Ёсць такая прафесія — людзей ратаваць

- 11:59Выбар прафесіі
Сігнал паступіў. Ёсць толькі адна хвіліна, каб апрануць спецыяльнае абмундзіраванне і выехаць на месца надзвычайнай сітуацыі, дзе з усіх службаў яны будуць першымі. Толькі адна хвіліна, за якой стаяць 4 гады пастаянных трэніровак…
Трэніраваліся…

Ужо 80 гадоў Камандна-інжынерны інстытут (КІІ) пры Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях рыхтуе прафесіянальных ратавальнікаў, якія здольны вытрымліваць фізічныя нагрузкі і стрымліваць свае эмоцыі.
“Ты бяжыш, паветра не хапае. А тут гарыць яшчэ штосьці. Потым ты трапляеш у лабірынт”, — успамінае свае інстытуцкія заняткі Сяргей Бордак, метадыст факультэта падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі КІІ, які ў свой час прайшоў такую школу.
“Ёсць заданні, дзе трэба пераскочыць праз агонь, — падключаецца да размовы курсант выпускнога курса Ксенія. — Агонь сапраўдны. Спачатку страшна, аднак ты вучышся спраўляцца з хваляваннем”.
Тут ведаюць кошт кожнай секунды. На 100-метроўку з перашкодамі на занятках даецца 28 секунд. За гэты час трэба пераскочыць агароджу, схапіць пажарны рукаў, прабегчы па буме, прымацаваць гэты рукаў у абазначаным месцы і дабегчы да фінішу.
Для дзяўчат нарматывы ніжэйшыя. Аднак ёсць сітуацыі, дзе яны спрытнейшыя за хлопцаў.
“На занятках па аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы мы вучыліся спускацца і паднімацца на пяты паверх па выратавальнай вяроўцы. Спачатку было цяжка, я паднімалася толькі на другі паверх. А на 4 курсе ўзбіраюся ўжо хутчэй за некаторых нашых хлопцаў”, — усміхаецца Ксенія.
На курсе хлопцаў на парадак больш, чым дзяўчат. Яно і зразумела: не зусім жаноцкая гэта прафесія. Праўда, пасля заканчэння інстытута дзяўчаты і хлопцы будуць працаваць у розных сферах.
“Непасрэдна ратаваць, тушыць — гэта для хлопцаў, — гаворыць Ігар Аушаў, памочнік начальніка КІІ. — Работа дзяўчат звязана з папярэджаннем пажараў і з прапагандай бяспечнай жыццядзейнасці”. Так, дзяўчаты могуць працаваць у інспекцыі дзяржпажнагляду, у падраздзяленнях прапаганды і агітацыі, у іншых установах, дзе работа не звязана з удзелам у ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

І яшчэ трэніруюцца…

Не так даўно на тэрыторыі інстытута пабудавалі свой модульны вучэбна-трэніровачны комплекс. Па ўласным праекце. Звонку гэта металічная канструкцыя кантэйнернага тыпу. А ўнутры — мігценне святла, дым, крыкі і стогны — усё як у “надзвычайным” жыцці.
Для навучання выкладчыкі інстытута распрацавалі віртуальныя камп’ютарныя праграмы, безумоўна, з пажарным ухілам. У 3D-акулярах курсанты заходзяць у віртуальны пакой, дзе шмат чаго трэба праверыць. Напрыклад, ці правільна ўстаноўлены пажарны апавяшчальнік.
Аднак не заўсёды ўмовы задачы такія мірныя: напрыклад, загарэўся рэзервуар з нафтай, які трэба патушыць. А для гэтага неабходна разлічыць, за колькі хвілін можна даехаць да месца аварыі, як правільна расставіць аварыйна-выратавальную тэхніку і ўвогуле арганізаваць сам працэс тушэння. І не забыць адключыць віртуальную электрычнасць. Інакш пажарны загіне, хай нават і ў гульні.
Такую праграму ў інстытута ўжо закупілі Расія і Азербайджан, каб вучыць сваіх будучых пажарных.
“У нас кардынальна змянілася вучэбна-лабараторная база. Калі ўспомніць, што было 10 гадоў назад, і параўнаць з сённяшнім, можна сказаць, што мы зрабілі вялікі крок наперад, — адзначыў Ігар Аушаў. — У нас моцныя лабараторныя кабінеты ў параўнанні з усімі краінамі СНД. Некаторыя не маюць там аналагаў”.

…і выязджаюць на рэальныя месцы здарэнняў

Пачынаючы з другога семестра 1 курса курсанты ўжо заступаюць у вучэбную пажарную аварыйна-выратавальную часць, дзе выконваюць абавязкі пажарнага ратавальніка. У складзе дзяжурнай варты яны выязджаюць на пажары, якія ўзнікаюць у самім Мінску ці ў Мінскім раёне. Праўда, за імі пакуль яшчэ прыглядаюць начальнік дзяжурнай змены і два старшыя інструктары па практычным навучанні. Баявое дзяжурства цягнецца з 8 да 8, таму на адну змену можа выпасці два і больш выездаў. На рахунку курсантаў каля 650 выездаў за год.
Пабыўшы простым пажарным ратавальнікам, курсанты дарастаюць да ўзроўню камандзіра аддзялення і начальніка змены, якія павінны не разгубіцца і даваць правільныя распараджэнні ў экстрэмальных умовах.
“Мы рыхтуем кіраўнікоў тушэння пажараў, але яны і самі павінны ўмець утаймоўваць гэтую стыхію, — кажа начальнік вучэбнай пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Андрэй Малашкін. — У гэтым хлопцам дапамагае і тэорыя: у інстытуце яны вывучаюць тактыку тушэння пажараў”.
Пра такія выезды мараць і дзяўчаты. “Яны спяць і бачаць сябе ў ролі начальніка дзяжурнай змены”, — гаворыць Андрэй Малашкін. Аднак падобныя выезды — прэрагатыва хлопцаў.
На 4 курсе курсанты заступаюць у Мінскі гарнізон ужо начальнікамі дзяжурнай змены альбо памочнікамі кіраўніка аператыўнага штаба пажаратушэння і таксама выязджаюць на пажары.
“Любы выезд — гэта выратаванне жыцця”, — адзначыў Сяргей Бордак. Сапраўдным пажарным ратавальнікам недастаткова ўмець тушыць пажар ці камандаваць гэтым працэсам. Менавіта яны могуць аказаць першую дапамогу пацярпелым, пакуль не даехала “хуткая”.
Вучаць гэтаму як дзяўчат, так і хлопцаў. Падчас курса экстраннай медыцыны яны адпрацоўваюць навыкі на чалавечых манекенах. Гэта адчувальныя муляжы з датчыкамі, якія рэагуюць на ўсе спробы рэабілітацыі. На 3 курсе пачынаецца стажыроўка ў бальніцы, дзе курсанты вучацца рабіць уколы і накладваць павязкі. І ўсё дзеля таго, каб выратаваць жыццё чалавека.

Карысная інфармацыя для абітурыентаў КІІ МНС

Камандна-інжынерны інстытут — гэта 4 факультэты: інжынерны, камандны, факультэт завочнага навучання і факультэт перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. Абітурыентам, якія маюць на руках пасведчанне аб агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай альбо прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адкрыты дзверы на інжынерны факультэт і факультэт завочнага навучання, прычым пры паступленні на завочны ёсць свае нюансы. Астатнія два разлічаны на людзей, за плячыма якіх ужо ёсць вышэйшая адукацыя. Паступаць могуць як хлопцы, так і дзяўчаты, для якіх праводзіцца раздзельны конкурс.
Самай папулярнай спецыяльнасцю ўжо які год з’яўляецца “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” на інжынерным факультэце. Так было і сёлета. Нягледзячы на тое, што год для вышэйшых навучальных устаноў быў не самым лёгкім, конкурс сюды быў 1,5 заявы на месца сярод юнакоў і 3,1 — сярод дзяўчат. І прахадныя балы 180 і 235 адпаведна.
Перш чым прынесці ў прыёмную камісію інстытута тры сертыфікаты ЦТ (руская альбо беларуская мова, фізіка, матэматыка), трэба прайсці папярэднія прафесійныя іспыты. Для зручнасці ў інстытуце распрацавалі алгарытм дзеянняў абітурыента.
Да 1 мая трэба напісаць заяву ў камплектуючыя органы — абласныя ўпраўленні МНС ці Мінскі гарадскі альбо раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях (па месцы жыхарства). У гэтыя ж камплектуючыя органы абітурыенты прадастаўляюць сваю аўтабіяграфію, якая, безумоўна, будзе правярацца. У інстытуце раяць не адкладваць гэтую справу па апошні дзень — на 30 красавіка.
Пасля абітурыентаў чакае непасрэдны прафесійны адбор, які складаецца з 2 абавязковых этапаў.
На першым этапе трэба прайсці медыцынскі агляд, які праводзіць ваенна-ўрачэбная камісія органаў унутраных спраў. “Каб быць пажарным ратавальнікам, павінна быць добрае здароўе”, — тлумачыць Андрэй Малашкін. Акрамя таго, трэба вытрымаць псіхалагічнае субяседаванне, дзе выяўляюцца маральныя і дзелавыя якасці абітурыентаў. Гэты этап цягнецца да 19 мая.
Другі этап адбору выяўляе ўзровень фізічнай падрыхтоўкі кандыдытаў. Для хлопцаў гэта бег на 100 м, бег на 1000 м і падцягванне. Для дзяўчат — бег на 100 м, бег на 500 м і комплекснае сілавое практыкаванне. Маецца на ўвазе нахіл тулава, згінанне і разгінанне рук лежачы ва ўпоры. Для кожнага практыкавання ёсць мінімальны парог, які павінен пераадолець абітурыент.
“У нас няма такіх людзей, якія трапілі сюды выпадкова. Хаця б за паўгода трэба вызначыцца і паступаць мэтанакіравана”, — гаворыць Андрэй Малашкін.
І толькі станоўчы вынік прафесійнага адбору дае магчымасць падаваць дакументы.
Асобна трэба спыніцца на факультэце завочнага навучання. Бюджэтныя месцы прадугледжаны толькі для тых, хто мае вопыт работы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях не менш за год. На платнае навучанне гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва КІІ МНС.