Непадалёк ад Ганцавіч у вясковых агародах настаўніцы Алены Паўлаўны Мухі і яе вучня-другакласніка Цімафея выраслі экзатычныя гарбузы, прарадзімай якіх біёлагі лічаць Афрыку — тэрыторыю сучаснага Зімбабвэ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Часта ў жыцці бывае: тэма з тэмы вынікае. Нібы “тэма-рэзанатар”, які спрацоўвае — і рэхам, нібы маракасам, падае гук у асноўную мелодыю. Так і ўварвалася экзотыка ў нашу размову з маладой настаўніцай хіміі і біялогіі Настассяй Фёдараўнай Бруцкай, калі загаварылі пра цікавасць яе вучняў да вучобы. Настаўніца разважала: розныя ўрокі ёсць. Калі з доследамі, з нечым адметным, то і вочы ў дзяцей жывыя. А ёсць тэмы нудныя, тэксты засвойваць трэба, і формулы доўгія.
Вось тут Алена Паўлаўна, якая апякае маладую калегу, зрэагавала на мінор і ажывіла размову: загаварыла пра восеньскі Тыдзень гарбуза ў школе. І пра лагенарыю. “Ламінарыя?..” — перапытаў я, упершыню пачуўшы гэтую назву. “Ды не, гэта ж водарасць!..” — усміхнулася біёлаг Настасся. “У нас усе вучні прыносілі гарбузы ў школу са сваіх агародаў, — прадоўжыла намесніца дырэктара па асноўнай дзейнасці Алена Паўлаўна Муха. — І конкурс малюнкаў быў, і конкурс фотаздымкаў з гарбузом, і самаробкі, стравы з іх рабілі. Я думала, што стану пераможцай па гарбузе — вырошчвала ж улетку на сваім агародзе лагенарыю. Ну такі гарбуз экзатычны! А перад летам я дала насенне свайму вучню Цімафею з 2 класа. І вось я прынесла невялічкую сваю лагенарыйку, а ён велізарную! Пытаюся, захапляюся: “А як жа ў цябе такая вырасла?! Я ж так даглядала сваю, а ў параўнанні з тваёй яна малюсенькая”. Ціма мне адказаў: “Я нічога з ёй не рабіў. З бабуляй пасадзілі каля плоту — і далей яна сама”.
Парадаваліся і мы за хлопчыка. Прыкінулі: галоўны сакрэт гарбуза, відаць, у тым, каб добрая бабуля побач была. Натхнёная цікавасцю да экзотыкі, Алена Паўлаўна ўсміхнуся: “То я хуценька… Той гарбуз прынясу і хлопчыка прывяду”.
І вось увайшлі яны двое, з лагенарыямі. “Цімачка, давай смялей!” — падахвочвае хлопчыка настаўніца. І пакуль фатаграфую іх з экзотыкай, прадаўжае: “Ціма кажа мне сёння: “Алена Паўлаўна, дзе мой малюнак? Я гэтаму карэспандэнту хачу яго паказаць… А што ён мне скажа, калі яго яму падару?..” — Што, не знайшоў? Ну нічога, ён да нас, можа, яшчэ прыязджаць будзе — новы намалюеш”.
Першае, відаць, у жыцці хлопчыка інтэрв’ю было кароткім:
— Цімафей, адкуль такі цуд? Як ты яго вырошчваў?
— А як звычайна: семкі пасадзіў, паліваў — і ўсё.
— Чым паліваў?
— Вадой…
Во здзівіўся, пэўна, хлопчык: дзядзька не ведае, чым паліваюць… Цімафей Гардзей жыве ў Вялікіх Круговічах, Алена Паўлаўна — у Малых: тых самых, дзе нарадзіўся вядомы пісьменнік Віктар Гардзей. Жыве на вуліцы, яго імем названай. З земляком і я знаёмы, ён падарыў мне свой раман “Бедна басота”— гэта ўвогуле шэдэўр прыгожага пісьменства. Яго варта вывучаць у школах у працяг знакамітага мележаўскага твора “Людзі на балоце”.
Крыху пазней мне сказалі ў школе: Цімафей — гэта родзіч Віктара Гардзея. Малодшы сын яго пляменніка, які памёр маладым (сэрца…) некалькі гадоў назад. Два хлопчыкі асірацелі. Гэтыя факты адразу ж падсвяцілі новым святлом — спагады, міласэрнасці, дабрыні — усю, на першы погляд, бытавую сітуацыю з гэтымі гарбузамі. Я іншымі вачыма паглядзеў і на сціплага Цёму, якому так хочацца рэалізаваць свае таленты, і на мудрую і душэўную Алену Паўлаўну. І нават лагенарыя, з якой у Афрыцы здаўна майструюць гучныя маракасы ды шмат чаго яшчэ, відаць, не выпадкова ўварвалася ў размову пра зацікаўленасць вучняў у вучобе. Дарэчы, высветлілася, што прафесія бабулі Цімафея, Валянціны Зялёнкі, звязана з біялогіяй: яна працавала начальнікам лабараторыі ў мясцовым рыбгасе “Лактышы”. То, можа, бабуля і дапамагла Цімавай лагенарыі вырвацца ў рэкардсмены? Аднак мне хочацца думаць, што гэтак самі Неба і Зямля-матуля падалі знак Цімафею Гардзею: не хвалюйся, у цябе ўсё ў жыцці атрымаецца! З добрага зярняткі абавязкова вырасце добры плод.
Шмат падрабязнасцей пра круговіцкія лагенарыі пазней паведаміла па маёй просьбе Алена Паўлаўна. Скажам, тое, што з 3 класа вучні могуць удзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. Адна з актуальных тэм даследаванняў — малараспаўсюджаныя ў Беларусі культуры.
“І вось, каб добра падрыхтавацца, яшчэ ў 1 класе мы выбралі з вучнямі для даследаванняў лагенарыю, — патлумачыла Алена Паўлаўна. — Яе радзімай лічыцца Афрыка, тэрыторыя сучаснага Зімбабвэ, хаця ёсць і іншыя меркаванні. Цімафея Гардзея зацікавіла тое, што з лагенарыі можна не толькі вырабляць посуд, але і незвычайна есці яе: адрэзаў ад яе кавалачак, а яна працягвае расці. Насенне купіць у Ганцавічах мы не змаглі, заказалі ў Мінску, але з пяці зярнятак узышло толькі адно. Думалі: канец эксперыменту. Але пашчасціла ў інтэрнэце знайсці аб’яву: “Вышлю бясплатна насенне лагенарыі”. Звязаліся з аўтарам, далі свой адрас — і забыліся. Прайшоў час, выклікае мяне дырэктар Аляксандр Арсенавіч Занька і расхвалявана кажа: “Нам у школу ліст нейкі падазроны прыйшоў. Я канверт адкрыў — там нейкае насенне… Ніколі такога не бачыў”. Вось так мы па-новаму пачалі працу… Юлія Берташ не захацела браць лагенарыю на лета, бо няма каля яе дома агарода, а ў школе дзяўчынка старанна даглядала расліну: палівала, перастаўляла на сонечныя месцы. А якую лагенарыю вырасціў Цімафей, вы бачылі”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара





