Больш за 10 гадоў назад у сярэдняй школе № 31 Брэста адкрыўся першы ў горадзе ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Адкрыццю профільнага класа папярэднічала сур’ёзная работа па патрыятычным выхаванні, — расказвае дырэктар школы Ірына Бартноўская. — Назапашаны вопыт, дастатковы кадравы патэнцыял, супрацоўніцтва з вайсковымі часцямі падштурхнулі да пошуку новых форм прафарыентацыі і прафілізацыі навучання.
У гэтым педкалектыў падтрымалі Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю і Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э.Дзяржынскага. Праз некалькі гадоў ваенна-патрыятычныя класы пагранічнай накіраванасці былі рэарганізаваны ў ваенна-патрыятычнае аб’яднанне “Брэсцкі пагранічны ваенна-патрыятычны атрад” з адпаведнай атрыбутыкай, а летась заключаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж школай, Інстытутам пагранічнай службы Беларусі і Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групай імя Ф.Э.Дзяржынскага.
— У ваенна-патрыятычным атрадзе — 144 выхаванцы, што складае амаль 40% вучняў 5—11 класаў, — працягвае Ірына Бартноўская. — Сістэма выхаваўчай работы ў атрадзе грунтуецца на інтэграцыі вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці з пэўнай спецыфікай. Так, пяцікласнікі на павышаным узроўні вывучаюць англійскую мову, наведваюць стымулюючыя заняткі па матэматыцы. Для старшакласнікаў арганізавана профільнае навучанне з вывучэннем гэтых прадметаў на павышаным узроўні. Акрамя таго, старшакласнікі наведваюць факультатыў “Юны пагранічнік”, а вучні 5—9 класаў — аб’яднанні па інтарэсах “Страявая падрыхтоўка” і “Юны стралок”.

Пагранічнікі — частыя госці ў школе. З імі праводзяцца сумесныя ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды прыняцця клятвы выхаванца атрада, калектыўна-творчая справа “Ведай і любі Беларусь”, агляд-конкурс строю і ваенна-патрыятычнай песні “Марш Перамогі”, цырымонія развітання са штандарам атрада, уручэнне спецыяльных вучэбных званняў лепшым атрадаўцам. Разам з тым юныя пагранічнікі актыўна задзейнічаны ў гарадскіх мерапрыемствах, прысвечаных розным знакавым датам, удзельнічаюць у днях адкрытых дзвярэй у Інстытуце пагранічнай службы і вайсковых часцях.
— За час вучобы атрадаўцы засвойваюць пэўную сістэму маральных каштоўнасцей, такіх як любоў да Радзімы, павага да старэйшых, імкненне прыносіць карысць дзяржаве, — гаворыць Ірына Бартноўская. — Гэтаму спрыяе ўдзел у культурна-гістарычных, сацыяльна значных і іншых мерапрыемствах. Сярод іх — ваенна-спартыўныя гульні “Зарніца”, “Зарнічка” і “Арляня”, акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”, “Баявы разлік”, “Пісьмо ветэрану”, “Вялікая памяць маёй сям’і”, “Тут жыве ветэран” і “Павіншуем ветэранаў разам”, конкурсы “Беларусь — мая Радзіма”, “Нам мір завешчана берагчы” і “Я патрыёт сваёй краіны”, фестываль паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі” і інш. На рахунку школьнікаў шмат дыпломаў па выніках удзелу ў гэтых мерапрыемствах.
Яркія моманты жыцця атрадаўцаў адлюстраваны на старонках альбома “Летапіс”.
Па словах дырэктара, цеснае супрацоўніцтва з пагранічнымі ведамствамі і ветэранамі пагранічнай службы таксама дазваляе паспяхова вырашаць прафарыентацыйныя задачы.
15% мінулагодніх выпускнікоў атрада паступілі ў профільныя ўстановы адукацыі, а сёлета туды плануюць паступаць ужо амаль 40% школьнікаў.
— Аб’яднаныя адной мэтай, вучні ваенна-патрыятычных класаў вылучаюцца на фоне іншых дзяцей больш адказнымі адносінамі да вучобы, дысцыплінаванасцю, актыўным удзелам у школьных справах, — заўважае Ірына Бартноўская. — Так, за апошнія два гады атрадаўцы сталі пераможцамі і прызёрамі раённага конкурсу сцяганосных груп “Раўненне на сцяг!”, гарадскога агляду-конкурсу па страявой падрыхтоўцы сярод вучняў ваенна-патрыятычных класаў, абласнога фестывалю-конкурсу “У адзіным рытме”, Рэспубліканскага ваенна-патрыятычнага спартыўнага злёту праваслаўнай моладзі, гарадской ваенна-патрыятычнай гульні “Прызыўнік” і інш. Добрыя вынікі паказваюць вучні і ў спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, сацыяльных праектах па падтрымцы спорту і здаровага ладу жыцця. Па выніках спаборніцтваў за выкананне нарматываў фізкультурна-аздараўленчай праграмы дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Беларусі 25 школьнікаў атрымалі значкі “Спартыўная змена” і “Алімпійскія надзеі”.
Важнае месца ў патрыятычным выхаванні і прафарыентацыі атрадаўцаў займаюць рэгулярныя сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у гарачых кропках планеты, прадстаўнікамі Інстытута пагранічнай службы, Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, вайсковых часцей, РАУС і аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.
Настаяцель храма Брэсцкай пагранічнай групы айцец Яўгеній дапамагае праводзіць факультатыўныя заняткі па асновах духоўна-маральнай культуры і патрыятызму, урокі маральнасці, бацькоўскія ўніверсітэты, прафілактычныя гутаркі.
— Магутным выхаваўчым патэнцыялам валодае нясенне Ганаровай варты Памяці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, — дадае Ірына Бартноўская. — Важную ролю ў вывучэнні гераічнага мінулага роднага краю і яго сучасных дасягненняў адыгрываюць экскурсіі на пагранічную заставу “Брэст” імя А.М.Кіжаватава, у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на буйныя прадпрыемствы, наведванне гісторыка-культурных мясцін.
І няхай не ўсе атрадаўцы звяжуць далейшае жыццё з пагранічнай службай, але вучоба ў профільных класах дапамагае выхоўваць грамадзян, якія шчыра любяць Радзіму і гатовы яе абараняць.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы





