмамі работы на валачна-сучкарэзна-распіловачнай машыне або пагрузачна-транспартнай машыне, з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій распрацоўкі лесасек у розных прыродна-вытворчых умовах.
А вось у лабараторыі канцэптуальнага дызайну і праектавання мэблі, якая створана пры падтрымцы аўстрыйскай кампаніі Blum, студэнты займаюцца даследаваннем эрганамічных, эстэтычных і функцыянальных уласцівасцей вырабаў мэблі, распрацоўкай і ўкараненнем тэхналогій віртуальнай рэальнасці ў працэс візуалізацыі праектных рашэнняў у дызайне інтэр’ера, а таксама іх канструктарскай і тэхналагічнай падрыхтоўкай з далейшым укараненнем у вытворчасць на мэблевых прадпрыемствах.
— Увогуле на кафедрах факультэта навучанне вядзецца на сучасным узроўні з выкарыстаннем інавацыйных адукацыйных тэхналогій, якія ўключаюць камп’ютарнае мадэляванне, геаінфармацыйныя сістэмы, праблемныя лекцыі, тэорыю вырашэння вынаходніцкіх задач і інш. Унікальнае лабараторнае абсталяванне дазваляе праводзіць не толькі комплексныя лабараторныя работы, выконваць курсавыя і дыпломныя праекты, але і праводзіць шырокі спектр навуковых даследаванняў, — падкрэсліў Уладзімір Мікалаевіч.
Сёння на факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну вучыцца больш за 500 студэнтаў, а на лесагаспадарчым факультэце — звыш 700.
Дарэчы, на кафедрах факультэта створаны і працуюць орган па сертыфікацыі і выпрабавальны цэнтр дрэваапрацоўчага абсталявання і інструментаў, філіялы кафедр на МТЗ, “Амкадоры” і “Рэчыцадрэў”, а яшчэ лабараторыя вогнеаховы будаўнічых канструкцый і матэрыялаў, лабараторыя праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі лясных аўтамабільных дарог і лабараторыя тэхналагічных працэсаў дрэваапрацоўкі і праектавання мэблі.
— У згаданых арганізацыях і ўстановах нашы студэнты, магістранты і аспіранты праходзяць стажыроўку, актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях, летніх школах, — дадаў У.М.Лой. — Наш факультэт аб’ядноўвае лепшыя творчыя і вытворчыя сілы лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай прамысловасцей, ляснога машынабудавання. Гэта адзіны факультэт у краіне, дзе на сённяшні дзень рыхтуюць інжынераў-тэхнолагаў, інжынераў-механікаў і інжынераў-энергетыкаў для ляснога машынабудавання, лесанарыхтоўчых, дрэваапрацоўчых прамысловасцей і мэблевых прадпрыемстваў краіны. Усе нашы выпускнікі гарантавана размяркоўваюцца на буйныя і перадавыя прадпрыемствы краіны.
На ўсе пяць спецыяльнасцей факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну неабходна здаваць ЦЭ або ЦТ па фізіцы, матэматыцы і беларускай (рускай) мове. Прычым спецыяльнасці “Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу”, “Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання” і “Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасцей” сёння з’яўляюцца вострадэфіцытнымі і асабліва запатрабаванымі эканомікай краіны. А таму уладальнікі залатых ці сярэбраных медалёў і дыпломаў з адзнакай могуць паступаць на іх без экзаменаў.
— Нагадаю, паступленне ў БДТУ ажыццяўляецца адразу на групу спецыяльнасцей, у якую ўваходзяць усе сумежныя спецыяльнасці ўніверсітэта. Наш факультэт тэхнічны, таму мы ў першую чаргу чакаем абітурыентаў, якія маюць схільнасці да вывучэння інжынерных дысцыплін, абсталявання і машын, — рэзюмаваў Уладзімір Лой.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва БДТУ