Якія навуковыя напрамкі развіваюцца ў БарДУ

- 9:00Главная, Образование

“Навука — практыцы” — пад такім дэвізам у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце развіваецца інтэлектуальны патэнцыял студэнцкай моладзі і выкладчыкаў. Нядзіўна, што іх распрацоўкі ўплываюць на развіццё рэальнага сектара эканомікі Брэсцкага рэгіёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння БарДУ — гэта інавацыйны навукова-даследчы цэнтр, распрацоўкі якога адаптаваны пад запыты рынку Брэсцкай вобласці. Цеснае ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі з рэальным сектарам эканомікі, бізнес-супольнасцю і органамі дзяржаўнай улады дае магчы­масць трансфармаваць ідэі вучоных у прадукты практычнага выкарыстання.

Універсітэт прайшоў акрэды­тацыю на статус навуковай арганізацыі. У верасні 2021 года Міністэрства эканомікі прысвоіла БарДУ статус цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Ва УВА функцыя­нуюць дзве навукова-даследчыя лабараторыі, па восем студэнцкіх навуковых аб’яднанняў і гурткоў, цэнтр развіцця маладзёжных ініцыятыў, цэнтр ідэй і практык у Мэтах устойлівага развіцця і цэнтр трансферу тэхналогій. А яшчэ тут працуюць студэнцкае навуковае таварыства і савет маладых вучоных. У таварыства ўваходзяць 55 студэнтаў, а ў савет — 20 выкладчыкаў у асноўным ва ўзросце да 35 гадоў, якія імкнуцца займацца навукай.

У нашым універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі. Для раскрыцця навуковых здольнасцей студэнтаў у нас дзейнічае студэнцкае навуковае таварыства. Мы рэгулярна праводзім навуковыя канферэнцыі, хакатоны, форумы, круглыя сталы, семінары, у тым ліку міжнародныя. Прычым іх удзельнікамі становяцца не толькі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта, але і патэнцыяльныя абітурыенты, — паведаміў старшыня СНТ і старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” БарДУ Аляксей Ігаравіч Калько.

Так, у БарДУ штогод арганізоў­ваюць міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Навука — практыцы”, навукова-адукацыйны маладзёжны форум “Наватар”, круглы стол “Беларусь і Кітай: шматвектарнасць супрацоўніцтва”. Сярод новых мерапрыемстваў, што былі паспяхова апрабаваны, — “Інавацыйны бізнес-хакатон” і “Кейс-чэмпіянат”.

На хакатонах студэнты разглядаюць розныя прапановы па паляпшэнні інфраструктуры рэгіёна. Нас запрашалі правесці хакатон сярод школьнікаў у час адкрыцця лабараторыі ў сярэдняй школе № 1 Баранавіч. На яго прыехалі вучні з розных гарадоў Брэсцкай вобласці, каб прапанаваць свае напрацоўкі для развіцця нашага рэгіёна. А вось на “Кейс-чэмпіянаце” для мазгавога штурму прапаноўваліся заданні, распрацаваныя арганізацыямі прамысловасці, бізнесу і сацыяльнай сферы з мэтай убачыць свежы погляд на недахопы таго ці іншага праекта. Школьнікі выдатна справіліся і з гэтымі задачамі, — расказаў Аляксей Ігаравіч.

Карысная кааперацыя

У БарДУ работа з моладдзю вядзецца паэтапна. Спачатку адбываецца знаёмства з навуковымі дасягненнямі ўніверсітэта, матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктурай, вопытнымі вучонымі і маладымі даследчыкамі. Затым выкладчыкі пачынаюць працаваць з усімі зацікаўленымі па выбраных навуковых кірунках, вучаць праводзіць навуковыя даследаванні і распрацоўваць інавацыйныя праекты.

Многія нашы студэнты актыўна выступаюць на розных міжнародных канферэнцыях і ўдзельнічаюць у праектных грантах. Так, вясной прадстаўнікі навуковых таварыстваў розных факультэтаў аб’ядналіся для сумеснай дзей­насці. Яны ўзялі пэўны праект і разгледзелі яго з розных бакоў: тэхнічнага, эканамічнага і гуманітарнага, бо менавіта ў кааперацыі нараджаюцца сапраўды карысныя найперш для нашага рэгіёна праекты, — расказаў старшыня СНТ.

Па яго словах, у апошнія гады ва ўніверсітэце больш развіваюцца фундаментальна-прыкладныя навукі, аднак праекты — прызёры і ўдзельнікі міжнародных грантаў — у асноўным тэхнічнага напрамку.

Навуковая дзейнасць у нас развіваецца па трох напрамках. Першы — тэхнічны. Напрыклад, развіваем дапоўненую рэаль­насць, тыя ж QR-коды. Так, па ўніверсітэцкім QR-кодзе можно азнаё­міцца са спецыяльнасцямі БарДУ. Дарэчы, сярод нашых студэнтаў нямала мінчан, бо абітурыенты ўсё больш актыўна цікавяцца менавіта рэгіянальным паступленнем. Хоць наш універсітэт і малады (яму ў наступным годзе споўніцца 20 гадоў), у нас добрая падрыхтоўка, якая дазваляе канкурыраваць са сталічнымі УВА ў праектнай і навуковай дзейнасці, — перакананы А.І.Калько.

Другі напрамак — робататэхніка. У маі ў БарДУ прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Навука — практыцы”, дзе дэманстраваліся шматлікія праекты студэнтаў розных факультэтаў установы, многія з іх будуць рэалізаваны ў рэспубліканскіх грантах.

Мы супрацоўнічаем з установамі вышэйшай адукацыі Расіі. Іх прадстаўнікі адзначылі, што наш універсітэт мае добрую базу для адкрыцця новай спецыяльнасці “Робататэхнічныя сістэмы”. Яна пакуль на стадыі распрацоўкі, але, спа­дзяёмся, у наступным годзе пачнём набор. І трэці наш напрамак — прыкладныя і фундаментальныя навукі. Тут студэнты розных факультэтаў распрацоўваюць праекты на стыку з тэхнічнымі навукамі, — патлумачыў Аляксей Ігаравіч.

Прафарыентацыйныя ініцыятывы

У Баранавіцкім універсітэце шырокі пласт і педагагiчных навук, а таксама вядзецца работа са школьнікамі — патэнцыяльнымі абітурыентамі. Штогод ва ўніверсітэце праводзяцца школа юных навукоўцаў і стартап-школа. У іх рамках выкладчыкі ўніверсітэта вучаць школьнікаў прынцыпам выканання навуковага даследавання, метадам распрацоўкі стартап-праектаў і іх абароне.

У 2022 годзе сумесна з Баранавіцкім станкабудаўнічым заводам (філіялам ЗАТ “Атлант”) у сярэдняй школе № 19 Баранавіч мы адкрылі інжынерны клас, а ў гімназіі № 3 — IT-клас. Гэтыя іні­цыятывы — прафарыентацыйна-­адукацыйныя праекты, у рамках якіх школьнікі вучацца па інтэграванай адукацыйнай праграме на базе і ўніверсітэта, і школы, і прадпрыемстваў, адпрацоўваючы практычныя навыкі. Па выніках праграмы яе ўдзельнікі прадстаўляюць свае распрацаваныя навукова-тэхнічныя і інавацыйныя праекты. Навучанне ў такіх класах дапамагае адзінаццацікласнікам зразумець, у якім прафесійным напрамку рухацца, і вызначыцца з прадметамі для паступлення ва УВА. У далейшым мы плануем пашырацца і дамаўляцца з іншымі школамі аб такім навучанні. Да таго ж у найбліжэйшы час запла­наваны старт адукацыйнага праекта “Акадэмія тэхналогій”, арыентаванага на развіццё даследчых, вынаходніцкіх кампетэнцый у вучняў горада і раёна, — паведаміў старшы выкладчык кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” БарДУ.

Штогод каманды вучоных і маладых даследчыкаў БарДУ рыхтуюць навуковыя, інавацыйныя, сацыяльныя праекты, якія становяцца ўдзельнікамі конкурсаў на выдзяленне грантаў па прагра­мах Міністэрства адукацыі, інавацыйнага фонду Мінадукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, Рэс­публіканскага конкурсу мала­дзёжных ініцыятыў, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Дзякуючы адукацыйным трэнінгам і якаснай падрыхтоўцы, прыкладна кожны трэці праект становіцца пераможным. А для стымулявання навукова-інавацыйнай актыўнасці ва ўніверсітэце створана сістэма ўнутраных грантаў на выкананне даследаванняў і распрацоўку праектаў.

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва БарДУ право­дзіць “Міжуніверсітэцкі навукова-адукацыйны трэкінг” у гібрыдным фармаце. Ён аб’ядноўвае больш за 10 УВА Беларусі, Расіі, Узбекістана і звыш 3 тысяч студэнтаў. Мерапрыемства прахо­дзіць у форме вучэбных заняткаў, якія право­дзяць выкладчыкі розных УВА-партнёраў па тэматычных профілях (трэках). Акрамя гэтага, выдаюцца навукова-практычны часопіс “Веснік БарДУ” і электронны часопіс “Навуковыя тэндэнцыі”.

Навука ў першую чаргу павінна спрыяць развіццю нашай дзяржавы і грамадства, каб на міжнароднай арэне Беларусь магла дэманстраваць свае перадавыя тэхналогіі. На гэта якраз і накіравана наша ўніверсітэцкая навука, — рэзюмаваў Аляксей Калько.

***

Аляксей Калько скончыў сярэднюю школу № 3 Баранавіч у 2011 годзе і паступіў у БарДУ на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Пасля яго заканчэння ў 2016 годзе атрымаў кваліфікацыю інжынера-праграміста. На апошніх курсах пачаў выкладаць на роднай кафедры і паралельна займацца навуковай дзейнасцю. Тэматыка яго даследаванняў тычылася нейронных сетак і штучнага інтэлекту.

— Я працаваў з выявамі і рознымі аб’ектамі, для таго каб потым можна было навучаць нейронныя сеткі і выкарыстоўваць іх у нашым штодзённым жыцці. Пры выпуску з універсітэта я застаўся выкладаць на кафедры “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і паступіў у магістратуру БДУІР па спецыяльнасці “Інфарматыка і распрацоўка праграмнага забеспячэння”, у 2018 годзе паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю і пайшоў у аспірантуру па тым жа кірунку. На працягу ўсіх гадоў навучання мне было неверагодна цікава: я ўдзельнічаў у грантах, наведваў розныя стажыроўкі, выставы і канферэнцыі. Зараз імкнуся прыцягваць да навуковай дзейнасці як мага больш нашых студэнтаў з розных факультэтаў, — падкрэсліў старшыня студэнцкага навуковага таварыства.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара